Як просты беларускі хлопец кілерам стаў. Паглядзелі экшэн «Джон Уік 4»

Источник: Зміцер Адашкевіч
9864
30 марта 2023 в 10:00

У пракат (афіцыйны!) выйшла чацвёртая частка франшызы «Джон Уік». Кажуць, заключнай будзе пятая, але не здзівімся, калі рэжысёр і былы каскадзёр Чад Стахелскі спыніцца раней. «Джон Уік 4» тэхнічна выйшаў настолькі дасканалым, што ў бліжэйшыя гады зняць яшчэ больш вынаходлівы і драйвовы баявік наўрад ці атрымаецца.

Читать на Onlíner

Што за Джон Уік?

Джон Уік, ён жа Джавані Ёванавіч, ён жа Баба-Яга. «Беларускі сірата цыганскага паходжання, чые цёмныя здольнасці нарадзіліся пры навучанні балету і рэстлінгу». У нейкі момант яго завербаваў клан «Руска Рома». Там яго навучылі смяротным прыёмам і выгадавалі з Джавані першакласнага кілера, здольнага імгненна забіць трох чалавек звычайным алоўкам.

Аднойчы Джон Уік знайшоў жанчыну мары, ажаніўся і адышоў ад спраў. На жаль, праз некалькі гадоў шчаслівага жыцця жонка захварэла і памерла. Экс-кілер стаў самотнікам і жыў толькі з любімым сабакам Дэйзі, пакуль яго не забілі амаль выпадковыя злодзеі, якія ўварваліся ў хату. З гэтага моманту і пачынаецца доўгая сага пра супрацьстаянне Уіка сусветнаму злачыннаму сіндыкату.

Як «Джону Уіку» ўдалося стаць лепшым баевіком XXI стагоддзя

Першая частка выйшла амаль 10 гадоў таму. Ніхто ад яе нічога не чакаў, а ўвагу яна прыцягнула толькі дзякуючы ўдзелу Кіану Рыўза, кар'ера якога да таго часу, здавалася, канчаткова і беззваротна набліжалася да схілу. І фільм публіцы, што называецца, «зайшоў». Атрымаўся іранічны, цвёрды, алдскульны баявік, якога так не хапала выпусташанаму Галівуду.

Далей — больш. Ад серыі да серыі «Джон Уік» усё лепшаў і лепшаў, што з працягамі здараецца вельмі рэдка. Боек і перастрэлак станавілася больш, іх пастаноўка заўсёды была на самым высокім узроўні дзякуючы каскадзёрскаму мінуламу рэжысёра. Плюс харызма Кіану, даведзеная да абсалюту эстэтычнасць кожнай сцэны, самаіронія і наўмысна пафасны лор з усімі гэтымі злачыннымі праўленнямі, старшынямі, кодэксамі і гатэлямі для кілераў.

Пра што чацвёртая частка «Джона Уіка»

Усе серыі франшызы можна разглядаць як адзін вельмі доўгі фільм. Не сказаць, што вы шмат страціце, калі «Джон Уік 4» стане першай стужкай пра Джавані Ёванавіча, які вы паглядзіце. Усё ж сюжэт тут просты, клішаваны і тыповы для любога баевіка «старой школы». Але ўспрыняць тое, што адбываецца на экране, прасцей, калі да гэтага паглядзець перадгісторыю.

Чацвёртая частка адкрываецца сцэнай пагоні ў пустыні, якая пераклікаецца з класікай у выглядзе «Лоўрэнса Аравійскага». Джон Уік распраўляецца са Старэйшынам, але гэта не спыняе праўленне кланаў. На знішчэнне пагрозы адпраўляюць аднаго з чальцоў праўлення — маркіза дэ Грамона. Той карае памагатых Уіка, а таксама подкупам і шантажом прыцягвае парачку топавых кілераў, якія добра ведаюць Ёванавіча, могуць яго знайсці і забіць.

На працягу наступных амаль трох гадзін мы будзем глядзець на своеасаблівую гульню ў «коткі-мышкі». Сутнасць жа ўсяго гэтага — бясконцыя баявыя сцэны, толькі для выгляду злучаныя адна з адной слабенькай сюжэтнай нітачкай. «Джон Уік» — кіно ў першую чаргу пра экшэн, а не пра гісторыю.


Што ў «Джоне Уіку 4» атрымалася на мяжы шэдэўральнасці

Гэта тэхнічна бездакорны атракцыён з надзіва дакладнай харэаграфіяй. Усё ж нездарма «Джона Уіка» часам называюць экшэн-балетам. Каскадзёрскае мінулае Чада Стахелскі дазволіла яму зняць кіно, да якога далёка «класічным» рэжысёрам баевікоў.

Дзіўная камера ўздымаецца над полем бою, а ў адным з эпізодаў нават узлятае над ім і працягвае паказваць эстэтызаваны гвалт ужо ў ізаметрыі, нібы ў якой-небудзь камп'ютарнай гульні. Тут вельмі шмат доўгіх кадраў, у якіх толькі падкрэсліваецца іншая добрая якасць фільма — харэаграфія. Некаторыя кінематаграфісты аддаюць перавагу «дрыготкай» камеры, выкарыстоўваюць тысячы мантажных злепкаў і камп'ютарную графіку (прывітанне, «Геміні») — абы схаваць недахопы пастаноўкі і штучна дадаць драйву. «Джон Уік 4» у гэтым сэнсе вельмі сумленны з гледачамі і здзіўляе майстэрствам, а не хітрымі, але дрэнна працуючымі прыёмамі.

«Джон Уік» — канцэнтрат кінематаграфічных забаў. Аўтары са скуры лезуць, каб увесь час здзіўляць гледача. Ад эпізоду да эпізоду нарастае вынаходлівасць, маштабы і галавакружнасць сцэн. Толькі выдыхнулі ад разборак у японскім гатэлі на фоне сакуры і кімано, як погляд супакойвае амаль артхаусная манахромная сцэна на могілках. Потым — царква з баявымі папамі, у якой да таго ж засядае «Руска Рома» і хавае там свае катавальныя інструменты. Неонавая дыскатэка, разборкі каля Трыумфальнай аркі, невыносна доўгія ўсходы да Сакрэ-Кёр… І ўсюды крамсаюць, страляюць, збіваюць пад бадзёрае тэхна, рамантычны шансон, ударны поп. Ледзь ці не кожны атракцыён — новае слова для баевікоў і відовішча на мяжы геніяльнасці.

Акцёрам тут не трэба паказваць цуды свайго майстэрства. Але кожны з іх на сваім месцы. Пра фірмовага нязграбнага Кіану Рыўза нават не гаворым, бо менавіта з яго ўсё і пачалося. Дзіўна, але ад яго перацягвае да сябе ўвагу Доні Ен, які грае сляпога майстра адзінаборстваў. Адмоўны персанаж Біла Скарсгарда карыкатурны ў сваёй арыстакратычнай эксцэнтрычнасці. Так і чакаеш ад яго ўсмешкі Пенівайза.

Яркія другарадныя персанажы. Нават самы дробны шныр ледзь ці не з масоўкі чым-небудзь ды запомніцца. Напрыклад, нешматслоўны Клаўс, у якога секунд 10 экраннага часу, але які варты свайго спінофа. А які выдатна карыкатурны атрымаўся нямецкі бос з залатымі зубамі і недарэчна вялізным пісталетам!

Што можа не спадабацца

«Джон Уік 4» — выдатны баявік, але і ён не пазбавіўся ад уласцівых жанру ўмоўнасцей. Да іх, напрыклад, адносяцца строга лімітаваныя набегі ворагаў, каб герой паспеў справіцца з папярэдняй порцыяй. Сюды ж дадамо татальную жывучасць, калі персанаж нават з выпушчанай яму ў пуза абоймай можа змагацца як нічога і не было. Упасці з пятага паверха на брусчатку, жвава ўскочыць і пабегчы далей рэзаць ворагаў? Чаму б і не. І, зразумела, трапляць у цэль дазваляецца толькі галоўнаму герою, тады як астатнія — не больш чым статысты-мазілы.

Герой Кіану Рыўза больш не выглядае асноўным. У цэлым калі глядзіш эпізоды з яго ўдзелам, то не разумееш, што ў яго персанажа такога крутога. Павольны, грузны, няскладны, з цяжкай паходкай. Ён сапраўды такі бессмяротны і ўдалы кілер, якога не могуць адолець пачкі куды больш падрыхтаваных бандытаў? «Не веру!»

Ад бясконцага відовішча мужыкоў, якія калоцяць адзін аднаго, можна стаміцца ўжо на першай гадзіне фільма. Добра, што далей баявыя эпізоды становяцца больш разнастайнымі. А босфайты наогул дапамогуць забыцца пра ўсе недахопы.

Фільму не хапае самаіроніі. Усё вельмі сур'ёзна і пафасна настолькі, што часам нават смешна. Нейкі гумар тут ёсць, але большасць жартаў чамусьці звязаная са знішчэннем геніталій. Магчыма, нейкі пункцік у рэжысёра ці сцэнарыстаў.

Камусьці не спадабаюцца паказныя клішэ і кіношныя стэрэатыпы. Калі пустыня, то Лоўрэнс Аравійскі. Калі Японія, то без квітнеючай сакуры нікуды. Калі Нямеччына, то неонавы рэйв. Калі Францыя, то Эйфелева вежа. І гэтак далей. Але гэта хутчэй правілы гульні, якія Чад Стахелскі задумаў перапрацаваць, а не пралік.

8
Адзнака аўтара
«Джон Уік 4» — лепшы экшэн-атракцыён за апошнія некалькі гадоў. Выразней хіба што «Шалёны Макс: Дарога лютасці», але ён выйшаў восем гадоў таму. Ёсць пытаннечкі, але ўсе яны здымаюцца пасля сцэн з Трыумфальнай аркай або перастрэлкай з выглядам зверху. І ўжо не так і важна, быць пятай частцы ці не.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by