Гэта наш чарговы матэрыял пра самых таленавітых і цікавых людзей беларускай зямлі. І гэтым разам мы распавядзем пра чалавека, імя якога вы дакладна чулі. Казімір Семяновіч стаў вядомы як вынаходнік шматступеньчатай ракеты. Ён першым выказаў, абгрунтаваў і апісаў яе ідэю. І таму яна стала прататыпам тых ракет, што больш за паўстагоддзя выводзяць на арбіты касмічныя апараты і могуць вывесці самую небяспечную зброю. А пра вельмі плённы лёс вынаходніка мы распавядаем сёння разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам.
Читать на OnlínerКазімір Семяновіч — навуковец з Вялікага Княства Літоўскага, інжынер і тэарэтык артылерыі. У XVII ст. ён першым выказаў, абгрунтаваў і апісаў ідэю шматступеньчатай ракеты. Адбылося гэта, падкрэслім, за два з паловай стагоддзі да распрацовак заснавальніка сучаснай касманаўтыкі Канстанціна Цыялкоўскага (які, дарэчы, згадваў Семяновіча ў сваіх працах) і ўладальнікаў першых патэнтаў бельгійца Бінга і амерыканца Годарда.
Пра жыццё і паходжанне Казіміра Семяновіча вядома вельмі мала. Беларускія даследчыкі Бельскі і Ткачоў сцвярджаюць, што ён нарадзіўся каля Дуброўны на Віцебшчыне ў сям’і дробных князёў Семяновічаў, якія ў XIV—XVII стст. валодалі невялікімі землямі ў гэтай частцы Падняпроўя. Некаторыя прыклады лексікі самога вучонага пацвярджаюць такую думку. Але запісы пра сем’і з прозвішчам Семяновіч, якія б мелі права на герб Астоя, не вядомы. Не выключана, што Казімір проста набыў права надрукаваць герб у сваёй кнізе, каб паспрыяць яе папулярнасці. Сам ён пісаў пра сваё месца ў шляхецкай іерархіі даволі невыразна (магчыма, менавіта з указанай прычыны). Называючы сябе літвінам, Семяновіч меў на ўвазе сваё грамадзянства ВКЛ. У літоўскай версіі Казімір нарадзіўся каля Росеняў (зараз Расейняй) у Жамойці ў небагатай шляхецкай сям’і магістра філасофіі і вольных мастацтваў з такім самым прозвішчам, які запісаны ў актах Віленскай акадэміі пад 1650 годам. Аднак усё, што мы ведаем пра біяграфію Семяновіча, супярэчыць гэтаму меркаванню. Сам Казімір падпісваўся як eques Lithuanus — «шляхціц-літвін».
Семяновіч — удзельнік вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і аблогі горада Белага, удзельнік бітвы 30 студзеня 1644 года войскаў Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам, дзе ён убачыў татарскія феерверкі.
Выехаўшы ў Нідэрланды, у 1645-м Казімір прыняў удзел у аблогах розных гарадоў войскамі Фрыдрыха Генрыха Аранскага. У Нідэрландах жа атрымаў магчымасць пазнаёміцца з багатай еўрапейскай літаратурай пра артылерыю, піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры. Назапасіўшы тэарэтычныя веды, набыўшы практычны вопыт, Семяновіч распачаў свае ўласныя доследы з мэтай даведацца пра ўсе «таямніцы парахавых сіл», авалодаць майстэрствам артылерыі і піратэхнікі. Ён вывучаў механіку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру, а таксама фізіку, хімію, матэматыку, засвоіў такія важныя рамёствы, як разьба па дрэве і метале, адліўка гармат з металаў і інш. Вельмі верагодна, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV падтрымліваў таленавітага феерверкера і даваў патрэбныя сродкі, каб Казімір меў магчымасць вывучаць зброю ў еўрапейскіх арсеналах.
Семяновіч вярнуўся ў Рэч Паспалітую ў 1646 годзе, калі Уладзіслаў IV збіраў з усёй Еўропы артылерыйскіх спецыялістаў для вялікай вайны з туркамі. Быў прызначаны інжынерам у кароннай артылерыі. У 1648-м Казімір атрымаў пасаду намесніка начальніка артылерыі Каралеўства Польскага і разам з 12 гарматнікамі выязджаў на вайну з казакамі. Па ўласнай ініцыятыве, а часта і за свой кошт праводзіў эксперыменты ў галіне знешняй і ўнутранай балістыкі, рабіў шматлікія запускі ракет. Пасля паражэння польскага войска ад казакаў Багдана Хмяльніцкага пад Піляўцамі выйшаў у адстаўку ў званні генерал-лейтэнанта кароннай артылерыі і атрымаў дазвол зноў выехаць у Нідэрланды. Існуе і такая думка, што Семяновіч быў вымушаны выехаць з-за канфлікту са сваім начальнікам К. Арцішэўскім.
У 1650 годзе ў Амстэрдаме пры маральнай і фінансавай падтрымцы эрцгерцага Леапольда Вільгельма Габсбурга выдаў на лаціне трактат Artis Magnae Artilleriae («Вялікае мастацтва артылерыі»). У 1651-м гэтую кнігу перавыдалі на французскай мове з прадмовай аўтара, прысвечанай Вільгельму Фрыдрыху — начальніку артылерыі Рэспублікі задзіночаных правінцый (тады такая была афіцыйная назва Нідэрландаў). Трактат Семяновіча перакладаўся на нямецкую, англійскую, галандскую, польскую, дацкую ды іншыя мовы. Гэтая кніга больш за два стагоддзі была ў Еўропе падручнікам па артылерыі. У ёй прадстаўлены стандартныя канструкцыі ракет, запальных снарадаў і іншых піратэхнічных прыстасаванняў. Тут упершыню была разгледжана ідэя выкарыстання рэактыўнага руху ў артылерыі. Вялікі раздзел прысвечаны калібрам, канструкцыі, будове і якасцям ракет (як ваенных, так і грамадзянскіх), у тым ліку шматступеньчатых ракет, ракетных батарэй і ракет са стабілізатарамі.
Падрыхтаваў вучоны да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць яе не паспеў.
У сваім светапоглядзе Казімір у асноўным прытрымліваўся канцэпцыі Арыстоцеля, сведчаннем чаго з’яўляюцца тыя месцы ў «Вялікім мастацтве артылерыі», дзе аўтар пераходзіў ад апісання эмпірычных вынікаў да іх інтэрпрэтацыі ці да агульных светапоглядных пытанняў. Таксама ён добра ведаў вучэнне старажытнагрэчаскіх філосафаў пра натуральныя і вымушаныя рухі і тагачасную канцэпцыю «імпэтусу» — руху цела пад націскам іншага цела-рухача. Семяновіч добра ведаў і антычную літаратуру, і сучасныя яму тэхнічныя дасягненні, і працы тагачасных еўрапейскіх аўтараў, што выдаваліся на нямецкай, грэчаскай, лацінскай і іншых мовах. Польскі гісторык Г. Новак падлічыў, што ў кнізе беларускага навукоўца цытуюцца больш за 200 аўтараў, выкарыстана каля 260 твораў, пераважна старажытных трактатаў, каля 40% складаюць кнігі эпохі Рэнесансу і Новага часу (XVI — першая палова XVII ст.), шырока выкарыстаны творы Платона, Арыстоцеля, Сенекі, Эўкліда, Архімеда, Апалона з Пергама, знакамітых сярэдневяковых даследчыкаў, медычная і прыродазнаўчая літаратура, выданні па земляробстве, хіміі, тэхніцы, гісторыі. У кнізе Семяновіча мы можам знайсці таксама згадкі пра дарагую яму Айчыну і апісанні роднай прыроды.
Казімір дамогся рэальных поспехаў менавіта таму, што яго высновы грунтаваліся не на агульнафіласофскіх палажэннях пра праблемы руху, а на тэарэтычнай і матэматычнай інтэрпрэтацыі атрыманых ім доследных звестак. У гэтым дачыненні характэрнымі з’яўляюцца вынікі праведзеных ім эксперыментаў па стральбе з гармат, зараджаных двума ядрамі, на аснове чаго навуковец фармулюе закон абсалютнага няпругкага сутыкнення аднолькавых па велічыні, форме і рэчывах цел. «У цэлым жа, — піша ён, — ніякі рух не знікае, а толькі ад аднаго прадмета пераходзіць да другога. Таму адно і другое целы будуць рухацца адначасова, аднак у два разы павольней, чым да гэтага». Амаль за 35 гадоў да ўвядзення Лейбніцам паняцця кінетычнай энергіі, зыходзячы з назіранняў за работай майстраў-ракетнікаў пры запаўненні порахам ракеты, Семяновіч прыйшоў да высновы, што пры аднолькавай вуглавой хуткасці лінейная хуткасць молата прапарцыянальна квадрату даўжыні ручкі першай ступені вагі.
Сустракаюцца ў кнізе і тыпова схаластычныя разважанні. Але ад большасці папярэднікаў і сучаснікаў Казіміра адрознівала паслядоўная апора на доследы, эксперыменты пры вывучэнні і тлумачэнні з’яў, за якімі вядзецца назіранне. Так падыходзіў ён і да выкладання тэарэтычных палажэнняў і метадаў вызначэння калібру гармат, радыусаў і вагі ядраў у залежнасці ад матэрыялаў, да раскрыцця хіміі і тэхналогіі вырабу розных гатункаў пораху, спосабаў праверкі яго баявых якасцей і захоўвання.
Семяновіч глыбока аналізаваў метады разліку разнастайных тыпаў ракет, што выкарыстоўваліся і ў ваеннай справе, і для цывільных патрэб. Даў апісанне канструкцый і спосабаў вырабу некалькіх дзясяткаў тыпаў ракет, у тым ліку ракет з хвастатымі стабілізатарамі-крыламі, ракет, якія запускаліся са спецыяльных станкоў, і інш. Асабліва цікавыя для сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі звесткі пра састаўныя і шматступеньчатыя ракеты. Некаторыя з апісаных Казімірам ракет былі вядомыя з літаратурных крыніц, многія, у тым ліку і шматступеньчатыя ракеты, прапанаваны iм упершыню.
Да вывучэння канструявання розных тыпаў аўтар падыходзіў гэтаксама, як і да іншых пытанняў, што разглядаліся ў кнізе, — не як рамеснік, а як навуковец-прыродазнавец, эксперыментатар і практык. Погляды Семяновіча на прычыны руху ракеты, паводле яго сведчанняў, мусілі быць выкладзены ў другой, страчанай частцы кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі». Тут ён меркаваў зрабіць экскурс у гісторыю старажытнай ваеннай тэхнікі, сучасных яму сухапутных і марскіх гармат, апісаць працэс іх абслугоўвання, выкарыстання і спосабы абароны ад нападу праціўніка, формы і тэхналогію пабудовы артылерыйскай тэхнікі. Згадваў Казімір і намер прысвяціць спецыяльны раздзел свайму новаму вынаходству, «у якім змяшчаюцца ўсе нашы веды» і якое «перасягае шмат якія іншыя прыстасаванні і замяняе іх усе».
Трэба сказаць, што сёння памяць пра Семяновіча культывуецца ў краінах, якія некалі складалі Вялікае Княства Літоўскае. У 1995 годзе «Белпошта» выпусціла адмысловую марку, прысвечаную вучонаму. На працягу 2012—2013 гадоў Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры спрыянні спонсараў выкупіла і вярнула ў Беларусь усе першыя выданні трактата «Вялікае мастацтва артылерыі» на лацінскай (1650), французскай (1651), нямецкай (1676) і англійскай (1729) мовах. У 2017-м у рамках тэлевізійнага праекта «100 імёнаў Беларусі» быў створаны дакументальны фільм «Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі». А ў 2018-м у Вільні быў адкрыты помнік у выглядзе ракеты ў гонар яе вынаходніка. Гэтая скульптура пастаўлена па дарозе ў аэрапорт, каля прыватнага ўніверсітэта імя Казіміра Семяновіча. Гэтым летам памятная шыльда ў гонар вучонага з’явілася і ў скверы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, перад Цэнтральнай навуковай бібліятэкай.
Навуковыя працы і эксперыменты Семяновіча на многія гады прадвызначылі шляхі развіцця еўрапейскай артылерыі і былі з вялікай цікавасцю і ўвагай сустрэты ў Еўропе. А яго гуманістычны светапогляд, адмаўленне войнаў як найвялікшага няшчасця для чалавецтва служаць для нас узорам грамадзянскай адказнасці.
Існуе версія смерці Семяновіча, паводле якой ён загінуў падчас няўдалага эксперыменту з выбуховым прыстасаваннем. Гэта быў сімвалічны фінал.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by