Жыхарку Глыбоцкага раёна са стагадовым юбілеем павіншаваў Папа Рымскі

Источник: Якаў Журбін. Фото: kraj, by, vg-gazeta.by
10 645
16 марта 2023 в 19:00

10 сакавіка стагадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Горкі-1 Уладзіслава Булах. У такі значны дзень павіншаваць спадарыню Уладзіславу сабраліся сваякі, далучыліся прадстаўнікі мясцовай улады, але самае нечаканае прыйшло з Ватыкана: яе з юбілеем павіншавалі ад імя Папы Рымскага Францішка.

Читать на Onlíner

Як усё адбылося? Унук Уладзіславы Булах — Кірыл ад рукі напісаў ліст у Ватыкан, у якім распавёў пра бабулю, яе веру ў Бога і хуткі юбілей. 100-працэнтнай гарантыі, што ліст у адказ прыйдзе ў Беларусь, у яго не было, але канверт ад папы з віншаваннямі і фотакарткай пантыфіка ўсё ж прыйшоў. У ім сказана: «Ад імя Папы Францішка прыміце сардэчныя віншаванні з нагоды 100-годдзя. Няхай добры Гасподзь умацуе і блаславіць Вас і адорыць Вас Сваёй Ласкай». 

— Гэта вельмі пабожная жанчына, і тое, што прыйшоў ліст ад папы, было вельмі нечакана і прыемна, — кажа ксёндз Эдвард Нарадоўскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Маці Божай Ласкавай у Задарожжы, які праз узрост спадарыні Уладзіславы наведвае яе дома. — З такім выпадкам, каб камусьці прыходзіў ліст ад папы, я сутыкнуўся першы раз у жыцці. 

Уладзіслава Булах нарадзілася ў вёсцы Якушова. Выданне «Веснік Глыбоччыны» піша, што падчас Вялікай Айчыннай вайны яна была параненая аскепкам снарада. Яе муж Міхаіл быў партызанам і ўдзельнічаў у прарыве нямецкай блакады пад Ушачамі. Пасля сужэнцы пераехалі ў вёску Горкі-1 і працавалі ў саўгасе. Спадарыня Уладзіслава выхавала трох дзяцей, у яе 6 унукаў і 13 праўнукаў.

Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі папа Францішак праз ліст звяртаецца да беларусаў. У 2013-м ліст з падзякай за веру ў Вілейцы атрымала жыхарка вёскі Муляры Ядвіга Пастарнак.


«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by