«Для мяне гэта адрэналін». Паказваем, як праходзіць адзін з самых незвычайных абрадаў краіны

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский
11 682
14 января 2023 в 10:23
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Аграгарадок Семежава знешне амаль нічым не адрозніваецца ад іншых падобных населеных пунктаў Беларусі. І, магчыма, пра яго ніхто б не чуў у маштабах краіны, калі б не адна яскравая акалічнасць. У сярэдзіне 1990-х тут адрадзілі старадаўні і прывабны абрад «Калядныя цары». З часам яго ўнеслі ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА і ў Семежава пацягнуліся аўтобусы з турыстамі. Як абрад выглядае цяпер, глядзіце ў нашым рэпартажы.

Читать на Onlíner

«Бабулькі расказвалі, як раней тут хадзілі „цары“»

З чаго ўсё пачалося? Незвычайна весяліцца ў Шчадрэц паблізу Капыля пачалі яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Каля вёскі Семежава кватаравалі расійскія вайскоўцы, і на Новы год па старым стылі яны пераапраналіся ў незвычайныя касцюмы, хадзілі па дварах, паказвалі разнастайныя сцэнкі, за што атрымлівалі ад вяскоўцаў пачастунак. Пасля салдаты з'ехалі, а звычай застаўся — яго перанялі мясцовыя жыхары і, нягледзячы на пэўны перапынак у мінулым стагоддзі, падтрымліваюць дагэтуль.

На гадзінніку 15:30, у фае семежаўскага Дома культуры шмат людзей. Хлопцы нацягваюць на сябе белыя кальсоны, кашулі і падпяразваюцца прыгожымі семежаўскімі паясамі. На галовах  самаробныя ківеры з прымацаванымі рознакаляровымі стужачкамі. На фоне дыска-шара і насценных роспісаў падобнае выглядае надта каларытна.


Дапамагае апранацца ўдзельнікам абраду Таццяна Шаура, якая ў 1990-х з аднадумцамі адраджала праект.

— У нашым раёне была праграма па адраджэнні народных святаў, абрадаў, і кожны шукаў нешта асаблівае ў сваёй вёсцы, — кажа спадарыня Таццяна і паралельна папраўляе хустку на адным з удзельнікаў свята. — Бабулькі ў Семежаве прыгадалі, што некалі тут хадзілі «цары»Мы спыталіся, а хто ж гэта такія? І тут нам пачалі распавядаць, што гэта хлопцы, якія пераапраналіся ў форму, падобную на вайсковую, хадзілі па вуліцах і паказвалі, як б'юцца. Расказалі ўвесь сцэнарый, хто што гаворыць і робіць. Мы гэта адрадзілі. А пасля прыехалі да нас навукоўцы з Акадэміі навук і сказалі, каб мы абавязкова з гэтым абрадам хадзілі. [Этнолаг] Таццяна Кухаронак прывезла да нас здымачную брыгаду «Белвідэацэнтра», і пра нас знялі кіно. І яно нам вельмі дапамагло. Бо ўсё ж такі не кожны да нас прыедзе, а кіно ўсе могуць паглядзець. Па ім пасля навучалі ў Мінску студэнтаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры.

Па словах суразмоўніцы, пік папулярнасці прыпаў на 2009 год, калі абрад трапіў у спіс ЮНЕСКА, атрымаў шэраг іншых узнагарод і прэмій, прыцягнуў увагу турыстаў.

Раней па кожнай вуліцы Семежава хадзіў свой гурт, але сёння па аграгарадку пойдуць дзве каманды па 7 цароў. Яны будуць маршыраваць, спяваць, а яшчэ ладзіць сцэнкі, у якіх цар Максіміліян б'ецца з Мамаем на драўляных мячах. Ну а пасля ўсім дапамагае лекар, які носіць за спінай велізарны градуснік.

Сярод удзельнікаў пераважае моладзь: школьнікі і студэнты.

— Мне з дзяцінства падабаецца гэты абрад. Раней хадзілі мой бацька, брат, і мне хацелася б, каб удзел у «Царах» пераходзіў з пакалення ў пакаленне ў нашай сям'і кажа студэнт Ілья Стасевіч— Я з дзяцінства за ўсім, што адбываецца, назіраў, а з мінулага года сам пачаў удзельнічаць.

— Праз год таксама пойдзеш?  пытаюся.

— А куды ж ён дзенецца?  з усмешкай адказвае за хлопца Таццяна Шаура, і, падаецца, лёс хлопца ў гэтым пытанні ўжо прадвызначаны.

Але можна сустрэць сярод «цароў» і дарослых мужчын. Напрыклад, Аляксея Шашнова, які ў Семежаве робіць слесарам.

— Мне падабаецца гэтая традыцыя. Я атрымліваю ад яе адрэналін сцвярджае Аляксей. — Як кажуць, на людзей паглядзець і сябе паказаць. Мне вельмі прыемна выступаць у гэты дзень, і я ўжо пяты год з «царамі».

— Вам выхадны даюць на працы? 

— Не. Але калі працоўны дзень прыпадае на «Цары», я мяняюся з напарнікам. Сёння так і адбылося.

«Абрад  гэта наш гонар»

Пакуль «цары» рыхтуюцца да выхаду, каля Палаца культуры пачынаецца свята  з шашлыком, піражкамі, гарбатай і другімі напоямі. Каб сагрэцца, людзі актыўна танцуюць, а каля сцэны можна заўважыць даволі каларытных персанажаў.


Праз гадзіны паўтары «цары» усё ж такі вырушылі шчадраваць — у атачэнні турыстаў і гледачоў з ліку мясцовых жыхароў. Але да іх удзельнікі абраду, здаецца, ужо прызвычаіліся, таму не асабліва звяртаюць увагу.

У першую хату набілася столькі народу, што нават не ўсім хапіла месца. Пасля сцэнкі гаспадыня перадала пакет Механошу. Што ў ім было, мы не разглядзелі, аднак, як нам распавялі, пераважна кладуць каўбасы, пірагі, перапечкі, салодкае і бутэльку гарэлкі.

У кожным двары, куды заходзяць «цары», іх ветліва сустракаюць, гасцінна адчыняючы дзверы. Праўда, гэтым разам рушылі ўсё ж па адрасах, дзе гасцей чакалі, бо не кожны зараз прыме ўдзельнікаў абраду. У тым ліку таму, што не ва ўсіх дамах ёсць прастора, каб можна было паказаць сцэнку. Але ў некаторых сітуацыях з гэтым лёгка спраўляліся і ладзілі баі на мячах наўпрост у дварах.


Напаследак «цары» вырашылі наведаць Георгія Ціманава — ганаровага Мамая, які ў гэтай ролі адхадзіў па вуліцах Семежава 20 гадоў. Цяпер жа мужчына вырашыў адпачыць і, як сам кажа, даць дарогу маладым. Удзельнікаў абраду ён сустрэў не з пустымі рукамі, а з хлебам і соллю.

— Я ж самага пачатку хадзіў з «царамі», калі адраджалі абрад,  кажа Георгій Вы што! «Цары» — гэта гонар за нас, за тое, што праславілі абрадам краіну — яго ж за мяжой ведаюць.

— Верыце, што традыцыя і надалей будзе жыць?

— Ведаеце, калі толькі нехта не пойдзе, мы зноў гэта зробім. А што? Падфарбуемся, падмажамся — і наперад!

Ну а пад канец «цары» зладзілі сапраўднае шоу з паходнямі і, пакідаючы прысутных, накіраваліся на сваю вечарыну. Кажуць, мех гэтым раз яны сабралі сапраўды ладны.


15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, Intel Core i7 12650H, 16 ГБ DDR5, SSD 1024 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce RTX 3050 Ti 4 ГБ (TGP 75 Вт), без ОС, цвет крышки черный, аккумулятор 76 Вт·ч
Нет в наличии
15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, AMD Ryzen 5 5600H, 16 ГБ DDR4, SSD 512 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce GTX 1650 4 ГБ GDDR6, без ОС, цвет крышки темно-синий, аккумулятор 50 Вт·ч
Нет в наличии
Onlíner рекомендует
15.6" 1920 x 1080, IPS, 144 Гц, AMD Ryzen 7 5800H, 16 ГБ DDR4, SSD 1024 ГБ, видеокарта NVIDIA GeForce RTX 3060 6 ГБ (TGP 130 Вт), Linux, цвет крышки серый, аккумулятор 46.7 Вт·ч
Снят с продажи

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by