Сёння ў цэнтры нашай увагі персона Багуслава Радзівіла. Бачыце, мы зноў вяртаемся да Радзівілаў, што зусім невыпадкова. Бо гэта адзін з самых магутных і багатых родаў Вялікага княства Літоўскага, які меў свае амбіцыі — і маёмасныя, і палітычныя. Вось чаму імя Радзівілаў праходзіць чырвонай лініяй у нашай гісторыі, пачынаючы з 14-га стагоддзя. І нават у 20-м мы чуем розгалас дзеянняў гэтага роду.
Распавядаць пра Багуслава няпроста, і таму я вырашыў падзяліць свой аповед пра ягоную біяграфію і ўчынкі на тры розныя, але звязаныя паміж сабой тэматычныя блокі. Найперш гэта авантурная асабістая гісторыя нашага героя, а далей мы паразмаўляем пра драматычнае палітычнае жыццё і чорную легенду Багуслава Радзівіла. І, безумоўна, не зможам абысціся без аповеда пра стваральніцкую дзейнасць нашага героя. Ну і перад тым як пачаць гаворку аб прыгодах Багуслава ў больш свядомым узросце, я б усё ж такі звярнуўся да вытокаў яго сямейнай гісторыі, бо гэта шмат чаго нам патлумачыць. Па-першае, чаму гэты чалавек быў такім багатым, а па-другое, па якой прычыне яго дзеянні і ўчынкі часам былі, скажам так, экзатычнымі.
З самага маленства ён меў няпростую гісторыю. Ягоны бацька Януш Радзівіл паходзіў з біржанскай, кальвінісцкай лініі роду. Януш пабраўся шлюбам з Соф’яй з Алелькавічаў. Гэтаму роду належалі велізарныя латыфундыі, зямельныя ўладанні ў Слуцкім княстве, якое ахоплівала таксама Капыльшчыну. Род Алелькавічаў быў праваслаўным, княжацкім, набліжаным да вялікіх князёў літоўскіх, бо вёў свой радавод ад Гедымінавічаў. І вось менавіта праз гэты шлюб да біржанскіх Радзівілаў прыйшлі са Слуцкім княствам велізарныя ўладанні. Але Соф’я памерла досыць рана — у 1612 годзе пасля цяжкіх родаў. Ёй было 26 гадоў, і яна не пакінула нашчадкаў. Перапіска, якую мы маем, паказвае, што паміж Янушам і Соф’яй было сапраўднае каханне.
Праз тры гады ён узяў другі шлюб з Лізаветай Соф’яй — князёўнай Брандэнбурга, сямейнымі сувязямі злучыўшыся з нямецкімі дваранамі. І ад гэтага шлюбу нараджаецца наш герой Багуслаў. Але літаральна праз сем месяцаў пасля нараджэння Януш памірае. То-бок Багуслаў практычна і не ведаў свайго бацьку. А ўжо праз восем гадоў маці Багуслава выходзіць замуж у другі раз, і маленькага Багуслава перавозяць спачатку ў Вільню, потым у Гданьск. Ён вандруе, і ў рэшце рэшт за ім замацоўваецца апякунства ягонага дзядзькі, хлопец рана становіцца самастойным. І, як было прынята ва ўсіх магнацкіх і заможных шляхецкіх родах, ён выпраўляецца па навуку ў замежжа. Багуслаў быў кальвіністам, выхоўваўся ў адпаведным духу, і яго накіравалі вучыцца ў пратэстанцкія ўніверсітэты. І нават спачатку ў ягоных абавязках была прапісана забарона на выезд у Італію і Іспанію — паўднёваеўрапейскія краіны з моцным каталіцкім уплывам.
Знаходжанне Багуслава ў Еўропе было багатым на авантурныя ўчынкі. Ён сапраўды заязджаў ва ўніверсітэты, хадзіў на заняткі, але тады часта не вучыліся так, як зараз: не слухалі ўвесь курс цалкам, а наведвалі пэўныя лекцыі. Багуслаў актыўна ўключаецца ў прыдворнае жыццё. У Францыі, дзе ён пазнае вайсковую навуку, у яго здарыўся раман з князёўнай дэ Кантэкруа. Гэта была прывабная жанчына, нашмат старэйшая за Багуслава. Каб паказваць ёй знакі ўвагі, яму прыйшлося нават закласці сваё фамільнае срэбра, што было пры ім. Аднак у гэтым рамане ў Багуслава з’явіўся канкурэнт — граф дэ Рыё, і паміж двума прыхільнікамі князёўны ўзнікла спрэчка, у выніку якой Радзівіл ударыў дэ Рыё ў сківіцу. Апошні кінуў яму ў твар пальчатку. Гэта азначала, што канфлікт павінен быць вырашаны на дуэлі са зброяй у руках. Але нібыта з’явіліся каралеўскія гвардзейцы, якія і разагналі два бакі. Праз год дуэлянты зноў сутыкнуліся, а за ўдзел у забароненай дуэлі наш герой быў затрыманы і змешчаны ў Бастылію.
З гэтага моманту мог бы пачацца драматычны перыяд ягонага жыцця, бо Бастылія была вядомая, апрача ўсяго, тым, што з яе практычна немагчыма было збегчы. Але літаральна праз суткі нашага героя вызваляюць. Як аказалася, гэта адбылося паводле пажадання каралевы Ганны Аўстрыйскай. Так што, бачыце, і важных прыхільнікаў у Багуслава было багата, аднак і ворагаў хапала. І гэты бок ягонага жыцця мы можам добра прасачыць праз яго палітычную дзейнасць.
Багуслаў Радзівіл збіраецца прысвяціць сябе вайсковай справе ў Еўропе. Ён змагаўся ў французскім каралеўскім блоку супраць Іспаніі, і лёс занёс яго на службу ў Нідэрланды. Як кажуць у дакументах, атрымліваў досыць неблагі заробак, але адмовіўся ад вайсковай кар’еры ў замежжы. Магчыма, на першы погляд, нечакана ў 1648 годзе, ва ўзросце 28 гадоў, ён прыпыняе кар’еру ў Заходняй Еўропе і вяртаецца на айчыну сваіх продкаў. Увогуле гэта было звязана з дзвюма вельмі важнымі падзеямі. Па-першае, памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ваза — і на выбарчым сойме трэба было абіраць новага кіраўніка краіны. Па-другое, на ўсходніх абшарах Рэчы Паспалітай пачынаецца казаччына, альбо тое, што мы потым будзем ведаць як паўстанне Багдана Хмяльніцкага.
Казакі, як вольнае саслоўе, не знайшлі кампрамісаў і паразуменняў з польскай шляхтай. Украінскія тэрыторыі тады ўваходзілі ў склад Кароны Польскай, і гэта не была тэрыторыя ВКЛ, але падобныя падзеі мусілі закрануць усю Рэч Паспалітую. І гэтыя дзве нагоды прыводзяць Багуслава на радзіму. На сойме ён падтрымлівае кандыдатуру Яна Казіміра, а потым, прасочваючы ўсю далейшую палітычную дзейнасць Багуслава, мы бачым, як канфлікты, непаразуменні з каралём сталі стрыжнёвымі, лёсаўтваральнымі ў жыцці Радзівіла. Аднак напачатку ў прадчуванні пагрозлівых падзей Багуслаў, як даволі вядомы па вайсковай службе, становіцца генералам гвардыі і атрымлівае зямельныя валоданні — староствы Ашмянскае і Мазырскае.
Але казацкі сюжэт стаў толькі нагодай для падзей, якія радыкальна змянілі абрысы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Бо так атрымалася, што праз казацкія хваляванні ў канфлікт уваходзіць Маскоўскае царства. Ну і яшчэ адзін сюжэт, магчыма больш нечаканы, — вайна са Швецыяй. У сярэдзіне 17-га стагоддзя гэтыя тры ваенныя канфлікты вызначылі логіку падзей у нашым рэгіёне.
Палітычная ўстаноўка Багуслава была наступная. Ён з’яўляўся прыхільнікам палітычнай стратэгіі папярэдніка Мікалая Радзівіла Чорнага, які імкнуўся да суверэнітэту ВКЛ ад Кароны Польскай. І гэтая незалежнасць у праектах Радзівілаў разумелася як дзяржаўнае існаванне пры дамінацыі саміх жа Радзівілаў у Вялікім княстве.
Апроч усяго, як вы памятаеце, у Багуслава былі вельмі сур’ёзныя фамільныя сувязі з Брандэнбургскім дваром. Падобная палітычная сітуацыя спадчыннасці Радзівіла, а з іншага боку, вельмі моцны разлом у Еўропе прывялі да таго, што Багуслаў увесь час гуляў на два фронты. Ён спрабаваў улічваць інтарэсы розных бакоў і па-свойму імкнуўся гэта выкарыстоўваць. І напачатку Багуслаў карэктна, прафесійна адстойваў інтарэсы караля Яна Казіміра і змагаўся са шведскімі войскамі. Але, як пішуць даследчыкі, кароль быў някепскім вайскоўцам, аднак няўдалым палітыкам і дыпламатам. Ён практычна губляе кантроль над усім дзяржаўным механізмам, паразы ідуць за паразамі, і шведы бяруць Кракаў. У той момант улада караля абмяжоўвалася малой тэрыторыяй, і ў гэтай сітуацыі наш герой пачынае падтрымліваць палітычны праект стрыечнага брата Януша Радзівіла, які таксама належаў да біржанскай лініі. Ён быў гетманам, і ў сітуацыі бязладдзя, суцэльных вайсковых паражэнняў робіць стаўку на саюз са Шведскім каралеўствам.
У кастрычніку 1655 года Януш падпісвае са шведскім бокам дамову, вядомую ў гістарыяграфіі як Кейданская унія. Паводле гэтага дакумента ВКЛ, ад імя якога ў дадзеным выпадку выступаў Януш, прызнае сюзерэнам шведскага караля Карла X Густава, які таксама фактычна становіцца вялікім князем літоўскім. Па гэтай уніі шведскі ўплыў на ўнутранае жыццё ВКЛ мінімізуецца, але яно адрываецца ад Кароны Польскай, і спыняецца існаванне Рэчы Паспалітай, якая складалася з дзвюх частак. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў польскую гістарыяграфію і нацыянальную свядомасць як эпоха патопу, што азначае поўную дамінацыю шведаў, якія амаль цалкам захапілі тэрыторыю Польшчы. А тут яшчэ і ВКЛ пераходзіць пад суверэнітэт шведскага караля.
Шведы, трэба сказаць, дзейнічалі досыць жорстка. Яны, напрыклад, выкарыстоўвалі пры наступленнях тактыку выпаленай зямлі, але гэта адбывалася ў тагачасных войнах. Як пратэстанты, шведы зневажалі каталіцкія святыні. Усё гэта спарадзіла вельмі рэзкае непрыняцце дзеянняў шведскага войска сярод польскага насельніцтва, а ВКЛ у асобе Януша Радзівіла ў гэты час гуляе ў сваю гульню і спрабуе рэалізоўваць сваю палітыку. Але, паўтаруся, Януш дайшоў да яе ў сітуацыі поўнага бязладдзя і дзяржаўнай дэструкцыі. Праз гэта ў польскай свядомасці ўзнікла чорная легенда Януша і Багуслава Радзівілаў.
Багуслаў усё ж такі напачатку быў даволі асцярожным. Ён схаваўся ў сваіх маёнтках на Падляшшы і марыў пра ўтварэнне суверэннага радзівілаўскага княства ў рамках ВКЛ. Кароль Ян Казімір не падтрымаў ягоных намаганняў, а тут ягоны кузэн заключыў пагадненне са шведамі. У рэшце рэшт пад канец 1655 года Багуслаў прыняў палітычную лінію кузэна і падтрымаў Кейданскую унію, фактычна перайшоўшы на бок шведаў, і адправіўся ў палявы двор караля Густава. Той быў вельмі задаволены, што да яго перайшоў такі важны магнат, палітычна значная фігура, і надаў Багуславу тытул фельдмаршала. Вядома, што пэўны час Багуслаў даволі паспяхова змагаецца на баку шведскага караля, нават вядомы эпізод, калі ён выратоўвае караля ад замаху.
Таксама, спрабуючы выратаваць Слуцк, ён уваходзіць у перапіску з Багданам Хмяльніцкім, але літаральна праз год, у кастрычніку 1656-га, у адной з бітваў Багуслаў атрымлівае раненне галавы і трапляе ў няволю да татараў, якія былі саюзнікамі войска ВКЛ, што захавалі лаяльнасць да караля Яна Казіміра. Вяліся перамовы пра ягоны выкуп, аднак скончылася ўсё тым, што даволі хутка шведскі аддзел нанёс удар па гэтым падраздзяленні і Багуслава вызвалілі. Кароль нібыта яго ўзнагароджвае, перадае частку маёмасці ў Навагрудскім ваяводстве, але сам Багуслаў пісаў, што атрымаў толькі адну пятую таго, чым валодалі ягоныя продкі ў гэтым ваяводстве.
Ён, безумоўна, быў вельмі незадаволены, маючы вялікія амбіцыі і планы. І вось тут пачынаецца чарговы этап палітычнага жыцця Багуслава Радзівіла. Ён перамяшчаецца ў Прусію, якая была саюзнікам Швецыі, і прызначаецца там генеральным намеснікам. Як бачыце, ён служыў і французскаму каралю, і ў Нідэрландах, і каралю Рэчы Паспалітай, і шведскаму, а цяпер апынуўся на службе ў Брандэнбургскага курфюрста. Можна сказаць, што ягоная дзейнасць у Прусіі была паспяховай, але тут надыходзяць важныя змены. У вайне са Швецыяй Рэч Паспалітая паступова бярэ верх, і ў войска атрымліваецца выбіць шведскія гарнізоны са сваёй тэрыторыі. У гэтай сітуацыі Багуслаў Радзівіл у чарговы раз змяняе палітычную арыентацыю. Перад гэтым ён атрымаў лісты ад Яна Казіміра, які лічыў, што такую важную палітычную фігуру нельга ігнараваць і варта імкнуцца далучыць да сваіх хаўруснікаў.
Праз усе гэтыя дыпламатычныя перыпетыі Багуслаў фактычна выступае пасрэднікам у перамовах паміж Янам Казімірам і Брандэнбургскім курфюрстам. Ён спрыяе паразуменню паміж дзяржавамі. Праз асабістыя праблемы Ян Казімір пакінуў трон, і наш герой часова вяртаецца ў Рэч Паспалітую. Аднак шляхта, якая выступала супраць Багуслава і Януша, адразу закідала яго судовымі позвамі па страчанай маёмасці. Трэба разумець, што Рэч Паспалітая была прававой дзяржавай і нават манарх не мог прыняць аднаасобнае рашэнне ў спрэчках. Усё павінна было разглядацца ў судовым парадку. Так што працэсы супраць Багуслава, якія распачаліся і ў Кароне Польскай, і ў ВКЛ, працягваліся доўга, многія з іх так і не былі скончаны нават да смерці Багуслава ў 1669 годзе.
Ёсць яшчэ адзін важны момант. Багуслаў усё ж такі бярэ шлюб, але ўсё адбылося даволі дзіўна. Яшчэ калі ён жыў у Парыжы, каралеўскі двор прапаноўваў яму кандыдатуры, але Багуслаў улічваў палітычныя ўмовы. Шведскі кароль таксама падбіраў яму кандыдатак у жонкі, у тым ліку з уласных сваячак, аднак безвынікова. А скончылася ўсё тым, што Багуслаў ажаніўся са сваёй стрыечнай пляменніцай — Ганнай Марыяй Радзівілавай. Гэта была дачка стрыечнага брата Януша, пра якога мы ўжо распавядалі.
У адрозненне ад бацькі і Багуслава, Ганна выхоўвалася ў каталіцкай традыцыі, і, каб узяць з ёй шлюб, Багуслаў звяртаўся да Папы Рымскага. А чаму наш герой пайшоў на гэты шлюб? Мяркую, найперш праз маёмасныя інтарэсы, бо праз гэта ён атрымліваў вялікую спадчыну кузэна — горад Біржы і значную частку паўночнай Літвы на памежжы з Латвіяй.
У выніку гэтага шлюбу нарадзілася Людвіка Караліна, і яна стане апошняй прадстаўніцай біржанскай, кальвінісцкай лініі Радзівілаў. Мужчынская скончылася якраз на Багуславе. І ўжо потым уся гэтая маёмасць пераходзіць да Радзівілаў з Нясвіжа, яшчэ больш іх умацоўваючы.
Тут я б хацеў звярнуцца да стваральніцкай дзейнасці Багуслава Радзівіла. Ён не толькі ваяваў, вандраваў і не толькі варты таго, каб быць героем раманаў Аляксандра Дзюма. Ён сапраўды быў сучаснікам напаўміфічнага д’Артаньяна, але Багуслаў пакінуў пасля сябе вельмі значную спадчыну. Фактычна ён перабудаваў старажытны Слуцк, які паміж 1648 і 1655 гадамі быў ягонай асноўнай рэзідэнцыяй. Багуслаў аднавіў там два замкі і пабудаваў сваю асобную рэзідэнцыю. У Слуцку расквітнела пратэстанцкая адукацыя і кальвінісцкая школа стала адной з самых моцных у ВКЛ.
Слуцк на той час быў адметны сваёй рэлігійнай палітыкай. Калі вярхоўная эліта Рэчы Паспалітай належала да каталіцкай канфесіі, то пасля Берасцейскай уніі 1596 года шырокія мяшчанскія і сялянскія масы сталі грэка-каталікамі. У гэтай сітуацыі Багуслаў Радзівіл і біржанская лінія захоўвалі вернасць кальвінізму, і, што цікава, у Слуцку фактычна ўтварылася двухканфесійнасць, бо гэта быў адзін з нешматлікіх асяродкаў, дзе ў сярэдзіне 17-га стагоддзя захоўвалася праваслаўе. Багуслаў патраніраваў праваслаўе ў Слуцку, і дзве канфесіі мірна суіснавалі ў гэтым старажытным горадзе.
