«Магу на Новы год працаваць, але на Раство — ніколі». Як беларусы сустракаюць Божае Нараджэнне

Автор: Тарас Щирый. Фото: Макім Маліноўскі
12 528
24 декабря 2022 в 8:00

У нядзелю каталікі і пратэстанты адзначаюць адно з самых важных свят  Божае Нараджэнне, але даволі кранальная падзея адбываецца напярэдадні Раства, калі сям'я з першай зоркай сядае за стол, а пасля рушыць у храм. Называецца такая перадкалядная вячэра вігілія, альбо посная куцця. Мы даведаліся пра яе сэнс, сімволіку і паглядзелі, якія стравы гатуюць у гэты дзень.

Читать на Onlíner

Звычай збірацца ўсёй сям'ёй дома напярэдадні Божага Нараджэння мае даўнейшыя карані і насычаны вялікай колькасцю рэлігійных і народных сімвалаў.

— Вігілія — пярэдадзень Божага Нараджэння ў каталікоў, які мае пры гэтым ужо святочны характар,  кажа ксёндз Кірыл Бардонаў.  У розных краінах ён адзначаецца са сваімі адметнасцямі, і тыя традыцыі, якія мы можам убачыць у Беларусі, адсутнічаюць нават у другіх краінах Усходняй Еўропы. Гэта відавочна сямейная падзея. Гасцей прымаюць і падарункі дораць 25 снежня, а напярэдадні ўсе збіраюцца сем'ямі.

Сярод беларускіх каталікоў прынята сядаць за стол са з'яўленнем першай зоркі на небе. Як тлумачыць ксёндз Кірыл, гэта сімвал зоркі, якая, паводле Бібліі, з'явілася на небе ў момант нараджэння Ісуса Хрыста і паказала шлях тром мудрацам. Яны вырашылі, што на свет з'явіўся новы цар Іўдзейскі, і пайшлі за зоркай пакланіцца народжанаму Хрысту ў Віфлеем.

— Перад тым як сесці за стол, пад белы абрус гаспадары кладуць сена,  працягвае ксёндз Кірыл. — Гэта падкрэслівае тую беднасць, у якой нарадзіўся Хрыстос. Некаторыя лічаць, што гэта быў хлеў, аднак Ісус нарадзіўся ў пячоры  побач з жывёламі, якія спажывалі сена. Перад вячэрай прынята, каб галава сям'і зачытаў урывак пра нараджэнне Хрыста з Евангелля і малітву, а пасля кожны з кожным дзеліцца аплаткай — тонкай пліткай белага поснага хлеба, складаючы адно аднаму віншаванні.

Што цікава, калі вы раскажаце пра аплатку каталікам з Францыі ці Іспаніі, то яны наўрад ці вас зразумеюць. Гэта цалкам мясцовая традыцыя, якая характэрна для Беларусі і некаторых суседніх краін.

На стале традыцыйна павінна быць 12 страў  па колькасці апосталаў. У цэнтр стала часта ставяць свечку і маленькія яселькі з Хрыстом  мініяцюрныя копіі буйных кампазіцый, якія ў гэтыя дні можна пабачыць каля касцёлаў. Такія сцэнкі ўпершыню з'явіліся яшчэ ў 13-м стагоддзі ў Італіі дзякуючы намаганням святога Францыска.

Пра стравы пагаворым яшчэ асобна, але ўсе яны мусяць быць поснымі. Дарэчы, у некаторых краінах гатуюць тлустую ежу, але сярод беларускіх каталікоў (магчыма, пад уплывам праваслаўных) прынята спажываць выключна посныя стравы. Ну і яшчэ адна важная традыцыя  за сталом абавязкова пакідаюць адно вольнае месца для нечаканага госця. Тут таксама ёсць свой падтэкст. У Евангеллі сказана, што цяжарную Марыю з Юзафам, якія былі ў дарозе, ніхто не хацеў прымаць. Таму нараджаць прыйшлося ў пячоры, але хрысціянін павінен даць прытулак самотнаму чалавеку, які заблукаў у гэты дзень.

«Святкуем гэтак, як і нашыя бацькі, дзяды»

Што гатуюць на вігілію? Пра гэта нам падрабязна распавяла і ўсё паказала спадарыня Алена Захарэвіч. Яна жыве ў аграгарадку Людвінова, што ляжыць у маляўнічых лясах каля Вілейскага вадасховішча. Разам з мужам Леанідам яна 39 гадоў, і, як запэўнівае жанчына, яшчэ не было такога, каб у сям'і не адзначылі Божае Нараджэнне і не сабраліся на вігілію. Леанід ужо даўно працуе дальнабойшчыкам, за 24 гады аб'ездзіў амаль усю Еўропу і Расію, але заўжды загадзя дамаўляўся з кіраўніцтвам, каб на свята адпускалі дадому. Мужчына падкрэслівае, што гатовы рабіць хоць на Новы год, але толькі не на Божае Нараджэнне  гэта для яго, як кажуць, святое.

Цяпер спадарыня Алена на пенсіі, і часу вольнага паболей, але раней жанчына працавала ў дзіцячым садку, мясцовым ФАПе, вігілія нярэдка прыпадала на працоўны дзень, і, каб усё прыгатаваць, прыходзілася папрацаваць уначы з 23 на 24 снежня. Пакуль муж быў у рэйсе, з гатоўкай ёй дапамагалі сыны. Цяпер, праўда, яны ўжо дарослыя, жывуць у буйных гарадах, але заўжды на свята стараюцца прыехаць да маці з бацькам. Гэтым разам крыху раней да бацькоў з Бараўлянаў вырваўся з дачкой сын Аляксей і прывёз сваю фірмовую і ўлюбёную страву  фаршыраванага шчупака.

— Так прынята ва ўсёй вёсцы. Хто адкуль, але ўсё павінны прыехаць да бацькоў. Мы святкуем гэтак, як і нашыя продкі. І як яны рабілі вігілію, так і мы робім. І хоць дзеці прыязджаюць часам з самага ранку, ніхто на стол мясную ежу не падае. Посны дзень значыць посны,  кажа гаспадыня— А як першая зорачка з'явіцца, значыць, зачынаецца свята, усе сядаюць за стол.

У падрыхтоўцы заўжды ўдзельнічаюць дзеці і ўнукі. Ставім стол, кладзём сена і заўсёды засцілаем самым прыгожым абрусам.

Крыху сянца кладзём на сам абрус і пакрываем ужо абрусам саматканым, ільняным. Гэты старадаўні  ад бабулі застаўся. Далей ставім яселькі, Матачку Боскую, запальваем свечку і побач усталёўваем фігуркі тых, хто прыйшоў павітаць Ісуса. Паўтаруся, пакуль зорка на небе не з'явіцца, мы не сядалі.

— А калі зорак бачна не было?  пытаюся ў гаспадыні.

 Ну тады як цямнела, так і сядаліЛічылася, што зорка ўжо мусіць быць на небе,  дадае суразмоўца.

Якія стравы на вігілію гатуе Алена Захарэвіч? Жанчына запэўнівае, што амаль нічога пакупнога на стол не ставіць  усё прыгатавана са свайго агарода. Парыцца бульба, ставяцца грыбы з цыбуляй, запраўленыя алеем, абавязкова гатуецца поліўка, квашаная капуста, салата з морквы, смажанай цыбулі і грыбоў. Для дзяцей  кісель з ягад і посныя пончыкі на вадзе, пасыпаныя цукровай пудрай.

Ну і, безумоўна, куцця  з аўсянкі, груцы, з дабаўленнем курагі, мёду і разыначак для смаку.

— Варылі яе даўней вось у такім гаршчочку і ў ім жа кашку прыносілі на стол,  тлумачыць гаспадыня.  Але мы зараз падаём у другіх — у гліняных гаршкахКожны абавязкова павінен быў з'есці па лыжцы, а астатняе мусіла застацца для продкаў. У нас у такіх выпадках яшчэ прамаўлялі: «Пану Езусу гасцінца трэба пакінуць». Ежа, дарэчы, ніколі не прыбіралася пасля вігілійнай вячэры. Казалі, да раніцы рабіць гэтага нельга, бо лічылася, што ўначы пачаставацца прыходзяць нашыя продкі.

Алена Захарэвіч прыгадвае, што пасля вячэры, калі яшчэ заставаўся час да святочнай службы ў касцёле, людзі спявалі калядкі, жартавалі, гуляліся, дастаючы з-пад абруса па саломінцы.

— Лічылася, якую саломку выцягнеш, такім і будзе ўраджай,  кажа Алена Захарэвіч.  Калі ты даўгую дастанеш, то будзе надта добра.

Ну а пасля ўся сям'я збіраецца на набажэнства ў старадаўні касцёл у суседнюю вёску Касцяневічы.

— Раней [пасля вайны] наш касцёл быў адзіным адкрытым у нашым раёне. Ні ў Даўгінаве, ні ў Вілейцы, ні ў Крывічах  выключна ў Касцяневічах. Далей  толькі ў Красным, што пад Маладзечна. Быў, праўда, час, калі не было ксяндза, і храм закрылі. Дык Юзэфа Карніловіч, якая захоўвала ключ ад касцёла, паехала ў Мінск, абяцала, што крыжам ляжа, але без ключа назад не вернецца. І вярнулі! Потым з'явіўся святар Станіслаў Жук, і ў касцёл — на святы і на імшу — прыязджалі з усяго наваколля. 


Ну а 25-га будзе свята  са зразамі, каўбасамі, хрэнам, шчупаком, падарункамі, калядоўшчыкамі, з ксяндзом, які выправіцца наведваць вернікаў, паходам у госці. А ў Людвінова, кажуць, жывуць надта гасцінныя людзі, і ў іх можна насамрэч згубіцца на цэлы дзень, але гэта ўжо крышачку iншая гісторыя.

На развітанне Алена Захарэвіч з упэўненасцю кажа, што традыцыі, якія пераняла ў сваіх продкаў, у свякрухі, нікуды не дзенуцца і дзеці, паводле традыцыі, надалей будуць сустракаць Божае Нараджэнне.

— Я ж не перажываю. Дачок у мяне няма, але мае хлопцы ведаюць, як трэба зрабіць і паставіць на стол, бо змалку дапамагалі мне, калі Лёні не было, і ўсё памятаюць. За іх я спакойная,  неяк расчулена, але з задавальненнем кажа спадарыня Алена.


У падрыхтоўцы артыкула выказваем падзяку пробашчу парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах Віталю Маргунову.


32" 1920x1080 (Full HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Samsung Tizen), AirPlay, Wi-Fi

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by