Галоўны эксцэнтрык беларускай гісторыі, які здзіўляў усіх сваімі выбрыкамі. Расказваем пра самага скандальнага князя Радзівіла

25 438
21 августа 2021 в 11:00
Автор: 

Галоўны эксцэнтрык беларускай гісторыі, які здзіўляў усіх сваімі выбрыкамі. Расказваем пра самага скандальнага князя Радзівіла

Автор: 
Алег Дзярновіч — гісторык-медыявіст, кандыдат гістарычных навук. Даследчык гісторыі і культуры ВКЛ, гісторы Лівоніі.
Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы «Пане Кахану» – адна з самых скандальных і дзіўных асоб у беларускай гісторыі. Гэты магнат летам катаўся на санях па пасыпанай солі ў Нясвіжы, піў і гуляў у карты, аб ім складалі легенды і байкі, трымаў тэатр, а пра яго дзівацтвы нават спяваў Лявон Вольскі. Але ж пры гэтым эксцэнтрычныя паводзіны некаторыя гісторыкі лічаць шырмай, за якой у тым ліку трымаўся палітычны разлік. У чарговым выпуску праекта «Пашпарт грамадзяніна» пра легендарнага Радзівіла ў нашым падкасце апавядае гісторык Алег Дзярновіч.

Слухаць падкаст у «Яндекс.Музыке», iTunes і Deezer.

Ліцвінскі Мюнхгаўзен

Караль Станіслаў Радзівіл нарадзіўся 27 лютага 1734 года ў Нясвіжы. Мянушку «Пане Каханку» ён атрымаў праз сваё ўлюбёнае выслоўе. Жорсткі да падуладных, ён добразычліва ставіўся да шляхты, ужываючы ў дачыненні да кожнага яе прадстаўніка нязменны зварот: «Пане каханку». Інтэрпрэтаваць яго можна, як каханы ці любімы пане. І сапраўды сярод шляхты наш герой быў вельмі папулярны. Паходзіў ён з нясвіжскай лініі рода Радзівілаў, і быў сынам віленскага ваяводы Міхала Казіміра, вядомага пад мянушкай «Рыбанька», і Францішкі Уршулі з Вішнявецкіх. Яна абсалютна легендарная постаць, стала першай у Вялікім Княстве Літоўскім жанчынай-драматургам і стварыла ў Нясвіжы самабытны тэатр. Яе творчасць атрымала новы подых у найноўшыя часы, і колькі год запар у Купалаўскім тэатры ішла трагікамедыя «Выкраданне Еўропы», якая была складзена з трох п’ес Францішкі Уршулі. На бацьках нашага героя я спыніўся, каб акрэсліць той кантэкст, у якім выхоўваўся Караль Станіслаў. Ён адначасова ўладны і таксама творчы, і гэтыя дзве рысы сышліся ў біяграфіі нашага персанажа.

У пазнейшыя часы за «Пане Каханку» замацаваўся эпітэт ліцвінскі Мюнхгаўзен. Легендай з Караля Станіслава зрабіла не ягонае бурлівае палітычнае жыццё, а менавіта тыя неверагодныя байкі і показкі, якія ён распавядаў пра сябе, і экстравагантныя ўчынкі. Пане Каханку любіў апавядаць, як штурмаваў іспанскую Сарагосу. З ягоных слоў, артылерыя фартэцыі вяла ўраганны агонь, аднак князь здолеў на сваім кані Каштанцы прарвацца скрозь град з ядраў, карцечы і заскочыць на вал, але тут ён заўважыў, што сядзіць на адной палове каня, а другую адарвала ядром... Неяк улетку Караль Станіслаў захацеў пакатацца на санях. Дзеля гэтага ўнутраны двор Нясвіжскага замка быў пасыпаны соллю, хаця ў некаторых другіх версіях сустракаюцца згадкі пра цукар. І вось на гэтую соль ці цукар, якія лічыліся ў тыя часы дарагімі таварамі, паставілі запрэжаныя сані-кулігі, на якіх князь і паехаў катацца.

Адной з улюбёных забавак Радзівіла, як прыгадваюць мемуарысты, была наступная. Караль Станіслаў даваў грошы вяскоўцам, каб тыя залазілі на дрэвы і пачыналі кукуваць. Тады князь браў зброю і пачынаў страляць перцам у пятую кропку.

Свой статус першага магната Рэчы Паспалітай Радзівіл імкнуўся падкрэсліць пры любой нагодзе. Мемуарыст Марцін Матушэвіч выезд маршалка трыбунальскага на сесію галоўнага трыбунала ВКЛ апісвае наступным чынам: «У картэжы ішло 200 драгунаў, яго людзей абраных, ішла харугва янычарская 100 чалавек, таксама прыдворных. Апроч 100 чалавек пяхоты венгерскай трыбунальскай  насустрач князю на паўмілі выехала цэлае ваеводства Мінскае».

У дзівацтвах яго часта абвінавачвалі палітычныя ворагі

Можам прызнаць, што вакол вобраза «Пане Каханку» існавала і чорная легенда Радзівіла. Аўтары часам пішуць, што п’янства выклікала ў ім агрэсіўнасць, лютасць ды ігнараванне звычаёвых нормаў. Тагачасныя мемуарысты абвінавачвалі князя ў эксгібіцыянізме. Паводле гісторыка і паэта Юльяна Нямцэвіча, не меў ён іншых пакаёвых распранальнікаў, акрамя чатырох маладых, свежых, румяных і тоўстых дзевак.

А пісьменнік 19 стагоддзя Генрык Жавускі пазней дадаваў, што пасля гулянак ён распранаўся дагала на вачах у людзей і казаў, каб яго палівалі вадой. І хоць чалавек эпохі позняга барока даволі часта ігнараваў публічныя нормы, але немагчыма не звярнуць увагу на тое, што ў шматлікіх дэвіяцыях і грамадскіх парушэннях «Пане Каханку» абвінавачвалі ягоныя палітычныя ворагі ці пазнейшыя аўтары, для якіх гэты прадстаўнік роду Радзівілаў увасабляў увесь заняпад алігархіі, якую трэба было зацугляць. Каб пакінуць у мінулым сармацкі лад шляхты, трэба было развянчаць ягонага героя.

Сарматызм сцвярджаў, што – Рэч Паспалітая падмурак хрысціянства, апора каталіцтва ва Усходняй Еўропе. Ідэал сарматызму – шляхціч-каталік, які ў мірны час займаўся гаспадаркай, а падчас вайны выступаў як ваяр. У сарматызме ўхваляліся патрыярхальныя адносіны на вёсцы паміж панамі і сялянамі і ў шляхецкай сям’і. Фактычна сарматызм вызначаўся кансерватызмам у эканамічных і грамадскіх адносінах, не дапускаў магчымасці змен у шляхецкай залатой вольнасці і ў дзяржаўным ладзе Рэчы Паспалітай. Ад шляхты сарматызм патрабаваў пэўнага ладу жыцця – паказнай набожнасці, ахвярнасці на карысць касцёлу, гасціннасці, правядзення ўрачыстых сямейных свят, нашэнне багатай зброі, вопраткі і аксэсуараў: кунтуша, жупана і паясоў ўсходняга тыпу.

У мастацтве ўсё гэта выяўлялася ў знешняй атрыбутыцы сармацкага партрэта. Усе гэтыя рысы вельмі пасавалі да стыля «Пане Каханку». І тут хачу адаслаць вас да аўтара Юзафа Крашэўскага, які належаў да больш нейтральнага кола ў дачыненні Караля Станіслава. Нібыта на падставе мемуараў ён напісаў твор «Паперы Глінкі», дзе ёсць вельмі цікавы пасаж. У кнізе герой апавядае, што служыў у княжым войску, стаяў з аддзелам у Нясвіжы і круціўся пры двары. «Не так ужо ўлягалі ў службу,  піша ён. – Хіба толькі час ад часу рабілі экзэрцыцыі ў полі, віталі пачэсных гасцей, а больш за ўсё тыднямі, ды што там – месяцамі гулялі ў мар’яж і пазяхалі. Князь пад старасць любіў выкідваць розныя конікі, часам быў занадта вясёлы, а часцяком, наадварот, змрочны, хоць пры чужых людзях стараўся паказаць сябе гасцінным і добрым, але ж кожны з набліжаных бачыў, які ён няшчасны. Таму ягоныя прыдворныя, прыяцелі і мы ўсе, колькі нас было, стараліся неяк развесяліць яго».

У вопратцы не прымаў заходняй моды

І тут дарэчна задацца пытаннем, чаму так кантрасна склаліся характар і лёс «Пане Каханку». На маю думку, вытокі трэба шукаць у ягоных бацькоў. У іх было даволі шмат дзяцей, але да дарослага ўзросту дайшоў толькі Караль Станіслаў. Бацькі ўвесь час трымалі яго пры сабе, і не адпускалі на замежныя вучобы, як гэта было прынята сярод магнатэрыі і сярэдняй шляхты нашага краю.

