Настаўніца Алена Мiхаленка: веру, што ў школах яшчэ загавораць па-беларуску

11 141
21 февраля 2017 в 10:30
Автор: Дмитрий Корсак

Настаўніца Алена Мiхаленка: веру, што ў школах яшчэ загавораць па-беларуску

Автор: Дмитрий Корсак
Алена Мiхаленка — настаўніца фізікі з 30-гадовым стажам, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар 15 кніг для дзяцей і дарослых.
Пішу сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, па-беларуску, і самой дзіўна — як рэдка гэта атрымліваецца. Рэгулярна практыкавалася, можа, толькі ў школьныя гады, а было гэта вельмі даўно. Чаму? Цяжка зразумець. Як і шмат іншых суайчыннікаў, звыкла кажу: «Так склалася…» Але ёсць нейкая патрэба разабрацца, чаму і як фарміравалася маё стаўленне да мовы.

Расла я выключна ў рускамоўным асяроддзі. На рускай мове мне спявалі калыханкі, чыталі казкі, распавядалі пра навакольны свет. Гады ў чатыры сама пачала чытаць і вельмі захапілася гэтай справай. Пушкін, Гогаль, Чэхаў…

Пазней праз рускую мову пазнаёмілася з Гюго і Мальерам, Дзюма, Лонданам, Куперам. Беларускую мову — дзіўную, прыгожую, сапраўдную — чула толькі ў Тэатры юнага гледача і ў любым Купалаўскім. А яшчэ ў сям’і нашых суседзяў — пашчасціла жыць побач з пісьменнікам і мовазнаўцам Фёдарам Міхайлавічам Янкоўскім. Бабуля сябравала з яго жонкай, і я дзіцём часта заходзіла да іх. А потым беларускую мову я вывучала ў школе.

Спачатку з настаўнікам не вельмі пашанцавала, але потым, у старэйшых класах, настаўніца, што вучыла нас па-беларуску, — Людміла Аляксандраўна Бысік — была самай любімай. У яе хапала для нас і дабрыні, і ведаў, і патрабавальнасці, і гумару. Маё чытанне не абмяжоўвалася школьнай праграмай. З задавальненнем гартала старонкі Купалы, Мележа, Караткевіча, Шамякіна, Куляшова, Бураўкіна… Ды й школа была незвычайная: любая 44-я мінская школа насіла імя Якуба Коласа (напэўна ж, і зараз носіць). Быў у нас музей Коласа, дзе школьнікі «працавалі» экскурсаводамі. Вядома ж, і я ў баку не засталася. Адказвала за «дзяцінства». Мінула больш за 30 год, але пабудзі мяне ўначы, змагу на памяць прачытаць: «Каля пасады лесніковай цягнуўся гожаю падковай стары высокі лес цяністы…»

Потым, у студэнцкія гады, пытанне мовы адышло некуды далёка — побач не было нікога, хто размаўляў бы па-беларуску. Нават тыя хлопцы і дзяўчаты, што прыехалі з вясковых беларускіх школ, пераходзілі на рускую мову. Але памятаю кур’ёз на ўступных іспытах. Гэта была фізіка. Я зайшла ў аўдыторыю, выцягнула білет, села… і зачаравана заслухалася: хлопец адказваў на чысцюткай беларускай мове нейкую складаную тэму, а я ж такога ніколі не чула… Ледзь увесь свой час не згубіла.

А ў канцы 90-х я трапіла ўжо настаўніцай у школу, дзе большасць класаў была беларускамоўная. Так здарылася — дзіця трэба было аддаваць у першы клас, і я шукала працу бліжэй да дома. Спачатку збянтэжылася. А потым — нічога, прызвычаілася. І цяпер маю сваё меркаванне наконт таго, чаму не вельмі добра склалася ў нас з беларускамоўнай адукацыяй.

Першая прычына: бацькі не хацелі аддаваць дзетак у беларускамоўныя класы. Канешне, ёсць у Мінску выбітныя беларускія гімназіі. Але туды бацькі вядуць сваё дзіця свядома. Яны хочуць, каб малы вучыўся менавіта тут і менавіта на мове. А наша школа была ў рабочым раёне, у якую «абавязаны» былі ісці дзеці з навакольных дамоў «па прапісцы». І жыхары гэтых дамоў рабілі ўсё, каб трапіць у рускамоўны клас, або сыходзілі ў іншыя навучальныя ўстановы. І дзяржава, і адміністрацыя школы доўга біліся над тым, каб захаваць статус беларускамоўнай установы. Давалі найлепшых настаўнікаў, аргументавалі тым, што ў беларускім класе 12—15 дзяцей, а ў рускім — 25. Нічога не дапамагала. Паступова беларускамоўныя класы зніклі — тры гады таму выпусцілі апошні.

Былі таксама іншыя прычыны. Напрыклад, падручнікі. Як толькі мы іх не крытыкуем! І ёсць за што. Але ўявіце сабе падручнік, які перакладзены на беларускую мову чалавекам, што не ведае прадмет. (Бо не было, відаць, спецыялістаў, якія б добра валодалі не толькі беларускай мовай, але і матэматыкай, фізікай, біялогіяй…) Вось і атрымліваліся такія, напрыклад, сказы: «Матэрыяльны пункт рухаўся з пункту А ў пункт Б» (чаму не выкарыстаць слова «кропка»?). Або самае любімае ў майго тагачаснага фізмат-класа: «Транзістар — гэта вельмі мудрагелістая прылада». Цяжка дзецям было вучыць тэрміны. Напрыклад, слова «назоўнік» у беларускай мове азначае «существительное», а ў матэматыцы — «знаменатель». Бацькі, якія вучыліся на рускай мове, наогул не маглі дапамагчы дзецям рабіць урокі і таму бянтэжыліся.

Трэцяя праблема — адсутнасць добрай беларускамоўнай метадычнай літаратуры і кніг для падрыхтоўкі абітурыентаў. Колькі гадоў прайшло, а праблема існуе. Хоць яе, на мой погляд, маглі б вырашыць тыя, хто дамагаецца беларускай адукацыі. Не патрэбны лозунгі, патрэбны добрыя кнігі. Сёння вельмі радуе, што людзі збіраюць сродкі, выдаюць сусветную класіку па-беларуску. Але патрэбна і навучальная літаратура.

Калі чалавек робіць нешта, кіруючыся кан’юнктурай, гэта бачна, і такіх сёння шмат. У гэтым мала прывабнага. Але ж вырасла пакаленне народжаных у паслясавецкі час. Маладыя інтэлігентныя людзі сёння гавораць і пішуць па-беларуску, і гэта для іх натуральна, гэта ўнутраная патрэба. Добра таксама, калі ў іх хапае розуму і такту з павагай глядзець і на іншых. Яны ўжо асэнсавана павядуць дзетак у беларускамоўныя школы, і малым будзе няцяжка там вучыцца, бо і дома яны будуць чуць тую ж мову. Так што на праблему беларускамоўнага навучання я гляджу з аптымізмам. Але гэта павiнна адбывацца паступова і без прымусу.

Читайте также: