Космас, хорар, Хаакін Фенікс. Якія фільмы паглядзець у траўні

Источник: Зміцер Адашкевіч
7371
02 мая 2023 в 12:00

У апошні вясновы месяц будзе што паглядзець як у кінатэатрах, так і на стрымінгавых сэрвісах. «Дысней» пакажа навуковую фантастыку пра падлеткаў, Netflix — прыгоды пра забойцу з Джэніфер Лопес у галоўнай ролі, а ў кінатэатры завязуць адзін з самых незвычайных фільмаў года — «Усе страхі Бо» з Хаакінам Феніксам. З яго і пачнём.

Читать на Onlíner

«Усе страхі Бо» (з 4 траўня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Ары Астэр.

У ролях: Хаакін Фенікс, Пэці Люпон, Эмі Раян.

Студыя A24 сёння, здаецца, самая перадавая, а Ары Астэр — вельмі незвычайны і адораны рэжысёр. Зоркі сышліся, каб з гэтага супрацоўніцтва нарадзіўся неверагодны фільм «Усе страхі Бо». Стужка ўжо некаторы час пракатваецца (у тым ліку на фестывалях) у Еўропе і выклікае палярныя ўражанні: яго ці любяць, ці ненавідзяць.

Лузер Бо збіраецца наведаць сваю заможную маму, якая пражывае ў іншым горадзе. На самалёт мужчына спазняецца і да пункта прызначэння дабіраецца на перакладных. Сюжэт, дарэчы, у гэтым выпадку не вельмі важны. Як звычайна ў фільмах Астэра, тут куды важнейшыя вобразы, візуал і псіхалагічнае даследаванне прыроды ўчынкаў героя.

Хаакін Фенікс тут, не здраджваючы сабе, творыць цудоўныя рэчы са сваёй фізічнай формай, а Ары Астэр сапраўды не расчаруе прыхільнікаў. Так што калі вам зайшлі «Сонцастаянне» і «Рэінкарнацыя», то прапускаць «Усе страхі Бо» грашнавата. А вось тыя, хто з творчасцю рэжысёра незнаёмы, застаюцца не ў захапленні ад прэм'еры, таму што замест абяцанага ў рэкламе «камедыйнага хорару» атрымліваюць нешта зусім нечаканае.

«Кунг-фу жарабец» (з 4 траўня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Лары Ян.

У ролях: Джэкі Чан, Лю Хаацюнь, Го Цылінь.

Гэтая кітайская камедыя ў нашай падборцы па дзвюх прычынах. Па-першае, тут зняўся Джэкі Чан, які з гадамі быццам і не змяніўся. Па-другое, у сябе на радзіме стужка збірае гіганцкую касу. Можа, і ў нас добра зойдзе.

Фільм расказвае пра каскадзёра, які спрабуе навучыць трукам каня. Паралельна герой Джэкі Чана стараецца наладзіць стасункі з дачкой і, зразумела, ратуе добрых людзей ад злых бандытаў. Павінна атрымацца замілавальнае сямейнае відовішча з любімым акцёрам у галоўнай ролі.

Аўтары фільма ганарацца, што практычна не карысталіся камп'ютарнымі эфектамі. Затое вельмі шмат увагі надалі трукам і працы з Агеньчыкам — канём, які зняўся разам з Джэкі Чанам.

«Кратар» (з 12 траўня на Disney+)

Рэжысёр: Кайл Патрык Альварэз.

У ролях: Макена Грэйс, Брэйдзі Нун, Пайпер Рубіа.

12 траўня тры асноўныя амерыканскія стрымінгавыя сэрвісы выпусцяць вартыя ўвагі стужкі. У «Дыснея» гэта навуковая фантастыка, разлічаная на юную аўдыторыю. Аднак не выключана, што яна зможа зацікавіць і дарослых.

2257 год. Падлетак Калеб нарадзіўся і вырас у месяцовай шахцёрскай калоніі. Пасля гібелі бацькі яму хочацца адправіцца на далёкую і цудоўную Зямлю, але перад гэтым ён павінен выканаць апошняе жаданне бацькі — даследаваць таямнічы кратар. На яго пошукі хлопец адпраўляецца разам з сябрамі.

Калі трэйлер вам чымсьці нагадаў «Вельмі дзіўныя справы», то гэта нездарма. І ў серыяла, і ў гэтага фільма адзін прадзюсар. Таксама над стужкай працавалі аўтары «Прыбыцця» і «Жывой сталі».

«Маці» (з 12 траўня на Netflix)

Рэжысёр: Нікі Каро.

У ролях: Джэніфер Лопес, Пол Рэйсі Гаэль Гарсія Берналь.

Былая прафесійная забойца рызыкуе жыццём, каб абараніць 12-гадовую дачку, якую яна кінула шмат гадоў таму, ад бязлітасных злачынцаў, што жадаюць помсты. Па дарозе прыйдзецца крышыць непрыяцеляў і адначасова нанова выбудоўваць адносіны адна з адной.

У аснову стужкі лягло апавяданне стваральніка серыяла «Краіна Лаўкрафта» Мішы Грына. У рэжысёрскае крэсла села пастаноўшчыца «Мулана» Нікі Каро. Таксама на яе рахунку нядрэнна прыняты фільм «Жонка наглядчыка заапарка».

Джэніфер Лопес у апошнія гады зноў спрабуе актыўна здымацца ў кіно. Атрымліваецца не вельмі ўдала, але, магчыма, на гэты раз усё будзе інакш? Ва ўсякім разе, трэйлер выглядае даволі бадзёра і нагадвае баевікі 1990-х.

«Нязменны: Майкл Дж. Фокс» (з 12 траўня на Apple TV+)

Рэжысёр: Дэвіс Гугенхайм.

У ролях: Майкл Дж. Фокс, Трэйсі Палан, Эндру Барбер.

Сумны, але натхняльны дакументальны фільм, які расказвае пра акцёрскую кар'еру Майкла Дж. Фокса. Ва ўзросце 29 гадоў яму паставілі дыягназ «хвароба Паркінсана», з якой ён змагаецца вось ужо больш за тры дзясяткі гадоў.

Фільм раскажа, як Майклу было складана прабіцца ў акцёры з-за маленькага росту. Аднак усё змянілася пасля ўдзелу ў серыяле «Сямейная сувязь» і, вядома, у трылогіі «Назад у будучыню». Не абышлі ўвагай і хваробу, якая не замінае акцёру працягваць здымацца і агучваць мультфільмы.

Стужка пабудавана на інтэрв'ю з Майклам Дж. Фоксам, тут ёсць шмат закадравых сцэн яго працы, а таксама рэканструкцыя некаторых момантаў з жыцця. «Нязменны: Майкл Дж. Фокс» атрымаў добрыя водгукі на фестывалі «Сандэнс» у студзені гэтага года.

«Быць Сальвадорам Далі» (з 25 траўня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Мэры Хэран.

У ролях: Бэн Кінгслі, Барбара Зукава, Эзра Мілер, Крыстафер Брыні.

1974 год. Сальвадор Далі — самы вядомы і эпатажны мастак на планеце. Праўда, у апошні час ён аддае перавагу буйным вечарынкам замест творчасці. У Далі з'яўляецца малады памочнік Джэймс, які павінен дапамагчы Далі падрыхтавацца да нью-ёркскай выставы.

Біяграфічны фільм, які дэбютаваў яшчэ ў верасні 2022 года на Міжнародным кінафестывалі ў Таронта. Меркаванні крытыкаў падзяліліся. Камусьці стужка спадабалася дзякуючы асвятленню такіх тэм, як культ асобы, няздольнасць годна сустрэць старасць і маніпуляцыі людзьмі дзеля сваіх жаданняў. Іншыя аказаліся расчараваныя тым, што ўбачылі простую біяграфію без спробы даследаваць унутраны свет генія.

Але ў любым выпадку ўсе адзначаюць сур'ёзную працу Бэна Кінгслі, які літаральна ва ўсім скапіяваў Далі, ад мімікі да звычак. Цікава, што здымкі стужкі праходзілі збольшага ў Ліверпулі, які тут выдаюць за Нью-Ёрк.

«Пякельная пашча Махавэ»

Рэжысёр: Робі Джо Бэнфітч.

У ролях: Робі Джо Бэнфітч, Анджэла Басоліс, Скот Шамэл.

Наступныя два фільмы не былі заяўленыя ў беларускім пракаце на момант напісання матэрыялу. Аднак яны афіцыйна будуць пракатвацца ў расійскіх кінатэатрах. Не выключаем, што абедзве стужкі дабяруцца і да нас ці з'явяцца ў сетцы. Фільмы цікавыя, таму вырашылі пра іх напісаць.

«Пякельная пашча Махавэ» распавядае пра групу маладых людзей, што адправіліся ў пустыню здымаць музычны кліп. Там ім давядзецца сутыкнуцца са «страшэнным жахам» і «пякельным вар'яцтвам».

У малабюджэтнай стужкі на здзіўленне высокія рэйтынгі сярод кінакрытыкаў. На Metacritic у яе 72 балы з 100, што вельмі шмат для падобнага роду фільмаў. Многія крытыкі гавораць пра «новае слова» ў жанры хорару. «Пякельную пашчу Махавэ» вынаходліва прарэкламавалі з дапамогай Apple Watch, якія ў аднаго з гледачоў забілі трывогу падчас прагляду.

«Хто забіў BlackBerry»

Рэжысёр: Мэт Джонсан.

У ролях: Джэй Барушэль, Глен Хаўэртан, Мэт Джонсан.

Той выпадак, калі назва поўнасцю адлюстроўвае сутнасць фільма. Гісторыя ўзлёту і падзення RIM (BlackBerry), некалі аднаго з найбуйнейшых вытворцаў смартфонаў. Асноўная ўвага нададзена ўзаемаадносінам сузаснавальнікаў кампаніі Майкла Лазарыдзіса і Джыма Балсілі.

«Хто забіў BlackBerry» зняты ў фармаце дакудрамы, калі падзеі аднаўляюцца сіламі акцёраў, аднак манера здымкі імітуе дакументальныя стужкі. Лазарыдзіса іграе Джэй Барушэль, больш за ўсё вядомы праз агучванне Ікінга ў мульціках серыі «Як прыручыць дракона». У ролі Балсілі зняўся Глен Хаўэртан («Адрэналін», «Місія «Серыніці»).

Паказы «Хто забіў BlackBerry» паспяхова прайшлі ў лютым на Берлінскім кінафестывалі. Кінакрытыкі вельмі высока ацанілі стужку, на агрэгатары Metacritic у яе 83 балы з 100. Карціну хваляць за «вельмі цікавую гісторыю пра гікаў, якія робяць магію сярод трымцення гаджэтаў».

55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (LG webOS), AirPlay, Wi-Fi, смарт пульт

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка