Можа, за бюджэтны кошт (то бок за нашыя з вамі грошы) былі знятыя надзвычай камерцыйна паспяховыя праекты, проста мала вядомыя ў Беларусі?
На жаль, не. За перыяд з 2007 па 2013 год толькі тры (!) беларуска-расійскія тэлесерыялы былі прыбытковымі, а ўсе астатнія дзяржаўныя праекты — стратнымі. Прычым калі ў 2006 годзе акупнасць мастацкіх фільмаў была на ўзроўні 32,6%, то ў 2013-м яна ўпала да 9,2%. З іншай прадукцыяй сітуацыя нават больш жахлівая: ад дзяржаўных грошай, укладзеных у дакументальныя карціны, вяртаецца ад 1 да 6%, а ў беларускіх мультфільмаў сярэдняя акупнасць і наогул у межах 1%.
Не трэба быць вялікім бізнесменам альбо эканамістам, каб пабачыць, што сітуацыя выглядае жудасна і стварэнне беларускага кіно — гэта чорная дзірка бюджэту нашай і так не заможнай краіны.
Аднак хопіць меркантыльнасці! Мо беларускае кіно — гэта геніяльны арт-хаус, шэдэўры высокага мастацтва, якія не даюць прыбытку, але ўслаўляюць нашую краіну на сусветнавядомых фестывалях?
На жаль, і гэта не пра наш кінематограф. Сайт «Беларусьфільма» паказвае спісы ўзнагарод айчынных стужак, але ж венецыянскіх ільвоў альбо берлінскіх мядзведзей там няма. Узнагароды ж фестываляў Хабараўска, Бярдзянска альбо Тулы, мякка кажучы, не з’яўляюцца маркерам высокай мастацкай вартасці.
За ўсю гісторыю нашага кіно можна ўзгадаць хіба што намінацыю на «Оскар» фільма «Дзверы», дзе галоўную ролю сыграў беларускі актор Ігар Сігаў, ды карціну Сяргея Лазніцы «У тумане», якая атрымала ў Канах прыз міжнароднай федэрацыі кінакрытыкі FIPRESCI. Пры гэтым «Дзверы» — стужка ірландская ды кароткаметражная, а «У тумане» — сумесная расійска-нямецка-латвійска-беларуска-нідэрландская вытворчасць.
Дзеля чаго ў такім выпадку гэтыя фільмы здымаюць? Можа, каб беларусы маглі глядзець свой айчынны мастацкі прадукт, а не заморскія блокбастары? Але ж і паглядзець усе гэтыя карціны немагчыма, нават калі ў нас раптам узнікне такое жаданне.
У кінатэатры большасць з іх — нават мастацкіх — ніколі не трапляе. Прычынай таму — даўно вядомая пазіцыя «Кінавідэапраката». Статыстыка сведчыць, што на беларускія фільмы часцей за ўсё проста не купляюць квіткі, а дэманстраваць стужкі для пары гледачоў — нерэнтабельна. Тым больш што ў гэты час можна паставіць дадатковыя сеансы сусветна вядомых карцін, на якія беларусы якраз з задавальненнем ідуць. А мэта «Кінавідэапраката» — зарабляць грошы. Зрэшты, менавіта з такіх прыбыткаў у кінатэатрах робяць рамонты ды ўсталёўваюць 3D, што нам усім так падабаецца.
Здаецца, свет клінам не сышоўся на кінатэатрах: мы жывём у XXI стагоддзі, фільмы глядзяць у анлайне альбо купляюць на DVD, калі няма хуткага інтэрнэту. Але ж такія мадэлі распаўсюджання сустракаюць адпор з боку дзяржаўных кінематаграфістаў — маўляў, стужкі адразу трапяць на пірацкія сайты, дзе будуць парушацца нашыя аўтарскія правы. Вось такое ноу-хау ў барацьбе з пірацкім кантэнтам: калі не распаўсюджваць фільмы, то іх не скрадуць!
Між тым хапае беларусаў, якія за свой кошт і ўласнымі сіламі робяць цікавае кіно.
Onliner.by ужо распавядаў гісторыю Кірыла Нонга, які з сябрамі зняў у Мінску шпіёнскі баявік «Здымаць на паражэнне». За $2,5 тыс. атрымалася сапраўды цікавая карціна, па амерыканскіх ды еўрапейскіх крытэрыях — нават поўнаметражная. Ніякіх бюджэтных сродкаў ды дзяржаўнай падтрымкі — і пры гэтым поспех у гледачоў. Чаму ж такія людзі не трапляюць на «Беларусьфільм»?
«Вядома, мне хацелася б зняць добры беларускі фільм. Ды і не толькі мне, у краіне вельмі шмат таленавітых людзей. Праблема ў тым, што ім даюць мала паветра, каб развівацца… У ЗША чалавеку значна лягчэй дасягнуць поспеху дзякуючы сваім здольнасцям. На прасторах СНД многае па-ранейшаму залежыць ад сувязяў…» — кажа Кірыл.
Падобную гісторыю можна распавесці і пра незалежны сітком «ГараШ», які Андрэй Курэйчык ды Зміцер Фрыга толькі што знялі без замоўцы і чужых грошай (нават краўдфандынг сродкаў не прынёс, аўтары выдаткавалі асабістыя $5 тыс.). Стужка пра простага беларускага аўтамеханіка, які працуе ў гаражы ў Шабанах, — актуальна ды з гумарам, без пафасу «Партызанфільма». У галоўнай ролі — музыка, лідар гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч.
Андрэй Курэйчык таксама не разумее, чаму з беларускім кіно ўсё так складана: «Таму, што робяць нашы чыноўнікі ў культуры і кінематографе, нельга знайсці лагічных тлумачэнняў». Але дасведчаны кінематаграфіст ведае, што рабіць: «Трэба прапаноўваць альтэрнатыву… Пра нашы Шабаны не здымуць у Расіі, ва Украіне, нідзе ў свеце — зрабіць гэта можам толькі мы самі сваімі сіламі… Я проста хачу паказаць нашым чыноўнікам, што неабавязкова браць з бюджэту два з паловай мільёны долараў на адзін фільм і проста іх спальваць, як гэта робяць яны».
Варта пагадзіцца: мо беларусам і сапраўды трэба не толькі скардзіцца на дзяржаву, але ж і пачаць выпраўляць стан айчыннага кінематографа асабістымі высілкамі. Напрыклад, самім паспрабаваць зрабіць невялічкі ролік — тым больш што зараз хапае розных конкурсаў, якія надаюць матывацыі ды дапамагаюць прасунуць сваю творчасць. Менавіта з такіх зацікаўленых аматараў потым могуць вырасці таленты кінамастацтва. Таксама беларусам добра было б не саромецца фінансаваць незалежны кінематограф праз той жа краўдфандынг. Як мы бачым, ніхто асабліва не дапаможа незалежным беларускім фільмам, акрамя нас саміх.