60 год беларускага рок-н-рола. Лекцыя Сяргея Будкіна

12 281
15 октября 2020 в 8:00
Источник: Сяргей Будкін. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская

60 год беларускага рок-н-рола. Лекцыя Сяргея Будкіна

Источник: Сяргей Будкін. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская
Не бейте копилочку!
Оплачивайте покупки частями без первого взноса с Minipay
Сяргей Будкін — музычны крытык, стваральнік «слушнага» партала «Тузін гітоў», аўтар Belsat Music Live, кіраўнік Беларускага фонда культурнай салідарнасці.
Я распавяду, магчыма, пра менш за ўсё даследаваны на сёння кавалак нашай музычнай гісторыі, які для мне асабіста самы прывабны. Можа быць, таму, што я сам у пэўнай ступені з’яўляўся яго сведкам і ўдзельнікам. Гэта эпоха рок-н-рола і музычнага супраціву, якая пачынаецца з самадзейных падпольных канцэртаў у савецкай Беларусі часоў кіраўніцтва Машэрава і працягваецца па сёння перыядычнымі пікіроўкамі з ідэолагамі і забаронамі выступаў. Спадзяюся, што гэтая гісторыя дапаможа лепей зразумець час, у якім мы жывём.

Слухаць на «Яндекс.Музыка» | Слухаць у iTunes


Частка 1. Танцы ў РТІ, спевы на дрэвах і вызначальная бойка ў WC

Афіцыйную дату нараджэння рок-н-рола ў Беларусі можна назваць з дакладнасцю — гэта 12 красавіка 1968 года, калі ў актавай зале Радыётэхнічнага інстытута ў Мінску (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) цалкам афіцыйна распачаўся трохдзённы Першы біт-фестываль. На той час нелегальна, паўафіцыйна ды афіцыйна рок-н-рол граўся паўсюль: у кожным ДК, школе, буйным кафэ, інстытуце і на прадпрыемстве былі свае калектывы, інструменты для якіх, як правіла, даставалі па блаце альбо выраблялі самі. Вядома, акрамя твораў савецкіх кампазітараў усе яны выконвалі забароненую на той час заходнюю музыку.

Беларускі камсамол вырашыў гэты рух узаконіць і падначаліць. Фэст у РТІ прысвячаўся 50-годдзю БССР і меў на мэце «папулярызацыю сучаснай эстраднае музыкі і найлепшых яе выканаўцаў, а таксама эстэтычнае выхаванне моладзі». Усё было сур’ёзна: распрацаваная дакументацыя, арганізаваная праца журы з адказнымі таварышамі ад ідэалогіі і культуры і нават праведзеныя адборачныя конкурсы да фестывалю. Быў нават мерч (фірмовыя запрашальнікі і карткі). Вёўся аўдыязапіс выступаў гуртоў, гістарычную падзею фіксавала на стужку здымачная група. Лішне казаць, што цягам гэтых дзён у РТІ быў салдаўт — падзея была нечуваная не толькі для Мінска і Беларусі, па факце гэта быў першы афіцыйны рок-фэст ва ўсім Саюзе. Сярод 12 калектываў найлепшым быў прызнаны ансамбль «Алгарытмы», які на той час меў сапраўды вялікую папулярнасць у Мінску і не толькі: яны гралі на танцах у РТІ, ездзілі з гастролямі ў Сібір, дзе давалі па 3—4 канцэрты на дзень. Галоўная зорка фэсту — Яўген Канавалаў з «Алгарытмаў» — гітарыст №1 у Беларусі таго часу. Ён быў прызнаны найлепшым сола-гітарыстам і атрымаў прыз за найлепшы твор фэсту — «13-й маршрут». Захаваўся запіс з выступу пераможцаў Першага біт-фэсту.


Альгарытмы · «Beat-Fest»

Але музычная адліга так толкам і не пачалася. Ідэолагі пад уражаннем ад падзей Пражскай вясны вырашылі згарнуць легалізацыю рок-н-рола. Шмат якія гурты былі расфармаваныя. Прэса, якая была пачала прыязна пісаць пра гэтую з’яву, змяніла танальнасць, фільм пра першы біт-фэст «13-й маршрут» быў забаронены да паказу, а пасля знішчаны разам з зыходнымі матэрыяламі. Копія стужкі цудам захавалася і ўжо ў 2010-х была адрэстаўраваная і выкладзеная на YouTube.

Сведчаннем гэтага кароткага, але яскравага эпізоду ў беларускай музычнай гісторыі, калі прыадкрыліся дзверы ў паралельную рэчаіснасць, можна лічыць яшчэ тэлефільм «Чаму ж нам не пець!..», які быў зняты ў тым жа 1968-м. У гэтай феерыі, якую рэжысаваў Уладзімір Арлоў (па факце — першы беларускі кліпмейкер, ён таксама будзе здымаць відэа на першыя хіты «Песняроў»), задзейнічаны не толькі беларускія музыкі, але і манекеншчыцы, балерыны, блазны. Шоу было зроблена на ўзроўні заходнееўрапейскіх музычных тэлеперадач таго часу. У 2014 годзе мы ўпершыню яго апублікавалі ў сеціве са згоды стваральнікаў фільма.

Беларускі андэграўнд таго часу існаваў на танцпляцоўках у школах ды інстытутах, у клубах пры цагляных заводах, што былі на ўскрайку горада, а таксама... на дрэвах. Захаваўся ўспамін аднаго з першых беларускіх рокераў Уладзіміра Спірыдовіча пра тое, што яны рэпетавалі і давалі канцэрты, седзячы на дрэвах у цяперашнім Купалаўскім скверы, збіраючы вакол сябе масу народа. «Калі палічыць, колькі я быў на сцэне і колькі людзей мяне пачула проста на вуліцы, то ў другім выпадку я абслужыў народа на парадак больш», — казаў музыка.

Яго першы гурт зваўся Funny Foxes. Ён базаваўся ў ДК камвольнага камбіната, тамсама і ў бліжэйшай школе перыядычна даваў канцэрты, якія складаліся ў асноўным з інтэрпрэтацый The Hollies, The Monkeys, The Animals, The Rollins Stones і The Beatles, безумоўна. Пасля Уладзімір створыць гурт «Арганаўты», які пераможа на Другім біт-фэсце, што пройдзе ў 1971 годзе.

Funny Foxes (у цэнтры — Уладзімір Спірыдовіч)

Акрамя згаданых «Алгарытмаў» у топ-5 беларускіх гуртоў канца 1960-х я б уключыў:

«Наследники»

Гурт з Вольгай Аліпавай на вакале — першай рок-вумэн у беларускай гісторыі. Пра яе казалі тады так: «Яна спявае, як Плант» — і гэта была найвышэйшая пахвала.

Вольга Аліпава

«Залатыя яблыкі»

Менавіта «Залатыя яблыкі» аднымі з першых, калі не першымі, даўмеліся спалучыць рок-н-рол з фолькам, дзякуючы чаму ў іх рэпертуары з’явіліся такія песні, як «Скрыпяць мае лапці», «Хлопец пашаньку пахае» і «Касіў Ясь канюшыну», якія пасля ўзяліся выконваць «Песняры». Дарэчы, у «Песнярах» потым апынуцца два ўдзельнікі «Залатых яблыкаў» — скрыпач Чэслаў Паплаўскі і вакаліст Лявон Барткевіч.


TuzinFM · ВІА «Залатыя Яблыкі». Запісы на Белрадыё (1970)

«Городняне»

«Городняне» былі ўладальнікамі адзінай у Беларусі сапраўднай бас-гітары Muzima, якую атрымалася перавезці праз мяжу з дапамогай знаёмага з Акадэміі навук СССР. У адрозненне ад большасці гуртоў таго часу, яны акрамя кавераў на The Beatles стваралі і ўласныя кампазіцыі. Канцэрты праходзілі ў школах і часта сканчаліся скандалам — музыкі паспявалі сыграць адну-дзве песні, пасля чаго адміністрацыя выганяла іх са сцэны. Тым не менш у 1966-м хлопцы выйгралі першы гарадскі конкурс моладзевых ансамбляў.

Аляксандр Саўчыц, адзін з заснавальнікаў гурта «Городняне»

«Лявоны»

Гэты гурт складаўся з музыкаў інструментальнага ансамблю пры філармоніі, якія акампанавалі артыстам розных жанраў на бесперапынных гастролях і ўрэшце вырашылі заявіць пра сябе як пра паўнавартасную творчую адзінку. Кіраваў працэсам харызматычны гітарыст і вакаліст з Свярдлоўска Уладзімір Мулявін, які выпадкова апынуўся ў Мінску ў 1963-м. Існуе некалькі версій, як гэта адбылося. Распавяду маю самую ўлюбёную. Падчас працы Мулявіна ў Томскай філармоніі ён трапіў у непрыемную сітуацыю: у гарадской прыбіральні мясцовыя гопнікі вырашылі адціснуць у яго гадзіннік, але бойку прыпыніў гімнаст Аляксандр Ван Лі, які працаваў артыстам арыгінальнага жанру ў беларускай філармоніі і быў па справах у Томску. У выніку знаёмства той і ўгаварыў Мулявіна паехаць працаваць у Мінск.

Частка 2. Бунт хіпі, фурор «Песняроў» і нескароны беларускі андэграўнд

Ёсць усе падставы меркаваць, што менавіта ў Беларусі прайшлі першыя маніфестацыі хіпі ў СССР.

Першая адбылася ў Мінску 9 красавіка 1970 года і мела стыхійны характар. За два дні да гэтага ля кінатэатра «Навіны дня» (вул. Энгельса, 12, насупраць Купалаўскага тэатра) быў забіты 18-гадовы хіпі Слава Максакаў. Пасля пахавання на месцы забойства сабраўся абураны натоўп, каля 300 чалавек. Далейшыя падзеі вельмі нагадвалі 2020-ы: праспект перакрылі, увялі ваенную тэхніку, моладзь зрабіла счэпку, тых, каго затрымлівалі, намагаліся адбіць. Пасля падагналі пажарную машыну, каб разагнаць акцыю вадой, але ўдзельнікі акцыі вырвалі шланг. Байцы Белполку выціснулі асноўную масу людзей у двары, дзе іх адразу загрузілі ў машыны. Шмат пацярпела звычайных мінакоў, бо хапалі ўсіх без разбору.

Першая спланаваная дэманстрацыя хіпі адбылася ў наступным годзе — у жніўні ў Гродна. Акрамя беларускіх хіпі да яе далучыліся людзі з Вільні, Рыгі і Таліна. Спачатку меркавалася, што гэта будзе проста сяброўская сустрэча на прыродзе, але па дарозе да месца збору хіпі з Прыбалтыкі схапілі гродзенскія міліцыянты, якія збілі іх і прымусова пастрыглі. Гэта выклікала абурэнне, і праз тыдзень хіпі выйшлі на вуліцы горада, пратэстуючы супраць гвалту. Рэакцыя ўлад была вельмі жорсткай: большасць затрымалі на падыходзе да месца збору на Савецкай плошчы. Міліцыянты і людзі ў цывільным збівалі хіпі, рвалі ім кашулі і джынсы і кідалі ў машыны. Частка (ад 50 да 100 чалавек) усё ж здолела прайсці шэсцем.

Як згадвае ўдзельнік тых падзей Анатоль Макушын, наперадзе шэсця ішоў хлопец, які вёў на ланцужку сапраўднага баявога іспанскага пеўня. Усе былі апранутыя ў джынсы або нагавіцы-клёш і каляровыя кашулі, нейкія мальцы неслі некалькі плакатаў, на якіх было напісана «Рукі прэч ад даўгіх валасоў!», «Пакіньце нашыя душы ў спакоі!». Большасць удзельнікаў шэсця было затрымана, некаторыя здолелі схавацца ў Фарным касцёле.

Праз год, у ліпені 1972-га, у Гродна пройдзе другое шэсце хіпі, да якога таксама далучацца ўдзельнікі хіпі-руху не толькі з Прыбалтыкі, але і з Львова, Масквы і Ленінграда. Дэманстранты патрабавалі свабоды слова, свабоды выбару, свабоды кахання. Хіпі прайшлі ад вакзала да Савецкай плошчы, дзе іх брутальна разагнала рота дэсантнікаў, узброеных гумовымі кіямі.

Пасля гэтых падзей ціск на хіпі-рух узмацніўся: на маладых людзей перыядычна ладзіліся аблавы, іх выключалі з ВНУ, цкавалі ў СМІ.

Карыкатура пачатку 1970-х з часопіса «Вожык»

Тым не менш у красавіку 1971 года ў актавай зале Мінскага радыётэхнічнага інстытута праходзіць Другі біт-фестываль, праз два гады пасля першага.

Перамогу на фэсце здабыў гурт «Арганаўты» на чале са згаданым ужо ў першай частцы Уладзімірам Спірыдовічам. Яны выканалі цікавую праграму: прагучала аўтарская тэма «Безыменная магіла», рок-версія «Авэ Марыі» Шуберта і два каверы — на тагачасны беларускі поп-хіт «Каб любіць Беларусь...» і «Песню пратэсту» Bee Gees.

Цікавая дэталь — да класічнага рок-складу далучылася яшчэ і струннае трыа! Магчыма, гэта быў першы падобны эксперымент у СССР.

Гурт «Арганаўты» на Другім біт-фэсце, 1971 год

Але запомніўся Другі біт-фэст іншым. Падчас выступу на другі дзень фестывалю ў якасці запрошаных гасцей гурта «Пане Браце» публіка на іх інтэрпрэтацыі песні Creadence разышлася настолькі, што пачалі трашчаць крэслы. Выступ групы быў спынены, электрычнасць была адключана, заслона апушчаная. На наступны дзень лідара і басіста «Пане Браце» Уладзіміра Кандрусевіча, які выступіў ініцыятарам правядзення гэтага фэсту, выключаюць з Беларускай кансерваторыі. Яго таксама выклікаюць на «дыван» у ЦК ЛКСМ Беларусі, дзе патрабуюць пісьмова патлумачыць змест выкананай песні, вінавацяць у палітычнай блізарукасці і парушэнні дысцыпліны.

На абарону Кандрусевіча ўздымаецца ледзьве не ўся кансерваторыя, і пад ціскам грамадскасці рэктар Алоўнікаў аднаўляе яго на вучобе. Праз нейкі час Уладзімір стане сур’ёзным кампазітарам і фактычна класікам пры жыцці — ён напіша сотні твораў для оперы, кіно і тэатра.

Уладзімір Кандрусевіч і Уладзімір Спірыдовіч

Запісаў беларускага андэграўнду таго часу практычна не захавалася. Але нешта цудам уцалела. На гэтым запісе, які быў зроблены ў 1970-х на танцпляцоўцы ў Мінску, якую ў народзе звалі «Карчы», тры зоркі беларускага рок-н-рола таго часу — Уладзімір Спірыдовіч, Уладзімір Кандрусевіч і Яўген Канавалаў — выконваюць Strange Kind of Woman гурта Deep Purple.


TuzinFM · 01 Cьпірыдовіч/Кандрусевіч/Канавалаў — Strange Kind Of Woman (Deep Purple Cover)

У 1970-м узыходзіць зорка «Песняроў». Ансамбль атрымлівае прызнанне на Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве, і перад ім адчыняюцца ўсе дзверы, у тым ліку на фірму «Мелодия» для запісу дыска-гіганта, які стане першым беларускім рок-альбомам. Яго запішуць за два дні ў дзве змены па 8 гадзін, і ён выйдзе накладам у 4 (!) мільёны асобнікаў. Галоўная фішка альбома — беларускамоўныя, пераважна народныя песні гучаць у рок-н-рольнай апрацоўцы. «Касіў Ясь канюшыну», «Скрыпяць мае лапці», «Рушнікі» і балада «Александрына», якая кране ўвесь Савецкі Саюз, — адтуль. Назвы ў альбома афіцыйна няма, але каб адрозніваць яго ад астатніх, таксама, як правіла, безыменных, прынята называць кружэлку па першым трэку — «Ты мне вясною прыснілася».

Поспех і папулярнасць «Песняроў» падмацоўваў таксама музычны фільм Уладзіміра Арлова, які выйшаў следам за альбомам. Паводле задумы рэжысёра, «Песняры» паўстаюць тут героямі беларускай батлейкі, якія ажываюць у галаве героя Льва Дурава. Відэа цікава глядзіцца дагэтуль.

Кар’ера «Песняроў» на гэтым магла скончыцца. Пры канцы 1971 года на апошнім канцэрце ў туры па СССР у Волжску музыкі адмовіліся ад тэлездымак выступу мясцовым ТБ, бо была выстаўлена не дужа якасная апаратура. Тым не менш тэлевізійшчыкі пачалі здымкі. Тады ўдзельнік ансамбля Уладзіслаў Місевіч падчас канцэрта ўзяў ды апусціў стойку з мікрафонам для запісу гука. На наступны дзень «Песняроў» абвінавацілі ў зрыве выступу і зорнай хваробе, кіраўніцтва філармоніі адправіла ансамбль на некалькі месяцаў у адпачынак за свой кошт, усе бліжэйшыя канцэрты і дамоўленасці з прэсай, радыё і ТБ былі скасаваныя. Уратаваў сітуацыю фільм «Міравы хлопец», які выйшаў на экраны. Саўндтрэкам да яго была песня «Березовый сок», якая скарыла ўсіх гледачоў. «Песнярам» даравалі.

Музыкі працягнулі дзейнасць, і можна з пэўнасцю сказаць, што 1970-я — гэта іх дзесяцігоддзе. Яны былі першым гуртом з СССР, які выступіў у Канах (на шоўкейс-фестывалі, як бы зараз сказалі, MIDEM) і які меў гастролі ў ЗША (1976). Пра Мулявіна з кампаніяй напісалі ў Billboard, іх паказалі па амерыканскім ТБ. «Песняры» таксама зрабілі сумесны запіс з кантры-камандай New Christie Minstrels, у якім амерыканцы спявалі беларускія песні па-свойму.

Наконт тых паездак ходзяць чуткі і легенды ажно да таго, што Джон Ленан сказаў, паслухаўшы «Песняроў», што гэта найлепшае, што ён чуў, а Пол Макартні пазайздросціў іх галасам. Як сведчыць Леанід Барткевіч, пры асабістай сустрэчы ў 1998 годзе Джордж Харысан запрасіў «Песняроў» узяць удзел у праекце «Бывай, XX стагоддзе», у межах якога планаваўся сусветны тур найлепшых музыкаў з розных краін. Праект не быў рэалізаваны праз хваробу колішняга ўдзельніка The Beatles. Тое, што Макартні ведае «Песняроў», пацвердзіў адміністратару «Беларускіх Песняроў» сам брытанскі музыка падчас свайго прыезду ў Расію ў 2008-м.

Паралельна з поп-хітамі, якія імгненна падхопліваліся ўсім Саюзам, «Песняры» працавалі над канцэптуальнымі эксперыментальнымі праграмамі, сярод якіх вылучаюцца першая беларуская рок-опера «Песня пра долю» (1976) і рок-опера «Гусляр» (1978). Апошняя ўвайшла ў дваццатку найлепшых праграм сусветнага прагрэсіў-рока па версіі «Гібралтарскай энцыклапедыі рок-музыкі». Цікава, што пры гэтым Мулявін па першым часе не пісаў партытур ды наогул не меў кампазітарскай адукацыі.

Пра шалёную папулярнасць «Песняроў» у той час сведчыць яшчэ і той факт, што ў розных савецкіх рэспубліках яны мелі свае фан-клубы (тады яны называліся «клубамі аматараў творчасці»), дзе, між іншым, ахвочыя вывучалі беларускую мову.

З 1970-х з «Песнярамі» асацыявалася не толькі беларуская музыка, гэтая назва ў прынцыпе на доўгі час стала галоўным беларускім брэндам. Дарэчы, з беларускага музычнага андэграўнду выйшлі і папулярны савецкі і расійскі спявак Юрый Антонаў (яго можна ўбачыць у згаданым вышэй фільме «Чаму ж мне не пець»), першы кіраўнік ВІА «Сябры» Валянцін Бадзьяраў, саліст ВІА «Синяя птица» Сяргей Драздоў, саліст ВІА «Верасы» Аляксандр Ціхановіч ды іншыя.

Назаву некалькі адметных гуртоў беларускага андэграўнду 1970-х. Акрамя згаданых ужо «Пане Браце» і «Арганаўтаў» (якія, на жаль, спынілі існаванне ў тым жа 1971-м) гэта былі:

«Пры свечках» / «При свечах»

Героі гомельскага рок-падполля. Магчыма, першы арт-рокавы гурт у гісторыі Беларусі. Іх канцэрты складаліся звычайна з дзвюх частак: у 1-м аддзяленні гучала інструментальная музыка ўласнага сачынення і рокавыя апрацоўкі Бетховена, Моцарта і Паганіні, а ў 2-м — каверы на замежныя рок-хіты. Не заўжды музыкі даігрывалі канцэрты — часта ім адключалі электрычнасць.

Гурт «Пры свечках», 1970-я

«Вікторыя»

«Вікторыя» — яшчэ адзін гурт, на канцэрты якога публіка выломвала дзверы. Яго заснавалі музыкі на чале з Юрыем Арэшкам на базе Завода металічных вырабаў у Рэчыцы. Усім было каля 20, акрамя непаўнагадовага бубнача. На танцах у парку Перамогі яны гралі ў асноўным тое, што слухалі самі, і тое, што напісалі пад уражаннем ад таго, што слухалі. У іх рэпертуары былі хіты брытанскага, амерыканскага і вугорскага (!) рок-н-рола, Je T’Aime... Сержа Генсбура, інструментальныя фрагменты з рок-оперы Jesus Christ Superstar і ўласныя творы. Вартая ўвагі кампазіцыя «Трактар», у якой музыкі выкарыстоўвалі загадзя запісаныя шумы: роў рухавіка, шоргат паперы, пераліванне вады ў шклянку...

Гурт «Вікторыя», 1970-я

«Шпакі»

Героі неафіцыйнай сцэны Мінска 1970-х. Гурт заснавалі студэнты фізфака БДУ ў 1969 годзе. Музыкі добра ўладкаваліся пры Палацы культуры МТЗ. Заводу патрэбны быў музычны калектыў, які б выступаў на афіцыйных мерапрыемствах, а на неафіцыйных канцэртах «Шпакі» маглі граць што заўгодна. Музыкі нават раскруцілі кіраўніцтва завода на набыццё 4 тон (!) прафесійнай апаратуры, чаму нават пазайздросціў Мулявін. І яшчэ адзін нечуваны для 1970-х выпадак: запіс аматарскага калектыву быў выдадзены на фірме «Мелодия». Гаворка пра песню «Дзе ты, зорка мая?», якую «Шпакі» запісалі пры спрыянні аўтара твора Ігара Лучанка глыбокай ноччу на студыі Белрадыё.

TuzinFM · ВІА "Шпакі" - Дзе ж ты зорка мая (І.Лучанок - А.Русак)

«Мінск»

Яркі гурт з зорным складам, магутнай духавой секцыяй і кароткай гісторыяй. Яго стварыў Валянцін Бадзьяраў пасля свайго сыходу з «Песняроў» у 1972-м. Спяваў там малады Валерый Дайнека, а на бас-гітары граў Аляксандр Ціхановіч, ужо вядомы слухачам па ўдзеле ў гурце «Факіры». Назваліся яны па аналогіі з гуртом Chicago і гралі падобную музыку — джаз-рок, свае інтэрпрэтацыі Blood, Sweat and Tears і нават сёе-тое з Хендрыкса!

Частка 3. Беларускі рок выходзіць з падполля

«Песняры» ў 1980-х працягваюць трымацца ў статусе самай папулярнай музычнай групы СССР. Яны знаходзяцца ў няспынным туры, збіраючы стадыёны і палацы спорту па ўсім Саюзе, часам па некалькі разоў на дзень, а таксама гастралююць па блізкім і далёкім замежжы. Толькі ўжо без саліста Барткевіча, якога палюбілі за пранікнёнае выкананне «Александрыны» (у 2015-м па выніках апытання 90 экспертаў, якое праводзіў мой партал TuzinFM.by, гэтая песня будзе названая галоўным беларускім хітом усіх часоў). Замест яго прыйдзе Ігар Пеня. У 1982 годзе фірма-манапаліст у выданні музыкі «Мелодия» адзначыць беларускі ансамбль «Залатым дыскам», які ўручаўся за продаж 12 мільёнаў кружэлак.

Пры гэтым у «Песняроў» у 1980-х афіцыйна выходзяць толькі два альбомы. Першы — «Зачарованная моя» (1983), запісаны ўжывую ў дзяржаўнай канцэртнай зале ў Маскве. Кружэлка падарыла аднайменны хіт у выкананні Валерыя Дайнекі на словы Генадзя Бураўкіна.

Другі альбом-гігант — канцэптуальная праграма «Через всю войну», прысвечаная 40-годдзю Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Тут ужо не абышлося без арт-рока. Да гэтага кірунку «Песняры» звяртаюцца перыядычна. Паслухайце, напрыклад, адзін з галоўных шэдэўраў ансамбля — «Крик птицы» у канцэртнай версіі канца 1980-х з уступам у стылі неакласічнага металу гітарыста-віртуоза Аляксандра Растопчына.

У 1980-х узыходзіць зорка першага цалкам дзявочага гурта — «Чараўніцы», што складаўся з выпускніц Гродзенскай музычнай вучэльні. Ён пачынаў яшчэ ў 1971 годзе, у 1979-м проста феерычна выступіў на конкурсе артыстаў эстрады. Калі падчас іх выступу адключыліся абедзве гітарныя калонкі, дзяўчаты дайгралі сваю песню пад акампанемент клавішаў і бубнаў. На «Мелодии» выйшлі два іх альбомы — цалкам беларускамоўны дыск-гігант у 1979-м і міньён у 1982-м з мегахітом «Пах чабаровы», што прынёс ім усесаюзную славу.


TuzinFM · Найвялікшыя беларускія песьні: Чараўніцы — Пах чабаровы (1982)

Тым часам з андэграўнду на афіцыйную сцэну выходзіць хард-рок. Гурт «Сузор’е» з аднайменнага кафэ запрашаюць на працу ў філармонію. Такім чынам камсамол паспрабаваў «прыручыць» вельмі папулярны на той час нефармальны ансамбль. Ну і зарабіць на ім, канечне. Першы кіраўнік групы Уладзімір Пучынскі згадваў, што дзякуючы прыбыткам ад канцэртаў «Сузор’я» філармонія ўтрымлівала на балансе цэлы камерны аркестр.

«Сузор’е» пэўны час быў адзіным легальным рок-гуртом у СССР. На афішах 1981—1982 гадоў толькі іх падпісвалі як «рок-групу». Яны былі першымі беларускімі рок-музыкамі, якія звярнуліся да старажытнай музыкі (гралі фрагменты з «Полацкага сшытка» ў рок-апрацоўцы) і да паэзіі эпохі Адраджэння (напісалі рок-оперу «Песня пра зубра» паводле паэмы Міколы Гусоўскага). А яшчэ ўдзельнікі «Сузор’я» ўвайшлі ў гісторыю як аўтары першага беларускага магнітальбома. У 1984 годзе яны за тры дні запісалі ў сутарэннях тэатральна-мастацкага інстытута альбом «Рок-тэрапія», які быў выдадзены неафіцыйным чынам на касеце і разышоўся па ўсім Саюзе прыкладным тыражом у 10 000 асобнікаў. У гэты час гурт ужо будзе расфармаваны пасля скандалу ў Гомелі, калі музыкі выйшлі на сцэну нападпітку і адзін з іх упаў у аркестравую яму. Але саміх удзельнікаў калектыву пакінулі працаваць у штаце акампаніятарамі для салістак філармоніі.

У 1986 годзе «Сузор’е» зноў з’явіцца пад сваёй назвай на сцэне, праз два гады выдасць на «Мелодии» альбом «Сентябрьская река» і на некалькі гадоў верне сабе папулярнасць.

А незалежны беларускі рок нарадзіўся ў сценах Мінскай мастацкай вучэльні. Можна нават устанавіць дакладную дату яго нараджэння — 7 лістапада 1981 года, калі другакурснікі вучэльні Лявон Вольскі, Уладзя Давыдоўскі, Алезіс Дземідовіч і першакурснік Беларускага політэхнічнага інстытута Юрась Ляўкоў у складзе гурта «Эскалатар» далі свой першы канцэрт у актавай зале. Неўзабаве групу пераназавуць у «Мрою», і яна стане першым цалкам беларускамоўным рок-гуртом у нашай гісторыі.

Лявон Вольскі, 1981 год

Першы вулічны канцэрт «Мроя» дасць у Траецкім прадмесці ў 1984 годзе. Першы альбом — «Стары храм» — музыкі запішуць праз два гады, калі Лявон, Уладзь і Алезіс адслужаць у войску. Юрася ў войска не забралі, таму яму давялося адказваць за ўвесь гурт, якім зацікавіўся КДБ, пачуўшы песню «Чужы горад».

Першы прафесійна запісаны і выдадзены на вініле беларускамоўны рок-альбом «Мроі» пад назваю «Дваццаць восьмая зорка» выйдзе на «Мелодии» у 1989 годзе і зацвердзіць за групай статус найлепшага беларускамоўнага рок-гурта таго часу. Дзеля запісу альбома з Масквы ў Мінск прыехала перасоўная студыя разам з гукарэжысёрам Аляксандрам Шцільманам — тым самым, які ў 1970-м запісаў першы альбом у гісторыі беларускага рока ў выкананні «Песняроў». Альбом «Мроі» падарыў два моцныя хіты — «Я рок-музыкант» і «Зямля», якую Лявон дагэтуль спявае на сваіх канцэртах.

На беларускай незалежнай рок-сцэне гурту «Мроя» па папулярнасці ў той час не саступала «Бонда». Спачатку група называлася «Студия 7» і выконвала рускамоўны рэпертуар, але з прыходам вакаліста Ігара Варашкевіча стала паступова пераходзіць на беларускую мову. Назву «Бонда» прапанаваў паэт Анатоль Сыс, а лога з пацучком — мастак Міхал Анемпадыстаў. Свой першы альбом «Бонда» запіша ў 1986 годзе. Два галоўныя хіты з яго — «Слуцкая брама» і «Стэфка», для выканання якой гурт запросяць нават на дзяржаўнае ТБ.

«Бонда» таксама ўвойдзе ў гісторыю з відэа рэжысёра Генадзя Шувагіна на песню «Ура!». Гэты ролік лічыцца першым беларускім музычным кліпам. Пры канцы 1980-х «Бонда» распадзецца, яе ўдзельнікі заснуюць дзве важныя ў гісторыі беларускага рока каманды — «Уліс» і «Рокіс», з якога потым паўстане «Крама».

Частка 4. Музыка незалежнай краіны

Пры канцы 1980-х незалежны рок выходзіць з падполля. Ідэалагічна правільныя ВІА становяцца незапатрабаванымі і разыходзяцца хто куды. Сярод тых рэдкіх ансамбляў, якія працягваюць трымацца на плыву, рабіць новыя праграмы і збіраць залы, застаюцца «Песняры». Яны прэзентуюць праграму «Вянок», цалкам напісаную на вершы Максіма Багдановіча, у бібліятэцы ААН у Нью-Ёрку. Менавіта адтуль «Слуцкія ткачыхі» і незабыўная «Пагоня», якая магла б стаць нацыянальным беларускім гімнам. І, магчыма, стане ім у будучыні.

У 1997 годзе беларускія рок-музыкі аддадуць даніну павагі творчасці «Песняроў»: выйдзе першы беларускі трыб’ют — «Песнярок». Яго прэзентацыя адбудзецца ў мінскім парку імя Купалы (тым самым, дзе калісьці рэпетавалі на дрэвах хіпі), а самі «Песняры» выступілі на гэтым канцэрце ў якасці хэдлайнераў. (Гэта быў першы канцэрт у маім жыцці, на якім я пабываў.)

У наступным годзе Мулявін уручыць рок-карону гурту Neuro Dubel і разам з Кашапаравым, першым выканаўцам «Вологды», паспрабуе праспяваць разам з Кулінковічам і Навумавым яе панк-версію. Гэта было феерычна.

Дарэчы, менавіта «Песняроў» можна лічыць аўтарамі першага беларускага альбома, які быў выдадзены на CD. Гэта запісаны ў Амстэрдаме ў лютым 1994-га і выдадзены ў гэтым жа годзе кампаніяй Philips дыск пад назваю «Песняры-25».

На тое, каб быць першымі беларускімі музыкамі, якія выдаліся на CD, прэтэндуе таксама група «Инспектор», заснаваная гітарыстам Віктарам Смольскім. У будучыні ён стане сусветнай зоркай у складзе нямецкага гурта Rage. Каманда выдае ў гэты ж час у Германіі дыск пад назвай Russian Prayer.

Што да незалежнай беларускай рок-сцэны, то тут ажно да 1999 года большасць альбомаў выдавалася на касетах. Дыскі яшчэ былі раскошай — як для музыкаў, так і для іх слухачоў. Першая беларуская CD-складанка альтэрнатыўнай музыкі звалася «Вольныя танцы» і выйшла пры канцы 1990-х. Наклад быў надрукаваны на заводзе ў Ізраілі.


TuzinFM · Вольныя танцы: Слухай Сваё! (1999) — першая беларуская СD-складанка

А я пералічу шэсць самых папулярных беларускіх касет 1990-х (паводле ўласных назіранняў, бо падлік прададзеных копій тады ніхто не вёў, пірацтва квітнела).

N.R.M. — «Одзірыдзідзіна» (1996)

Другі студыйны альбом музыкаў з «Мроі», якія вырашылі цалкам перафарматавацца: змянілі стыль, вобраз, адмовіліся ад ранейшага рэпертуару, дадалі да назвы «Незалежнай Рэспубліка» і пераўтварылі яе ў абрэвіятуру. Альбом цалкам трапіў у нерв часу (асабліва «Партызанская») і зрабіў N.R.M. рок-гуртом №1 у Беларусі. Наступныя альбомы «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» з суперхітом «Паветраны шар» (1998) толькі замацуе гэты статус.

Neuro Dubel — «Умные вещи» (1995)

Фактычны The Best з найлепшымі рэчамі першай панк-рок каманды Беларусі за шэсць год папярэдняга існавання. На адну касету яны не змясціліся, так што гэты рэліз з’яўляецца яшчэ і першым двайным магнітальбомам беларускага рока. 27 песень запісалі за 48 гадзін проста на кватэры Аляксандра Кулінковіча. На альбоме — маса хітоў, якія пройдуць выпрабаванне часам: «Петрова» (на той час хіт гурта №1), «Время распрощаться»«, «Звёздочки», «Я принёс тебе ура!», «Резиновый дом», «Каникулы с Чиччолиной», «Гуси-лебеди» ды інш.

«Ляпис Трубецкой» — «Ранетое сердце» (1995)

Першы студыйны альбом каманды Сяргея Міхалка, які прынёс калектыву шалёную папулярнасць (да гэтага па руках хадзіў толькі live-альбом «Любові капец»). Практычна ўсе песні з яго сталі хітамі. Хутчэй за ўсё, гэта была самая прадавальная беларуская касета 1990-х — за пару месяцаў пасля выхаду толькі афіцыйна было прададзена 25 тыс. копій, пасля ўжо не лічылі. Лепшыя песні з гэтай праграмы музыкі потым перапішуць і выдадуць ужо на CD «Ты кинула» ў Маскве мільённым тыражом і стануць на пэўны час групай №1 на ўсёй постсавецкай прасторы.

Дарэчы, мы апублікавалі на TuzinFM.by першы тэледэбют «Ляпісаў», які здарыўся, імаверна, у 1992 годзе на БТ з песняй «Ты кинула». Адметна, што сам Міхалок гэты выступ па тэлевізары ўбачыў у... вар’ятні, дзе апынуўся пасля перадазіроўкі наркотыкамі.

Gods Tower — The Eerie (1993)

Альбом, які вывеў гомельскую каманду ў лідары сусветнай метал-музыкі. У ім гурт вынайшаў свой пазнавальны стыль — дзякуючы гітарысту Аляксандру Уракаву, які імітаваў на гітары гукі беларускай жалейкі і дуды, уплятаючы іх у цяжкае грузкае гучанне. Альбом стане класікай дум-металу, уздыме чарговую хвалю захаплення цяжкай музыкаю, прарвецца на еўрапейскі рынак, група будзе называцца ў ліку найлепшых метал-каманд. А ў 2000-м Gods Tower будзе першым гуртом, які выступіць на найбуйнейшым фэсце Еўропы — Sziget.

«Народны альбом» (1997)

Песні, якія паўжартам пісаліся на ўжо закрытай уладамі FM-станцыі «Радыё 101,2», аб’ядналіся ў адзін з самых важных альбомаў у гісторыі беларускай музыкі. У ім узялі ўдзел больш за 20 знакавых асобаў беларускага андэграўнду таго часу, якія стварылі непаўторную атмасферу ўяўнага памежнага беларускага мястэчка ў міжваенны час. «Народны» будзе названы найлепшым альбомам года ў беларускай музыцы, яго аўтар Міхал Анемпадыстаў — паэтам года. Сам рэліз стане першым супольным праектам у гісторыі беларускай музыкі.

Гэтая касета натхніла мяне разам з рэжысёрам Яўгенам Шапчыцам на здымкі дакументальнага фільма пра гісторыю «Народнага альбома».

«Крама» — «Хворы на рок-н-рол» (1993)

Першы студыйнік «Крамы», якая паўстала на абломках «Бонды», і адзін з ключавых альбомаў беларускага рока. Менавіта з яго галоўныя хіты каманды Ігара Варашкевіча аўтарства Змітра Лукашука — «Будзь разам з намі» і «Бяжы, хлопец», а таксама актуалізаваная «бондаўская» рэч — «Стэфка», якая тут загучала яшчэ больш стылёва. З гэтай праграмай «Крама» сабрала на сваім шляху ўсе магчымыя на той час прызы: музыкі перамаглі на «Басовішчы» (1992), узялі 1-е месца на фестывалі «Поколение» у Расіі (1994), сталі гуртом года на першай «Рок-каранацыі» (1994), а англамоўны варыянт гэтага альбома пад назваю Vodka On Ice быў выдадзены для Вялікабрытаніі.


Асобнай размовы заслугоўвае гурт «Уліс» са сваімі першымі трыма альбомамі, якія немагчыма разглядаць паасобку. Гаворка пра «Чужаніцу» (выдадзена ў 1991 годзе на вініле на фірме «Мелодия» ў Маскве), «Краіна доўгай белай хмары» (быў запісаны другім, але выдадзены першым — таксама на вініле, польскай фірмай Polskie nagrania у 1990-м) і «Танцы на даху» (выдадзены на касеце ў Мінску фірмай «Каўчэг» у 1993-м).

Так, як «Уліс», не граў бадай што ніхто на постсавецкай прасторы. Дзякуючы музыцы, якую пісаў пераважна Слава Корань (былы гітарыст «Бонды»), і паэзіі Фелікса Аксёнцава група здолела стварыць сапраўдны цуд, спасцігаць і адкрываць усё новыя глыбіні якога — сапраўднае задавальненне. (Пэўна, вы ўжо здагадаліся, што для мяне «Уліс» — самы ўлюбёны гурт беларускага рока.)

«Уліс», фотасесія да альбома «Танцы на даху», 1993 год

Яшчэ адзін безумоўны шэдэўр 1990-х належыць аўтарству гурта «Мясцовы час» з Наваполацка. Альбом «Наша ўскраіна» быў запісаны ў мазырскай студыі «Арт», якую тады вельмі цанілі за якасць. Матэрыял уражвае ўсім — моцным вакалам і лірыкаю Алеся Кузьміна, доўгімі гітарнымі сола Валерыя Драко з прывітаннямі AC/DC, выдатнымі аранжыроўкамі і агульнай атмасферай. Альбом быў запісаны ў 1991 годзе, але, на жаль, вялікай славы музыкам не прынёс. Праз фінансавыя цяжкасці гурт у наступным годзе распадзецца. У другой палове 1990-х яны паспрабуюць вярнуцца на сцэну, але нічога з гэтай задумы не атрымаецца.

«Мясцовы час», пачатак 1990-х

Расповед пра незалежны рок 1990-х не будзе поўным без групы «Новае Неба», якую створаць у 1991-м спявачка-бард Кася Камоцкая і гітарыст Лявон Шырын. Фактычна гэта быў першы ў гісторыі беларускамоўны рок-гурт з жаночым вакалам.

Фотасэт Касі Камоцкай да альбома «Сон у трамваі» (1994)

Найбольш адметны іх альбом — «Мая краіна», які выйдзе на піке пратэстаў у 1996 годзе і падорыць узорную патрыятычна-лірычную песню аўтарства Міхала Анемпадыстава.

Музычныя 1990-я ў Беларусі — гэта яшчэ і новая фольк-хваля, якая перазагрузіла фолькавую тэму, што прывяло да вяртання інтарэсу да народных спеваў і беларускай культуры. І калі «Песняры» на мяжы 1960—1970-х пагрузілі беларускі фольк у рок-н-рольную эстэтыку, то на пачатку 1990-х фольк сталі актыўна спалучаць з электронікай, хіп-хопам, джазам, блюзам, рокам, металам ды іншымі кірункамі.

Два самыя адметныя гурты гэтага часу ў дадзеным кірунку:

«Палац»

Магчыма, першы гурт на постсавецкай прасторы, які спалучыў фольк з сучаснай танцавальнай музыкай, назваўшы свой стыль «фольк-мадэрн». Выглядала гэта проста неверагодна: арыгінальная манера спявання і паводзінаў на сцэне Алега Хаменкі, падтанцоўка, духавыя, рокавыя інструментальныя ўстаўкі і рэпавыя ўступленні Змітра Вайцюшкевіча. Проста паглядзіце гэтае відэа 1993 года.

Kriwi

Эксперыментальны фолькавы гурт, які паўстаў у якасці праекта студыі «Палац», але неўзабаве стаў цалкам самастойным. У дэбютным альбоме Hej-loli (1997), які музыкі запішуць у Берліне, яны эксперыментуюць з электронікай. У наступных працах — студыйніку «За туманам» і лайв-альбоме «Людзям» — будуць як акапэльныя спевы, так і рокавыя асэнсаванні фальклору. Салістку Вераніку Круглову прызнаюць «рок-князёўнаю», а «Крыві» назавуць найлепшым гуртом краіны на «Рок-каранацыі — 1999». Прыблізна ў гэты час група стане ўжо адкрытым міжнародным праектам, які будзе існаваць на два гарады: Мінск і Берлін. У ім паўдзельнічаюць дзясяткі музыкаў з Германіі, Польшчы, Ізраіля, Ірана, Бангладэш ды іншых краін.


У 1990-я ў Беларусі з’яўляецца свая музычная прэмія — згаданая ўжо тут «Рок-каранацыя», якую заснуюць кіраўнік першага беларускага лэйбла «Каўчэг» Юрый Цыбін і беларускі прамоўтар №1 таго часу Генадзь Шульман. Першае ўзнагароджанне прайшло ў Альтэрнатыўным тэатры 12 студзеня 1995 года. Галоўную «Рок-карону» тады далі «Краме», «Альбом года» разам са спецыяльнай намінацыяй «Рок-князёўна», якая была дадатковай фішкай прэміі, атрымала Кася Камоцкая (альбом «Сон у трамваі»), а першы ў гісторыі гурта N.R.M. выступ, які быў пры канцы прэміі, прайшоў незаўважна — большасць залы спяшалася ў гардэроб і на фуршэт.

У адзін і той жа 1990 год нарадзіліся два беларускія рок-фэсты, якія сталі сапраўднымі брэндамі. Адзін заснавала Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы. Ён праводзіўся ва ўрочышчы Борык ля Гарадка, што ў Беластоцкім павеце, усяго ў 30 км ад беларускай мяжы. Шмат для якіх беларускіх рок-гуртоў таго часу паездка на «Басовішча» была першай замежнай вандроўкай у жыцці.

З 1992 года на «Басовішчы» сталі праводзіць конкурс маладых выканаўцаў, які адкрываў для беларусаў па розныя бакі мяжы новыя імёны. Сярод пераможцаў «Басовішча» ў 1990-х былі «Крама», «Мясцовы час», «КальЯн», Deviation, Znich, Exist. Дзякуючы «Басовішчу» на Падляшшы з’явілася свая беларускамоўная рок-сцэна, яскравымі прадстаўнікамі якой у канцы 1990-х былі гурты R. F. Braha i Kardon.

Другі фэст — пад назваю «Рок-кола» — паўстаў у Наваполацку. Пры канцы 1980-х тут быў сапраўдны ўздым рок-музыкі. На стотысячны горад налічвалася каля трох дзясяткаў рок-гуртоў, у выніку чаго ў згодзе з камсамольскай арганізацыяй быў арганізаваны Наваполацкі рок-клуб, які ўзначаліў Сяргей Анішчанка. Ён і заснаваў «Рок-кола». Сяргей — сапраўдная легенда полацкага рока. Акрамя арганізацыі канцэртаў і фэстаў ён вёў у якасці адміністратара справы групы «Мясцовы час», сам спяваў у ключавых полацкіх і наваполацкіх гуртах таго часу — «Пошук» (1986), «Рокаш» (1988), «Кадэцкі корпус» (1990), «Грунвальд» (1991—1993), а да ўсяго заснаваў дзіцячы рэспубліканскі фэст «Халі Хало», тэатр-студыю «Зніч» і зрабіў неверагодную колькасць іншых спраў для беларускай культуры.

Гурт «Рокаш», 1988 год. Другі злева — Сяргей Анішчанка

У 1990-я гады выступы праходзілі без асаблівых перашкод. Напрыклад, канцэрт на Дзень Волі ў 1993-м паказвалі па Беларускім тэлебачанні. Музыкаў падтрымліваў мясцовы бізнес і замежныя фонды (напрыклад, фонд Сораса). Фірма «Дайнова» фінансавала запіс новых альбомаў і канцэрты беларускіх артыстаў, а на «Рок-каранацыі» ў якасці прызоў раздавалі бытавую тэхніку. Але здараліся і канфлікты, канцэрты часам забараняліся, музыкаў адключалі ад эфіраў і г. д.

Спынюся на трох самых красамоўных выпадках канфрантацыі музыкаў і ўлад.

У 1993 годзе на сваім першым у гісторыі выступе гурт Deviation выканаў песню пад назвай «Міліцэйскі тэрор». Музыкі прысвяцілі яе былому начальніку Бераставіцкага РУУС, які застрэліў з табельнай зброі жонку і параніў сына. За заклік да самасуду вакаліста пасадзілі на 10 сутак, басіста — на 15, а бубнача аштрафавалі.

У 1995-м Савецкі райвыканкам у асобе сакратара Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна, у будучым апазіцыйнага палітыка, забараніў канцэрт групы žygimont VAZA, выразных антыкамуністаў. Музыкі на знак пратэсту вырашылі ўсё ж даць канцэрт — на балконе кватэры аднаго з удзельнікаў, за што апынуліся ў міліцыі за парушэнне грамадскага парадку.

У 1996 годзе быў забаронены да паказу кліп «Гомельскі вальс» гурта «Крама», запісаны да 10-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Дырэкцыю канала напружылі словы з песні «Гэта наш лёс, гэта наш шлях», у якіх яны ўгледзелі намёк на акцыю апазіцыі «Чарнобыльскі шлях». Не дапамог нават удзел у кліпе заўжды лаяльнага да ўлад вакаліста ВІА «Сябры» Ярмоленкі.

Частка 5. Беларускі рок пад забаронай

14 мая 2002 года па вяртанні ў Мінск са сваёй дачы Уладзімір Мулявін трапляе на трасе Заслаўе — Калодзішчы ў аўтакатастрофу, у выніку чаго пашкоджвае спінны мозг. Музыку намагаліся ўратаваць, зрабілі аперацыю, але праз 8 месяцаў, 26 студзеня 2003 года, у шпіталі ў Маскве заснавальнік «Песняроў» памірае. У гэты час ужо існуе некалькі складаў, якія выконваюць рэпертуар ансамбля Мулявіна. Разлад пачаўся яшчэ ў 1998 годзе, калі частка музыкаў сышла з дзяржаўнага калектыва і заснавала свой ансамбль «Беларускія Песняры». Агулам жа толькі па прыблізных падліках у 2000-х як мінімум шэсць калектываў выкарыстоўвалі брэнд «Песняры».

Першая палова 2000-х у беларускай музыцы прайшла пад знакам N.R.M. Музыкі пацвердзілі свой статус гурта №1 мацнейшымі альбомамі Try čarapachi (2000) і Dom kultury (2002). Яны збіраюць поўныя залы і пляцоўкі па ўсёй Беларусі. Групу кананізуюць пры жыцці другім беларускім трыб’ютам — Viza N.R.M. (2003), для якога песні Вольскага спяваюць нават вакалістка «Красок» і аматары рускага шансона «Тяни-Толкай». Песня «Тры чарапахі» становіцца народным хітом, яе ведаюць нават польскія памежнікі, якія напяваюць вядомыя радкі, правяраючы пашпарты беларусаў, што едуць на «Басовішча».

Магчыма, што менавіта «Тры чарапахі» — першая беларускамоўная песня, якая была загружаная на сервіс YouTube у 2006-м. Гэта жывы запіс з канцэрта на Тэатральнай плошчы ў Варшаве.

Шосты студыйны альбом N.R.M., які вырашана было так і назваць — «06», з’явіўся ў 2007 годзе і падарыў яшчэ адну надзвычай важную песню айчыннага рока, якая дае ключ да разумення беларускага грамадскага і культурнага кантэксту.

Вольскі і N.R.M. акрамя ўласных альбомаў паралельна працуюць таксама над супольнымі праектамі разам з іншымі вядучымі музыкамі краіны. На пачатку 2000-х адзін за адным выходзяць два праекты. У адзін — «Святы вечар» — увайшлі калядныя спевы, у другі — «Я нарадзіўся тут» — патрыятычныя гімны.

Абодва праекты цягам трох год збіраюць узнагароды на «Рок-каранацыі»: яшчэ фармальна нявыдадзены «Святы вечар» названы праектам года ў 1999-м, «Я нарадзіўся тут» — падзеяй 2000-га, а прадзюсар абодвух праектаў, бізнесовец Алесь Суша атрымлівае галоўную «Рок-карону» за абодва ў 2001-м.

Галоўнае адкрыццё абодвух праектаў — Аляксандр Памідораў. Вядомы перадусім як радыёдыджэй, ён ужо запісаў для «Народнага альбома» габрэйскую песню Lomir zich iberbetn, а падчас працы над «Святым вечарам» ён проста на спрэчку з Веранікай Кругловай запісвае песню «Цуд на Каляды», фактычна першы рэп па-беларуску і бадай што найлепшую калядную песню XXI стагоддзя. Цікава, што першапачаткова твор задумваўся як гангста-рэп — гэта была гісторыя пра злодзея, які збягае з турмы на Каляды, але прадзюсар Суша вельмі прасіў зрабіць яе больш лагоднай. У 2003 годзе на інтэрнэт-партале «Тузін Гітоў» будзе прэзентавана відэа на гэтую песню, зробленае ў моднай тады стылістыцы флэш-анімацыі.

У «Я нарадзіўся тут» таксама незапланавана, як і ў двух папярэдніх выпадках, трапіла песня Памідорава «Крывавае свята» — быць можа, самая душараздзіральная песня беларускага рока, напісаная пад уражаннем ад трагедыі на Нямізе 30 траўня 1999 года.

Абедзве песні Аляксандр запісваў з гуртом N.R.M., але ў гэты момант у яго ўжо выспела ідэя ўласнага гурта Pomidor/off, з якім ён створыць адзін з самых моцных альбомаў беларускага рока 2000-х — «Свята пакрадзенае».

Па моцы гучання гэты альбом падобны на дыск «Люстэрка» групы «Уліс», запісаны прыблізна ў той жа час Славам Коранем. (Увесь склад «Уліса» акампанаваў пры гэтым Памідораву.) Гэта будзе апошні альбом у дыскаграфіі выдатнага гурта.

Асобна трэба сказаць пра такую з’яву, як магілёўская рок-сцэна, якая развіваецца па сваіх законах і з мінскай практычна не сутыкаецца. Музычнае жыццё ў горадзе віруе: праходзяць кватэрнікі, канцэрты, фэсты, выходзяць касеты, дыскі, паэтычныя зборнікі... Такая актыўнасць звязана найперш з дзейнасцю творчага аб’яднання «Цэнтр жывога рока», які паўстаў у 2002 годзе на базе рэдакцыі самвыдатаўскага часопіса «Под шумок». Узначальвае рух Віталь Шум, які робіць сайт morok.ru і і займаецца прамоцыяй вядучых гуртоў горада. Сярод іх вылучаюцца «Сердце дурака», «Авангардшкола», «Калачиком рядом» і, канечне ж, cамы папулярны гурт Магілёва 2000-х «Глюкі». Атмасферу іх выступаў можна адчуць вось на гэтым аматарскім відэазапісе 2006 года.

З «Глюкамі» за званне магілёўскага гурта №1 таго часу можа паспрачацца Mauzer (спачатку зваўся Tav.Mauzer), безумоўныя зоркі беларускага ню-металу 2000-х. У 2005-м музыкі перамаглі на «Басовішчы», сталі лаўрэатамі «Рок-кола» і былі названыя дэбютам года на «Рок-каранацыі». У 2006-м Ян Маўзер быў названы найлепшым выканаўцам года на беларускай рок-сцэне.

Гісторыя абедзвюх каманд была яркая, але нядоўгая. «Глюкі» спынілі існаванне ў 2008-м, Mauzer — праз два гады. Удзельнікі «Глюкаў» Рома Жыгараў і Стас Мытнік створаць гурт Akute, а ўдзельнікі «Маўзера» разыйдуцца хто куды: Ян Маўзер паедзе ў Кіеў, дзе створыць праект «Мама», Рома «UFO» Сашчэка далучыцца да рэп-праекта ЛСП і стане Ромам Англічанінам, а Леанід «Lenny» Цярэшчанка i Васіль «Vase» Буланаў у складзе гурта Iowa неўзабаве пачнуць скараць расійскі шоўбіз.

На пачатку 2000-х сольную кар’еру пачынае Зміцер Вайцюшкевіч, які надаваў непаўторнага заходняга каларыту народным спевам у складзе «Палаца» і «Крыві». Зміцер цалкам змяняе свой вобраз і становіцца сур’ёзным выканаўцам, які можа або заспяваць для дзяцей з бацькамі (праект «Цацачная крама»), або вярнуцца да каранёў (альбом «Балады»), або часам даць рок-н-рола, паэксперыментаваць з музыкай і паэзіяй. Але ў асноўным ён сябе пазіцыянуе ў якасці сур’ёзнага шансанье для «пані трошкі ў гадах», з лірычным і патрыятычным рэпертуарам. Толькі за першыя 9 год кар’еры (2001—2010) Зміцер запісвае і выдае 13 (!) альбомаў.

Самая кранальная песня ранняга Вайцюшкевіча — «Я ішоў да цябе» на словы Алеся Камоцкага.


TuzinFM · Зьміцер Вайцюшкевіч — Я ішоў да цябе (2003)

Практычна ўсе буйныя канцэрты беларускага рока 2000-х ладзіць лэйбл «БМА-груп». Ён жа выдае альбомы топавых і маладых выканаўцаў, складанкі альтэрнатыўнай музыкі з серыі «Вольныя танцы» (следам за дыскам «Слухай сваё» (1999) выйшлі «Вольныя танцы: новая альтэрнатыва» ў 2000-м і «Вольныя танцы: альтэрнатыва_by» у 2001-м, а таксама па стылях — лепшае з беларускага хардкора («Hardcoreманія: чаду!»), рэпа («Пасадзiў DEAD RAPку / Rap Not Dead»), металу (Hard Life Heavy Music)), а таксама закладае серыю «Беларускі музычны архіў», у межах якога выдае рарытэтныя запісы беларускай музыкі. Унёсак лэйбла і яго кіраўніка Віталя Супрановіча ў беларускую культуру настолькі адчувальны, што «Наша Ніва» ў 2003-м называе яго «Чалавекам года ў Беларусі».

Заснавальнік і кіраўнік «БМА-груп» Віталь Супрановіч. Фота: Budzma.org

Ініцыятыву па выданні альбомаў у другой палове 2000-х перахопяць іншыя лэйблы — West Records, Go Records, «Новая музычная кампанія» і «Вігма» (першы беларускі лэйбл, які з пераменным поспехам працуе з 1993 года), але «БМА-груп» сваю нішу ў выданні беларускамоўнай музыкі будзе займаць да 2014 года.

Канцэртную дзейнасць шэрагу самых вядомых беларускіх рок-гуртоў у сярэдзіне 2000-х моцна абмяжоўваюць чыноўнікі. Першая хваля забаронаў бярэ адлік ад 21 ліпеня 2004-га, калі шэраг беларускіх каманд выступіў на апазіцыйнай акцыі «Не трэцяму тэрміну» на плошчы Бангалор. Перад выступам гурта Neuro Dubel была адключана электрычнасць, але музыкі разам з гледачамі праспявалі «Резиновый дом» а капэла. На наступны дзень інцыдэнт пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка, які зазначыў наступнае: «Заплацілі за гадзіну электрычнасці, адыгралі там „дзюбелі“ ды іншыя „палацы“, ну ўсё — за другую гадзіну не плацілі, электраэнергіі няма. Плаціце з запасам і танцуйце. Танцуйце колькі хочаце, але там, у гайд-парку беларускім, на Бангалоры, вы нікому не замінаеце».

Чыноўнікі ўзяліся зачышчаць прастору ад няўгодных музыкаў па адным толькі намёку. Гурт «Палац» у поўным складзе застаўся без афіцыйнай працы — музыкаў звольнілі з «Белканцэрта». Аляксандра Памідорава знялі з вядзення праграмы «Тэхналогія» на СТВ, закрылі праграму «Настаўніцкая» Алега Хаменкі на гэтым жа тэлеканале. З таго часу канцэрты груп N.R.M., Neuro Dubel, «Палац», Zet, Pomidor/off, Drum Ecstasy, Змітра Вайцюшкевіча (пазней да гэтага спіса далучаць «Краму» з «Крамбамбуляй») адмяняліся адзін за адным.

Каб абысці забароны, канцэрты ладзіліся падпольна і без рэкламы. Запрашэнні на іх дасылаліся па фан-базе альбо арганізатары проста абтэлефаноўвалі надзейных людзей. Таксама канцэрты маскіраваліся пад карпаратыўныя святы і дні народзінаў.

Больш за тое, на публічных мерапрыемствах музыкі часам ішлі на змену назвы. У той час я быў прадзюсарам цырымоніі «Рок-каранацыі» і асабіста ўгаварыў Сашу Кулінковіча, Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча, каб іх групы былі заяўлены пад іншымі назвамі. Інакш выступ бы проста не адбыўся. Таму на сцэну выйшлі адпаведна гурт «Выпіць і паплакаць», Лявон Вольскі з бэндам і група «Варашкевіч і Ка».

Таксама тады з’явілася ідэя ладзіць канцэрты беларускіх каманд у суседніх краінах. Першапраходцам тут быў N.R.M.: іх канцэрт у Вільні ў 2006-м мне пашчасціла арганізаваць разам з літоўскімі партнёрамі. Каб паслухаць беларускія групы, слухачы выязджалі на фэсты «Басовішча» ў Польшчу і «Быць свабодным» (Be Free), які праходзіў ва ўкраінскіх гарадах тры гады запар.

Больш чым тры гады ніхто з чыноўнікаў і ведамстваў афіцыйна не браў на сябе адказнасць за гэтыя забароны. Але ў лістападзе 2007-га апальныя музыкі былі запрошаныя ў Адміністрацыю прэзідэнта на размову з Алегам Праляскоўскім, тагачасным начальнікам Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. Пасля размовы ўсе забароны былі знятыя. Праўда, частка прыхільнікаў не ўхваліла ўчынак музыкаў. У каментарыях таго часу некаторыя пісалі, што пасля такога выкідаюць у вакно касеты і дыскі рокераў-перамоўшчыкаў.

У 2009 годзе Міністэрства культуры разам з Мінгарвыканкамам і Мінаблвыканкамам выступілі арганізатарамі рок-фестываля Bella Music на аэрадроме Баравая. Я разам з Алегам Хаменкам складаў тады праграму фестываля, на якім выступілі з дзясятак беларускіх гуртоў. Але далейшай супрацы з уладамі не выйшла — у наступным годзе былі прэзідэнцкія выбары і другая хваля забаронаў.

У траўні 2003-га на «Рок-каранацыі» галоўную ўзнагароду ўручылі «Крамбамбулі» — новаму праекту Лявона Вольскага. На гэтым гісторыя першай музычнай прэміі магла б скончыцца — у арганізатараў бракавала рэсурсаў і сіл на далейшае яе правядзенне. Аднак праз тры гады пасля размовы з заснавальнікам «Рок-каранацыі» Юрыем Цыбіным мы з камандай «Тузіна Гітоў» вырашылі адрадзіць прэмію. Правёўшы тры цырымоніі, я вырашыў сысці з ліку арганізатараў, бо такі фармат правядзення і агульнага стаўлення да музыкаў сябе ўжо не апраўдваў. «Рок-каранацыя» мусіла застацца ў мінулым. Тым не менш яна праводзілася да 2011 года, і пасля былі неаднаразовыя, але марныя спробы яе рэанімаваць.

У 2000-х скончылася і слаўная гісторыя найстарэйшага рок-фэста, які праводзіўся на тэрыторыі Беларусі, — «Рок-кола». Забаронены ён быў у лістападзе 2007 года на пасяджэнні Полацкага гарвыканкама з такой вось афіцыйнай фармулёўкай: «Лічыць немэтазгодным правядзенне ў горадзе мерапрыемстваў тыпу фестывалю „Рок-кола“, чужых гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю; рэкамендаваць адказным асобам, якія адказваюць за духоўнае выхаванне моладзі, устрымлівацца ад ініцыявання падобных мерапрыемстваў». Я неаднаразова быў у журы «Рок-кола» і магу адзначыць, што фестываль заўжды ладзіўся на высокім узроўні пры падтрымцы мясцовых улад, але прыйшоў іншы час. Заснавальнік і рухавік фэсту Сяргей Анішчанка разглядаў магчымасць праводзіць яго надалей у Мінску ці нават у Смаленску, але развіцця гэтая ідэя не набыла.

2010-я. Апошняя частка

У 2011 годзе кампанія «Вігма» заяўляе, што спыняе вытворчасць аўдыёкасет — «прадаўцы не хочуць гандляваць маральна састарэлым таварам». А праз некалькі гадоў практычна спыняецца і масавая вытворчасць беларускай музыкі на CD-носьбітах. Прыходзіць лічбавая эпоха: музыку ўжо нават не пампуюць сабе на тэлефон/камп’ютар, а проста слухаюць у інтэрнэце — праз пляцоўкі last.fm, soundcloud.com. bandcamp.com, а пасля праз стрымінгавыя сервісы.

У другой палове 2010-х касеты яшчэ вернуцца: гэта будзе фішкаю, асабліва сярод пост-панкавых гуртоў, — выдаць свой альбом на касетах накладам у 50 асобнікаў. А вось CD не аджывуць, з распаўсюдам MacBook іх нават няма дзе слухаць.

Беларускамоўны гурт №1 N.R.M. у 2011 годзе распадаецца — уласна на Лявона Вольскага, які ўшчыльную рэалізуе сольныя праекты, ды іншых удзельнікаў, якія працягваюць выступаць пад шыльдаю N.R.M. Месца франтмэна займае гітарыст Піт Паўлаў, які выконвае як ранейшыя хіты групы, так і свае ўласныя песні. У 2013-м каманда выдае новы альбом пад назвай «Д.П.Б.Ч.», які становіцца першым беларускамоўным альбомам на вініле ў XXI стагоддзі. Але канцэрты гурт дае рэдкія і ў невялікіх клубах.

Што да Лявона Вольскага, то ён перыядычна збірае вялікія залы. Праграму «Белая яблыня грому» ён прэзентуе на сцэне тэатра імя Янкі Купалы (2010), а ў час забаронаў збірае вялікія залы на прэзентацыях сваіх альбомаў Hramadaznaūstva (2014) і Psychasamatyka (2016) у Вільні. У сталіцы Літвы ён прэзентуе і альбом «Чырвоны штраль» (2015) з «Крамбамбуляй».

Вось як было на канцэрце Лявона ў Вільні ў 2014-м.

Акрамя Вольскага, якому марна намагаліся перакрыць кісларод яшчэ ў БССР, другая хваля забаронаў, якая з’явілася пасля выбараў-2010, моцна закранула Змітра Вайцюшкевіча, песні якога на той час гучалі на радыё і дзяржаўным тэлебачанні, а сам выканаўца нават стаў выступаць на канцэртах Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча. Акрамя таго, музыка пастаянна збіраў аншлагі на сольныя канцэрты. Закранулі забароны і гурт «Ляпіс Трубяцкой», лідар якога Сяргей Міхалок зрабіў шэраг жорсткіх заяў наконт дзеючай улады і сказаў, што ў краіне адбываецца «культурны генацыд». У выніку ім зацікавілася Генпракуратура, але справы не завяла. Тур «Ляпісаў» з нагоды прэзентацыі альбому «Весёлые картинки» быў сарваны, а сам Міхалок пад ціскам КДБ з’язджае ва Украіну. У 2014 годзе ён заявіць пра сканчэнне 25-гадовай гісторыі групы «Ляпіс Трубяцкой». Перад гэтым на вініле выйдзе першы цалкам беларускамоўны альбом гурта — «Грай», у падтрымку якога будзе дадзены маштабны канцэрт на Siemens Arena у Вільні.

З перашкодамі ў канцэртнай дзейнасці сутыкаліся ў гэты час таксама гурты Neuro Dubel, «Крама», Naka, Vinsent, Amaroka, Dzieciuki. Аўтар гэтых радкоў як арганізатар канцэртаў некалькі разоў трапляў у наступную сітуацыю: большасць квіткоў прададзена, а мерапрыемства правесці немагчыма — дырэкцыя пляцоўкі проста адмаўляецца выконваць прапісаныя ў дамове абавязкі і гатовая несці іміджавыя і фінансавыя страты, абы толькі не праводзіць канцэрт. Канцэрты ў асноўным адмяняліся па званку зверху, без аніякіх дакументальных сведчанняў. Сярод прычын адмены называлі праблемы з пажарнай сігналізацыяй, электрычнасцю, уцечку этыленгліколю, працяканне даху і г. д.

У 2017 годзе забароны з беларускага рока знялі. Той жа Вольскі тады выступіў у Prime Hall, і гэта быў яго першы легальны сольны канцэрт у Мінску за 7 год. Ідэолагі пры канцы 2010-х звернуць увагу на заходніх выканаўцаў. З самых гучных забаронаў гэтага часу — паўднёваафрыканскі праект Die Antwoord, расіянін Face і беларускі рэпер Бакей. Але рокераў проста так у спакоі не пакінуць, дойдзе да арыштаў.

25 сакавіка проста на вуліцы на Дзень Волі затрымалі Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Змітра Вайцюшкевіча і Паўла Аракеляна, якія збіраліся зладзіць святочны канцэрт.

Падчас пратэстаў-2020 пасля вулічнага канцэрта ў Шабанах затрымалі Аляксандра Памідорава і Лэслі Найфа (Уладзіслава Наважылава). Ім дадуць па 8 сутак арышту.

Гурт Лэслі — легенда беларускага металу Gods Tower — адрадзіўся праз 8 год пасля распаду. У 2010-м яны пачалі актыўную канцэртную і студыйную дзейнасць. Геніяльнага гітарыста Аляксандра Уракава замяніў яго вучань Дзмітрый Лазарэнка, а праз некаторы час — Віталь Абрамовіч, даўні прыхільнік Gods Tower і па сумяшчальніцтве гітарыст Neuro Dubel.

У 2010-я выканаўцы з Беларусі штурмуюць расійскі музычны рынак. У першай палове дзесяцігоддзя поўныя залы на постсавецкай прасторы збіраюць «Ляпіс Трубяцкой» і «Серебряная свадьба», а ў другой палове 2010-х у лідарах рускамоўнай музыкі — беларусы Макс Корж, ЛСП, Ціма Беларускіх. Па-беларуску новыя героі зусім не спяваюць — гэта вынік гуманітарнай катастрофы, да якой прывяла палітыка дзяржавы.

Яшчэ шэсць гучных імёнаў беларускай музыкі 2010-х:

Palina (Паліна Рэспубліка)

Спявачка, якая ў 17 гадоў перамагла на фэсце «Бардаўская восень» і была названая адкрыццём года ў беларускай музыцы. Яна адразу ж стала збіраць поўныя залы ў Мінску ды іншых гарадах, у яе ўлюбілася ўкраінская публіка, але дэбютны альбом Паліна запіша ўжо калі ёй будзе 21. Пасля яго спявачка расчаруецца ў бард-року, абнуліцца і стане рабіць зусім іншую музыку ды па-новаму здабудзе прыхільнасць слухачоў.

«Дай дарогу»

Гурт, які паўстаў яшчэ пры канцы 1990-х, па-сапраўднаму раскрыецца акурат у 2010-х. Менавіта ў гэты час з’явяцца іх хіты «Боли нет» (з Міхалком), «10 миллионов», «Увольте», «Помоги», «Баю бай», першы беларускамоўны твор «Не веру». Музыкі атрымаюць «Альбом года» і «Гурт года» (прэмія «Даём рады — 2012)», «Артыст года» (прэмія Rock Profi), увойдуць у топ-5 самых запатрабаваных фестывальных груп ва Украіне (2015).

Relikt

Гэты гурт таксама пачынаў пры канцы 1990-х, але да поспеху прыйшоў у сярэдзіне 2010-х. У 2015 годзе ён выдаў ключавы для беларускага рока ў прынцыпе альбом «Лекавыя травы», з якім сабраў усе магчымыя ўзнагароды на беларускай незалежнай сцэне.

«Петля пристрастия»

Гурт, які стаў культавым на радзіме і быў прызнаны за мяжой. Іх альбом «Фобос» узначаліў рэйтынг найлепшых постсавецкіх альбомаў 2013 года паводле версіі расійскай «Афішы». А альбомы «Всем доволен» і «Мода и облака» ўвайшлі ў топ-10 галоўных беларускіх дыскаў дзесяцігоддзя па версіі Experty.by. «Мода и облака» — мой любімы іх альбом, але слухаць трэба ўсе, кожны з іх — проста шэдэўр.

TonqiXod

Гэта вельмі важны гурт для беларускай музыкі. Каранямі яны сядзяць у 1960-х. Нешта падобнае магло б атрымацца, калі б паэт Алесь Разанаў пазнаёміўся з групай The Doors і Джым Морысан стаў бы спяваць песні на яго вершы. Іх геніяльны дэбютны альбом Pradmova (2014) атрымаў усе магчымыя музычныя ўзнагароды. Роўна як і другі — «Колер якога няма» (2017), пасля запісу якога гурт распаўся.

Nizkiz

Бадай што рок-гурт №1 у Беларусі канца 2010-х. Іх кліп «Небяспечна» (рэж. А. Лобач) стаў адным з першых беларускамоўным музычным відэа, якое перакрочыла адзнаку ў 1 мільёнаў праглядаў на YouTube. Яны выконваюць моцныя стадыённыя хіты і збіраюць тысячы людзей на сваіх канцэртах. Нягледзячы на тое што гурт пераважна рускамоўны, ключавыя песні ў іх — на беларускай. Акрамя «Небяспечна» гэта «Гуантанама», «Люстэрка», «Цемра».

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by