Ён атрымліваў хатнюю адукацыю, а таксама займаўся ў езуіцкім калегіуме ў Нясвіжы. Падчас дзяцінства і сталення Караль Станіслаў атрымаў не тое, каб абмежаваны светапогляд, але яго адукацыя была адразу звязана з нейкімі абмежаваннямі. Пры тым, што гэта быў вельмі багаты чалавек. Падлічвалася, што ў нясвіжскага ардыната, якім таксама з’яўляўся Караль Станіслаў, ва ўладанні было каля шасці тысяч вёсак і больш за тысячу гарадоў ды мястэчак, якія давалі ў год 40 мільёнаў прыбытку. Іншыя крыніцы ацэньваюць гэтую лічбу ў 200 мільёнаў.

«Пане Каханку» сапраўды трымаўся старых шляхецкіх традыцый і не прызнаваў заходнееўрапейскія ўплывы. У тым ліку ў вопратцы. І вось як гэта апісваў Юльян Нямцэвіч: «Калі ўсе сенатары ўжо былі ў чужаземнай вопратцы, адзін толькі князь Караль Радзівіл, віленскі ваявода, нагадваў пра даўнія вякі. Быў гэта мужчына прыгожы, глядзеў горда зверху. Меў ён на сабе пунцовы аксамітны плашч, зашпілены гузікамі. (...) Насіў таксама сабаліны каўпак, карабелю пры баку з золатам і брыльянтамі, абвіслыя вусы, і задыхаўшыся ён сядаў у крэсла».

Выступаў супраць Расіі і застаўся без маёнткаў

Але, беручы пад увагу ўсе гэтыя каларытныя факты з гісторыі Караля Станіслава, нам прыйдзецц крыху адысці ўбок і падумаць пра тагачасны палітычны кантэкст. Пра тыя палітычныя падзеі, якія адбываліся ў нашым краі і навокал. У мяне склалася выразнае ўражанне, што гэта быў час шызафрэнічнай палітыкі. І нашы палітычныя, а можа маральныя крытэрыі, напэўна, не спрацуюць. Крашэўскі пісаў: «У той час было на што паглядзець і чым падзівіцца, бо тады сілы і моц ішлі на пару з думкай. Тады чыніліся дзеі, якім цяпер проста цяжка даць веры».

Палітыкі Рэчы Паспалітай у 18 стагоддзі былі ўжо не ў стане вырашаць унутраныя супярэчнасці без замежнага ўплыву. Наш герой выступаў супраць партыі Чартарыйскіх, якіх падтрымлівала Расія. Даведаўшыся, што Генеральная канфедэрацыя шляхты ВКЛ хоча заняць Нясвіж, Пане Каханку вырушыў да свайго родавага замка, але быў разбіты пад Слонімам. Далей ён мусіў хавацца за мяжой: у Малдове, Саксоніі, Вугоршчыне... У час знаходжання ў Дрэздане да яго прыйшла звестка пра адабранне ў яго пасады ваяводы і канфіскацыі маёнткаў. У такой сітуацыі ён звярнуўся да Кацярыны ІІ, каб узяла пад сваю пратэкцыю і вярнула маёнткі. Узамен ён абяцаў падтрымаць прапанаваную ёй кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай.

Дзякуючы намаганням расійскага амбасадара Мікалая Рэпніна ў 1767 годзе Караль Станіслаў вярнуўся ў краіну. Ён склаў прысягу на вернасць каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і атрымаў назад усе страчаныя ўладанні. Але ўлетку 1768-га ён выступіў супраць гарантыйнага трактату, паводле якога Рэч Паспалітая ператваралася ў расійскі пратэктарат, і ўзначаліў Барскую канфедэрацыю шляхты, якая была супраць гэтага палітычнага праекта. Калі ж расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, Радзівіл гэтым разам выехаў у Прусію. Да 1777 года ён знаходзіўся на эміграцыі. Усё ж такі гэта была досыць уплывовая і вядомая фігура і каб адцягнуць Радзівіла ад апазіцыі, расійская дыпламатыя зноў прапанавала яму пратэкцыю ды вяртанне маёнткаў. У выніку ён прыехаў на Радзіму і замірыўся з каралём.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Пазней ён зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй, сфармуляваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Аднак алейшыя падзеі ён не ўбачыў, бо памёр 21 лістапада 1790 года.

Фактычна ўсё сваю жыццё ён быццам бы граў у тэатры. У абсурдныя часы Караль Станіслаў не імкнуўся выглядаць нармальным чалавекам, наадварот падкрэсліваючы сваю нязвыкласць. Тым не менш, па меры сваіх высілкаў ён спрабаваў рэалізаваць тыя ці іншыя палітычныя праекты.

Ягонай дэманстратыўнай рысай і часткай палітычнай гульні была прыязнасць да небагатай шляхты. Тым больш уласная натура Радзівіла спрыяла панібрацтву. Мемуарысты апісваюць выпадак, калі князь быў у гуморы. Тады і ўраднікі, і шляхта, і засцянкоўцы былі брат за брата. Князь, спаткаўшы нейкага шляхціча ў абадранай шапцы, садраў яе з яго, паклаў сабе на галаву і даў яму сваю аксамітную. Як па знаку, усе пачалі мяняцца шапкамі і піць. Потым князь, добра п’яны, пачаў распранацца, лаючыся на шляхту ад добрага сэрца і так аднаму аддаў свой пас, другому – кунтуш, а іншаму – жупан. Так ён застаўся ў малінавых шараварах і ў кашулі. І так улез на воз, дзе была бочка, поўная віна. «Пане Каханку» сядзеў на бочцы, а воз шляхта цягнула па вуліцах Наваградка. Такія эксцэнтрычная паводзіны цалкам упісваліся ў стратэгію Караля Станіслава заваявання папулярнасці сярод шляхты, бо яму рэгулярна прыходзілася ўдзельнічаць у выбарах альбо на пасаду суддзі галоўнага трыбунала ВКЛ, альбо на пасла сойма ў ранейшыя часы.

Трымаў тэатр і адбудаваў у Слуцку палац Радзівілаў

Ёсць яшчэ адна рыса ў біяграфіі Караля Станіслава – мецэнацтва. Ён трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы. І менавіта ён запрасіў з Нямеччыны кампазітара Яна Давіда Голанда, які бесперапынна далей працаваў у капэле Радзівіла. І 17 верасня 1784 года ў Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы Голанда «Агатка, або прыезд пана». Прэм’ера і опера былі прымеркаваныя да візіта караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіж. Як прыгадвалі сучаснікі, кароль з задавальненнем паглядзеў спектакль і пазнаў сябе ў вобразе добрага пана, які прыязджае і вырашае ўсе інтрыгі на карысць закаханых. Пасля прэм’еры Панятоўскі, як прыгадваюць мемуарысты, меў ласку прачытаць прысутным невялічкі верш уласнага сачынення на тагачаснай беларускай мове.

Увогуле «Агатка, або прыезд пана» была адной з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў 18 стагоддзі. Яна набыла вядомасць і больш за 40 гадоў ішла на сцэне тэатра. Лібрэта да яе стварыў князь Мацей Радзівіл – дальні кузэн нашага героя, які сам быў музыкантам-аматарам.

Мацей Радзівіл

З будайнічай гісторыі вядома, што «Пане Каханку» збудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе, прадмесці Нясвіжа. Там быў пабудаваны звярынец, у якім утрымліваліся зверы для палявання. Акрамя таго, Караль Станіслаў аднавіў палац Радзівілаў у Слуцку.

Яго маёмасць ахоплівала каласальныя латыфундыі, і вакол яго самога склалася шмат легендаў. «Пане Каханку» выяўляўся як адзін з найбольшых п’яніц і гулякаў з Саскай эпохі, калі ў Рэчы Паспалітай кіравалі каралі Саксонскай дынастыі. З іншага боку, як прыгадваюць сучаснікі, ён быў прыкладам шляхетнасці, самарыцянства і патрыятызму. Неверагода багаты і ўплывовы, ён здабыў сабе сярод шляхты велізарную папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бяседаў і жартаў. Адначасова ён быў вядомы сваімі дзікімі выбрыкамі і раздражнённасцю. Псіхалагічная і культурніцкая постаць Караля Станіслава цалкам упісваецца ў эпоху позняга барока, але адначасова мы павінны памятаць, што гэта быў час крызісу Рэчы Паспалітай, калі тыя палітычныя механізмы, якія існавалі ў дзяржаве, не маглі ўжо адпавядаць выклікам часу, не спраўляліся са сваімі функцыямі. Пры тым, што нарастала знешняя пагроза найперш з боку Расіі, а потым – з боку Аўстрыі і Прусіі.

Магнат, высокі ўрадовец, палітык, які паводзіў сябе вельмі дзіўна, выглядаў не да канца вар’ятам у гэтай вар’яцкай сітуацыі. Мяркую, што Караль Станіслаў час ад часу апранаў на сябе маску гэткага гулякі і спрыяў распаўсюджванню пра сябе дзіўных і дзікіх плётак. Гэта было адным з ягоных палітычных інструментаў, з дапамогай якіх ён хацеў нейтралізаваць рэзкую агрэсіўюную палітыку сваіх праціўнікаў. Наколькі паспяховай была гэтая стратэгія, нам трэба паспрачацца асобна. Але давайце памятаць пра такога дзівака, забіяку, гуляку, цікаўнага да культуры, які, як высвятляецца, не да канца быў такой шалёнай постаццю, як пра яго пішуць.


Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка