Сёння нашае біяграфічнае падарожжа адбудзецца не толькі па землях Беларусі, але збольшага на ўсход ад яе — у Расіі. І ў цэнтры ўвагі будуць неардынарныя лёсы дзвюх жанчын, род якіх паходзіць з нашай зямлі. А ўласныя карані заўжды мелі для іх значэнне. Разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам мы распавядзём пра Веру Гедройць, бунтарку, якая прайшла шлях ад фемінізму да Царскага Сяла, і яе сваячку Раісу, аўтарку дзіцячага шлягера «В лесу родилась елочка». Гэты тэкст — сапраўдны прыклад таго, якімі плённымі ў зусім нязручны для жанчыны час могуць быць таленавітыя беларускія князёўны.
Читать на Onlíner
Нязвыкласць лёсу прадстаўнікоў роду Гедройцяў немагчыма ўсвядоміць, карыстаючыся толькі сціслымі звесткамі з гістарычных энцыклапедый. У нашай гісторыі быў кароткі перыяд, калі продкі гэтага роду, а менавіта род Тройдзена, адлюстраваны ў позніх генеалагічных легендах як род Кітаўруса (ці Гіпацэнтаўра), панаваў у Літве перад «родам Калюмнаў», то-бок да ўладарання Гедымінавічаў.
Ужо ў XVI ст. род Гедройцяў моцна разгалінаваўся, і некаторыя яго прадстаўнікі страцілі княжацкі тытул. Самы ж моцны ўдар па гэтым родзе быў нанесены ўжо ў ХІХ ст., калі нашчадкі старажытнай ліцвінскай дынастыі ўзялі ўдзел у Напалеонаўскіх войнах і ва ўсіх паўстаннях на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. У выніку гэтага многія з Гедройцяў былі пазбаўленыя не толькі княжацкіх тытулаў, але і шляхецкай годнасці, іхныя землі былі канфіскаваныя, а самі яны высланыя ў Архангельск, Чыту ці Іркуцк. Пасля заканчэння ссылкі ім не дазвалялася вяртацца на радзіму, а сем’і паўстанцаў заставаліся пад наглядам паліцыі.
Аднак як толькі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Расія стала крыху больш ліберальнай, Гедройці скарысталіся з новай сітуацыі і зусім някепска адаптаваліся да ўмоваў бюракратычнай сістэмы Расійскай імперыі. Хоць у ХІХ ст. род Гедройцяў аказаўся расцярушаным, ён усё ж такі здолеў вылучыць з сябе выбітных прадстаўнікоў навукі, літаратуры і палітыкі. Гэта не толькі знакаміты рэдактар Ежы Гедройць, мінчанін з паходжання. Лёс ягоных далёкіх сваячак, князёвен Веры і Раісы, таксама здольны здзівіць нават не вельмі ўражлівага чытача.
Вера Гедройць мела ўсе шанцы атрымаць класічнае хатняе выхаванне шляхецкіх сядзібаў. Замест гэтага яе жыццё было напоўнена экзотыкай, а тое і выклікамі грамадству, нават калі ўспрымаць усё гэта з пункту гледжання нашага часу.
Бацька Веры, Ігнат Гедройць, амаль падлеткам узяў удзел у паўстанні 1863—1864 гг. Пасля гэтага ён вымушаны быў пакінуць тэрыторыю Беларусі. Каталіцкай шляхце ў той час было забаронена набываць зямлю на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, таму Ігнат Гедройць здолеў асесці толькі ў Расіі, дзе ажаніўся з дачкой абруселага немца-памешчыка Дар’яй Канстанцінаўнай Міхаў. Менавіта там, у маёнтку Слабадзішча Арлоўскай губерні, у 1870 г. у яго нарадзіліся сын Сяргей і дачка Вера.
Адукацыя ў Веры Гедройць, з пазнейшай перспектывы, была не зусім ардынарная — у Бранскай прагімназіі ў яе выкладаў Васіль Розанаў, эгацэнтрык і містычны пансексуаліст, які пасля стаў вядомым рэлігійным філосафам. Але маладосць князёўны несла на сябе адбітак эпохі — прыхільнасць да левых ідэй і агульны настрой на ідэю эмансіпацыі жанчын. За сатырычны верш яе выключылі з гімназіі ў Арле. Пазней у Санкт-Пецярбургу Вера Гедройць запісваецца на медыцынскія спецыяльнасці Вышэйшых курсаў Пятра Лесгафта, якія афіцыйна называліся Курсамі выхавальніц і кіраўніц фізічнага выхавання. Наведваючы студэнцкі рэвалюцыйны гурток, яна трапіла ў поле зроку паліцыі і ў 1892 г. была выслана ў маёнтак бацькі пад паліцэйскі нагляд.
Каб выйсці з гэтага адміністрацыйна-абмежавальнага кола, у 1894 г. Вера Гедройць фіктыўна ўступіла ў шлюб з расійскім афіцэрам Мікалаем Белазёравым і з новым пашпартам патаемна выехала за мяжу. У Лазане маладая князёўна паступіла на медыцынскі факультэт мясцовага ўніверсітэта, і, як высветлілася, менавіта медыцына была яе пакліканнем. Яна вучылася ў вядомага хірурга Цэзара Ру і пасля заканчэння ўніверсітэта некалькі гадоў працавала ягоным асістэнтам, а потым на пасадзе прыват-дацэнта чытала ўласныя спецкурсы.
Але бунтарны ліцвінскі дух Веры Гедройць і яе сімпатыі да левых ідэй пераўтварэння грамадства не абяцалі гэтай жанчыне жыццёвай стабільнасці, хоць як феміністка яна магла б пачувацца вельмі запатрабаванай у Швейцарыі і ўвогуле ў той Еўропе, якая існавала на мяжы стагоддзяў. Аднак сямейныя справы прымусілі Веру вярнуцца ў Расійскую імперыю: там памірае яе сястра, і хворы бацька папрасіў сваю другую дачку прыехаць да сям’і.
Пасля вяртання ў 1900 г. у Расію Вера Гедройць у 1902 г. пацвярджае свой дыплом у Маскоўскім універсітэце і пачынае працаваць лекарам. Да неафіцыйнага тытула адной з першых жанчын-хірургаў у Еўропе яна дадала азначэнне першай жанчыны-хірурга ў Расіі.
У Веры Гедройць былі безумоўныя заслугі перад расійскай сістэмай аховы здароўя. Працуючы ў правінцыйных шпіталях у Калужскай губерні, яна пераўтварыла іх у шматпрофільныя хірургічныя цэнтры. Калі ж падчас руска-японскай вайны Вера Гедройць па лініі Чырвонага Крыжа накіравалася на фронт, то яна адной з першых у гісторыі медыцыны пачала рабіць у палявых умовах палосныя аперацыі. Да гэтага жаўнераў, параненых у жывот, проста пакідалі паміраць, бо такія раны лічыліся безнадзейнымі.
Доктар Гедройць стала медыйнай фігурай, пра яе актыўна пісала расійская прэса, у выніку чаго гэтая жанчына была заўважаная царскім дваром. Тады ж Вера Гедройць скасавала свой фіктыўны шлюб, а ў 1907 г. афіцыйна вярнула сабе тытул князёўны ды дзявочае прозвішча.
У 1909 г. князёўна Гедройць атрымала запрашэнне імператрыцы заняць пасаду старшага ардынатара Царскасельскага палацавага шпіталя і зрабілася хатнім лекарам дзяцей цара. Гэтае прызначэнне было непрыхільна прынята ў царскім атачэнні, і ў далейшым у князёўны Гедройць склаліся напружаныя адносіны з царскім фаварытам Рыгорам Распуціным ды Ганнай Вырубавай, фрэйлінай імператрыцы, якая пасярэднічала ў зносінах Распуціна і імператарскай сям’і. Падобна, што да гэтага спрычыніліся не толькі ідэйна-палітычныя разыходжанні.
Як паказваюць яе медыцынскія зацікаўленасці і апублікаваныя ўспаміны, Вера Гедройць сама адчувала сябе мужчынам. У гэтым сэнсе ў яе было больш падставаў грэбаваць Распуціным.
Пераезд у Царскае Сяло і непасрэдныя кантакты з пецярбургскім асяродкам правакуюць Веру Гедройць да яшчэ аднаго творчага занятку. Тут, у імперскай сталіцы і ў царскім атачэнні, яна знаёміцца са слыннымі расійскімі літаратарамі срэбнага веку — Мікалаем Гумілёвым, Івановым-Разумнікам, аднаўляе знаёмства з Васілём Розанавым, а пазней знаёміцца і з Сяргеем Ясеніным.
Вера Гедройць сама пачынае пісаць. Ад пачатку, ад першай сваёй кнігі ў 1910 г. Вера Гедройць выступала ў літаратурным друку пад аланімам (іменем брата-нябожчыка) Сяргей Гедройць. Але стаўленне да яе літаратурнай дзейнасці было неадназначным. Першая кніга князёўны Гедройць «Стихи и сказки» выклікала крытычныя ацэнкі Мікалая Гумілёва. Зрэшты, Сяргею Гедройцю дасталася «за кампанію». У сваёй рэцэнзіі Гумілёў прааналізаваў зборнікі некалькіх паэтаў, якія з’явіліся на працягу 1910 г., — Фёдара Салагуба, Сяргея Салаўёва, Мікалая Марозава, Мікалая Брандта, Сяргея Гедройця. І ўсім гэтым аўтарам дасталіся з’едліва-крытычныя выказванні стваральніка школы акмеізму. У сваёй рэцэнзіі Гумілёў рытарычна запытваўся: «Але навошта пішуць не паэты, навошта піша, напрыклад, Сяргей Гедройць?» А заканчваў свой тэкст Гумілёў здзеклівай фразай: «У кнізе ёсць і карцінкі, такія ж непатрэбныя і бясколерныя, як і вершы».
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. на доктара Гедройць, як на асобу, набліжаную да царскай сям’і, пачынаецца ціск новых уладаў і камісараў Часовага ўрада. У маі 1917 г. доктар Гедройць назаўсёды пакінула Царскае Сяло і скіравалася на фронт. Пасля ранення яна апынулася ў Кіеве. Менавіта з гэтым горадам быў звязаны яе далейшы лёс.
У 1923 г. яна зрабілася прафесарам медыцыны, а ў 1929 г. была абрана загадчыцай кафедры на факультэце хірургіі Кіеўскага медыцынскага інстытута. Але жыццё савецкіх падданых не магло тады развівацца стабільна, асабліва калі яны належалі да інтэлігенцыі. У 1930 г. у рамках працэсу «Саюза вызвалення Украіны», украінскага аналага працэсу супраць «Саюза вызвалення Беларусі», Вера Гедройць была звольненая з універсітэта без права на пенсію.
У апошнія гады свайго жыцця Вера Гедройць пісала шмат артыкулаў пра рак. Яна не прымала тэорыю віруснага паходжання гэтай хваробы і лічыла яе прычынаю паталагічнага росту зародкавых клетак. Рак, з якім яна змагалася хірургічным нажом і пяром навукоўца, жорстка адпомсціў Веры Гедройць. На апошніх стадыях у яе быў дыягнаставаны рак, і ў 1932 г. яна пайшла з жыцця. Вера Гедройць была пахаваная на Спаса-Праабражэнскім (сёння Карчавацкім) цвінтары Кіева, дзе яе магіла яшчэ доўга даглядалася пацыентамі, якіх яна выратавала.
Яшчэ адна спадкаеміца роду Гедройцяў — Раіса, якая ўвайшла ў літаратурныя энцыклапедыі пад лаканічным азначэннем «руская і савецкая паэтэса». У расійскай літаратуры яна, праўда, вядомая пад прозвішчам мужа — як Раіса Адамаўна Кудашова. З усёй жа яе творчай спадчыны шырокую вядомасць мае фактычна толькі адзін твор, з якім, затое, знаёмае практычна ўсё дарослае і дзіцячае насельніцтва на прасторах былога СССР. Раіса Гедройць напісала словы дзіцячага шлягера «В лесу родилась ёлочка».
Фактаў з біяграфіі Раісы Гедройць нам вядома зусім мала. Яе бацька, Адам Гедройць, быў чыноўнікам паштовага ведамства ў Маскве і належаў да той галіны роду, за якой расійскія ўлады ўжо не прызнавалі княжацкага тытула. Сама Раіса нарадзілася ў Маскве ў 1878 г., скончыла жаночую гімназію і служыла гувернанткай у князя Кудашова, род якога меў татарскае княжацка-мурзінскае паходжанне. Пазней Раіса Гедройць пабралася з ім шлюбам. Сучаснікі прыгадвалі, што княгіня Раіса Кудашова валодала несумненнымі педагагічнымі здольнасцямі. Яна працавала выхавацелькай, настаўніцай, а ў савецкі час некалькі дзесяцігоддзяў яшчэ і бібліятэкаркай.
Пісаць Раіса пачала яшчэ ў дзяцінстве. Пазней яна прызнавалася, што «не хацела быць вядомай, але не магла не пісаць». У снежні 1903 г. у навагоднім нумары часопіса «Малютка» быў надрукаваны верш «Ялінка», падпісаны адным з крыптанімаў Раісы «А. Э.». Праз два гады гэты верш паклаў на музыку Леанід Бекман. Ён быў кампазітарам-аматарам, па асноўнай прафесіі аграномам. Музыка была нібыта напісаная ім адмыслова пад песню для сваёй дачкі, аднак на самой справе Бекман папросту прыстасаваў матыў нямецкай каляднай мелодыі пад памер расійскага тэксту.
Праўда, абставіны напісання ці прыстасавання мелодыі былі незвычайнымі. У Маскве, у доме Бекманаў №5 у Малым Патрыяршым завулку, 30 кастрычніка 1905 г. толькі што нарадзілася маленькая Воля, і ў той жа дзень старэйшай дачцэ Веры споўніліся два гады. Быў жа гэта час палітычных хваляванняў, рэвалюцыі 1905 г. Масква была ахоплена ўсеагульным страйкам, у ёй не ездзілі трамваі і не працаваў водаправод. У снежні з’явіліся барыкады, на якія знеслі і браму дома Бекманаў. На паддашку ж гэтага дома прафсаюз булачнікаў прыхоўваў зброю. Бегчы з маленькімі дзецьмі з паралізаванага горада не было куды, а з прычыны таго, што кулі маглі патрапіць у вокны, сям’я адседжвалася ва ўнутраных пакоях. У такой крытычнай сітуацыі галава сям’і і вырашыў напісаць песню для ўласных дзяцей, каб нечым адцягнуць іх увагу ад навакольнага становішча. Нотнай граматай сам Бекман не валодаў, таму ноты запісала ягоная жонка. Так з’явілася песня «В лесу родилась елочка».
Калядная скіраванасць песні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. на нейкі час стварыла перашкоды для яе публічнага выканання. У 1927 г. у рамках антырэлігійнай кампаніі бальшавіцкая партыя забараніла калядныя святкаванні, неадлучным элементам якіх была ўпрыгожаная ялінка. Такім чынам спыніліся дзіцячыя карагоды вакол каляднага дрэва.
Ялінка аказалася вельмі гнуткім рытуальным аб’ектам у розныя гады і стагоддзі ў розных краінах. Да самай рэвалюцыі яна выконвала не толькі калядныя функцыі, але была і навагодняй ялінкай. У савецкі ж час яе функцыі былі сфармуляваныя наступным чынам: навагодняя ялінка — гэта свята шчаслівага дзяцінства ў сацыялістычнай краіне.
Такім чынам, упрыгожаная елка вярнулася да дзяцей у СССР, але ўжо не як калядная, а толькі як навагодняя. У 1939 г. самога Постышава расстралялі як ворага народа, але вернутая ягонымі намаганнямі елка засталася і надалей.
У вочы кідаецца незвычайны кантраст паміж характарамі і лёсам дзвюх жанчын, якія былі сваячкамі і паходзілі з аднаго, калісьці вельмі вядомага на нашых землях роду. Калі Вера была «мужчынам у спадніцы», то Раіса вяла, асабліва зважаючы на цяжкі час савецкіх эксперыментаў, амаль што пастаральнае жыццё.
Як выглядае, Гедройці, многія з якіх у выніку рэпрэсіўнай палітыкі царскай адміністрацыі аказаліся расцярушанымі па прасторах Расійскай імперыі, здолелі адаптавацца да новай для іх культурнай сітуацыі і зрабілі свой унёсак у расійскую культуру. Пра сваё паходжанне яны ведалі і памяталі, але былі пагружаныя ўжо ў іншыя сацыякультурныя рэаліі.
Абставіны жыцця на ўсходзе Еўропы патрабавалі ад Веры і Раісы Гедройцяў прыстасавання да гэтых няпростых варункаў. Для Веры галоўнаю мэтаю стала атрыманне медычнай адукацыі і сцвярджэнне сябе як хірурга. Інтрыгі пры царскім двары забіралі яе энергію, а перамагчы ўласную хваробу яна не здолела. Раісе пры савецкай уладзе даводзілася хаваць не толькі ўласнае паходжанне, але і княжацкі тытул свайго мужа. Аднак у жыцці яна была спакойнай і непатрабавальнай, што, безумоўна, дапамагло ёй выжыць.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка