«Гедымін пачаў дынастыю еўрапейскага значэння, а Вітаўт дабіваўся для ВКЛ статусу каралеўства». Топ-7 самых уплывовых і моцных кіраўнікоў княства

Источник: Настасся Занько. Фото: Аляксандр Ружачка
31 748
15 сентября 2018 в 8:00

Якіх толькі знакамітых людзей не было за стагоддзі існавання Вялікага Княства Літоўскага: ад авантурыстаў, лавеласаў і ракавых жанчын да неверагодна стойкіх, мужных і выбітных асоб. Сёння разам з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі мы ўспамінаем самых уплывовых кіраўнікоў, якіх паважалі і якімі захапляліся жыхары княства.

Читать на Onlíner

Хто гэта?

Аляксей Шаланда — загадчык аддзела генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Першы і апошні кароль Літвы Міндоўг і пачатак ВКЛ

Адзін з самых загадкавых князёў ХІІІ стагоддзя, які фактычна заклаў падмурак для стварэння ВКЛ, — гэта Ізяслаў Наваградскі. Рэч у тым, што пра яго гісторыкі ведаюць зусім няшмат. Імя князя ўпамінаецца ў летапісах адзін раз і ўскосна. Згадваецца, што ў 1238 годзе разам з князем Міндоўгам Ізяслаў удзельнічаў у вайсковым паходзе на Конрада Мазавецкага па просьбе князя Данілы Галіцкага.

— Ён прамільгнуў у цемры сярэднявечнай гісторыі і знік. Некаторыя гісторыкі ўвогуле сумняюцца ў яго існаванні, — расказвае Аляксей Іванавіч. — Але, на мой погляд, нават на падставе аднаго гэтага радка можна казаць шмат пра што. Па-першае, у тыя часы Наваградак ужо стаў не проста горадам, які ўваходзіў у склад той ці іншай дзяржавы. Ён сам з'яўляўся цэнтрам удзельнага княства. Менавіта вакол яго аб'ядноўваюцца землі Літвы і Русі, якія пазней атрымаюць назву «Вялікае Княства Літоўскае і Рускае» (а потым дадалося і Жамойцкае).

Ці было б гэта ўсё без Ізяслава? Невядома. На мой погляд, менавіта наваградскі князь Ізяслаў і паспрыяў таму, што Наваградак стаў княствам, ад якога пачало шырыцца дзяржаўнае ўтварэнне — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

У Іпацьеўскім летапісе «Літва Міндоўга» ўпамінаецца ужо ў 1240-х гадах. Фактычна пад ягоным кіраўніцтвам аб'ядналіся землі Літвы і беларускія землі з цэнтрам у Наваградку.

Уяўны вобраз Міндоўга ў хроніцы Аляксандра Гваньіні. Фота: wikimedia.org

 — Міндоўг апынуўся ў вельмі складаных палітычных умовах, — расказвае гісторык. — Яму прыйшлося лавіраваць паміж Галіцка-Валынскім княствам, якое таксама змагалася за палітычны ўплыў у рэгіёне, і крыжакамі. У гэтых складаных умовах Міндоўг ператварыў сваю дзяржаву ў каралеўства і стаў каралём. Праўда, для таго, каб атрымаць карону, яму давялося змяніць веру і перайсці з язычніцтва ў каталіцызм.

Толькі тады новую манархію прызнаў Папа Рымскі і каралеўства Літва ўвайшло ў еўрапейскую сям'ю народаў.

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Леанарда Хадзько «Палонія», 1824 год. Фота: wikimedia.org

Пераход Міндоўга ў хрысціянства не вельмі ўзрадаваў яго падданых-язычнікаў. Прамінула дзесяцігоддзе, кароль сам адмовіўся ад хрысціянства і фактычна ад кароны. І вярнуўся ў язычніцтва. Пасля гэтага ў гісторыі засталося толькі Вялікае Княства Літоўскае.

— У выніку лёс Міндоўга аказаўся вельмі сумны — ён быў забіты, — кажа Аляксей Іванавіч. — А загінуў ён і двое ягоных старэйшых сыноў фактычна праз яго другую жонку Марту. Перад смерцю яна папрасіла, каб іх сумесных дзяцей даглядала яе сястра, якая была замужам за князем Даўмонтам. Міндоўг зразумеў гэтую просьбу так, што ён павінен адабраць жонку ў Даўмонта і ўзяць яе да сябе. У язычніцкім грамадстве гэта было дапушчальна.

Рэканструкцыя каралеўскай пячаткі Міндоўга. Фота: wikimedia.org

Дык вось Міндоўг забраў жонку Даўмонта сілай і зрабіў яе сваёй. Вядома, той такую крыўду перанесці не мог, арганізаваў змову і забіў Міндоўга разам з сынамі (двое загінулі адразу, а трэці — крыху пазней).

Войшалк, манастыр і збіранне земляў

Па дадзеных беларускага гісторыка XVIII стагоддзя Тэадора Нарбута, Войшалк нарадзіўся каля 1223 года ад Міндоўга і яго першай жонкі. Хто яна, у летапісах не ўказана. Па версіі Аляксея Шаланды, гэта магла быць дачка князя Ізяслава Наваградскага. Чаму гісторык так лічыць?

— Рэч у тым, што Войшалк быў легітымным уладаром Наваградскага княства пасля Ізяслава. Гэта было магчыма толькі ў тым выпадку, калі ён меў нейкія крэўныя сувязі з папярэднім наваградскім князем. Гэтая сувязь магла быць толькі дынастыяльная. Маці Войшалка была Ізяслаўна, — кажа суразмоўца.

Як старэйшы сын Міндоўга, ён мог бы прэтэндаваць на ўладу ва ўсёй дзяржаве. Але пасля другога шлюбу бацькі і нараджэння зводных братоў Войшалк губляў правы на вялікакняжацкую ўладу. Рэч у тым, што па тагачасных звычаях перавага аддавалася не старэйшым сынам па ўзросце, а старэйшым сынам ад апошняга шлюбу. Таму ў дынастычных планах Міндоўга месца Войшалку не заставалася.

— Войшалк княжыў у Наваградскім княстве, якое падпарадкоўвалася Міндоўгу і знаходзілася ў саюзе з Літвой, — расказвае спецыяліст. — Праўда, як пішуць летапісцы, ён не любіў бацьку. Магчыма, менавіта з-за яго другога шлюбу. Канфлікт паміж Войшалкам і бацькам прывёў да таго, што сын кідае Наваградскае княства і прымае рашэнне ісці ў манастыр. Больш за тое, засноўвае паміж Наваградкам і Літвой манастыр, які сёння вядомы як Лаўрышаўскі. Яго мэтай была хрысціянізацыя літоўцаў у новай дзяржаве. Войшалка ніхто тады не зразумеў. Сам Міндоўг дакараў сына за такі ўчынак.

Войшалк засноўвае манастыр (каля 1260 г.). Мініяцюра Ліцевога летапіснага збору, XVI ст. Фота: wikimedia.org

Пасля забойства Міндоўга ў 1263 годзе ад дзяржавы, у той час ужо Вялікага Княства Літоўскага, аддзяліліся кавалкі тэрыторыі — тыя, што знаходзіліся на сучасных літоўскіх землях: Нальшаны, Дзяволтва, Жамойць.

— Смерць бацькі прымусіла Войшалка вярнуцца да актыўнай палітычнай дзейнасці. Ён, сабраўшы наваградцаў і прыяцеляў Міндоўга, пайшоў паходам на тыя землі, што адпалі ад ВКЛ, і год стаяў там, каб навесці парадак і вярнуць іх назад. Пазней ён кіраваў яшчэ тры гады, а потым згодна з абяцаннем вярнуўся ў манастыр, — кажа Аляксей Іванавіч. — Перад гэтым Войшалк перадаў уладу ў ВКЛ свайму швагру — мужу роднай сястры — Шварну Данілавічу, сыну Данілы Галіцкага. Фактычна гэтае рашэнне і пагубіла князя.

Войшалк, позні партрэт. Фота: wikipedia.org

Шварн Данілавіч прасіў Войшалка застацца і княжыць разам, бо пачуваў сябе на гэтай пасадзе не вельмі ўпэўнена. Рэч у тым, што яго правы на княжанне былі толькі праз жонку — «па кудзелі». А таму існавалі таксама іншыя прэтэндэнты.

— Лёс Войшалка склаўся трагічна. Пасля перадачы княжання брат Шварна Данілавіча Леў, які вельмі моцна зайздросціў, задумаў злачынства. Войшалка падманам запрасілі на сустрэчу да валынскага князя Васількі, дзе быў таксама Леў Данілавіч. Спачатку яны раіліся, пасля пілі і гулялі, а потым Леў прапанаваў: «Куме, паехалі яшчэ вып'ем». Вынікам гэтай п'янкі было тое, што Леў забіў Войшалка. Такім чынам, фактычна ўся дынастыя Міндоўга была вынішчана, — заключае гісторык.

Гедымін, Вільня і пашырэнне ВКЛ

Вялікім князем літоўскім Гедымін стаў у 1316 годзе. Па словах Аляксея Іванавіча, ён быў якраз тым чалавекам, што стварыў фронт барацьбы з крыжакамі і мангола-татарамі.

Партрэт Гедыміна. З кнігі Lietuvos istorija, 1911 г. Фота: wikimedia.org

 — Менавіта з Гедымінам звязваюць пачатак актыўных дзеянняў па адваёўванні тэрыторый, захопленых мангола-татарамі. Згодна з беларуска-літоўскімі летапісамі, у 1321 годзе ён адваяваў Кіеў і пасадзіў там сваіх намеснікаў, — кажа спецыяліст.

Менавіта Гедымін значна пашырыў межы ВКЛ, далучыўшы землі Віцебскага, Валынскага, Мінскага, Турава-Пінскага і іншых княстваў. Таксама ён лічыцца заснавальнікам новай сталіцы — Вільні.

Уваход Гедыміна ў Кіеў. З кнігі Ходзькі La Pologne, 1824 г. Фота: wikimedia.org

— Другая яго заслуга ў тым, што ад яго пайшла дынастыя Гедымінавічаў , якая пазней уладарыла не толькі на землях Беларусі і Літвы, але таксама Польшчы, Венгрыі і Чэхіі, — адзначае Аляксей Іванавіч. — Дарэчы, вось цікавы момант. Усе гэтыя імёны — Міндоўг, Войшалк, Гедымін — яны ж літоўскія.

Чаму ж беларускія землі пайшлі на саюз з балцкімі дынастамі? Калі ў двух словах, то ва ўсім вінавата мангола-татарская пагроза. Пасля таго як былі разгромлены ўсе княствы паўднёвай і ўсходняй Русі (частка князёў была забіта, частка ўцякла), усе князі з дынастыі Рурыкавічаў трапілі пад уладу хана Залатой Арды. Яны павінны былі прасіць у яго «ярлык» — дазвол на княжанне ў сваіх удзелах. Ад імя хана яны ажыццяўлялі кіраванне і плацілі яму даніну — грашыма, людзьмі, хатняй жывёлай.

Пахаванне Гедыміна. Казімір Альхімовіч, 1888 г. Фота: wikimedia.org

— Баярства беларускіх княстваў аказалася перад дылемай — альбо разам з Рурыкавічамі трапіць пад мангола-татарскае іга, альбо шукаць сабе іншых дынастаў, якія маглі б абараніць іх ад знешняй пагрозы. Самі абараніцца яны не маглі. Што тут казаць — нават заходнія каралеўствы не маглі адбіцца ад мангола-татараў. Тая ж Венгрыя пала, польскія княствы былі спляжаныя. Сур’ёзна супрацьстаяць мангола-татарам на той час не мог ніхто, — кажа спецыяліст. — Манарх павінен быў быць ваяром, лідарам і мець магчымасць абараніць сваіх падданых. Літоўскія кунігасы ў нас былі добра вядомыя. Да 1216 года Літва была данніцай полацкіх князёў. Паміж беларускімі і літоўскімі князямі існавалі цесныя дынастычныя і палітычныя сувязі.

Альгерд, Кейстут і Масква, на якую хадзілі з-за татараў

Пасля Гедыміна да ліку выбітных і моцных кіраўнікоў ВКЛ гісторык адносіць двух яго сыноў — Альгерда і Кейстута. Яны былі пагодкамі і сябравалі. Альгерд нарадзіўся ў 1296 годзе, Кейстут — у 1297-м.

Вялікі князь Альгерд. Фота: inbelhist.org

Яшчэ пры жыцці Гедыміна яны атрымалі ўдзельныя княствы. Бацька ажаніў Альгерда з віцебскай князёўнай Марыяй. Праз нейкі час Альгерд стаў віцебскім князем «па кудзелі». У дадатак атрымаў частку земляў ад бацькі. Кейстут атрымаў Трокі.

