Автор: . Фото: Onliner, profil.adu.by
Марыя Пушкіна — перакладчыца. На беларускую мову з польскай пераклала творы Чэслава Мілаша, Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, Анджэя Стасюка, Сяргея Пясецкага і іншых.
Чарговы выпуск серыі падкастаў «Пашпарт грамадзяніна» прысвечаны драматургіі. А калі быць больш дакладным, чалавеку, які паспрыяў з’яўленню на нашых тэатральных сцэнах твораў Уільяма Шэкспіра. Адбылося гэта яшчэ ў першай палове мінулага стагоддзя. Хто такі Юрка Гаўрук, чым ён адметны, як вырашыў перакладаць самага вядомага драматурга і дзе ставілі гэтыя п’есы, журналісту Тарасу Шчыраму распавяла Марыя Пушкіна, перакладчыца, літаратуразнаўца, улюбёная ў тэатр.
Вось толькі некалькі цікавостак пра Гаўрука, якія змяшчае наш падкаст:
- Чаму Гаўрука назвалі Юркам? Ён нарадзіўся ў Слуцку 6 траўня 1905 года — акурат на Дзень святога Георгія. Бацькі казалі, што гэтае імя ён абраў сабе сам. Ягоны бацька, Павел Сямёнавіч, быў рамеснікам, сялянскага паходжання і меў трайное прозвішча Гарват-Гарбач Гаўрук. Адкуль узялося такое дзіўнае спалучэнне, малому ніхто не мог патлумачыць. Аказалася, што так павялося з прыгонных часоў. Пазней прозвішча раскалолася. Старэйшы брат бацькі нашага героя стаў Гарбачом, Павел Сцяпанавіч — Гаўруком, а частка «Гарват» паступова знікла. Даследчык беларускай тапанімікі і асабістых імёнаў Васіль Шур пісаў, што Юрка Гаўрук у будучым свядома не хацеў казаць пра свае шляхетныя карані, асабліва з-за спазнаных у 1930-я рэпрэсій. Ён каля 20 гадоў правёў у высылцы.
- Вучыўся Юрка спачатку ў Слуцкай гімназіі, потым коратка ў Пскоўскай, калі сям’я збягала ад вайны, а пасля зноў у Слуцку. З прадметаў найлепш даваліся прыродазнаўства, гісторыя і замежныя мовы, асабліва французская і лацінская. Вучылі ў тыя часы літаратуры так, што, калі б не было гэтай любові ўнутры, сам бы не прыйшоў. Вось што прыгадвае сам Гаўрук пра часы, калі навучаўся ў Расіі: «Руская літаратура не лічылася ў нас цікавым прадметам, з класа ў клас мы капаліся ў старажытным; вывучалі „Дамастрой“, Дзяржавіна, Хераскава, Фанвізіна, так і не дабраўшыся да Пушкіна, якога наш выкладчык — інспектар гімназіі Васкрасенскі называў прадстаўніком „навейшай“ літаратуры». Юрка пачаў чытаць кнігі ў школе запоем. Гэта і вызначыла ягоны лёс. На гарышчы закінутага панскага дома ён знайшоў цэлы стос кніжак на французскай і польскай мовах. І пачаў чытаць, карыстаючыся слоўнікамі. Першай кнігай, якую адолеў самастойна, быў «Сабор Парыжскай Божай Маці» Віктора Гюго. Падкрэсліваў кожнае незнаёмае слова і значэнне выпісваў на палях, а пасля яшчэ раз перачытваў.
- Англійскую мову ён вывучыў з дапамогай настаўніцы. У Слуцку жыла жонка мясцовага кальвінісцкага пастара. Старая жанчына сядала ў крэсла, вязала панчоху, а вучань чытаў ёй уголас. Калі траплялася незнаёмае слова, настаўніца тлумачыла сэнс на французскай ці польскай, бо беларускай не ведала.
- У 1925-м Гаўрук скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя Валерыя Брусава. Там быў вір тагачаснага пісьменніцкага жыцця. На заняткі часта завітвалі зоркі літаратуры: Ясенін, Маякоўскі, Брусаў і іншыя. У тыя часы Гаўрук пазнаёміўся з Міхасём Чаротам і Уладзімірам Дубоўкам. Калі Юрка вучыўся на апошнім курсе, беларуская студыя ў Маскве ставіла шэкспіраўскі «Сон у летнюю ноч» са Стэфаніяй Станютай і Канстанцінам Саннікавым. І гэты тэкст папрасілі Гаўрука перакласці на беларускую мову, але, на жаль, ён не захаваўся.
- Яго страшна натхняў увесь велізарны аб’ём неперакладзенага на мову, той літаратуры, якую чытаў, калі вучыўся. Якую хацелася засвоіць, перастварыць. Гаўрук стаў аўтарам першай паэтычнай анталогіі перакладаў замежнай літаратуры. Кніжачка з’явілася ў 1928 годзе і называлася «Кветкі з чужых палёў». Пад адной вокладкай ён сабраў прадстаўнічы спіс імёнаў: Байран, Шэлі, Тэнісан, Лангфела, Уітмен, Гейнэ, Шылер, Гюго, Бадлер, Верлен, Петрарка... Яму хацелася ўсяго, каб гэтае багацце ў беларускай літаратуры прысутнічала.
- Працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі на кафедры беларускай мовы і літаратуры. Калегам па працы быў Максім Гарэцкі, сябрам Юркі ў той час стаў Кузьма Чорны, які таксама прыязджаў да яго, а ў тамтэйшым літаратурным гуртку ўдзельнічала Паўліна Мядзёлка. У 1929-м Гаўрук ажаніўся са студэнткай акадэміі Таццянай Мытнік, і ў іх нарадзілася дачка. Потым ён некаторы час працаваў у Магілёве і на падставе перакладаў распрацаваў курс замежнай літаратуры. Пра тое, што здарылася пасля, пісаў наступным чынам: «Мабыць, у гэтым кірунку я працаваў бы і далей, але 8 лютага 1935 года мяне выклікалі з лекцыі і арыштавалі і тае ж начы вывезлі ў Мінск. Пачаліся мае новыя ўніверсітэты». Яго асудзіла асобая нарада пры Народным камісарыяце за антысавецкую дзейнасць — і выслалі з Беларусі. Больш за 20 гадоў правёў у Комі, Карэліі, Усходняй Сібіры. Пілаваў лес, тынкаваў, рабіў тапографам, інжынерам, брыгадзірам... У гэты ж самы час ягоны пераклад «Гамлета» ставілі ў Беларусі, але імя і прозвішча перакладчыка нідзе не пазначалі. Рэабілітавалі Гаўрука ў 1956 годзе.
- Потым Гаўрук працаваў загадчыкам літаратурнай часткі ў тэатры імя Янкі Купалы. Займаўся тым, што перакладаў, падбіраў літаратурны матэрыял, прысутнічаў на пачатковых рэпетыцыях (рабіў акцёрам правільнае вымаўленне) і на фінальным прагоне. Працягваў актыўна перакладаць і для Купалаўскага тэатра, і для тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Гэта былі творы Шэкспіра, Гюго, Астроўскага, Мальера, Фігэйрэду, Хікмета... На рускую мову пераклаў раман Кузьмы Чорнага «Подых навальніцы». Памёр у 1979-м, але, калі сёння вы захочаце паставіць «Гамлета» ці «Караля Ліра» па-беларуску, так ці інакш сцежкі прывядуць да ягоных перакладаў.
- Што тычыцца другіх перакладаў на мову, варта прыгадаць Уладзіміра Дубоўку і ягоныя пераклады санетаў, Кандрата Крапіву. Іван Красоўскі пераклаў «Гамлета». Яго работа аматарская, але зробленая з любоўю да Шэкспіра, пачытаць яе можна ў архіве. Годныя кавалкі «Гамлета» друкаваў Антон-Францішак Брыль. Акрамя таго, Кацярына Маціеўская пераклала «Рамэа і Джульету» для тэатра юнага гледача, маем «Буру» ў перакладзе Уладзіміра Някляева, пераклады Алеся Разанава, Аляксея Дударава і Уладзіміра Шахаўца.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by