11 161
14 апреля 2024 в 13:38
Автор: Тарас Щирый. Фото: Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Відэа: Раман Пастарнак. Мантаж: Таццяна Жук. Фота: Тарас Шчыры, Раман Пастарнак

Навошта беларусы вадзілі карагоды? Шмат фота з прыгожага абраду

Автор: Тарас Щирый. Фото: Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Відэа: Раман Пастарнак. Мантаж: Таццяна Жук. Фота: Тарас Шчыры, Раман Пастарнак
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Нашы продкі ледзь не кожную з’яву і дзеянне насычалі сакральным сэнсам. Яны па-асабліваму святкавалі летняе сонцастаянне, збор ураджаю, адметным чынам развітваліся з зімой і сустракалі вясну — з песнямі і карагодамі. Гэтым разам у межах цыкла «Этнакалекцыя Onlíner» мы наведалі філіял літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы, дзе Студэнцкае этнаграфічнае таварыства разам з іншымі фальклорнымі гуртамі правялі абрад «Гуканне вясны». У Мінск мы вярнуліся з яскравай відэазамалёўкай, а таксама з аповедам аб тым, як адзначалі гэтае свята прашчуры.

Беларусы лічылі: каб на замену шэрай зіме як мага хутчэй прыйшла жыццядайная вясна, яе варта паклікаць. Гэты абрад быў распаўсюджаны ў розных рэгіёнах краіны і, што цікава, часта не меў канкрэтнай даты.

— Гуканне вясны — гэта ў некаторым сэнсе нараджэнне новага года: ажывае прырода, пачынаецца новы сельскагаспадарчы цыкл, чалавек выходзіць з хаты, вёскі на больш шырокую прастору, пачынае вандраваць. З гэтага часу пачыналася больш актыўнае ўзаемадзеянне з навакольным светам, — кажа старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык.

— Гэты абрад часта быў прымеркаваны альбо да Саракоў (адзначалі 9 сакавіка), альбо да Дабравешчання (25 сакавіка). Але гукаць маглі і пазней — ажно да самага канца вясны.

Збольшага, паводле этнаграфічных дадзеных, вясну гукалі ва ўсходняй частцы Беларусі: у Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях. Але песні, якія выконваліся падчас гукання, запісаны і на Міншчыне, і на тэрыторыі Заходняга Палесся. Дзе-нідзе яны сустракаліся і на Гарадзеншчыне, але вельмі мала. Усё ж такі асноўныя веснавыя святы там — гэта Вялікдзень і Юр’я.

Сутнасць дзейства наступная. У дзень з добрым надвор’ем дзяўчаты збіраліся разам, залазілі на стрэхі хат, ішлі да вады ці на высокія пагоркі і спявалі адмысловыя песні-вяснянкі, якія часта суправаджаліся працяглым «гу-у-у». Лічылася, што падобныя гукі абуджаюць прастору. Як кажа суразмоўніца, адгэтуль і пайшла назва абраду — «Гуканне вясны».

— Гуканне, як казала раней, магло не прыпадаць на якое-небудзь свята ці прысвятак. Гэта наогул было спантаннае жаданне, якое маглі ажыццявіць у любы час. Маглі гукаць нават некалькі разоў. Дзяўчаты весяліліся, спявалі, вадзілі карагоды. Як верылі продкі, карагоды растопліваюць зямлю, грэюць і расхаджваюць, — працягвае Ганна. — Да гукання маглі далучацца і некаторыя іншыя атрыбуты. Шмат дзе на Дабравешчанне ці Саракі пяклі булачкі ў форме буславай лапы ці птушак. Пасля гэтых птушачак, як раней рабілі на Гомельшчыне, падкідалі на посцілцы. А ў некаторых мясцінах птушак натыкалі на пруцікі і хадзілі з імі на пагоркі.

Часта падчас гукання вадзілі карагоды, калыхаліся на арэлях ці скакалі на дошцы, што было абавязковай часткай ранняй веснавой абраднасці.

Што тычыцца нашага сучаснага свята, то мы стараемся не паўтарыць адзін лакальны абрад, а спалучыць разнастайныя элементы з ранневеснавой абраднасці беларусаў.

Па словах суразмоўніцы, у гуканні вясны ўдзельнічалі пераважна дзяўчаты. Хлопцы таксама былі побач, але захавалася мала звестак аб тым, каб яны спявалі ці вадзілі карагоды.

— Асобныя запісы ёсць, аднак гэта дакладна не мела шырокага распаўсюджання. Тым не менш хлопцы ўсё роўна прымалі ўдзел. Калі па рацэ на гуканне пускалі куль саломы, яго трэба было запаліць, збудаваць для яго плыт… Таму хлопцы, паўтаруся, удзельнічалі. Проста песні спявалі менавіта дзяўчаты, — дадае Ганна.

Абрад «Гуканне вясны» не зусім страчаны, у некаторых вёсках гукаюць і дагэтуль.

— Зразумела, што гэта робяць не старыя, а жанчыны, якім, можа, гадоў 60. Традыцыя дзе-нідзе яшчэ жыве. Асабліва ва ўсходняй Беларусі. Але ў апошнія гады з’явілася шмат супольнасцей, якія працягваюць традыцыю і часта пераймаюць лакальныя абрады ў аўтэнтычных носьбітаў, ладзяць святы. Мне здаецца, гэта плённы шлях, — кажа суразмоўніца. — Што тычыцца Вязынкі, мы тут гукаем вясну ўжо гадоў 15. Напачатку было няшмат наведвальнікаў, але з часам нашых сяброў станавілася ўсё больш і больш. У апошнія гады атрымліваецца сапраўдны фэст — з музыкай, спевамі, лекцыямі, майстар-класамі і нязмушанай урачыстай атмасферай. Варта падкрэсліць, што на абрадзе прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх узростаў — ад самых маленькіх да пажылых людзей.

Сёлета наша свята праходзіла крыху пазней. У сувязі з гэтым мы падумалі, што будзе цудоўна дадаць велікодныя традыцыі. Пра іх няшмат хто ведае, а яны надта цікавыя. Гэтым разам можна было ўбачыць і пачуць валачобнікаў (падобная да калядоўшчыкаў група людзей, якая хадзіла па хатах на Вялікдзень. — Заўв. Onlíner), паглядзець, як іх прымалі ў хаце.

Ладзячы гэты абрад, арганізатары стараюцца захоўваць старадаўнія традыцыі, але ў свята з’явіўся і новы сімвал. На яшчэ голыя галінкі дрэў падвешваюць рознакаляровых птушак, якія адмыслова ствараюцца ўдзельнікамі гукання і навучэнцамі мастацкіх школ.

— Спадзяюся, традыцыя гукання вясны будзе працягвацца. Бо нават за тыя гады, што мы святкуем у Вязынцы, я заўважыла: абрад пачалі ладзіць у абласных гарадах, раённых цэнтрах і нават невялікіх мястэчках, вяртаючы ва ўжытак вясновыя святы. Будзем гукаць далей, — кажа Ганна.

Чытайце і глядзіце таксама:

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by