Пад апекай Радзівілаў у Слуцку, як потым і ва ўсім ВКЛ, з’явілася яшчэ адна катэгорыя насельніцтва, вядомая ў нашых крыніцах пад назвай «шкоты». Гэта сапраўды былі шатландцы-кальвіністы, рэлігійныя дысідэнты, якія ўцяклі са сваёй радзімы. Шатландыя ў той час паступова пераходзіла пад кантроль Англіі, і праз 50 гадоў узнікне Вялікабрытанія, калі створыцца агульны парламент, але, безумоўна, пад англійскай дамінацыяй. Пры гэтым у Шатландыі пашыраецца англіканская царква, якая была дзяржаўнай у Англіі. Сярод шатландцаў было шмат кальвіністаў, і, не знаходзячы паразумення з англіканскімі ўладамі, некаторая частка іх эмігравала і знайшла новую радзіму ў ВКЛ. Дарэчы, у нашых дакументах «шкоты» вядомыя не толькі як этнічная, але і як сацыяльна-гандлёвая група. Шатландцы займаліся дробным гандлем, тым, што азначае рускае слова «коробейник», і слова «шкот» мае ў старабеларускай мове значэнне дробнага гандляра. Багуслаў патраніраваў і гэту супольнасць, у сярэдзіне 17-га стагоддзя гэта была даволі заўважная этнічная група ў Слуцку.
Акрамя таго, наш герой меў вайсковую архітэктурную адукацыю і, падобна, пакінуў пасля сябе цікавыя малюнкі гарадоў і мястэчак. Сёння гісторыкі спрачаюцца, ці ўсе яны належаць руцэ Багуслава, але, відаць, частку выканаў ён.
І ў заканчэнні я вярнуся да сюжэта жывой спадчыны Багуслава Радзівіла. Ён адбудаваў не толькі Слуцк. На сваіх уладаннях ён заснаваў гандлёва-рамеснае мястэчка, якое першапачаткова атрымала назву Багуслаў Поле. Сёння гэтае мястэчка вы ведаеце пад назвай індустрыяльна важнага горада Жодзіна. Дарэчы, на сучасным гербе гэтага горада мы можам убачыць выяву Маці Божай, якая трымае шчыт з трыма трубамі-ражкамі. Гэта якраз і ёсць герб Радзівілаў. Ёсць яшчэ цікавая гісторыя. Нядаўна даведаўся, што футбольныя фанаты мясцовай каманды маюць назву «багуслаўцы» і спасылаюцца на даўнюю традыцыю свайго горада.
Заканчваючы аповед, хачу акцэнтаваць увагу на наступным. Безумоўна, Багуслаў — гэта супярэчлівая постаць. Зрэшты як постаць любога магната і палітыка таго часу. Ён змяняў некалькі разоў сваю палітычную арыентацыю, але хачу адзначыць, што князь усё ж такі заставаўся верным запаветам сваіх продкаў. А менавіта Мікалая Радзівіла Чорнага, які выступаў за суверэннасць ВКЛ. І тыя палітычныя праекты, якія прымаў сам Багуслаў ці ў якіх удзельнічаў, безумоўна, прыводзілі да канфліктнасці, але ён дбаў пра інтарэсы айчыны.
У палітыцы ён, як і іншыя сваякі, уваходзіў у канфлікт з каралеўскай уладай. Таму ў польскай гістарыяграфіі і свядомасці, умацаванай раманам Генрыка Сянкевіча «Патоп» і адпаведным фільмам Ежы Гофмана, дзе Багуслаў і Януш Радзівілы паказаны здраднікамі, з’явілася і чорная легенда гэтых Радзівілаў.
У канцы хачу сказаць, што мы маем вельмі важную магчымасць не паддавацца стэрэатыпам, і чорная легенда Радзівіла ў польскім грамадстве не можа быць да канца прынята нашай гісторыяй. Мы ўсё ж такі разважаем з пазіцыі ВКЛ, Слуцка, Вільні, Біржаў. Давайце падумаем пра згаданыя постаці, над іх лёсамі і прымем з вамі самастойнае, узважанае рашэнне аб тым, як будзем ацэньваць гэтых персанажаў і як будзем прапісваць у сваёй гісторыі Багуслава Радзівіла. Як здрадніка, авантурыста альбо па-іншаму — як яркую постаць нашай гісторыі.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by