Адзін з найвялікшых фотамастакоў сваёй эпохі, Ян Булгак нарадзіўся ў 1876 годзе ў шляхецкім засценку каля старажытнага Асташына, што на Наваградчыне. Асташын — невялiкае, некалi вельмi рамантычнае мястэчка, слыннае найперш унiкальным гатычным кальвiнскiм зборам. Гэты каласальны збор-крэпасць на старым замчышчы ў атачэннi пiрамiдальных стромкiх таполяў вядомы нам выключна дзякуючы здымкам Яна Булгака. Магутны дах у дробнай лусцэ дахоўкi, каржакаватая вежа, якая нагадвае дойлiдства Егiпта, i тонкi мур з пекнай барочнай брамкай... Нязвыклая архiтэктура, асаблiвае месца. Бадай, гэта мястэчка, выспа цывiлiзацыi сярод стромых пагоркаў, абкружаных гушчарамi лясоў, падаравала Булгаку ўменне бачыць нечаканае ў трывiяльным, таямнiчае ў паўсядзённым, цанiць кожны аскепак цывiлiзаванасцi ў забраным краi. Радзiма яго — незвычайнае месца, калi, вядома, у Беларусi недзе былi i звычайныя куткі...
Доўгi час Ян жыў пад Мінскам, арандуючы зямлю ў вёсцы Перасека. Тут ён спасцiг цi не самае для сябе галоўнае: падмурак любой цывiлiзаванасцi — гэта зямля і тыя, хто яе апрацоўвае. Аб’ездзiўшы палову Беларусi, Ян Булгак стаў аўтарытэтам сярод этнографаў, фатографаў, мастакоў — шараговы арандатар, адзiн з сотняў тысяч гэткiх жа шляхцiцаў-земляробаў... Пакуль да 1912-га Булгак жыў пад Мінскам, ён стварыў цэлую галерэю народных тыпаў і краявідаў Цэнтральнай Беларусі. Тыя здымкі, напрыклад «Беларуская дзяўчына з-пад Клецка» або «Жабракі-беларусы пад Мінскам» — класіка нацыянальнай школы фатаграфіі.
Яго фатаграфii, у кожнай з якiх было памкненне неяк зламаць стэрэатып, паглыбiць перспектыву, даць яшчэ, яшчэ i яшчэ болей паветра, акрайца бясконцага космасу, сустракалi гледачоў са старонак розных часопiсаў — Ziemia, Kwartalnik Litewski, Wies ilustrowana ды розных iншых. Сярод iншых i тагачасная «Наша Нiва».
Сяброўства Булгака з беларушчынай пачалося ледзь не з першых крокаў ва ўласную творчасць. Сярод тых, з кiм ён ладзiў свае першыя шпацыры па Вільні, так званыя археалагічныя вандроўкі, былі найперш Іван Луцкевіч i Фердынанд Рушчыц. У кватэры Рушчыца збiралася вiленская інтэлігенцыя. Адзiн са сталых гасцей Рушчыца публiцыст Чэслаў Янкоўскi гэтак апiсваў тыя «салоны»: «Кожны тыдзень, па панядзелках, вечарамi збiралася ў Рушчыцах мастацка-лiтаратурная кампанiя. Нiякiх „захожых“ гасцей не бывала, зразумела, падчас „сімпозіумаў“. Нiколi нiхто не гаварыў па-руску. Падсiлкаваўшыся, падпiўшы, пачыналi — хтосьцi ўжо дэкламуе, хтосьцi грае, хтосьцi спявае, калi не, то перашкаджаюць, падымаючы сур’ёзныя тэмы пра лёс краю...»
...Падчас адной з тых вечарын у Зарэччы Ян Булгак атрымаў замову ад гарадскога галавы Вiльнi спадара Мiхала Венслаўскага стварыць поўны «гарадскi фотаархiў». Рушчыц на ранiцу не толькi нагадаў Венслаўскаму аб прапазіцыi, але і здолеў упэўнiць урад Вiльнi ў неабходнасцi салiдна фундаваць унiкальны праект. Булгак, якi дзякуючы гэтаму збегу абставiн здолеў перабрацца ў Вiльню з-пад Мінска, напiсаў пра гэта: «...Гарадская ўправа, нягледзячы на расійскiя строi, была наогул чыста тутэйшаю... Той самы задуманы ёю „Городской фотографический архив“ быў складзены ўручную. Я мусiў з кансультацыямi Рушчыца iнвентарызаваць усе помнiкi вiленскай архiтэктуры пры дапамозе шэрагаў здымкаў агульных i фрагментарных i ствараць з iх альбомы... Як пазней сцвярджаў першы мастак-жывапiсец, якi не iгнараваў фатаграфii, не адмаўляў ёй у праве існаваць у мастацтве, я мусiў арыгiнальна распавесцi пра дэталi мінулага выбiтнага развiцця Вiльнi...»
Перад Булгакам паўстала задача куды шырэйшая, чым «iнвентарызацыя». «...Хараство Вiльнi склалася з таго, што дае прырода і стварыў чалавек», — гэтыя словы мастака Фердынанда Рушчыца сталi дэвiзам унiкальнага праекта.
З 1912 да 1919 года Булгак выканаў некалькi тысяч здымкаў сакральнай архiтэктуры, палацаў, могiлак, вулiц i завулкаў Вiльнi. Яго натхнёную працу не перапынiла нi нямецкая, нi бальшавiцкая акупацыя... Чароўны вобраз Вiльнi па-над часам i абставінамі, якi Булгак утрывалiў навечна, паўстае перад намi бясконцай чарадой сюжэтаў i настрояў, святла і ценю. Для сваiх мастацкiх выпраў ён наўмысна абiраў сонечныя днi, гадзiны першых звонкiх прамянёў і мядовага святла папаўднi. Пазней у кнiзе «Эстэтыка святла» ў 1936 годзе Булгак пiсаў:
«Архiтэктура без сонца — мёртвая i пляскатая... У той жа час як па-iншаму выглядае кожны гмах у сонечным бляску, калi бакавое святло выяўляе пластыку брылёў сцен i дахаў, падкрэслiвае сакавiтасць арнаментыкi, паглыбленняў вокнаў i парталаў, рытм аркад, узносiць стральчатасць вежак, хвалiстую акругласць купалаў i шаломаў! У сонцы белыя муры яснеюць нерухомай беллю, выпраменьваюць з сябе святло і радасць. А ўжо нашыя будынкi — белы касцёл, белы палац, белы дом можна палюбiць толькi ў сонцы, спасцiгнуць i раскрыць вымоўна... Архiтэктура ёсць твор чалавека, а чалавек — дзiцё зямлi i неба. Чалавек не здолеў жыць без сонца — як бы без сонца магла абысцiся архiтэктура?»
Сапраўды, нягледзячы нi на што, уся нiзка вiленскiх і беларускіх здымкаў Булгака поўная сонечнага святла, як успамiн пра дзяцiнства...
З 1919 па 1939 год Ян Булгак кіраваў лабараторыяй мастацкай фатаграфii пры Вiленскiм унiверсітэце. Гэта быў першы падобны асяродак у Еўропе! Пры жыцці выйшла некалькі яго кнiг: «Мая зямля», ужо згаданая «Эстэтыка святла» і «Дваццаць шэсць гадоў з Рушчыцам».
Ян Булгак так вызначаў сваё творчае крэда: «Фатограф, падобна ўсякаму мастаку, задаецца мэтай узнавiць не самi рэчы бачнага свету, а сваё асабiстае ўражанне, сваё ўспрыманне iх». Але падуладным яму было не толькі мастацтва святлапісу. Цікавыя і яго паэтычна напісаныя матэрыялы пра вандроўкі: «Лес стаіць і гамоніць па-даўняму, адвечны, шумны, бяздонны, як мора, а кожнае ягонае дрэва ёсць цудоўная праява жыцця, якога не выказаць словам, якое толькі сэрцам і ўяўленнем можна пачуць... А калі ўжо прыгадалі аб водах, дык колькі ж маглі б мы распавесці пра нашую свянцянска-браслаўскую поўнач, пра край тысячы азёраў, пра тую невымоўна пекную зялёна-блакітную мазаіку ўзгорыстага краю, дзе пануюць такія магутныя воды, як Нарач, Дрысвяты, Свір, Дрывяты, Мядзел, у атачэнні незлічонага меншага азёрнага люду».
Пра Нарач Ян Булгак выдаў у 1935 годзе і асобную кніжку з мноствам фатаграфій. Мела яна назву Naracz — najwiekscie jezioro w Polsce («Нарач — найвялікшае возера ў Польшчы»). Як напісана ў прадмове, кніга з’явілася вынікам назіранняў у час вандроўкі «па благой дарозе, якая не столькі злучае, колькі раздзяляе Вільню з Нараччу».
Менавiта Булгак — пачынальнік нашай гiсторыі фатаграфii! Яму належыць спецыяльная праца «Пра першых вiленскiх фатографаў з XIX стагоддзя», што выйшла асобнай кнiгай у Вiльнi (1939 год).
У 1944 годзе яго каласальны архiў i фотатэка былi панiшчаны полымем савецкай бамбардзіроўкi.
«...10 ліпеня згарэў дом нумар 3 па вуліцы Ажэшкі, дзе мы пражылі адзінаццаць гадоў, — паведамляе Ян Булгак на старонках машынапісу „Мая біяграфія“. — Згарэла шасціпакаёвая кватэра, а ў ім мая фатаграфічная майстэрня, архіў, г. зн. негатывы і альбомы з дзесяццю тысячамі здымкаў з серыі „Польшча ў фатаграфічных выявах“, вялікая бібліятэка, калекцыя лістоў і газетных выразак, рукапісы літаратурных твораў — згарэла дашчэнту ўсё, над чым я працаваў і што я збіраў на працягу сарака гадоў, загінуў, абярнуўся ў попел увесь мой фатаграфічны і літаратурны набытак».
Але багата чаго ацалела. У архівах і прыватных зборах і да сёння ўсё яшчэ знаходзяць здымкі Булгака.
Па вайне Булгак ізноў вяртаецца да віленскіх краявідаў і да кола старых сяброў. Фердынанд Рушчыц, які ўзначаліў мастацкі факультэт Віленскага ўніверсітэта, прапануе яму стаць на чале лабараторыі мастацкай фатаграфіі. Булгак робіць вялікія нізкі здымкаў, прысвечаных Наваградчыне, Белавежскай пушчы і Рушчыцаваму Багданаву. У 1928 годзе ён стварыў і ўзначаліў Віленскі фотаклуб. У гэты ж час Булгак піша свае галоўныя працы па тэорыі і тэхніцы фатаграфіі: «Фатаграфіка», «Фатаграфічныя вандроўкі», «Бромавая тэхніка» і самы выдатны твор айчыннай фотамастацкай думкі — «Эстэтыка святла».
Пасля гэтага Ян Булгак пакідае радзіму і едзе ў Варшаву, дзе да 1947 года кіруе Саюзам польскіх фатографаў. Нядаўна ўпершыню па-беларуску ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга ўспамінаў Яна Булгака «Край дзіцячых гадоў», што адкрывае невядомую дагэтуль асобу знакамітага фатографа як майстра мастацкага вобраза і слова. Ян Булгак аднаўляе на старонках успамінаў Наваградчыну канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, стварае жывы вобраз сваёй страчанай радзімы, апісваючы старыя шляхецкія сядзібы і іх жыхароў. Наваградчына — частка еўрапейскага свету. Тут склалася свая традыцыя ўзаемаадносін паміж людзьмі, калі «ўсе парадніліся паміж сабой альбо, як найменш, зблізіліся праз сяброўскія суседскія адносіны».
Гэта месца, дзе натуральна быць шчаслівым у гармоніі з навакольным светам і нават сёння «адчуванне яго жывога існавання» робіць шляхецкі двор непадуладным агульнаму знішчэнню. Маштабы асобы Яна Булгака з цяжкасцю змяшчаюцца ў межы нашых уяўленняў пра тую пару, пра тое фота, пра тое мастацтва. Ён — заснавальнiк i старшыня Фотаклуба Польшчы, Вiленскага фотаклуба, Саюза польскiх мастакоў-фатографаў, Польскага фатаграфiчнага таварыства. Ён — аўтар дзясяткаў артыкулаў i шматлiкiх кнiг. Ён — педагог, бiблiёграф, фалькларыст, гiсторык мастацтваў.
Як пiсаў наш выдатны айчынны мастацтвазнаўца, этнограф і фотамастак Мiхась Раманюк, Ян Булгак знаёміць «з жыццём i творчасцю фатографаў, якiя, акрамя партрэтаў, зробленых у павiльёне, занялiся мастацкай фатаграфiяй краявiдаў, культавай архiтэктуры. На падставе багатай iнфармацыi ад старых вiленчукоў i саміх майстроў, што дажывалi свой век, яму (Яну Булгаку. — Заўв. Onliner) удалося ўзнавiць праўдзiвыя, маляўнiчыя старонкi мастацтва фатаграфii ў найважнейшым асяродку беларускай культуры мiнулага стагоддзя, апiсаць тэхналогiю i прыёмы работы фатографаў — першапраходцаў, падзвiжнiкаў».
На чарзе — выданне па-беларуску і іншых рукапісаў Яна Булгака. А таксама пераклад яго кніг. А перадусім — варта зноў і зноў глядзець ягоныя творы, фотаздымкі, што зрабілі несмяротным наш край, імгненні вечнасці ў срэбраным святле, нібы ў бурштыне, захавалі нам драбніцы нашага колішняга свету.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by