Рэдкі абрад, які праводзяць толькі ў некалькіх беларускіх вёсках. Фота

Автор: Наталия Некрашевич. Фото: Виктор Драчев
14 245
06 июня 2026 в 7:00

«Ваджэнне кустa» — старажытны палескі абрад, прысвечаны святу Тройцы. У гэты дзень у вёсцы выбіралі самую прыгожую дзяўчыну, абвівалі яе лісцем і кветкамі, і Куста разам з сяброўкамі абыходзіла ўсе двары, каб пажадаць гаспадарам шчасця і дабрабыту. «Свiту» ўзамен адорвалі пачастункамі і грашыма, а ўсё дзеянне суправаджалася рытуальнымі песнямі. У Беларусі засталося няшмат мясцін, дзе дагэтуль ладзяць гэтае народнае свята. Сярод іх — аграгарадок Дзятлавічы і вёска Люсіна ў Брэсцкай вобласці. Фатограф Віктар Драчоў паглядзеў на аўтэнтычны рытуал і прывёз яркі фотарэпартаж. Паказваем!

Читать на Onlíner

Меркаванні навукоўцаў наконт таго, што ж насамрэч сімвалізуе персанаж Куста, разыходзяцца. Адны лічаць, што ён увасабляе сілу прыроды і ўрадлівасць зямлі, іншыя — што гэта вобраз памерлых продкаў, які прыносіць дабрабыт жывым.

Таксама ёсць версія, што абрад «Ваджэнне куста» не абавязкова быў звязаны з Тройцай. Яго маглі праводзіць і для таго, каб выклікаць дождж падчас засухі. Так ці інакш, але нашы продкі верылі, што рытуал садзейнічаў урадлівасці зямлі.

Цяпер абрад унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Часта на ролю Кусты выбіралі маладую незамужнюю дзяўчыну — лічылася, што гэта абяцае ёй хуткае вяселле. Аднак жыхаркі аграгарадка Дзятлавічы Лунінецкага раёна кожны год прыбіраюць у Кусту замужнюю жанчыну, у якой усё добра з сям'ёй і гаспадаркай.

Традыцыйнае свята «З Тройцы ў лета» праходзіла сёлета ў вёсцы Люсіна. У ім удзельнічалі артысты народнага ансамбля «Світанак» з аграгарадка Дзятлавічы.


Далей артысты выправіліся ў родныя Дзятлавічы. Упершыню мястэчка згадваецца ў 1566 годзе, і ёсць звесткі, што абрад «Ваджэнне куста» праходзіць там з гэтага ж часу. Гэта значыць, ужо амаль 500 гадоў.

Сёлета ў «куст» — касцюм са свежых кляновых галін і лісця — прыбралі хормайстра Дома культуры Аксану Лаўрову.

А далей жанчыны пад гукі баяна адправіліся па дварах.

 

Гаспадары частавалі гасцей хатнімі стравамі і свежым ураджаем знакамітых лунінецкіх трускалак. У адказ удзельніцы абраду дарылі ім кляновую галінку — сімвал абароны дому і дабрабыту сям'і.


Большую частку святочнага маршруту артысткі праехалі на конным возе, якім кіраваў мясцовы ляснік Эдуард.

Завяршыўся абрад познім вечарам: па традыцыі ўдзельніцы апусцілі вянкі ў воды ракі Цна.

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by