Афіша Onliner.by. Ганна распавядае, як будзе адпачываць на калядных выходных

 
19 247
24 декабря 2015 в 11:00
Источник: Мiкiта Мелказераў. Фото: Максiм Малiноўскi
Источник: Мiкiта Мелказераў. Фото: Максiм Малiноўскi
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Мульцік па галоўнай кнізе Сент-Экзюперы, рускія рэперы, амерыканская камедыя і пераднавагоднія забавы. Вытанчаная Ганна склала для вас падрабязную культурную праграму: фільмы, канцэрты, ёлкi i трошачку цырку. Гэтыя і іншыя падзеі — у святочнай афішы Onliner.by.

Кіно

Пачынаем з амерыканскай камедыi «Любiце Купераў». Вялікая сям’я рыхтуецца да штогадовай каляднай вячэры, аднак ніхто на свята асабліва не рвецца… Замест адной гісторыі, у фільме шэсць сюжэтных ліній, якія ахопліваюць чатыры пакаленні сям’і. Калядная трагікамедыя, якая мае ўсе шанцы як зачараваць, так і расчараваць.

— З вялікай колькасці навагодніх камедый я б параіла гэты фільм нават інтуітыўна. Моцны акторскі склад і высокі рэйтынг дазваляюць спадзявацца, што час не будзе патрачаны марна.

Вельмі кранальны мультфільм па матывах дзіцячай і ў той жа час вельмi дарослай кнігі «Маленькі прынц». Гісторыя пра тое, як важна ісці за сваёй марай, не зважаючы ні на што. Верыць у цуды, умець сябраваць, дзяліцца з бліжнім. Карацей, забава для ўсіх — самае тое на Каляды.

— Мне здаецца, павінна спадабацца і дзеткам, і дарослым. Галоўнае, не параўноўваць з кнігай. Гэта ўвогуле бессэнсоўна.

Ёлкі 

Інтэрактыўны святочны праект «Арт-Ёлкі» будзе праходзіць з 24 снежня па 10 студзеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3). Арганiзатары абяцаюць, што на працягу 15 дзён наведвальнікі змогуць пранiкнуцца прыгажосцю і казачнасцю чароўных карцін ды ўзяць удзел у інтэрактыўных святочных перформансах, майстар-класах і паказах.

— Лiчу, што для бацькоў з дзеткамі ў калядны час добрай альтэрнатывай пафаснаму Палацу Рэспублікі стане навагодні праект «Арт-Ёлкі». Майстар-класы, спектаклі, інсталяцыі. Усё можна будзе кратаць рукамі, ва ўсім можна будзе прыняць непасрэдны ўдзел. Гэта цікавей, чым дзве гадзіны сядзець утаропіўшыся ў сцэну i не маючы магчымасці ўстаць і патанцаваць, пабегаць, абмеркаваць.

У суботу, 26 снежня, а 12-й і 14-й гадзінах праект прапануе дзіцячую калядную праграму з песнямі, танцамі, казкамі і гульнямі. Таксама арганізатары абяцаюць шмат падарункаў і сюрпрызаў.

— Калі мне было гадоў дзесяць, мы з сябрамі калядавалі ў касцюмах з некалькімі вясёлымі сцэнкамі па кватэрах-«сталінках» на Маркса. Цукерак і грошай сабралі шмат, з цеплынёй успамінаю тыя моманты.

Выставы

З 21 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі стартавала выстава арыгінальных гравюр вялікіх іспанцаў Франсіска дэ Гойі і Пабла Пікаса. Экспазiцыя налічвае 95 гравюр. Iх ацэначны кошт — 1,4 мільёна еўра.

— Я не фанат выяўленчага мастацтва, які не прапускае ніводнай такой падзеі, але па магчымасці наведаю з задавальненнем. Тым больш выстава не абмяжуецца стандартнай праграмай. Чакаюцца музычныя вечары з іспанскім падтэкстам, кінапраграмы і адукацыйныя квэсты для дзетак. Гучыць прывабна.

Цырк

«Канструктар» — гэта навагодні паказ. Гледачам абяцаюць сустрэчу з самымі хутканогімі драпежнікамі на Зямлі — гепардамі, з нацыянальным сімвалам Аўстраліі — кенгуру, сапраўдным мядзведзем, коньмi, сабакамi і папугаямi. На iх можна паглядзець з 24 па 27 снежня ў «Мiнск-Арэне».

— У афішы заяўлены жывёлы, што не вельмi добра. На ўсё жыццё запомніла з апошняга паходу ў цырк гадоў 15 таму булаву з вострымі шыпамі, якой падганялі маруднага слана. А само прадстаўленне не памятаю. Вось яна дзіцячая памяць… Спадзяюся, удзельнікі шоу «Канструктар» ставяцца да жывёл інакш.

Канцэрты 

Легендарныя расійскія рэп-выканаўцы «Кирпичи» з прэзентацыяй новага альбома i лепшымі песнямi. Мiнск. TNT Rock Club. 26 снежня. Павінна быць няблага. Мiж тым гурту ўжо 20 год. Калі гэтыя хлопцы спяваюць песні вашага дзяцінства, наведайце канцэрт дзеля настальгіі. Калі не, то завітайце, каб пазнаёміцца з iх творчасцю. Кошт — ад 300 да 350 тысяч рублёў.

— Вельмі люблю рок і з павагай стаўлюся да культавых «Кирпичей», стылістычна да яго блізкіх. 26 снежня ў ТNТ нам абяцаюць і вядомыя кожнаму хіты накшталт «Друг всегда с тобой», і песні з новага альбома. Мне падабаецца.

Жадаеце расказаць пра галоўныя падзеі ўік-энда на наступным тыдні? Мы выбiраем новую гераіню, якая параіць нашым чытачам культурную праграму выхаднога дня, кожны тыдзень. Прыемны бонус — два квіткі на любы сеанс у сетцы кінатэатраў Silverscreen. Каб прыняць удзел у конкурсе, дасылайце заяўку і фота на скрыню ac@onliner.by.

Вам будзе цiкава: