На 91-м годзе жыцця памёр паэт Анатоль Вярцінскі

6198
21 апреля 2022 в 14:09
Автор: Дарья Спевак

На 91-м годзе жыцця памёр паэт Анатоль Вярцінскі

Автор: Дарья Спевак
На 91-м годзе пайшоў з жыцця беларускі паэт, драматург, публіцыст, літаратурны крытык і перакладчык Анатоль Вярцінскі. Звесткі пра гэта сёння распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках. Інфармацыю пра здарэнне журналісту Onlíner пацвердзіў калега і сябра Вярцінскага паэт Уладзімір Някляеў.

Паэт і сябра Анатоля Вярцінскага Сяргей Законнікаў паведаміў Onlíner, што апошнія звесткі аб стане здароўя Анатоля Вярцінскага былі вельмі благімі. На цяперашні момант Законнікаў не мае інфармацыі пра час і месца пахавання калегі: чакае тэлефанавання ад сям’і Вярцінскага.

Анатоль Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 года ў вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна. У 1956 годзе ён скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ, працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962-м пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь».

У 1967—1982 гадах працаваў літаратурным кансультантам, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1986—1990 гадах — галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». З 1990 па 1995 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, членам Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР.

Адзін з самых вядомых вершаў Анатоля Вярцінскага — «Два полі», які мы ўсе вывучалі паводле школьнай праграмы. Твор быў напісаны ў 1976 годзе.

Было ў салдата два полі,

поле, дзе кветкі ірваў,

бегаў з сябрамі на волі,

і поле, дзе ён ваяваў.

Ціха было і чыста

У полі яго дзяцінства,

былі агонь і дым

на полі ратным тым.

Два полі было ў салдата.

Адно зелянела травой,

другое было ўзарата

вайной і паліта крывёй.

Было ў салдата два полі,

поле, дзе кветкі збіраў,

бегаў з сябрамі на волі,

і поле, дзе ён паміраў.

Таксама шырокую вядомасць атрымала пасляваенная паэма пісьменніка «Рэквіем па кожным чацвёртым».

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка