«Дактары сказалі, што я не жылец». Беларус важыў 183 кілаграмы і вырашыў ушыць страўнік — дапамагло?

Источник: Святлана Белавус, Аляксандр Ружачка. Пераклад: Вікторыя Голубева
5357
25 января 2023 в 15:37
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Апошнім часам знаёмыя часта не пазнаюць Міхаіла. Паўтара года таму ён важыў больш за 180 кілаграмаў і не мог прайсці 100 метраў без прыпынку — цяпер жа гэта актыўны мужчына, які ўвесь час ганяе ў камандзіроўкі, а нядаўна лятаў з жонкай катацца на горных лыжах. Магіі ў гэтым ператварэнні няма: каб схуднець на 100 кілаграмаў, беларусу прыйшлося класціся пад нож і ўразаць страўнік. Няўжо гэта быў адзіны варыянт?

Читать на Onlíner

З Міхаілам Акулавым і ягонай жонкай Наталляй мы сустрэліся ў той дзень, калі яны збіралі чамаданы для паездкі ў Грузію. За апошні год пара ездзіла адпачываць тры разы — свет навокал, як аказалася, вялікі і разнастайны. А яшчэ паўтара года таму мужчына праводзіў час збольшага ў сябе дома, у Беразіно. Жыццё круцілася вакол камп’ютара і ложка.

— Каб прайсці 50 метраў да дому праз дарогу, трэба было спыніцца і аддыхацца. Спіну ломіць, жывот цягне... Абутак было цяжка падабраць — хадзіў у гумавых шлёпках і летам, і зімой. А шкарпэткі дапамагала надзець жонка, сам не даставаў...

Ездзіць кудысьці за рулём было небяспечна: у любы момант Міхаіл мог заснуць і трапіць у аварыю.

— Калі выпраўляўся ў Мінск, заўсёды кагосьці браў з сабой. Праязджаю 40—50 кіламетраў — і станаўлюся на ўзбочыне, мне трэба хвілін 10 драмаць, каб прыйсці ў сябе. 

— Сон проста накрываў яго на месцы, — пацвярджае жонка. — Калі стаіць, ходзіць, то нічога, а як толькі сеў — 10 хвілін, і Міша ўжо спіць. Я нешта гавару, а ў адказ цішыня...

Пастаяннае жаданне спаць днём муж і жонка тлумачаць тым, што адбывалася ноччу. Ледзь не кожную гадзіну Міхаіл прачынаўся з-за прыпынкаў дыхання. Дактары казалі, што так праяўляецца апноэ сну.

— Ужо не ведалі, што рабіць, можа, матрац мяняць! Апошнім часам наогул спаў седзячы. Толькі лягу, усё падпірае да горла — прачынаешся, каб проста хапануць паветра. Канешне, гэта страшна. Расплюшчыў вочы — не ведаю, як быць. За ноч мог выкурыць пачак цыгарэт! Палю-палю, а потым брык — і ўпаў, сплю далей.

«Міша вельмі любіў дранікі! Штук 10 за раз мог з’есці»

Пытаемся, як Міхаіл прыйшоў да такога жыцця і такой вагі. Мужчына прызнае: хутчэй за ўсё, рэч у няправільным харчаванні. Вага набіралася паступова, год за годам. Калі дайшоў да 120 кілаграмаў, спрабаваў худнець. Адносна лёгка трымаўся на дыеце, пакуль кілаграмы ўбывалі. А як толькі вага замірала, вяртаўся да багатых вячэр. Сыходзіла 10 кілаграмаў, 20 набіралася — і так па крузе.


— Быццам бы і еў за дзень не шмат, але не ў час — звычайна адзін раз пасля дзесяці вечара, — распавядае Міхаіл. — Працаваў у грузаперавозках, да ночы за камп’ютарам сядзеў. Раніцай не заўсёды атрымлівалася паесці, у абед таксама. А трэба ж часта і патроху.

— А што такога асаблівага елі на вячэру? Вага ж не можа расці з нічога.

— Ну, напрыклад, Міша ў нас вельмі любіў дранікі, — з усмешкай пазірае на мужа жонка. — Парадкам так іх мог з’есці — штук 10. Бульба смажаная вельмі падабалася — адзін мог адолець цэлую патэльню.

Або вось гатуем шашлыкі, на сям’ю звычайна вялікую талерку робім. Толькі пасмажу — Міша ўжо паўталеркі адзін з’еў! Госпадзі, хоць ты зноў па мяса ідзі!

— А яшчэ быў вельмі ахвочы да салодкага, — прызнаецца ўжо сам Міхаіл. — Цукеркі кілаграмамі еў... Торт мог з’есці цалкам, пірожныя ўсялякія, «снікерсы» вельмі любіў. Заязджаў, памятаю, на запраўку, браў два пакеты круасанаў і пару бляшанак Burn.

Burn — гэта наогул асобная гісторыя. Да энергетыкаў мужчына прыахвоціўся, калі працаваў на заводзе Coca-Cola. У апошнія гады перад аперацыяй спажываў іх скрынямі, а напой гэты даволі каларыйны. Выпіў адну бляшаначку — нібы палову шакаладкі з’еў.

Трапіў у бальніцу на хуткай, а потым яшчэ 30 кілаграмаў набраў

Разам з лішняй вагой прыйшлі праблемы са здароўем. Калі шалі паказвалі 150 кілаграмаў, мужчыну першы раз забралі ў бальніцу на хуткай, танометр проста зашкальваў. Ужо тады дактары прама сказалі жонцы: «Усё, ён не жылец».

— Я стаю ў шоку: «Як вы мне можаце такое гаварыць?» А лекар адказвае: «Мы заўсёды кажам праўду ў вочы. Што вы хочаце?»

— Калі дактары сказалі такое, што змянілася ў вашым жыцці? — цікавімся ў Міхаіла.

— На той момант — нічога. Канешне, было вельмі страшна. Але што я мог зрабіць? Я шмат і не еў, па сутнасці. Не тое каб каструлю супу з’ядаў і фастфудам стала сілкаваўся... Я жыў як раней. І з таго часу набраў яшчэ 30 кілаграмаў.

Нават доктар мне тады казаў: дыетамі тут не дапаможаш — я ўжо не мог рухацца. Аперацыю ж нездарма робяць.

— Мы ўвесь час білі трывогу: Міша, трэба нешта рабіць, трэба нешта рабіць... Але што? Дыеты не дапамагалі. Балазе былі знаёмыя, якія падказалі, што ў Мінску практыкуюць аперацыі для памяншэння страўніка, — успамінае Наталля.

Паўтара года таму нашага героя абследавалі ў 9-й бальніцы Мінска. Аперацыя была няпростай: з-за вялікай вагі беларусу нельга было адразу зрабіць поўную анестэзію.

— Спачатку мне ўставілі шланг у лёгкія, пакуль я быў у прытомнасці. Без гэтага я мог задыхнуцца. Усё, вядома, звязана з вагой, у мяне што шыя, што галава былі аднолькавыя! Мышцы маглі заціснуцца — і я б перастаў дыхаць.

Пасля ўвядзення наркозу дактары, груба кажучы, «праштабнавалі» частку страўніка мужчыны і ў дадатак «выключылі» пару метраў кішэчніка — там, дзе ўсмоктваюцца пажыўныя рэчывы.

Раней з’ядаў пачак пельменяў, а цяпер максімум 10 штук

Рэабілітацыя прайшла хутка: Міхаіл выпісаўся з бальніцы ўжо праз пяць дзён. У першыя тыдні былі надта строгія абмежаванні ў харчаванні: толькі вада і булён. Паступова лекары дазволілі перайсці на працёртую ежу.

— Першымі днямі было быццам балюча есці, а потым я проста не адчуваў апетыту. Харчаваўся дзіцячымі мяснымі кансервамі і тваражкамі да 2%. Калі еў які-небудзь рыс ці грэчку, трэба было ўсё старанна перажоўваць, а не так, як раней, — закінуў, і ўсё.

Праз тры месяцы ўжо можна было ўсё, але мяне ад салодкага і тлустага прама адвярнула. Дрэнна становіцца, як быццам нудзіць.

За пяць дзён у бальніцы Міхаіл страціў 18 кілаграмаў — дадому па калідоры амаль бег, жонка з сумкамі за ім не паспявала. Прайшло яшчэ тры месяцы — стаў лягчэйшым на 50 кілаграмаў. А за паўтара года ўвогуле пазбавіўся ад сотні.

— Цяпер я 82—84 кілаграмы, і вага ўжо стабільная, асабліва не скідаецца. Што змянілася ў маім жыцці? Усё! У апошні дзень перад выпіскай я заснуў і спаў усю ноч, не мог прачнуцца нават на ўколы. Я нават спалохаўся тады: даўно такога не было. Руху ў жыцці стала больш! Я зараз сам езджу па працы на загрузкі і разгрузкі. Калі была віза, па чатыры разы на тыдзень мог быць у Еўропе! Толькі вось на мяжы задаюць шмат пытанняў: няўжо гэта вы? Я ж фота ў пашпарце не памяняў, — смяецца мужчына.

Міхаіл прымярае джынсы, якія насіў пры вазе 160 кілаграмаў. Калі стаў яшчэ большым, улазіў ужо толькі ў спартыўныя штаны. Памер XXXXXXL яшчэ трэба было знайсці!

З ежай у Міхаіла нарэшце нармальныя адносіны. Каб пад’есці, зараз яму дастаткова 7—10 пельмешак — мы спецыяльна папрасілі Акулавых паказаць стандартную порцыю. Раней для галавы сям’і асобна варылі пачак і яшчэ адзін — для жонкі і дваіх дзяцей.

— Я нават часам кажу мужу: «Ну паеш ты ўжо нармальна!» А ён мне адказвае: «Я не хачу, разумееш?» Вось як мы ўсе ямо: першае і потым адразу другое. А Міша столькі ўжо не можа, не змяшчаецца ў яго. Пасля супу трэба пачакаць. Калі галубцы даю, то адзін, вельмі маленькія порцыі, — дадае Наталля.


Як усё магло скласціся без аперацыі, у сям’і стараюцца не думаць. Па словах Міхаіла, у пэўны момант ён проста страціў кантроль над сваім жыццём. І ўжо наўрад ці справіўся б самастойна.


15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, Intel Core i7 12650H, 16 ГБ DDR5, SSD 1024 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce RTX 3050 Ti 4 ГБ (TGP 75 Вт), без ОС, цвет крышки черный, аккумулятор 76 Вт·ч
Нет в наличии
15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, AMD Ryzen 5 5600H, 16 ГБ DDR4, SSD 512 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce GTX 1650 4 ГБ GDDR6, без ОС, цвет крышки темно-синий, аккумулятор 50 Вт·ч
Нет в наличии
Onlíner рекомендует
15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, AMD Ryzen 7 5800H, 16 ГБ DDR4, SSD 1024 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce RTX 3060 6 ГБ (TGP 130 Вт), Linux, цвет крышки серый, аккумулятор 46.7 Вт·ч
Снят с продажи

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by