Масон, вязень Сібіры, пісаў карціны ў касцёльных сутарэннях. Гутарым пра Яна Дамеля, які быў галоўным мастаком Мінска

7973
28 августа 2021 в 11:00
Автор: 

Масон, вязень Сібіры, пісаў карціны ў касцёльных сутарэннях. Гутарым пра Яна Дамеля, які быў галоўным мастаком Мінска

Автор: 
Зміцер Моніч — гісторык мастацтва, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея.
Беларуская гісторыя хавае дзясяткі прозвішчаў творцаў, імёны якіх зацярушаныя часам і вядомыя пераважна даследчыкам ды аматарам мастацтва. Шкада, бо лёс некаторых з іх мог бы паслужыць асновай для прыгодніцкага рамана ці захапляльнай кінастужкі. Напрыклад, жыццё вядомага ў 19-м стагоддзі мастака Яна Дамеля, чыя біяграфія і дагэтуль захоўвае шмат загадак і таямніц. Ён быў масонам, правёў тры гады ў высылцы ў Сібіры, пісаў палотны ў касцёльных сутарэннях і лічыўся вельмі запатрабаваным партрэтыстам сярод мінскай шляхты. У межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» пра яго ў нашым падкасце расказвае гісторык мастацтва Зміцер Моніч.

Жыццё, насычанае таямніцамі

Ян Дамель — бадай што самы вядомы мастак Беларусі першай паловы 19-га стагоддзя. Дамель — выпускнік факультэта літаратуры і вольных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, пазней выкладаў малюнак у віленскай гімназіі, напісаў вялікую колькасць гістарычных і алтарных палотнаў, партрэтаў сваіх сучаснікаў. Але быў вядомы не толькі як жывапісец, партрэтыст, але і як фігурант скандальнай судовай справы і як член масонскай ложы. Пра гэта мы з вамі пагаворым сёння.

На жаль, Ян Дамель напаўзабыты ў Беларусі. Яго прозвішча шырока вядома сярод мастацтвазнаўцаў і тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, але калі проста запытацца: «Якіх мастакоў Беларусі 19-га стагоддзя вы можаце пералічыць?» — мала хто ўзгадае імя Дамеля. Яго прозвішча згубіліся сярод сотні іншых, і з цягам часу па прычыне адсутнасці звестак з біяграфіі стварылася вельмі шмат міфаў і легенд вакол гэтай асобы. А далей ужо час і забыццё зрабілі сваю справу: тое, што яшчэ ўчора было неправеранай гіпотэзай, сёння стала ўспрымацца як факт.

Блытаніна пачынаецца ўжо з імя мастака. Калі паглядзець энцыклапедыі, мастацтвазнаўчыя даведнікі, то можна заўважыць, што ў адных напісана «Ян Дамель», а ў другіх — «Ян Крыштаф Дамель». Здавалася б, няма ніякай супярэчнасці, і Ян Крыштаф — гэта проста падвойнае імя. Але насамрэч Ян Дамель і Крыштаф Дамель — два розныя чалавекі, якія, магчыма, былі сваякамі або нават братамі, але пацверджанняў гэтаму не знайшлося. Чаму іх аб’ядналі ў адну асобу? Верагодна, таму, што яны навучаліся ў адзін час на факультэце літаратуры і вольных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, але далей іх шляхі разышліся.

Нарадзіўся ў сям'і гандляра

Пра дзяцінства Дамеля мы ведаем мала. Ён нарадзіўся прыкладна ў 1780 годзе ў Курляндыі, на тэрыторыі сучаснай Латвіі. Трэба сказаць, што дакладная дата і мясцовасць невядомыя. Нават год нараджэння пад пытаннем, бо пра 1780-ы пачалі пісаць ужо пасля смерці мастака. І калі глядзець розныя ўскосныя дакументы, то калідор даты нараджэння Дамеля можна пашыраць з 1777 па 1790 год. Розныя дакументы ўскосна могуць наводзіць на розны год нараджэння.

