33 жыцця таму (на самай справе — у канцы студзеня 2020-га) я ішоў па Дрэздэне, глядзеў на Эльбу, захапляўся «Балконам Еўропы» і купалам Цвінгера. Я ўсё не мог зразумець, што тут не так і ў чым падвох. Разбураная сталіца Саксоніі, адноўленая пасля катастрафічных бамбаванняў 1945-га, выклікала складаныя пачуцці. Прыгажун-Дрэздэн — гэта горад трох рэальнасцей: эстэтычнага свята, руціны і саўка. І якая з іх сапраўдная? І навошта мы ёй? У студзені 2020-га гэта ўсё гучала натуральна. З Таццянай і Віталём, сям'ёй беларусаў, якія з'ехалі ў Нямеччыну, мы сядзелі за куфлем крафту і размаўлялі пра побыт, Меркель і новыя сацыяльныя трэнды «антыкапіталізму». А яшчэ пра тое, навошта вяртацца назад. Потым свет змяніўся, нас адрэзалі ад іх.
Читать на Onlíner«Карона» заблытала Еўропу, гэтае інтэрв'ю я вырашыў адкласці. Цяпер, калі ў асяроддзі беларускіх інтэлігентаў і актыўнай моладзі ўсё часцей гавораць аб эміграцыі пасля 9 жніўня, частка з таго, што гучала ў нашай гутарцы мілай «дакавіднай» эпохі (і, мяркуючы па ўсім, эпохі беларускай адлігі), раптам зайграла іншымі тонамі. Якімі мы былі наіўнымі. Ці не? Адказ ў самым канцы.
Пакуль вяртаемся ў зімовы Дрэздэн. Свет яшчэ не з'ехаў з глузду. Вечар. Нямецкі горад і яго барная вуліца. З Віталём і Таццянай блукаем па кварталах у раёне Rothenburger Str.
Таццяна:
— Дрэздэн — гэта горад нечаканасцей. Ёсць адно месца, дзе мы ходзім з Вітусём амаль кожны дзень. Аднойчы дасведчаны немец распавёў незвычайную рэч: «А вы ведаеце, што ў 2010 годзе тут гуляла група „Ляпис Трубецкой“?» І памятаюць жа пра такое!
А я вельмі добра памятаю, як мы ўпершыню патрапілі ў гэты горад. Мы ўдваіх ехалі з Прагі ў Берлін. Падумалі: едзем праз Дрэздэн, чаму ж не пабываць? Выйшлі з цягніка, Вітусь такі кажа: «Прыкольна, тут класныя трамваі. Я б хацеў тут жыць». Пасля мы пра гэта забылі. Прайшло шмат гадоў. Мы вучыліся ў Беларусі ў БНТУ. Я на бізнес-адміністраванні, Віталь — на будаўнічым факультэце. Потым я працавала ў БДУ. Рабіла міжнародныя адукацыйныя праекты па лініі Нямеччына — Беларусь. Добра вывучыла мову. І вырашыла, што трэба яшчэ крыху павучыцца самой. Абодва мы выйгралі стыпендыі на вучобу ў магістратуры. Можна было абраць горад у Еўрасаюзе, куды паехаць. Разам мы маглі трапіць ці ў Берлін, ці ў Дрэздэн. Я не вялікі прыхільнік Берліна. Таму — Дрэздэн. Ніякай рамантыкі, вельмі прагматычная гісторыя.
Мы жывём тут больш за чатыры гады. Калі з’язджалі з Беларусі, усім знаёмым паабяцалі, што абавязкова вернемся.
— Гучыць як лозунг!
— Гучыць як план.
Таццяна:
— Я працую ва ўніверсітэце і займаюся навуковымі даследаваннямі. Высвятляем, як штучны інтэлект можа працаваць у адукацыйным працэсе, як наладзіць, персаніфікаваць фідбэк для студэнтаў у адказ на іх адкрытыя пытанні. Я распрацоўваю дыдактычную мадэль, у камандзе ёсць і праграмісты.
На Нямеччыне ўніверсітэты вельмі часта атрымліваюць такія заданні ад прадпрыемстваў на аўтсорс. У мяне ёсць сябра, які працуе ў праекце па замове буйнога аўтамабільнага канцэрна. Зараз робяць самакіруючыя машыны. Такая машына павінна разбірацца ў тым ліку і ў смецці, якое проста ляціць па дарозе. Каб выпадкова не пераехаць чалавека, ёй неабходна разумець, ці гэта нехта нясе пакет у руцэ, ці яго нясе вецер. Такія праекты і ёсць самае важнае, чым можа займацца ўніверсітэт. Вельмі прэстыжна іх атрымаць.
Віталь:
— Я інжынер-будаўнік. Праектую будынкі. Зараз мы робім адзін вялікі праект, які будзе поўнасцю заарміраваны несталёвай арматурай. Будзем выкарыстоўваць карбонавалакно і шкловалакно. У мяне была магістарская праца на гэту тэму. Вельмі крута, што тэорыю тут можна аб’ядноўваць з практыкай. Глабальная мэта праекта — зменшыць выкіды СО2 у атмасферу. Менш бетону ў канструкцыі — менш выкідаў. І гэта вельмі важная задача дзяржаўнага ўзроўню.
Я паспеў папрацаваць і ў Беларусі і магу параўноўваць. У нас будуюць не вельмі якасна праз тое, што любяць ва ўсім эканоміць. У немцаў інакш. Яны лепей адразу шмат грошай пераплацяць, чым потым праз год, два ці тры будуць рабіць нейкія рэнавацыі. А ў плане параўнання магу сказаць, што ў Беларусі шмат такіх арганізацый і нават дзяржаўных праектных устаноў, што 4—5 гадоў таму выкарыстоўвалі падыходы, аб якіх немцы толькі зараз пачынаюць задумвацца, як бы дзіўна гэта ні гучала.
Мы гуляем па так званаму Новаму гораду. Тут знаходзіцца знакаміты пасаж Кунстхоф з яго чароўнымі ўтульнымі ўнутранымі панадворкамі, дзе мастакам і дызайнерам дазволілі ад душы адарвацца. Адзін з дамоў нібыта спявае падчас дажджу — на сцяне ўстаноўлена ўнікальная вадасцёкавая сістэма, якая нагадвае аркестр.
Таццяна:
— Мы пераехалі ў Нойштат два гады таму. Здымаем кватэру. За двухпакаёўку ў сярэднім просяць ад 500 да 1000 еўра. Але ж цікавей расказаць пра іншае. Наш раён — не тыповая Германія, ён нібыта ў пузыры. Тут жывуць асобныя людзі са сваім светапоглядам, які нам зразумелы. Тут цэнтр актывізмаў рознага кшталту. Напрыклад, зараз у трэндзе сярод жыхароў — экаадзенне і экаежа, ненабыццё новых рэчаў. У нашым раёне людзі пакідаюць на прыступках тое, што ім не патрэбна. Кнігі, мэблю, тэхніку, якая яшчэ працуе.
Гэтак жа было побач з універам, дзе мы вучыліся. Студэнты паміж сабой абменьваліся рэчамі. Аднойчы мы знайшлі чыйсьці тэлевізар! Калі з’ехалі, таксама яго пакінулі. Вельмі зручна.
Мне здаецца, людзі паступова прыходзяць да такога ўзроўню жыцця, што ў іх усё ёсць. Больш няма гонкі, бо трэба і тое, і гэта. Яны пачынаюць пакрыху аддаваць.
Але гэта адбываецца ў асноўным у гэтым раёне. Не падумайце, што гэта нейкі глабальны трэнд. Пакуль не глабальны.
Яшчэ пра Нойштат. Тут захаваўся асаблівы дух. Вось выпадак. Я вешала бялізну. Выйшла суседка-немка з іншага пад’езда, кажа: «Прывітанне!» А мы ніколі дагэтуль не размаўлялі. І вось яна пытаецца ў мяне: «А ты ўжо ела сёння? Заходзь да мене». Дзіўна, так? Для беларуса з вялікага горада асабліва.
Увогуле людзі тут любяць рабіць нешта разам. Я адразу падумала, што гэта жарт, калі да мяне падышла сяброўка і сказала:
— Мы збіраемся кожны аўторак, адзін прыносіць свае шкарпэткі, якія не можа залатаць, другі нейкую кофту — будзем трындзець, піць віно, есці, а паралельна — займацца кожны сваёй справай.
— Ну, — кажу. — Прыкольна.
— А можна ў цябе правядзём наступны раз?
— Ну прыходзьце.
І вось яны прыходзяць. 13 чалавек! Паселі на падлогу і давай шыць.
Яшчэ адзін трэнд — камуны. Вельмі шмат хто з гэтага раёнчыка марыць пра стварэнне сваёй суполкі. Ведаю пра «фудкопы» — кааператывы ежы. Людзі, якія не жадаюць пераплачваць у краме, скідваюцца грашыма і ствараюць кааператыў. Пачынаюць замаўляць ежу ў вялікіх колькасцях, захоўваюць яе ў нейкім будынку, робяць стыхійную краму і істотна эканомяць. Зразумела, што ты сам валанцёрыш на карысць гэтага кааператыва і выконваеш пэўныя справы, напрыклад, смецце выносіш.
Таццяна:
— Ці ныюць немцы, што ў іх вечна спазняюцца цягнікі? Мне здаецца, не. Сітуацыя з цягнікамі даўно пераўтварылася ў нацыянальны жарт. Немцы ў цэлым не ныюць па такіх справах. Яны імкнуцца вырашыць пытанне. Яны проста добра ведаюць свае правы і пішуць скаргі. У іх такая палітыка. Прывяду прыклад. У мінулым годзе былі выбары. У маёй сяброўкі двое дзетак. Яна заўсёды хвалюецца, таму што каля дома дарога. І дзіцячая пляцоўка праз яе. І вось яна напісала ва ўсе палітычныя партыі: прыміце меры! Я б не зрабіла так ніколі. Я вырасла ў сітуацыі, калі ведала, што гэта не спрацуе. А для яе гэта норма. Праз некалькі дзён прыехалі розныя арганізацыі: паставілі знак, яшчэ нешта. Тут гэта рэальна. Асабліва перад выбарамі.
Віталь:
— Яны любяць паглядзець на праблему з розных бакоў. Нам здаецца, што гэта нейкі «тормаз», але ж гэта жаданне, каб усе пытанні былі зняты. І гэта тое, чаго нам не хапае. А пра ныццё… Яны любяць паныць на тэмы, якія мы лічым не такімі істотнымі. Напрыклад, прыходзіць мой калега і кажа: «Я так запрацаваўся, так стаміўся, што гэтым разам не хапае сіл зрабіць фотакалаж аб тым, як прайшоў мой год». ШТО? А ён хадзіў і ныў увесь дзень. На жаль, беларусы прызвычаіліся выказваць незадаволенасць толькі ў крайніх сітуацыях, а тут гэта прынята рабіць з любой нагоды.
Таццяна:
— Гісторыя з калажам — таксама пра іх светапогляд. Мы ў Беларусі заўсёды саромеемся такіх рэчаў. Калі ты робіш нешта вельмі класна, толькі тады ты расказваеш пра гэта іншым. А часцей бывае так — ты думаеш: «Які ж я нецікавы, лузер, я так сябе не люблю»… Тут наадварот. Прынцып: «Я такі, які ёсць». Зрабіў калаж пра свой год і аддаў усім, каго ведаў.
У Еўропе ты не думаеш, што трэба хутчэй скончыць універсітэт, як зарабляць грошы і выжываць. Ты думаеш: «Ну, мне ж усяго 30, я яшчэ павучуся». Яны проста жывуць для сябе.
Ёсць і адваротны бок. Мне здаецца, што ў крызісных сітуацыях яны не так прыстасаваны да жыцця, як мы.
Дрэздэн — горад у маштабах краіны небагаты. Мясцовыя так і кажуць: калі хочаш шмат зарабляць, едзь на захад. А Дрэздэн — гэта ўсход. А яшчэ гэта даволі правы горад. Адсюль у 2014 годзе пачаўся правапапулісцкі рух «Пегіда». Неанацызм і сёння набірае папулярнасць. У былой ГДР частка людзей так і не звыклася з крыўдай пасля аб'яднання краіны: маўляў, нас тады не падтрымлівалі, чаму падтрымліваюць «панаехаўшых» зараз?
Віталь:
— Усё вельмі моцна залежыць ад узроўню заробку. Калі ўзяць звычайнага немца, які працуе на нейкім заводзе, яго заробак будзе ў паўтары разы больш, чым у эмігранта, які прыехаў амаль што без пашпарта. Але ён проста сядзіць на грашовай дапамозе, дзяржава аплачвае кватэру і медыцынскую страхоўку. Зразумела, адкуль узяцца незадаволенасці?
— На такія тэмы можна з немцамі размаўляць? I пра вайну?
Таццяна:
— Так. У 1945-м Дрэздэну ўчынілі паказальную лупцоўку. Ніякай стратэгічнай вытворчасці тут не было. Але ж не мне рабіць ацэнкі.
Мы пазнаёміліся тут з адной дзяўчынай, бабулі якой 103 гады. І яна памятае гэты дзень, калі Дрэздэн зруйнавалі. Яна так гэта апісвала: «Учора я хадзіла з гэтымі людзьмі на працу, а сёння па ўсім горадзе ляжалі іх косткі».
Падчас вучобы і працы ў Беларусі я сустракала там шмат немцаў. Яны часам нават пачыналі знаёмства з выбачэнняў за мінулае. Мяне здзіўляла іх жаданне абавязкова з’ездзіць у Хатынь. І мне заўсёды здавалася, што для іх вайна і дагэтуль траўма. Як мінімум яны не баяліся пра гэта адкрыта гаварыць. Зараз, напэўна, ужо крыху не так. Таму што часу праходзіць усё больш і з’яўляюцца новыя тэмы.
А неанацызм… Фанаты дрэздэнскай футбольнай каманды лічацца вельмі правымі. Іх пабойваюцца фанаты з другіх гарадоў. Глабальна я спрабую ставіцца да гэтага максімальна апалітычна, таму што я не адсюль. Я не тут нарадзілася. Гэта іх пытанне.
Самі немцы, здаецца, пабойваюцца, каб з’ява не стала масавай.
Аднойчы мы з сяброўкай гулялі і ўбачылі, як хлопец на вуліцы проста кінуў зігу. А ў іх за гэта могуць пасадзіць. Сяброўка сабралася вызываць паліцыю. Побач з намі былі кампаніі другіх маладых людзей. Прыехалі адначасова чатыры машыны з паліцыяй, таму што патэлефанавалі адначасова чатыры чалавекі! Вось такая самасвядомасць. Калі потым мая сяброўка паехала дадому ў другую частку краіны і распавяла пра гэту сітуацыю, людзі не верылі ёй. Як так, што ў Нямеччыне за 500—600 кіламетраў ад іх такое адбываецца! І гэта ўсё яшчэ парадак дня! А мне здаецца, на жаль, што гэта не «ўсё яшчэ» парадак дня, а зноў.
Пры гэтым у нас шмат знаёмых, якія скідваюцца і сумесна здымаюць кватэры. І ёсць шмат прыкладаў, калі немцы жывуць разам з бежанцамі. Таму не трэба рабіць агульных высноў.
Таццяна:
— Калі ў цябе запытваюцца, хто ты такі і адкуль, і калі ты адказваеш, яны перапытваюць: «Weißrussland?»
Ты такі: «Ой, не, не „Белая Русь“, зараз правільна казаць „Беларусь“». А для іх гэта белая пляма на карце. Аднойчы ў нейкім якасным часопісе мы знайшлі такую мапу. Там Беларусь была як мора пазначана. Яно было белае. Але ж яны хаця б ведаюць, што гэта за краіна і дзе яна. Я была ў камандзіроўцы ў Манчэстэры. Пытаюцца:
— Ты адкуль?
— З Беларусі.
— Белфаст? Так і кажы...
Так узнікла ідэя праекта #rethinkbelarus.
Што мы самі ведаем пра Беларусь, што добрага можам сказаць пра яе замежнікам? Наша палітыка, нашы праблемы, наш прэзідэнт ім малацікавы. Што мы можам сказаць, акрамя гэтага?
Мне падаецца, мы самі не ведаем нашых моцных бакоў. У мяне было такое адчуванне, што я павінна шукаць нешта не негатыўнае. Калі ты размаўляеш з чалавекам, у цябе ёсць літаральна пару секунд, каб яго зацікавіць сваёй краінай і нешта змяніць. І мы пачалі шукаць гэтыя словы.
Гэта быў мой выпускны праект. У Беларусі мне давялося ў першы раз правесці летнік, на якім мы сабралі беларусаў і замежнікаў і абмяркоўвалі ўсе гэтыя пытанні пра краіну, яе выгляд, самаідэнтычнасць і імідж.
Мы ў працэсе. Вялікая задума — не проста сабрацца і патрындзець, раз’ехацца і забыць. Задума ў тым, каб стасункі зрабіліся сталымі. Пад Мінскам знайшлі будынак старой школы, што адбудоўвалі. Там хацелася б зрабіць прастору для маладых беларускіх ініцыятыў, якім патрэбна памяшканне для сваіх мерапрыемстваў. Маленькімі крокамі мы хочам развіваць будынак. Але я не хачу прывязвацца да аднаго месца і рабіць нейкую карпарацыю. Гэту ідэю можна маштабаваць. Ёсць вялікае жаданне рабіць такія праекты і ў іншых рэгіёнах.
У Таццяны і Віталя добрая праца. Яны лёгка інтэграваліся не ў самае простае асяроддзе. І тым не менш яны хочуць назад у Беларусь. Гэта нагадвае мне тую самую мадэль эміграцыі, пра якую так часта распавядаюць палякі і літоўцы: паехаць, каб вярнуцца.
Віталь:
— З самага пачатку мы былі ўпэўненыя, што вернемся праз 4 гады, калі скончым магістратуру. Потым зразумелі, што ў гэтым не так шмат сэнсу, і крыху адклалі момант вяртання. Бо гэта выглядае як быццам бы напалову зробленая справа. Мы абодва працуем, і гэта ўнікальны досвед, унікальныя веды, якія атрымліваем кожны дзень. І іншая практыка — яе хацелася б пасля прывезці з сабой.
Досвед, які ты збіраеш тут, дае магчымасць задумацца, што ў Беларусі можна развіваць не толькі IT, але тое ж самае рэальна рабіць і з праектаваннем, і з будаўніцтвам. З адукацыяй.
Свет становіцца вельмі маленькім. Праз інтэрнэт межы размываюцца. У Беларусі дзякуючы нашым людзям ёсць магчымасці якасна працаваць і зрабіць прарыў.
Таццяна:
— У мяне вельмі добрае стаўленне да немцаў. «Халодныя», «робаты» і іншыя стэрэатыпы пра іх — гэта ўсё вельмі павярхоўна. Асноўная справа ў тым, што тут ты не дома. Ведаеце, калі ты не разумееш гумару… Гэта таксама важна.
У нас ёсць сябры, якія жылі па 10—15 гадоў у розных краінах і пасля вярталіся. Але вельмі шмат класных людзей з’ехала назаўсёды. Мы не можам іх вярнуць назад. Але можам пабудаваць моцную супольнасць аднадумцаў. Я бачу такую ў многіх краінах. Натхняюся, напрыклад, прынцыпамі ўзаемнай падтрымкі ў армянскай дыяспары.
Пакуль для нас ідэальна было б жыць на дзве краіны. Праводзіць лета ў Беларусі і зіму ў Нямеччыне. Ствараць супольнасць тых, хто гэтак жа жыве і жадае нечым дапамагчы Беларусі. Чаму не?
— І ўсё ж такі. У вас ёсць 10 секунд. Што добрага вы скажаце пра Беларусь?
— Я не хачу адказваць за ўсіх. Гэта можа прагучаць дырэктыўна. Я хачу, каб у кожнага беларуса быў свой асабісты пазітыўны топ-3, топ-5 ці топ-10 пра родную краіну. Ад мяне хай будзе так: адкрытасць, шчырасць, прырода. Вялікі патэнцыял. І пачуццё, што калі ты прыязджаеш у Беларусь і робіш там нешта, ты сапраўды можаш паўплываць на развіццё. У той ці іншай ступені. Нават у самай маленькай.
Калі ты робіш нешта тут, за мяжой, ты проста «адзін з». А ў Беларусі ты разумееш сваю значнасць. І гэта істотна.
Прайшло 6 месяцаў. За псіхозам прыйшлі чэргі і ланцугі. І расчараванне. Па «Фэйсбуку» лятаюць гаротныя думкі: «Трэба валіць».
Я застаюся тут. І задаю Таццяне і Віталю пытанне:
— Не змянілі меркавання? Трэба назад?
— Так, — адказваюць яны.
Хроніка каранавіруса ў Беларусі і свеце. Усе галоўныя навіны і артыкулы тут
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by