«Раздражняла актыўнасцю ўсіх мужчын». Распавядаем пра Бону Сфорцу, якая здолела стаць феміністкай у XVI стагоддзі

14 338
06 июня 2021 в 5:56
Автор: Татьяна Ошуркевич

«Раздражняла актыўнасцю ўсіх мужчын». Распавядаем пра Бону Сфорцу, якая здолела стаць феміністкай у XVI стагоддзі

Автор: Татьяна Ошуркевич
Алег Дзярновіч —  гісторык-медыявіст, кандыдат гістарычных навук. Даследчык гісторыі і культуры ВКЛ, гісторыi Лівоніі. Як археолаг даследуе Крэва і Крэўскі замак.
Сёння мы разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам скіроўваемся ў падарожжа па рэнесанснай Еўропе па ўсёй яе шырыні — з Італіі да Кракава, з Вільні да Кобрына, а таксама ў Парыж. І ў гэты раз гаворка ў нас пойдзе пра нестандартны лёс каралевы Боны Сфорцы, сапраўднай чужаземкі-рэфарматаркі і надзвычай уладнай асобы. Менавіта ў яе атрымалася стаць феміністкай ажно ў XVI cтагоддзі і даказаць, наколькі ўплывовай можа быць роля жанчыны ва ўладзе. А падрабязней пра Бону Сфорцу гісторык распавядае ў нашым новым падкасце з серыі «Пашпарт грамадзяніна».

Слухаць падкаст у «Яндекс.Музыке», iTunes і Deezer.

Чужаземка і рэфарматарка

Дачка міланскага герцага Джавані Галеацы Сфорца Бона, якая ў 1518 г. стала жонкай караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта, увайшла ў гісторыю як неардынарная, уладная і неадназначная асоба.

Ужо пры ўездзе ў сваю новую айчыну Бону суправаджала світа з больш чым 300 італьянцаў. І менавіта жыццёвы стыль Боны на кракаўскім ды віленскім дварах спрычыніўся да пашырэння шмат якіх культурных і тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Адраджэння, у тым ліку і ў кулінарным меню — спачатку толькі найвышэйшых арыстакратычных колаў Польшчы і ВКЛ. Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічылася так званая «валошчына» — пашырэнне ўжывання гародніны: памідораў, спаржавай фасолі, артышока, квяцістай капусты, брокалі, шпінату, а таксама разнастайных спецый і прыпраў. Бона спрыяла пашырэнню моды піць віно, якое паступова стала выцясняць пітныя мёды. Таксама дзякуючы каралеве ў Польшчы і Вялікім Княстве ў карыстанні з’явіўся відэлец — раней елі рукамі і карысталіся нажом. Усё разам гэта было цывілізацыйнымi зменамi ў побытавай культуры, санкцыянаванымi кіроўнай дынастыяй.

Але сярод палітыкаў і ўвогуле шляхты найбольш абмяркоўвалася імкненне Боны ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі. Каралева атрымала ад Жыгімонта зямельныя наданні ды ініцыявала перагляд права трымання іншымі феадаламі гаспадарскіх (вялікакняскіх) зямель у Вялікім Княстве. У выніку Бона здолела сканцэнтраваць у сваіх руках — найперш у Беларусі — такія воласці, як Кобрынскую, Пінскую, Клецкую, Рагачоўскую, Шарашоўскую Берасцейскага павета, Аболецкую Аршанскага павета, Азярышчанскую Віцебскага павета і іншыя. Бона таксама выкупіла Гарадзенскае староства ды вярнула ў судовым парадку ў склад вялікакняскіх уладанняў многіх зямель, якія рознымі шляхамі прыдбала магнатэрыя Вялікага Княства. Чаму актыўнасць Боны ў Вялікім Княстве Літоўскім і найперш на тэрыторыі Беларусі была такой вялікай? Бо менавіта тут заставаўся такі вялікі гаспадарскі (вялікакняскі) дамен, за аднаўленне і рэфармаванне якога ўзялася каралева. І гэта было менавіта рэфармаванне, бо ў вялікакняскіх маёнтках уводзіліся прынцыпы інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі (меліярацыя, палепшаны севазварот), узмоцненага, але ўнармаванага падаткаабкладання. Як паказала практыка, рэформы Боны сталі прэлюдыяй да маштабнай Валочнай памеры 1557 г., праведзенай у дзяржаўных маёнтках ужо яе сынам Жыгімонтам Аўгустам і да канца XVI ст. прынятай большасцю землеўладальнікаў.

Актыўны палітык і звышадказная маці

Але ж такая актыўнасць жанчыны, няхай і жонкі ўладара, ішла насуперак уладнай традыцыі — польскай і больш кансерватыўнай ліцвінскай. Раней каралевы і вялікія княгіні не выказвалі шырокіх палітычных амбіцый, задавальняючыся галоўным чынам дзейнасцю культурна-рэлігійнай, што забяспечвала ім папулярнасць і ўдзячнасць падданых. Бона ж, наадварот, раздражняла сваёй актыўнасцю многіх: магнатаў прагабсбургскай партыі, бо была антаганістам Габсбургскага ўплыву; усю шляхту праектамі гаспадарчых рэформ ды імкненнем да ўзмацнення трону; усіх разам — зноў-такі дынамічнай гаспадарчай дзейнасцю і павелічэннем гаспадарскага дамену, які ўспрымаўся як база моцнай улады. Падобная праграма абуджала падазронасць шляхты і абурэнне магнатаў. У Вялікім Княстве галоўным антаганістам Боны быў лідэр «сепаратыстаў» Альбрыхт Гаштольд, канцлер і віленскі ваявода ад 1522 г.

Бона распачала супраць яго нямала судовых працэсаў, імкнучыся вярнуць ад яго маёнткі. Усе гэтыя зямельныя спрэчкі давалі падставы Гаштольду абвінавачваць каралеву ў парушэнні правоў і прывілеяў Вялікага Княства. З іншага боку, менавіта Бона настаяла, каб кароль Жыгімонт даў указанне перакласці Першы статут ВКЛ 1529 г. са старабеларускай мовы на лацінскую, што адразу зрабіла гэты прававы помнік агульнаеўрапейскім дасягненнем. На нервы дзейнічала таксама тое, што Бона ўплывала на свайго мужа-караля, а той, падобна, прыслухоўваўся да яе. Такім чынам, сярод найважнейшых прычын непрыязнасці да Боны можна вылучыць тры: чужаземка; кабета, якая ўмешваецца ў палітыку; прыхільніца ўзмацнення ўлады манарха.

Даследчыкі ўжо падкрэслівалі важную ролю ксенафобіі як важнай прычыны грамадскай непрыхільнасці да Боны. Сваякі каралевы, якія прыязджалі да яе, атрымлівалі даходныя бенефіцыі, што абуджала зайздрасць. Шляхта наўпрост абвінавачвала Бону, што маёнткі, якія тая выкупляла, абсаджваліся «гультаямі і чужаземцамі». Апроч таго, шляхта непакоілася з-за прывіду італьянскага абсалютызму, вядомага паводле твораў Макіявелі. У вачах шляхты Бона была Макіявелі ў сукенцы.

Але рацыя палітычнай праграмы Боны заключалася ў тым, што яна здолела ўбачыць вялікую супярэчнасць унутранага стану Вялікага Княства, звязаную з памяншэннем вялікакняскага дамену. Найперш гэта было выклікана стратамі тэрыторый на ўсходзе дзяржавы з-за войнаў з Масквой. Апроч таго, уладары маёнткаў не надта клапаціліся, каб захоўваць межы дзяржаўных уладанняў: суседнія феадалы паступова расцягвалі гэтыя землі. Падобныя з’явы падрывалі фінансавыя магчымасці цэнтральнай улады, а паралельна ж развіваліся працэсы эмансіпацыі шляхты.

Рэформу, якую распачала Бона, сапраўды можна назваць вялікай. Перамер зямлі адбываўся не толькі на вёсцы, але і ў гарадах, якія яшчэ не валодалі магдэбургскім правам. Фактычна гэтыя гарады таксама атрымалі самакіраванне, бо ў сваіх павіннасцях былі аддзеленыя ад воласці і набылі адміністрацыйную самастойнасць. У некаторых маёнтках даходы вялікакняскага скарбу выраслі ў 2—4 разы. Хоць сяляне i мусілі плаціць болей, павіннасці выраслі ад 30 да 50%. Затое з вёскі Вялікага Княства знікла нявольніцтва, якое яшчэ існавала да той пары. Але залежнасць усіх сялян ад землеўласніка ўзмацнілася. Бона, якая, безумоўна, валодала эканамічным талентам і не прывыкла губляць час на неактуальныя палітычныя крокі, таксама ініцыявала перагляд маёмасных правоў шляхты, што так раззлавала многіх.

Але ці не найбольшым ударам па аўтарытэту Боны, як і ўвогуле каралеўскай улады, стаў тайны шлюб у 1547 г. яе сына-каралевіча і ўжо абвешчанага вялікім князем літоўскім Жыгімонта Аўгуста на Барбары Радзівілянцы, аўдавелай пасля смерці ўплывовага магната Станіслава Гаштольда. Шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары быў няроўны, і многія меркавалі, што ён зневажае каралеўскую годнасць. Да таго ж, абставіны заключэння шлюбу былі скандальнымі. Жыгімонт Аўгуст сустракаўся са сваёй каханай патаемна, чым і скарысталіся Радзівілы — браты Барбары. Пад ціскам Мікалая Чорнага і Мікалая Рудога Радзівілаў Жыгімонт Аўгуст патаемна абвянчаўся з Барбарай, не паведамiўшы сваім бацькам, якія ўжо падшуквалі яму новую каралеўскую партыю для шлюбу. Такім чынам, Жыгімонт Аўгуст ажаніўся на ўдаве, якая паходзіла з магнацкага, але не з манархічнага роду. Гэты шлюб, апроч іншага, вёў да ўзмацнення ўлады Радзівілаў у Вялікім Княстве — фактычна да ўсталявання імі кантролю над дзяржавай. Падобнае прыводзіла нядобразычліўцаў Радзівілаў у шаленства, і яны звярталiся да Боны.

Каралева-маці прыклала немалыя намаганні, каб не дапусціць каранацыі Барбары. Але Жыгімонт Аўгуст дамогся ўрачыстага ўзвядзення на трон жонкі ў 1550 г. Бона прайграла ад канфлікту з сынам у той сферы, дзе ён не шкадаваў энергіі. За самім жа Жыгімонтам Аўгустам замацавалася мянушка «кароль-заўтра» — з-за таго, што ён любіў адкладаць усе справы на потым. Каралева-маці праз уласнага сына сутыкнулася сама з сабой. Яе гегемонія ў Вялікім Княстве рухнула. Усё гэта прывяло да ад’езду Боны на радзіму.

Жахлівая свякруха і «чорная каралева»

Вяртанне каралевы пад канец жыцця ў Італію дадало да яе негатыўнага вобразу дакоры аб вывезеных з краю багаццях і каштоўнасцях. А так званая «афера з неапалітанскімі сумамі», якая расцягнулася на дзесяцігоддзі, толькі ўмацавала падазрэнні пра цьмянасць спраў у маёмаснай сферы.

Мы можам таксама смела паставіць пытанне: чаму Бона, яе ўчынкі — сапраўдныя ці міфалагізаваныя — так запалі ў свядомасць шляхецкай супольнасці, што адукаваныя прадстаўнікі гэтага стану і праз стагоддзе працягвалі насцярожана і з недаверам пісаць пра каралеву? Можа, таксама і таму, што ў Боны сярод каралеў і вялікіх княгінь не было прыдатнай канкурэнцыі? А шляхецкаму саслоўю бракавала адпаведных уяўленняў. Калі гэта так, прыклад Боны дазваляе лепш адчуць грамадскі кансерватызм шляхты.

«Чорная легенда» Боны пачала ўзнікаць яшчэ пры жыцці каралевы. Ужо ў 1530—1540-х гадах з’яўляліся вершы і ананімныя пасквілі, дзе нават інтэлект Боны падаваўся сумнеўным, а ў форме каламбура сцвярджалася, што ў краі ўладарыць не кароль, а каралева. Дасціпныя жартаўнікі параўноўвалі каралеву з вавельскім цмокам, якому, як мы памятаем паводле легенды, патрабаваліся ўсё новыя ахвяры. Падобныя вершыкі пашыраліся па ўсёй Еўропе і траплялі, напрыклад, да лідэра Рэфармацыі Марціна Лютэра.

Пакуль літаратары забаўляліся слоўнымі алюзіямі, сярод звычайнай шляхты хадзiлі чуткі пра Бону як пра жахлівую свякруху, якая праз атруту звяла ў магілу абодвух сваіх нявестак — Лізавету Габсбуржанку і Барбару Радзівілянку. Ужо пазней папскі нунцый Джавані Андрэа Калігары, апісваючы на пачатку свайго знаходжання ў Рэчы Паспалітай не найлепшыя стасункі Стэфана Баторыя і Ганны Ягелон, падкрэсліваў, што кароль асцерагаўся сваёй жонкі, баючыся атрутаў, «мастацтвам якіх так добра валодала каралева Бона, яе матка». Падобны вобраз Боны аказаўся вельмі запатрабаваным, што забяспечыла яго жывучасць. Паводле ўспамінаў Альбрыхта Станіслава Радзівіла, кароль Уладзіслаў IV Ваза таксама на прыкладзе Боны засцерагаўся, каб ягоная жонка не пайшла шляхамі сваёй папярэдніцы і не пачала выбудоўваць свой уплыў у сістэме каралеўскага двара. А ў публіцыстыцы за часамі наступніка Уладзіслава, Яна Казіміра, Бона прыгадвалася побач з іншымі «злымі каралевамі», супольнай характарыстыкай якіх было тое, што яны замежніцы.

Пачынаючы ад другой паловы XVI ст. для большасці шляхецкай суполкі каралева Бона мела негатыўны вобраз. Меркавалася, што яна, маўляў, дзейнічала не ў дзяржаўных інтарэсах Польшчы і ВКЛ, пры гэтым часта карысталася атрутамі і найбольш рафінаванымі інтрыгамі. Характэрна, што ва ўжыванні ядаў таксама абвiнавачвалi суайчынніцу і сучасніцу Боны французскую каралеву Кацярыну Медычы.

Вобраз «чорнай каралевы» замацаваўся за Кацярынай Медычы пасля заўчаснай смерці яе мужа — караля Генрыха ІІ. Кінуўшы выклік прадказанню астролага Лукі Гарыка, які параіў каралю ўстрымацца ад турніраў, Генрых выйшаў на спаборніцтва. Летам 1559 г. ён удзельнічаў у двубоі з лейтэнантам сваёй шатландскай гвардыі графам Габрыелем дэ Мантгомеры. Расшчапляная дзіда Мантгомеры ўвайшла ў проразь шлему караля. Рана стала смяротнай.

З імем Кацярыны Медычы звязана адна з самых крывавых старонак у гісторыі Францыі ранняга Новага часу — Варфаламееўская ноч 24 жніўня 1572 г. Гэтая разня лягла крывавай плямай на ўсю рэпутацыю каралевы-маці. Гугеноцкія аўтары закляймілі Кацярыну як італьянку, што выконвала парады Макіявелі «забіваць усіх ворагаў адным ударам». Нягледзячы на абвінавачванні сучаснікаў у планаванні разні, многія сучасныя гісторыкі не пагаджаюцца з гэтым. Няма рэальных дакументальных звестак, што масавае забойства было спланаванае загадзя. Цяпер пра Варфаламееўскую ноч гісторыкі пішуць як пра няўдалую «хірургічную аперацыю», якая выйшла з-пад кантролю.

На працягу не аднаго стагоддзя Кацярына Медычы не ведала спагады ў ацэнцы сваёй дзейнасці. Тое, што яна была жанчынай, чужаземкай і належала не да манархічнага роду, рабіла яе прыступнай для нападаў і нават адыёзнай у параўнанні з каралямі-пераемнікамі — Генрыхам IV, Людовікам XIII і Людовікам XIV, — якія былі вядомыя з-за не менш абвостраных рэпрэсій супраць гугенотаў. Майстры пэндзля традыцыйна малявалі Кацярыну Медычы непрыгожай, з цяжкім позіркам вялікіх цёмных вачэй. Яе называлі Мадам Гадзюка і Італьянскі магільны чарвяк, а ў раманах Аляксандра Дзюма, Генрыха Мана, Анарэ дэ Бальзака і Праспера Мерыме яна так і засталася ўвасабленнем зла, а таксама яркім прыкладам беспрынцыповасці італьянцаў — вучняў Макіявелі.

Каралева-ўдава і каралева-маці, яна была чужаземкай і ўспрымалася як узурпатарка. Меркавалася, што самыя змрочныя рысы продкаў адлюстраваліся ў яе характары. Зараз Кацярыну Медычы найчасцей прыгадваюць як легендарную атручальніцу і інтрыганку, часта блытаючы знакамітую італьянку з яе суайчынніцай Лукрэцыяй Борджыя. Але ўсе свае гады ўлады яна вяла бясконцыя перамовы, саступаючы ці, наадварот, нападаючы. Яна павінна была любым коштам захаваць каралеўства для сваіх дзяцей.

Што ж агульнага ў гэтых жанчын?

Роля Боны Сфорцы і Кацярыны Медычы ў гэтых супярэчлівых культурных працэсах яшчэ больш незвычайная, бо яны ламалі стэрэатыпы паводзін жанчын у тагачасным грамадстве. Ад звыклай ролі арганізатарак прыдворных інтрыг ці філантропіі гэтыя каралевы перайшлі да прамога сцверджання інтарэсаў дынастый і іх палітычнай рэалізацыі.

Беларусь XVI ст. і Вялікае Княства Літоўскае ўвогуле з'яўляюцца прыкладам дабратворнага ўздзеяння італьянскага досведу на мастацкую культуру і прынцыпы гаспадарання. Але падобная актыўнасць заўжды выклікае падазронасць тых, хто не адчуваў патрэбу ў навацыях ці баяўся канкурэнцыі. Значыць, плённая дзейнасць і непрыхільнасць да яе існуюць разам. Што ж вызначае баланс гэтых розных вектараў культурнага развіцця? Відавочна, у розных краінах — розныя культурныя абставіны. Але ў культурным ландшафце Беларусі ранняга Новага часу італьянскія сляды засталіся вельмі адчувальнымі. І гэта сведчыць пра тое, што наш Усход Еўропы, нягледзячы на іманентны кансерватызм, быў падрыхтаваны да ўспрыняцця навацый і культурнага дыялога.

Для вашых любімых рэцэптаў — духавыя шафы ў Каталозе

электрический с конвекцией, объем 52 л, 5 режимов, очистка ручная, проволочные направляющие, телескопические направляющие, энергопотребление A
электрический с конвекцией, объем 66 л, 9 режимов, очистка каталитическая, проволочные направляющие, телескопические направляющие, энергопотребление A
электрический с конвекцией, объем 68 л, 9 режимов, очистка каталитическая/паровая, проволочные направляющие, телескопические направляющие, энергопотребление A

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by