У свой час Уладзімір Рамановіч атрымаў эканамічную адукацыю і паспрабаваў прымяніць свае веды на практыцы. Захапіўшыся ідэяй развіцця хостэлаў у Беларусі, пазней мужчына пераключыўся на брэнд Belarusam, які паўстаў з практычнай неабходнасці. Уладзімір, які планаваў вучыць сваіх дзяцей мове, пераканаўся ў адсутнасці метадычных матэрыялаў. Так былі прыдуманыя магніты з літарамі беларускага алфавіта. Пасля іх дапоўнілі сшыткі і адзенне, зімовая калекцыя якога была прадстаўлена зусім нядаўна.
— Мы прыдумалі ўсё гэта вясной мінулага года. У нас з жонкай двое маленькіх дзяцей. Мы размаўляем з імі па-беларуску. Натуральна, патрабуецца навучанне. І вось у яго працэсе мы пераканаліся, што самая вялікая праблема — гэта адсутнасць метадычных матэрыялаў.
Спярша мы прыдумалі серыю магнітаў з беларускай азбукай. Прыкладна тады ж сталі выбіраць назву. У выніку зрабілі самы відавочны і просты выбар — Belarusam. Вось так і з'явіўся наш брэнд.
Бліжэй да пачатку навучальнага года задумаліся над другім прадуктам. Так з'явіліся беларускамоўныя сшыткі і альбомы для малявання. Да зімы паўстаў трэнд на «вышымайкi» і вышыванкi. Тады мы адважыліся зрабіць світары. У гэтым жа годзе, сабраўшы грошы і ідэi, выпусцілі зімовую калекцыю.
Сэнс нашай працы палягае ў тым, каб пiярыць беларускія арнаменты і сімвалы. Ім вельмі-вельмі-вельмі шмат год, але іх забываюць. Сваёй калекцыяй мы хацелі паказаць, наколькі беларускія арнаменты прыгожыя і вытанчаныя.
Вам будзе цiкава: