«Чорнае люстэрка» даўно і заслужана заняло сваё месца сярод самых вядомых сусветных серыялаў. Гледачоў заўсёды (прынамсі да пятага сезона) падкупляў сплаў дзёрзкай сатыры на ўплыў інфармацыйных тэхналогій, навукова-фантастычнага антуражу і актуальнага парадку дня. На жаль, але, здаецца, да шостага сезона праект усё ж страціў большасць козыраў.
Читать на OnlínerАпошні сезон складаецца з пяці серый, аўтарам сцэнарыяў для якіх выступіў пастаянны шоуранер «Чорнага люстэрка» — Чарлі Брукер. Шкада, але, здаецца, за 12 гадоў з моманту запуску праекта творчы патэнцыял стваральнікаў шоу вычарпаў сябе. Шосты сезон варты таго, каб яго паглядзець, але ад ранейшых добрых якасцей тут мала што засталося. Далей коратка распавядзём пра ўражанні ад прагляду кожнай з пяці серый.
Джаан — топ-менеджар у буйной кампаніі накшталт Google або Apple. У жанчыны паспяховае сямейнае жыццё і добрыя адносіны з супрацоўнікамі. Але гэта толькі на першы погляд. Бо даводзіцца без шкадавання звальняць добрых людзей, ды і ад руплівага мужа так і цягне куды-небудзь набок. А тут яшчэ на стрымінгавым сэрвісе Streamberry (Netflix пацешна іранізуе з самой сябе) выходзіць новы серыял «Джаан жахлівая» з Сальмай Хаек у галоўнай ролі. Падзеі серыяла практычна адзін у адзін паўтараюць жыццё рэальнай Джаан, што ёй катэгарычна не падабаецца. Затое сябры і знаёмыя заліпаюць так, што пачынаюць ненавідзець сапраўдную Джаан.
Першая і, мабыць, з усіх пяці эпізодаў самая «чорналюстраная» серыя. Тут ёсць і злая іронія, і тэхналогіі, і рэчы, якія сёння пакуль што можна назваць актуальнымі. Асабліва радуе смеласць Netflix, якая не пабаялася паказаць сябе бяздушнай карпарацыяй, здольнай на любыя мярзоты дзеля росту базы падпісчыкаў.
Ёсць і фірменны фінальны твіст. Многія, праўда, яго ўгадаюць задоўга да цітраў, але ўсё ж ён здольны перавярнуць з ног на галаву ўсё, што да яго паказвалі ў эпізодзе. Ім жа можна апраўдаць кашмарную ігру Сальмы Хаек.
Маладая пара Дэвіс і Піа едуць у забыты куток Шатландыі. Дэвіс хоча пазнаёміць сваю дзяўчыну з мамай. Заадно моладзь плануе зняць арт-хаусны фільм. Аднак хутка задумка трансфармуецца ў жаданне зманціраваць дакументалку пра маньяка, які некалі катаваў сваіх ахвяр у гэтай мясцовасці. Лох-Генры, дарэчы, гэта не характарыстыка персанажа, а назва шатландскага мястэчка, дзе ўсё адбываецца.
Вясёлая замалёўка пра захопленасць гледачамі трукрайм-гісторый. Выйшла таленавіта і нестандартна. Ёсць некалькі момантаў, калі, здаецца, «Лох-Генры» вось-вось паверне на клішаваную дарожку звычайных хорараў. Але кожны раз сюжэтны твіст выпраўляе сітуацыю, прыемна здзіўляе і весяліць. З акцёрскіх работ вылучылі б Моніку Долан у ролі мамы Дэвіса.
Пры ўсіх сваіх добрых якасцях «Лох-Генры» мала адпавядае духу «Чорнага люстэрка». Так, тут яшчэ можна знайсці адсылкі да цёмнага боку славы і медыйнасці. Гэтага мала для таго, каб устаць у адзін шэраг з лепшымі эпізодамі серыяла, але дастаткова, каб зацікавіць гледача амаль на гадзіну.
Пакуль Кліф і Дэвід здзяйсняюць шматгадовы касмічны пералёт чорт ведае куды, на Зямлі застаюцца іх механічныя копіі. Абодва астранаўты могуць перасяліць сваю свядомасць у двайнікоў. Выйграюць усе: сем'і застаюцца з мужамі/бацькамі, а мужчыны, хоць насамрэч і выконваюць важную місію дзесьці далёка-далёка, асабліва не пакутуюць, таму што таксама быццам не толькі думамі, але і целамі дома. Аднак што будзе, калі аднойчы ў тваю хату прыйдуць сектанты і на тваіх вачах заб'юць тваю сям'ю, а ты нават нічога зрабіць не зможаш? Што рабіць, калі ў цябе нічога не засталося, а напарнік працягвае завісаць са сваёй сям'ёй? Няўжо не падзеліцца кавалачкам шчасця?
Па сутнасці паўнавартасны фільм з хронаметражом 1:20. Эпізод выдатна вытрыманы ў агульнай атмасферы старога «Чорнага люстэрка» і ў гэтым сэнсе выступае прыкладна на адным узроўні з «Джаан жахлівай». З плюсоў адзначым цікавыя маральныя дылемы і пытанні, якія ўздымаюцца аўтарамі серыяла.
І ўсё ж у цэлым «За морам» хоць і нядрэнны, але прахадны ў рамках усяго серыяла эпізод. Тут хапае тэхналогій, але даволі ўмоўных. Бадай, толькі пара кадраў з касмічным караблём нагадваюць, што перад намі фантастыка. Ніякіх алюзій з сучаснымі праблемамі, проста добра створаная гісторыя. Да таго ж ужо з першых хвілін вы, хутчэй за ўсё, зможаце прадбачыць два-тры найбольш відавочных верагодных фіналаў фільма. Так што эфект нечаканасці калі і будзе, тое вельмі змазаны.
2006 год. Дзяўчына па імі Бо — беспрынцыповая папарацы, якая зарабляе на жыццё фатаграфіямі зорак у нечаканых сітуацыях або месцах. У пэўны момант яна вырашае знайсці больш прыемную, але куды менш аплочваемую працу. І ўсё ж дзяўчына паддаецца спакусе на «апошнюю справу». Бо за фота актрысы Мэйзі Дэй, якая невядома куды ўцякла прама са здымак фільма, таблоіды гатовы заплаціць $30 тысяч.
Смеццевы эпізод з прамой, як палка, і старажытнай, як маманты, ідэяй пра тое, што ўсе папарацы — дрэнныя. Наогул нічога агульнага з атмасферай і тэматыкай серыяла. Толькі дарэмная спроба зрабіць хорар на ўзроўні горшых эпізодаў «Баек са склепа». Выйшла слаба, неактуальна і з развязкай нібы аповед якога-небудзь фэндомнага пераймальніка Стывена Кінга.
1979 год. Дзяўчына індыйскага паходжання Ніда працуе ў абутковым аддзеле ўнівермага, слухае Boney M., есць пахучы рыс і пакутуе ад праяў бытавога расізму з боку калег. Аднойчы Ніда выпадкова выклікае дэмана, які прапануе дзяўчыне выбар: на працягу трох дзён забіць трох незнаёмцаў або нікога не чапаць і тым самым дапусціць гібель свету ў ядзерным апакаліпсісе.
Недарэчны эпізод, што дзіўна, бо ён адзіны ў шостым сезоне карэлюе з надзённымі праблемамі чалавецтва. Аднак пры гэтым серыя настолькі нязграбная, што яе спробы заставацца вострай асуджаныя на правал. А плоскі гумар толькі прыкідваецца з'едлівай сатырай.
Горш за ўсё, што «Дэман 79» уяўляе сабой кампіляцыю ранейшых ідэй, выказаных яшчэ ў першым сезоне «Чорнага люстэрка». Іх хіба што разбавілі запазычаннямі з іншых твораў. І першае, што хочацца згадаць, гэта нядаўні «Стук у хаціне» М. Найта Ш'ямалана.
Калісьці выхад кожнага новага эпізоду «Чорнага люстэрка» быў маленькай падзеяй, якую чакалі і якую маглі абмяркоўваць тыднямі. Да 2023-га рэальнасць абскакала нават самыя страшныя прагнозы аўтараў серыяла. Так што замест бессэнсоўных спроб здзівіць ці шакіраваць аўтары праекта альбо паўтараюцца, альбо звяртаюцца да састарэлых клішэ з добра знаёмых жанраў.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by