Дачка мінскага кіраўніка, якая змагла стаць дацкай каралевай. Распавядаем пра адну з самых цікавых беларускіх княжон

16 297
16 мая 2021 в 8:00
Автор: Татьяна Ошуркевич

Дачка мінскага кіраўніка, якая змагла стаць дацкай каралевай. Распавядаем пра адну з самых цікавых беларускіх княжон

Автор: Татьяна Ошуркевич
Алег Дзярновіч — гісторык-медыявіст, кандыдат гістарычных навук. Даследчык гісторыі і культуры ВКЛ, гісторы Лівоніі. Як археолаг даследуе Крэва і Крэўскі замак.
Сёння мы будзем весці гаворку пра даўнія часы, а дакладней, пра сярэдзіну XII ст. Здаецца, гэтая гісторыя можа прэтэндаваць нават на ўласны фільм. Разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам мы распавядзем пра княжну Полацкую і Мінскую Сафію, якая змагла стаць жонкай дацкага караля і атрымаць сапраўдны статус дацкай каралевы. Падрабязней пра гэтую гісторыю слухайце ў нашым новым падкасце ды чытайце ў тэксце ніжэй.

Слухаць падкаст у «Яндекс.Музыке», iTunes і Deezer.

«Царкоўная» перадгісторыя

У 1949 годзе ва ўсходняй частцы Мінскага замчышча, паміж сённяшнім выхадам з метро «Няміга» і Свіслаччу, быў адшуканы каменны падмурак старажытнай царквы. Гэты храм пачалі будаваць у найстаражытнейшы перыяд існавання Мінскага замчышча. Найверагодней — у ХІІ ст.

Храм не меў аналагаў сярод культавых пабудоў Старажытнай Русі. Ён быў узведзены з бутавага каменю, дэфіцытнага для нашага геалагічнага рэгіёна (асноўным матэрыялам для будаўніцтва храмаў на Русі тады была плінфа, тонкая абпаленая цэгла). Усярэдзіне сцены храма былі аздобленыя вапняковымі пліткамі. Вапняк — яшчэ больш дэфіцытны матэрыял у нашым рэгіёне, для дойлідства Старажытнай Русі не характэрна было абкладаць ім сцены храмаў.

Нетыповымі былі і чатыры калоны, якія падтрымлівалі столь храма, і сама квадратная ў плане яго будова.

Гісторык Эдуард Загарульскі, які даследаваў падмурак храма, ставіў пытанне: чаму ж Мінск, палітычна звязаны з Полацкім княствам, не выкарыстоўваў досведу полацкага манументальнага дойлідства пры пабудове сваёй замкавай царквы? Царква мае больш агульнага не з полацкай Сафіяй, а, як адзначала брытанская аўтарка рэцэнзіі на кнігу Загарульскага Вера Рыч, з кафедральным саборам на Берсэі, адным з Аркнейскіх астравоў. Мінскі храм упісваецца ў раманскую архітэктурную канцэпцыю, і яго будаўнікі маглі паходзіць з заходнеславянскіх зямель, найперш з Польшчы.

Варта пагадзіцца з даследчыкамі, якія кажуць, што гісторыя старажытнарускага дойлідства не можа быць адарваная ад гісторыі палітычных адносін княстваў Русі з суседнімі краінамі.

Палітыка, шлюб і маленькая Сафія

У першай палове ХІІ ст. вакол Полацкай зямлі і яе ўжо напаўнезалежных удзелаў склалася ўнікальная сітуацыя палітычных праектаў і матрыманіяльных саюзаў. Валадар, сын мінскага князя Глеба і ўнук Усяслава Полацкага, каля 1135—1136 гадоў ажаніўся з Рыксай, дачкой польскага князя Баляслава ІІІ Крывавуснага. Гэты шлюб мацаваў палітычны саюз Баляслава з князямі Полацкай зямлі супраць дацкага караля Эрыка ІІ і яго хаўруснікаў — князёў кіеўскіх і наўгародскіх, нашчадкаў Уладзіміра Манамаха.

Яны таксама змацавалі хаўрус дынастычным шлюбам: Эрык ІІ быў жанаты з Мальмфрыдай Мсціславаўнай, дачкой кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. У той час інтарэсы Полацкай зямлі дасягнулі Балтыйскага мора, узбярэжныя жыхары якога — лівы — плацілі даніну Полацку. Вялікай карысці ад гэтага саюзу ні Полаччына ў сваіх супярэчнасцях з Кіевам, ні Польшча ў супярэчнасцях з Даніяй не атрымалі. Смерці Эрыка ІІ і Баляслава ІІІ прывялі да распаду кааліцыі, а потым і самога шлюбу. У канцы 1140-­х Рыкса развялася з Валадаром і выйшла замуж за шведскага караля. Зрэшты, і Валадар Глебавіч не быў першым: да яго Рыкса была замужам за Магнусам Моцным, сынам дацкага караля Нільса.

Кароткі палітычны і сямейны саюз Рыксы і Валадара даў плён — каля 1140 года ў іх нарадзілася дачка Соф’я.

У 1151-м Валадар Глебавіч стаў мінскім князем — яго брат Расціслаў Глебавіч з мінскага пасаду перамясціўся на полацкі, вызваліўшы тым самым для Валадара ўдзел. І ўжо як мінскі князь, Валадар Глебавіч выдаў замуж за дацкага караля Вальдэмара І сваю дачку Сафію. Шлюб адбыўся 23 кастрычніка 1157 года. Няма нічога дзіўнага ў тым, што рускія летапісы Сафію не згадваюць: яны вельмі няпоўныя. Затое княжну і каралеву Сафію добра ведаюць дацкія крыніцы, пра яе піша Саксон Граматык, указваючы, што бацька Sophiam быў русінам («patre Ruteno»). Сучаснікі — знакаміты храніст і каралева Сафія — безумоўна, былі знаёмыя, Саксон Граматык служыў пры двары дацкага караля, як і яго бацька і дзед. Між іншым менавіта гэты дацкі храніст у тым самым творы «Гісторыя данаў» занатаваў легенду пра Гамлета, прынца Дацкага, якая праз тры стагоддзі так натхніла Уільяма Шэкспіра.

Пры такіх актыўных дынастычных сувязях з Захадам не выглядае дзіўным і будаўніцтва, якраз за часамі Валадара Глебавіча, раманскага храма ў Мінску.

Княжна Полацкая і Мінская, каралева Даніі

Сафія Валадараўна мела статус каралевы-кансорта — гэта значыць, як жонка манарха, яна не мела паўнамоцтваў на кіраванне дзяржавай.

З Вальдэмарам яны мелі васьмярых дзяцей — двух сыноў і шэсць дачок. Абодва сыны сталі дацкімі каралямі: Кнудам VI і Вальдэмарам II. Дачка Інгеборга выйшла замуж за французскага караля, а дачка Рыкса — за шведскага. Сама Сафія пасля смерці караля Вальдэмара ў 1182-м узяла новы шлюб з ландграфам Цюрынгіі Людвікам ІІІ Пабожным. Ён быў актыўным удзельнікам крыжацкага руху, асабіста выпраўляўся ў Трэці крыжовы паход, удзельнічаў у аблозе Акры. На зваротным шляху Людвік захварэў і памёр на Кіпры. Але, як выглядае, з Сафіяй ён развёўся яшчэ раней. Гэты шлюб быў бяздзетным.

Сафія вярнулася ў Данію, дзе дажыла ўдавою пры сынах. У статусе каралевы-маці яна заўважна ўплывала на дацкі двор. Пасля смерці, 5 мая 1198 года, яе пахавалі побач з Вальдэмарам І у каралеўскай усыпальніцы ў саборы св. Бенедыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе (востраў Зеландыя).

Крыніцы сведчаць, што каралева Сафія і пасля шлюбу не губляла сувязі з бацькам. Манах Уільям Кентэрберыйскі ў канцы ХІІ ст. пісаў пра тое, як нехта Клімент, вяртаючыся «з Русіі», вёз дары Сафіі, каралеве данаў, якія былі пасланыя яе бацькам, каралём. Але Клімент быў схоплены ў Вінляндыі — так называлася заселенае славянамі-венедамі Памор’е. Даведаўшыся пра гэта, Сафія звярнулася да мужа, караля Вальдэмара. І той пасля нарады з Лундскім арцыбіскупам выправіў супраць рабаўнікоў «разам са знатнымі людзьмі каралеўства» іх сына Кнуда, які якраз чакаў пасвячэння ў рыцары. Так Кнуд здабываў рыцарскую годнасць, баронячы гонар свайго дзеда Валадара Глебавіча. Гэтыя падзеі адбываліся каля 1176—1178 гадоў. Саксон Граматык таксама апісвае эпізод з нападам славянскіх піратаў на пасольства караля Вальдэмара, якое вярталася з дарункамі ад цесця караля. У тыя гады Валадар Глебавіч дасягнуў найбольшай магутнасці. Ён вёў змаганне за дамінаванне Мінска ў Полацкай зямлі, а ў 1167-м нават быў полацкім князем — гаспадаром вялізнай дзяржавы. Не дзіва, што даны называлі яго каралём.

Так сувязі паміж Даніяй і Полацкай зямлёй у канцы ХІІ ст. не спыняліся. Полацк павялічваў у Паўночнай Еўропе свой «вобразны капітал».

Але што гэта маглі быць за падарункі ад князя Валадара? Прыклад дае крыж-энкалпіён (для захоўвання часцінак хрысціянскіх рэліквій), які ў дацкай традыцыі мае назву «крыж Дагмары». Гэта быў візантыйскі ювелірны выраб, і цяпер дацкія даследчыкі мяркуюць, што крыж мог трапіць у Данію менавіта з каралевай Сафіяй.

Сама ж Сафія, падобна, прыўнесла візантыйскую стылістыку і ў архітэктуру Даніі, прыкладам чаго ёсць катэдра ў Калундборгу. У плане яна ўяўляе сабой грэцкі (роўнаканцовы) крыж і мае пяць вежаў, што выбіваецца з раманскай архітэктуры Даніі таго часу.

Але падобна, што сама Сафія была суровага нораву. Напрыклад, гістарычная легенда паведамляе: даведаўшыся пра тое, што яе муж Вальдэмар займеў сардэчную сяброўку Тувэ, Сафія намовіла сваіх памагатых падпаліць лазню, дзе ў той час знаходзілася суперніца.

Дарэчы, вось вам цікавая звестка. Дацкія навукоўцы, даследуючы каралеўскія саркафагі сабора ў Рынгстэдзе, дасталі чэрап каралевы Сафіі як адзін з найлепш захаваных. Копія гэтай дацкай рэліквіі экспануецца ў Нацыянальным музеі ў Капенгагене. Сам жа чэрап выстаўлены ў саборы ў Рынгстэдзе, у крыпце якога захоўваюцца парэшткі дацкіх каралёў да сярэдзіны XIV ст.

Знаходка парэшткаў Сафіі Валадараўны стварае магчымасць для ДНК-экспертызы каралевы і, праз яе, роду Рагвалодавічаў па жаночай лініі. Мы не ведаем іншых парэшткаў (апроч мошчаў святой Еўфрасінні) прадстаўнікоў полацкай дынастыі — княскі некропаль не захаваўся. Гэта дае навукоўцам магчымасць атрымаць частковы ДНК-­партрэт Рагвалодавічаў і быць больш падрыхтаванымі ў выпадку новых знаходак.

Калі вам надарыцца наведаць Данію, завітайце ў Рынгстэд і пастойце ў мясцовай катэдры каля сціплай гранітнай пліты, на якой выбіта імя Сафіі — каралевы Даніі і княжны Мінскай.


Покупайте кофе выгодно в Каталоге Onliner

Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
зерновой, арабика 100%, средняя обжарка, интенсивность 5/10

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by