Сябра Пятра Сталыпіна, абаронца правоў каталікоў і будаўнік Чырвонага касцёла. Хто такі Эдвард Вайніловіч?

17 884
27 июня 2021 в 8:00
Автор: Татьяна Ошуркевич

Сябра Пятра Сталыпіна, абаронца правоў каталікоў і будаўнік Чырвонага касцёла. Хто такі Эдвард Вайніловіч?

Автор: Татьяна Ошуркевич
Цімафей Акудовіч — экскурсавод і краязнаўца, кіраўнік праекта «Набліжэнне».
Сёння мы пагаворым пра Эдварда Вайніловіча, будаўніка Чырвонага касцёла. Калі сказаць, што героем нашай размовы будзе кіраўнік Сельскагаспадарчага таварыства часоў Расійскай Імперыі, гэта, магчыма, прагучыць не вельмі цікава, але ж рэч у тым, што ён стаў і своеасаблівым ахоўнікам нашага горада. Разам з гісторыкам Цімафеем Акудовічам мы распавядаем цікавую гісторыю адной з галоўных постацей беларускай сталіцы. 

Слухаць падкаст у «Яндэкс.Музыка»iTunes і Deezer.

Калі сказаць, што героем сённяшняй размовы будзе кіраўнік Сельскагаспадарчага таварыства часоў Расійскай Імперыі, гэта, магчыма, прагучыць не вельмі цікава. Калі ж дадаць, што гэты кіраўнік Сельскагаспадарчага таварыства можа хутка быць беатыфікаваны каталіцкім касцёлам і стаць святым ахоўнікам нашага горада, становіцца зусім незразумела.

Мы пагаворым пра Эдварда Вайніловіча, будаўніка Чырвонага касцёла. Ён нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 года ў маёнтку Вялікая Слепня (палац гэты захаваўся і цяпер на вуліцы Філімонава ў Мінску). Слепня належала роду Ваньковічаў, з якога паходзіла маці Эдварда Ганна. Самі ж Вайніловічы сядзелі на Случчыне і былі старадаўнім шляхецкім родам свайго рэгіёна. У мемуарах Эдвард хваліўся, што, жывучы побач з Нясвіжам і Слуцкам, ягоныя продкі ніколі не служылі Радзівілам. І гэта напраўду дасягненне, хоць яго зараз мала хто зразумее. Вайніловіч скончыў легендарную Слуцкую гімназію і пачаў мэтанакіравана атрымліваць адукацыю ў сферы сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Спачатку быў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, пасля — Сельскагаспадарчая акадэмія ў Польшчы, стажыроўкі на заводах у Бельгіі, Германіі, Пецярбургу.

У 1872 годзе Вайніловіч вяртаецца дадому і пасля смерці бацькі прымае ўсе ягоныя справы. А спраў тых было безліч. Апроч непасрэднай гаспадаркі, якая пры Эдвардзе працягвала расці і ўмацоўвацца, Вайніловічы актыўна займаліся грамадскай дзейнасцю: удзельнічалі ў вырашэнні судовых спраў, узначальвалі шматлікія рэгіянальныя пасяджэнні, засядалі ў апякунскіх камісіях самых розных устаноў. Ва ўспамінах Эдвард жаліўся, што за 30 гадоў сваёй дзейнасці змог выехаць за мяжу толькі два разы з-за вялікай загружанасці. І менавіта грамадская дзейнасць Вайніловіча дазваляе нам расказваць пра гэтага чалавека ў сённяшняй гутарцы.

Пасля паўстання 1863 года грамадскае жыццё ў краі знаходзілася ў поўным заняпадзе. Каталіцкія школы і ўстановы былі закрыты, праваслаўныя — малаактыўныя. Кантакту паміж тутэйшымі элітамі і прыезджымі чыноўнікамі не было. І гэтая сітуацыя змянілася крыху дзіўным чынам. Міністр унутраных спраў Леў Макаў, які меў у Мар’інай Горцы сваю сядзібу (яна таксама захавалася), вырашыў даць адпор уплывам мясцовых «польскіх паноў» і заснаваў Мінскае сельскагаспадарчае таварыства, у якое маглі ўваходзіць толькі «асобы расійскага паходжання». Але высветлілася, што мала хто з «асоб расійскага паходжання», што жылі на той момант у Беларусі, разбіраўся ў сельскай гаспадарцы. Дзейнасць таварыства аказалася чыста фармальнай і паступова згасала.

Праз два гады ўсё ж было прынята рашэнне дапусціць у таварыства мясцовых землеўласнікаў. І адным з першых запрасілі паспяховага і паважанага гаспадара Эдварда Вайніловіча. Калі для расійскіх чыноўнікаў таварыства было толькі забавай, то для тутэйшых землеўласнікаў яно сталася легальнай пляцоўкай гуртавання і развіцця сельскай гаспадаркі. Таварыства пачало актыўна расці. Яно арганізоўвала сельскагаспадарчыя выставы, папулярызавала новыя тэхнікі працы на зямлі, адкрыла Таварыства ўзаемнага страхавання ад агню, заснавала ў Клецку банк, дзе дробныя землеўласнікі маглі браць крэдыты для свайго бізнесу, арганізавала даследча-эксперыментальную базу ў Туганавічах для эксперыментаў з новымі сартамі раслін.

Але такая канцэнтрацыя гаспадароў-бізнесоўцаў не магла заставацца толькі ў сельскагаспадарчым рэчышчы. Таварыства выбірала сваіх прадстаўнікоў на Першы Усерасійскі з’езд, які так і не адбыўся з-за гібелі Аляксандра ІІ, абараняла інтарэсы каталікоў у краі, наладжвалі кантакты з расійскай адміністрацыяй.

Драйверам усіх гэтых працэсаў быў Эдвард Вайніловіч. Уплыў таварыства па выніку стаў такім вялікім, што Міншчыну паўжартам называлі «Мінскай дзяржавай». У пачатку ХХ ст. у таварыства ўваходзіла каля 700 землеўласнікаў, як буйных (Скірмунты, Друцк-Любецкія, Чарскія, Вайніловічы), так і дробных. Шмат якія пазітыўныя змены, што адбыліся ў Мінску ў гэты час, прасоўваліся праз таварыства, актыўным удзельнікам якога быў граф Караль Чапскі, мінскі кіраўнік.

На хвалі папулярнасці Вайніловіча тры разы выбіралі ў расійскую Дзярждуму. Мінскі шляхціч пасябраваў з міністрам Пятром Сталыпіным, і яны шмат раіліся пра зямельную рэформу ў Імперыі. Сталыпін нават прапаноўваў яму пасаду намесніка міністра земляробства, але Вайніловіч адмовіўся. Шмат было спраў на радзіме.

Апроч эканамічнай і палітычнай, была ў Мінскага таварыства яшчэ і цікавая ідэалагічная функцыя. Амаль што ўсе землеўласнікі, якія ўваходзілі ў таварыства, гаварылі па-польску, называлі сябе палякамі і ўжо амаль што не выкарыстоўвалі тэрмін «ліцвін», прызнаўшы знікненне Вялікага княства Літоўскага. У 1907 годзе на базе таварыства было нават створана польскае таварыства «Асвета», якое мусіла супрацьстаяць русіфікацыі і, адпаведна, арганізоўваць польскамоўнае навучанне. І ў выніку якраз Сельскагаспадарчае таварыства сталася той пляцоўкай, дзе ў тутэйшых землеўласнікаў з’явіліся сумневы, што польскамоўны паляк у Беларусі — гэта правільна. Менавіта тут адбыліся першыя дыскусіі пра тое, як суадносіць тутэйшую беларускую культуру простага народа з тутэйшай польскай культурай шляхты. Гэта былі не пустыя размовы ў клубах, а складаная пакутлівая работа са спробамі зразумець, як жыць у існуючай культурнай сітуацыі. І вынік гэтай работы быў.

Шмат хто з кіраўнікоў таварыства падтрымаў нараджэнне беларускай нацыі. Геранім Друцк-Любецкі шмат выступаў у абарону беларускага народа, апраўдваючыся перад польскімі землеўласнікамі, што «ён не вінаваты, што над яго калыскай пяялі не беларускія, а польскія песні». Раман Скірмунт агулам увайшоў у Раду БНР.

Сам жа Вайніловіч ва ўспамінах пісаў: «для дакладнасці магу заўважыць, што род мой мясцовы, беларускі». Да пачатку ХХ ст. жыццё Вайніловіча складвалася неверагодна паспяхова: добры бізнес, грамадская дзейнасць, прызнанне, выдатная сям’я. Але пасля пачатку стагоддзя Вайніловіча чакалі два страшныя выпрабаванні. І першае было звязана якраз з сям’ёй.

У 1897 годзе памёр ягоны дванаццацігадовы сын Сымон, а ў 1903-м  дзевятнаццацігадовая дачка Алена. Для сям’і гэта быў страшны ўдар, які мог бы падкасіць любога, нават самага дужага чалавека, але Вайніловіч працягнуў сваю дзейнасць. Калі ў 1905 годзе Мікалай ІІ абвясціў свой маніфест аб свабодах, то Вайніловіч з жонкай вырашылі пабудаваць у Мінску новы касцёл: выкупілі на ўскрайку горада зямлю і пачалі будаўніцтва, якое завяршылася ў 1910 годзе.

Цяпер касцёл св. Сымона і Алены — адна з візітовак Мінска. І, напэўна, адзін з найвялікшых цудаў нашага горада, бо, прастаяўшы 70 гадоў побач з галоўным савецкім будынкам Дома ўрада, так і не быў разбураны.

Ва ўспамінах засталася згадка пра тое, чаму Вайніловіч выбраў менавіта такі стыль храма: «Мне не хацелася спыняцца на гатычным стылі таму, што ён, па-першае, стаў занадта распаўсюджаным дзякуючы запланаванай пабудове каталіцкіх храмаў у Расіі, а па-другое, занадта адрозніваўся ад храмаў усходніх абрадаў, якія існуюць у нашым краі. Гэты стыль акцэнтаваў бы ўвагу на адрозненні веравызнання розных сацыяльных класаў, паколькі большая частка сялян была праваслаўнай, а землеўладальнікі — каталікі. Таму я спыніўся на раманскім стылі, які квітнее ў эпоху згоды паміж усходняй царквой і Рымам». У нашыя б часы такая ўвага да стылю і камфорту!

Другі ўдар прыйшоў у 1917 годзе. Спачатку нейкія дэзерціры спалілі маёнтак Вайніловічаў Савічы, дзе жыло шмат пакаленняў гэтага роду. Згарэў і архіў. Пасля выгнанне, пасля страшны Рыжскі мір. Тутэйшыя каталікі, маючы культурную сувязь з палякамі ў Польшчы, лічылі, што іх яднае і агульнае ўяўленне пра ідэалы старой Рэчы Паспалітай, яе межы, але высветлілася, што карэнныя бачаць у Беларусі толькі ўскраіны, малаварты рэгіён і без шкадавання аддалі бальшавікам Усходнюю Беларусь, пакінуўшы ў СССР тысячы і тысячы сваіх каталікоў.

Вайніловічы перасяліліся ў горад Быдгашч у Польшчы, арганізавалі там прытулак для дзяцей эмігрантаў з Беларусі, бясплатную сталовую і шмат чаго яшчэ. Згубіўшы ўсё, яны працягвалі дапамагаць людзям.

У палітыку Вайніловіч не пайшоў, хаця яго і клікалі. Ён памёр у чэрвені 1926 года і быў пахаваны ў чужым Быдгашчы.

У 2006 годзе парэшткі мінскага шляхціча намаганнямі пробашча Уладзіслава Завальнюка перазахавалі ў Чырвоным касцёле. Больш за тое, у 2016 годзе пачаўся працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. Асноўны ўпор у аргументацыі робіцца на тым, што жыццё Вайніловіча было падобным да жыцця біблейскага Іова, у якога Бог забраў усё, каб праверыць ягоную веру. У Вайніловіча таксама былі забраны і дзеці, і радзіма, але ён застаўся веруючым, годным чалавекам, які да канца дапамагаў іншым.

І Чырвоны касцёл у цэнтры Мінска — добрая пра тое згадка.

Ратуемся ад спёкі. Вентылятары ў Каталозе з дастаўкай на дом

напольный, мощность 40 Вт, 3 скорости, управление механическое, таймер, лопасти 40 см, питание: сеть
Onlíner рекомендует
напольный, мощность 15 Вт, DC двигатель, плавная, управление электронное, таймер, питание: сеть
Onlíner рекомендует
напольный, мощность 110 Вт, 3 скорости, управление электронное, таймер, пульт ДУ, лопасти 40.8 см, питание: сеть

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by