У разнастайных кнігах і даведніках можна ўбачыць, што ён нарадзіўся ў горадзе Мітава. Гэта сучасная Елгава, што ў Латвіі. Трэба сказаць, што моманты, звязаныя з ягонай біяграфіяй, мы ведаем дзякуючы самому Дамелю, які пакінуў невялікі запіс аб тым, што нарадзіўся ў Курляндыі,  вучыўся ў Мітаве ў гімназіі да 1797 года. Пасля выехаў у Жмудзь, на тэрыторыю сучаснай Літвы, а адтуль у 1799 годзе пераязджае ў Вільню, дзе паступае ва ўніверсітэт.

Што мы ведаем пра сям’ю Дамеля? Толькі тое, што бацьку звалі таксама Ян, ён быў гандляром, а дзед — палкоўнікам у саксонскіх войсках. Трэба таксама адзначыць, што гэтую сціплую інфармацыю пра дзяцінства Дамеля вельмі добра акрэсліў ягоны сябар, мастак Адам Шэмеш, які запісаў свае ўспаміны ўжо пасля смерці Дамеля. У іх ён сцвярджае наступнае: «Акалічнасці яго нараджэння, выхавання, успаміны яго маладосці і нават пазнейшых гадоў нікому не вядомы». То бок калі ўжо сябра не ведаў пра яго дзяцінства, то што казаць пра нас, даследчыкаў, якія сёння вывучаюць гісторыю беларускага мастацтва 19-га стагоддзя.

Фарміраванне Дамеля як мастака адбывалася падчас навучання жывапісу і малюнку на факультэце літаратуры і вольных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта. Вучыўся ён у такіх вядомых жывапісцаў, як Францішак Смуглеві, Ян Рустэм, верагодна, супрацоўнічаў і з Юзафам Саўндэрсам, англічанінам, які прыехаў у Вільню дзеля таго, каб узняць на новы ўзровень графічную школу ў Віленскім універсітэце. У 1809 годзе пасля заканчэння ўніверсітэта і здачы адпаведных іспытаў Дамель атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў, пасля чаго пачаў выкладаць у віленскай гімназіі.

Па сутнасці гэта ўсё, што мы ведаем пра юнацтва мастака і навучанне ва ўніверсітэце. Што цікава, наступныя перыяды яго жыцця таксама не настолькі вядомыя, акрамя адрэзка з 1815 па 1820 год. Гэта звязана, як я казаў вышэй, з тым, што ён быў фігурантам вельмі гучнай судовай справы. Гучнай на ўсёй тэрыторыi Расійскай імперыі — размова шла пра падробку дзяржаўных асігнацый. Раскажам, як гэта адбылося.

Адсядзеў тры гады ў высылцы

Падчас навучання ва ўніверсітэце Ян Дамель пазнаёміўся з Ігнатам Цэйзікам, таксама студэнтам, слухачом курсаў хіміі, агульнай гісторыі, французскай мовы і малявання. Гэта была шырока развітая асоба ў розных сферах. Праўда, нягледзячы на высокае майстэрства ў малюнку, Цэйзік не атрымаў вучонай ступені і пасля стварэння сям’і  вырашыў заняцца ўласнай гаспадаркай, атрымаўшы ў арэнднае карыстанне маёнтак Старынны ў Слуцкім павеце.

На той момант Дамель жыў у Вільні, і з Цэйзікам яны падтрымлівалі сяброўскае ліставанне, дасылаючы адно аднаму лісты. Фактычна гэтая перапіска, якая, на шчасце, захавалася ў архіве, паказвае, што яны пісалі адно аднаму як пра бытавыя справы, так і пра розныя смешныя гісторыі з наваколля. Цэйзік карыстаўся тым, што сябар жыве ў Вільні, і вельмі часта прасіў даслаць яму розныя матэрыялы, якія было складана знайсці ў Слуцку і каля яго. І вось гэтая прыяцельская перапіска, якая цягнулася тры гады, пазней для Дамеля стала фатальнай. Бо была падставай, каб абвінаваціць яго ў супрацоўніцтве для падробкі асігнацый.

У 1815 годзе пачынаецца гучная судовая справа над Ігнатам Цэйзікам, якога абвінавацілі ў тым, што ён рабіў падробкі гэтых асігнацый. Справа была рэзанансная, і абвінавацілі ў гэтым не толькі Цэйзіка, але ягонага брата Фелікса і яшчэ некалькі чалавек. Сярод іх быў і Дамель.

Трэба адзначыць, што на судовую справу, якая цягнулася пяць год, трэба глядзець у кантэксце эпохі. Толькі што скончылася вайна 1812 года. Яна па сутнасці падзяліла тагачаснае беларускае грамадства. Частка насельніцтва выступала на баку Напалеона, частка — на баку расійскага імператара Аляксандра І. Напалеон, рыхтуючыся да ваеннай кампаніі, разумеў, каб захапіць іншую дзяржаву, трэба падрыхтавацца эканамічна і нанесці эканамічны ўдар. Дзеля гэтага ў Францыі пачалі выпускаць падробкі асігнацый Расійскай імперыі і запускаць на тэрыторыю гэтай краіны. Гэтымі асігнацыямі пазней карыстаўся Ігнат Цэйзік і на іх вучыўся рабіць свае падробкі. І таму справа, якая лічылася эканамічнай, разглядалася як палітычная. Бо гэтымі падробкамі Цэйзік падрываў стабільнасць імперыі, і гэта трэба было спыніць імгненна, каб нічога падобнага не адбылося ў будучыні.

Ян Дамель ускосна быў задзейнічаны ў гэтай справе, бо, як я ўжо казаў, Цэйзік прасіў дасылаць яму паперу высокай якасці, якая патрэбна была для вырабу асігнацый, падробак. І Дамель, фактычна нічога не ведаючы, дасылаў яе Цэйзіку. Усё гэта было занатавана менавіта ў сяброўскім ліставанні, якое стала сведчаннем супраць Дамеля. У 1820-м быў вынесены канчатковы прысуд мастаку. Ён гучаў наступным чынам:

«…Хоть виленской Академіи рисовальный учитель и изящныхъ наукъ професоръ Іванъ Дамель, въ соучастиі къ дьланью фальшивыхъ ассигнацій не в знаніи о томъ непризнался, да и Цейзикъ Его неоговорилъ. Но какъ на него падаетъ весьма сильное подозреніе потому, что жилъ съ Цейзиками въ тесной дружбе и имелъ съ нимъ переписку въ весьма темныхъ и неясныхъ выраженияхъ, получилъ от Цейзика по собственному признанію для размена 1500 рублей якобы французкихъ ассигнацій, и, необъявя об оныхъ никому, возвратилъ ихъ Цейзику; разговаривалъ съ нимъ о проекть дьланія фальшивыхъ ассигнацій; о чемъ такъ же никому въ свое время необъявилъ, давал Цейзику свой пашпортъ на выъздъ Заграницу, съ которымъ Цейзикъ под его Дамеля именемъ и былъ заграницею; Доставлялъ въ разные времена Цейзику веленевую бумагу, изъ которой дьланы были ассигнаціи: то посему оставя Дамеля въ силномъ подозренiи въ знанiи продьланiя Цейзиками ассигнацiи, яко человека въ обществъ опасного, къ предупрежденiю на будущее время могущихъ произойти отъ него вредныхъ последствiи, сослать въ Сибирь на поселенiе».

 З самой пастановы сената мы разумеем, што Дамеля фактычна не было ў чым абвінаваціць. Сам ён не прызнаўся, Цэйзік яго не абгаварыў, доказаў супраць яго не было, але «яко человека въ обществъ опасного, къ предупрежденiю на будущее время могущихъ произойти отъ него вредныхъ последствiи, сослать». Сама гісторыя з судовым працэсам, безумоўна, трагічная, але дзякуючы ёй ўся перапіска Цэйзіка з Дамелем і захавалася, бо была падшыта ў судовую справу. Праз гэта дадзены перыяд жыцця мастака — самы вядомы для нас.

Уваходзіў у дзве масонскія ложы

У 1820-м Дамель паехаў у Сібір. Тут трэба адзначыць, што падчас судовай справы за Дамеля спрабавалі заступіцца яго браты-масоны. Сам Дамель быў членам двух масонскіх лож — віленскай «Руплівы ліцвін» і мінскай «Паўночная паходня». З віленскай ложы пісаліся лісты ў пецярбургскую «Астрэа», каб яе чальцы паўплывалі на той вырак, які будзе вынесены, каб Дамель быў апраўданы, але гэта не дапамагло. А калі ўжо быў агучаны прысуд, у розных масонскіх ложах пачалі збіраць грошы на фінансавую дапамогу мастаку. І, забягаючы наперад, трэба адзначыць, што само членства ў ложах таксама дапамагло Дамелю. Вядомы расійскі масон Міхаіл Сперанскі, які быў генерал-губернатарам Сібіры, паспрыяў таму, каб Дамель як мага хутчэй вярнуўся назад.

Увогуле ў Сібіры ён правёў тры гады, і, нягледзячы на тое, што мы не маем вялікай колькасці звестак, сам гэты перыяд быў даволі плённым для мастака. Ён меў магчымасць падарожнічаць, у дзённіку рабіў не толькі запісы і заўвагі, але яшчэ і замалёўкі. Ён замалёўваў тыпы людзей, якіх сустракаў. Дзякуй Богу, гэтыя малюнкі захаваліся, і я б акрэсліў іх як маляўнічую энцыклапедыю народаў Далёкага Усходу Расіі. Там жа, пражываючы ў Томску і Омску, ён стварае партрэты мясцовых чыноўнікаў — таго ж самага Міхаіла Сперанскага — і робіць алтарныя палотны для каталіцкіх і пратэстанцкіх храмаў Сібіры.

Міхаіл Сперанскі

У 1823-м мастак вяртаецца, але не ў Вільню, а ў Мінск. Чаму сюды, зараз дакладна сказаць немагчыма. Версія можа быць наступнай. Дамеля запрасілі ў Мінск, і найверагодней гэта мог зрабіць Юрый Кабылінскі, які быў сакратаром дваранскага дэпутацкага сходу. Акрамя таго, ён з'яўляўся вядомым мецэнатам і дапамагаў дзеячам культуры. Дакладна вядома, што Дамель жыў у самым цэнтры горада, на Высокім Рынку (сёння плошча Свабоды). Дом вызначыць не атрымалася, хоць некаторыя і лічаць, што ён пражываў па сучасным адрасе плошча Свабоды, 15. Зараз гэта галерэя Міхаіла Савіцкага.

Сяброўства з Кабылінскім дапамагло Дамелю ў бытавой сферы. У мінскі перыяд жыцця ён стварае шмат партрэтаў прадстаўнікоў мясцовай шляхты, якія жылі ў Мінскай губерніі, у самім Мінску і ў ваколіцах. У гэты час ён становіцца адной са знакавых фігур у культурным жыцці. Яго запрашаюць на шматлікія імпрэзы, ён стварае партрэты і акрамя гэтага піша алтарныя палотны для розных храмаў — віленскіх і мінскіх.

Пасля вяртання з высылкі ён да канца свайго жыцця знаходзiўся у Мінску, за выключэннем выезду ў Санкт-Пецярбург у 1836 годзе. Дамель, як я ўжо казаў, праславіўся як партрэтыст, мастак батальных і гістарычных сцэн. Бадай што самае вядомае палатно, сюжэт якога ён паўтараў, — гэта «Адступленне Напалеона праз Вільню ў 1812 годзе». Тэма гэтай вайны была актуальнай для Дамеля, бо ён перажыў яе ў Вільні і пабачыў не толькі баявыя сцэны, а ўвогуле саму трагедыю вайны. Напрыканцы свайго жыцця, па ўспамінах сучаснікаў, ён нават планаваў напісаць палатно «Пераправа Напалеона праз Беразіну», але смерць гэтаму перашкодзіла.

Сёння з помнікаў мастацтва Яна Дамеля на Беларусі захавалася ўсяго два жывапісных палатна, і ўсе яны знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Бадай што самае вядомае і знакавае палатно мастака — гэта «Маленне аб чашы». Яго ён пісаў для касцёла Узвышэння Святога Крыжа, які знаходзіцца на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Фота: artmuseum.by

Дакладная дата яго стварэння невядомая. Найбольш верагодна, што гэта 1830-я гады. Таксама па ўскосных звестках можна падумаць, што замовіць яму палатно мог Юрый Кабылінскі, бо на гэтых жа могілках пахавалі ягоную жонку Юзэфу. І ўваходная брама на могілках, якая захавалася да нашых дзён, была пабудавана ў памяць аб памерлай. Ёсць нават меркаванні, што барэльефы, што ўпрыгожваюць браму, распрацоўваліся Дамелем і ён з’яўляецца іх аўтарам.

Як я ўжо адзначыў, самае знакавае палатно, якое знаходзіцца ў калекцыі мастацкага музея ў Мінску, — гэта «Маленне аб чашы». Яно знаходзілася ў алтары касцёла. Пра гэтае палатно сябар Яна Дамеля Адам Шэмеш піша, што, па сутнасці, яно стала помнікам для Дамеля, бо ён нібыта быў пахаваны ў крыпце таго ж самага Кальварыйскага касцёла, а помнік яму замяніла даволі вялікае па памерах палатно.

Памёр ад хваробы, якой баяўся

Мастак памёр 30 жніўня 1840 года. Пражыў 60 год, і трэба сказаць, што пакінуў пасля сябе вялікую мастацкую спадчыну, якая знаходзіцца ў дзяржаўных і прыватных зборах на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта тое, што вядома на гэты дзень. Верагодна, у будучыя часы высветліцца, што недзе ў дзяржаўных і прыватных зборах знаходзяцца і забытыя палотны мастака.

Цікавы і сам момант смерці Дамеля. Справа ў тым, што яшчэ падчас працы ў Віленскай гімназіі Дамель, калі пісаў ліст Цэйзіку, паведаміў яму: «…я адчуваю сябе ўсё горш і горш і баюся сухотаў: раіўся з доктарам — суцешыў мяне бязмерна і пасля патройнага ўзняцця і апускання броваў сказаў: „Васпане, ад сухотаў ніколі не памрэш, але, пэўна, ад вадзянкі або апаплексіі“».

У метрычнай кнізе Кальварыйскага касцёла ёсць запіс аб смерці Яна Дамеля, і прычынай смерці пазначаны апаплексічны ўдар. То бок тое, чаго Дамель баяўся яшчэ ў 30-гадовым узросце, з ім здарылася ў 60.

Кальварыйскі касцёл

Цікавы і той факт, што некаторыя алтарныя палотны ён пісаў задарма і дарыў храмам, а некаторыя ствараў за кошт ахвяраванняў. У якасці своесаблівай майстэрні Дамель выкарыстоўваў сутарэнні (падвальныя памяшканні) кафедральнага касцёла, які знаходзіцца на плошчы Свабоды. І захаваліся ўспаміны, што для Дамеля вельмі важна было перадаць святло і цень. Каларыстыка палатна з'яўлялася моцным бокам у творчасцi мастака. Каб ствараць жывую перадачу святла і ценi ў сваіх палотнах, яму патрэбныя былі абсалютна цёмныя памяшканні, і дзеля гэтага ён пісаў менавіта ў касцёльных сутарэннях, там, куды сонца не трапляла, дзе ён мог ставіць кампазіцыю так, як яму было трэба адносна пастаноўкі фігур, выкарыстоўваючы толькі штучнае святло — свечы. Там ён напісаў палотны на рэлігійныя тэмы — «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну» і, магчыма, «Маленне аб чашы».

У Кальварыйскім касцёле ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар Яна Дамеля

Цікавы і той момант, што з дакладнасцю нельга сцвярджаць, ці быў пахаваны Дамель у крыпце Кальварыйскага касцёла альбо на могілках. Патрапіць у крыпту, каб праверыць, ці захаваліся там пахаванні, зараз, на жаль, немагчыма, і, калі Дамель памёр, сам касцёл не быў да канца пабудаваны — яго маглі пахаваць толькі ў недабудаваным храме.

Сёння імя Яна Дамеля вяртаецца ў гісторыю Беларусі і Мінска, і спадзяюся, што з цягам часу ён зможа стаць адным з новых сімвалаў Мінска 19-га стагоддзя.


Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка