Кіраўнік сеткі паліўных станцый «А-100» Ірына Валадзько: пасля таго як на нашых станцыях пачалі размаўляць па-беларуску, кліентаў стала больш

12 955
22 января 2015 в 8:30
Автор: Дмитрий Корсак. Фото: Аркадий Соболев

Кіраўнік сеткі паліўных станцый «А-100» Ірына Валадзько: пасля таго як на нашых станцыях пачалі размаўляць па-беларуску, кліентаў стала больш

Автор: Дмитрий Корсак. Фото: Аркадий Соболев
Ірына Валадзько — працуе ў кампаніі 10 год, з іх больш за 7 на пасадзе кіраўніка сеткі паліўных станцый. Штогод, дзякуючы яе намаганням, «А-100» рэалізуе мінімум адзін адметны і запамінальны праект. З найбольш вядомых пачынанняў з яе ўдзелам можна адзначыць: стварэнне першай аўтаматычнай АЗС, набыццё першага ў краіне электрамабіля, будаўніцтва першай электрычнай станцыі экспрэс-зарадкі. Натхняльнік і каардынатар «беларусізацыі» аўтазаправак «А-100», пра што і пойдзе гаворка ў сённяшняй калонцы.
Ці замінае беларуская мова бізнесу? Мне здаецца, што тут сама пастаноўка пытання няправільная. Бо паспяховы бізнес — гэта калі да цябе кожны дзень вяртаецца кліент. Паспяховы бізнес — гэта калі тваім супрацоўнікам цікава прыходзіць на працу. Усе сеткі паліўных станцый прадаюць прыкладна аднолькавы прадукт — паліва добрай беларускай якасці. Таму кліент выбірае, дзе заправіцца, арыентуючыся на іншыя сэрвісы: смачную ежу, якаснае абслугоўванне, разнастайныя навінкі, якія яму прапануе кампанія. Быць асаблівым на рынку — гэта важны фактар паспяховага бізнесу.

Мы — прыватная паліўная сетка, на 100 адсоткаў беларуская. Больш шырокае ўжыванне беларускай мовы ў абслугоўванні для нас было пытаннем часу. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, і мы сёння не зрабілі нічога незвычайнага — проста прапанавалі кліентам выбар. Гэта было зроблена не з думкай пра тое, каб атрымаць нейкі дадатковы даход, а для таго, каб людзі чулі родную мову, «падлучаліся» да яе. Мы жадаем пашырыць іх моўнае асяроддзе. Гэта не бізнес, гэта — сацыяльна-культурны праект.

Паўтаруся яшчэ раз — мы абслугоўваем на дзвюх дзяржаўных мовах. Вітаем госця на беларускай мове, а калі ён жадае размаўляць па-руску, аператар пераходзіць на яе. Але ж я хачу адзначыць дзіўную тэндэнцыю: «родная мова» зрабіла нешта асаблівае — сёння да нас пачынае прыходзіць больш кліентаў. Мы, прызнацца, гэтага не чакалі. Сёння на станцыях сфарміравалася пазітыўная абстаноўка. На беларускую мову людзі рэагуюць па-рознаму — нехта пасміхаецца, нехта пытае, навошта нам гэта патрэбна. Людзям цікава! Беларуская мова вельмі прыгожая і простая. Нават расіяніну, які беларускую мову ніколі не чуў, яна будзе зразумелая, моўных асаблівасцей не шмат. Ведаеце, мы ўвогуле не адчуваем праблемы.

Хачу сказаць з вялікім гонарам — нашу ідэю «беларусізацыі» падтрымалі, а падчас падрыхтоўкі праекта ўсе шчыра ёй захапіліся. Мы пачалі больш шырока выкарыстоўваць беларускую мову ў маркетынгавых матэрыялах, абслугоўванні. Гэта праект з перспектывай — крок за крокам мы будзем пашыраць прысутнасць беларускай мовы (канешне, па меры падрыхтаванасці людзей — кліентаў, калег і супрацоўнікаў). Падчас перамоў з расійскімі калегамі я размаўляю на рускай мове, з беларускімі — на беларускай, і, дарэчы, ім гэта падабаецца. Тут не патрэбна ніякага надрыву і прымусу. Як аказалася, беларуская мова арганічна ўліваецца ў наша жыццё. Вось ужо амаль паўгода мы ладзім для супрацоўнікаў бясплатныя курсы беларускай мовы, разам з таленавітымі выкладчыкамі курсаў «Мова Нанова», і я не зманю, калі скажу, што каля 70 адсоткаў нашых аператараў ужо стараюцца размаўляць на роднай мове.

Мы ўсе з вамі забылі родную мову — і вы, і я. Шырокае ўжыванне беларускай мовы павінна быць не ў бізнесе, а па ўсёй краіне. Давайце будзем разумнымі і прымем як належнае — калі ёсць тое, што трэба падтрымаць і адрадзіць, то хто гэта зробіць, калі не мы з вамі? Ёсць добрая фраза — тваё стаўленне вызначае тваё становішча. Калі, прасоўваючы нейкую ініцыятыву, вы мяркуеце, што да яе паставяцца негатыўна, так, хутчэй за ўсё, і будзе. Мы ж робім сваю працу з усмешкай, разуменнем правільнасці і запатрабаванасці нашых пачынанняў. І нас разумеюць.