— Гедымін пасадзіў княжыць у Вільні Яўнута - свайго старэйшага сына ад другога шлюбу. Аднак Кейстут і Альгерд змовіліся і сагналі Яўнута з пасады. Спачатку ён уцек у Маскву, але пасля вярнуўся назад. Браты прынялі яго і выдзелілі ўдзел у Заслаўі, — расказвае Аляксей Іванавіч. — Фактычна на той момант у ВКЛ была дыярхія. Кейстут і Альгерд падзялілі дзяржаву на дзве часткі — Віленскую і Трокскую — і дамовіліся дзейнічаць разам. Кейстут адказваў за заходні вектар знешняй палітыкі, Альгерд — за ўсходні.

Кейстут. Фота: wikipedia.org

— Альгерд вельмі актыўна дзейнічаў на ўсходнім напрамку супраць Вялікага княства Маскоўскага. Тры разы хадзіў з паходамі на Маскву і спрабаваў аслабіць яе. Маскоўскі князь паводзіў сябе вельмі дзёрзка, бо за ім адчувалася падтрымка Залатой Арды, — тлумачыць гісторык. — Калі б не было вось гэтага татарскага «заплечча», то і паводзіны маскоўскага князя былі б іншыя. У шэрагу Вялікіх княстваў — Разанскага, Цвярскога і іншых — Масква ў палітычным і вайсковым сэнсе сама па сабе не ўяўляла нічога сур’ёзнага. У планы Альгерда не ўваходзіла заваяванне Вялікага княства Маскоўскага, хаця ён і імкнуўся да таго, каб «уся Русь належала Літве».

Таксама Альгерд знакаміты і тым, што разбіў татараў на рацэ Сінія Воды (1362 год). Пасля гэтага ён фактычна кантраляваў вялізную тэрыторыю аж да самага Чорнага мора.

Выява Кейстута ў Баранавічах. Фота: lovesun.by

Кейстут увайшоў у гісторыю як прыхільнік язычніцтва. Пры гэтым ён трымаўся язычніцтва нязломна і не пагаджаўся на тое, каб змяніць рэлігію.

— Кейстут вельмі добра праявіў сябе як дыпламат і палкаводзец. Ён паспяхова стрымліваў крыжакоў ад уварвання ў ВКЛ, — адзначае Аляксей Іванавіч. — Актыўна супрацьстаяў палякам і венграм. Лічыцца, што ён далучыў да ВКЛ Падляшша.

Вітаўт, Ягайла і спробы вярнуцца да каралеўства

Пасля Кейстута і Альгерда княжыць у ВКЛ сталі Вітаўт і Ягайла (абодва нарадзіліся прыкладна каля 1350-х гадоў). Стрыечныя браты маглі б паўтарыць лёс бацькоў, якія вельмі сябравалі між сабой, аднак не выйшла. Па-першае, таму, што Ягайла прыйшоў да ўлады раней.

Ягайла. Малюнак з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578 год. Фота: wikimedia.com

Ягоны бацька Альгерд памёр на пяць год раней за Кейстута, прызначыўшы свайго любімага сына вялікім князем. Кейстут стаў дапамагаць Ягайлу, аднак той вёў таемныя справы з крыжакамі. У выніку Кейстут скінуў Ягайлу з трона. Той захапіў Кейстута і Вітаўта ў палон, пасля чаго Кейстута задушылі, а Вітаўт збег да тэўтонцаў. Пасля Вітаўт неаднаразова ваяваў з Ягайлам і ў выніку ўсё ж вярнуў частку сваіх уладанняў.

Вітаўт. Малюнак з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578 год. Фота: wikimedia.com

Праз некаторы час Ягайла ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы. А ў 1385 годзе была заключана Крэўская унія — дынастычны саюз паміж ВКЛ і Польскай Каронай. Вітаўта каранавалі як вялікага князя літоўскага.

— Пра Вітаўта з'явілася вельмі шмат міфаў, — кажа спецыяліст. — Ён лічыцца ў нас вялікім князем, хаця ў гістарычных крыніцах так яго ніхто не называў. Вітаўту прыпісваецца вельмі шмат дасягненняў — і перамога ў бітве пад Грунвальдам, і тое, што ён пашырыў межы ВКЛ да Чорнага мора. Насамрэч ён не быў добрым палкаводцам. Як ні дзіўна, Вітаўт цярпеў вельмі моцныя паразы ў ключавых бітвах. Напрыклад, у бітве на рацэ Ворскла (1399 год) ён паклаў больш за 50 князёў, фактычна ўсё рыцарства ВКЛ, а сам ледзь уцёк. Вітаўт увесь час змагаўся за падпарадкаванне Пскова і Ноўгарада, але рэальна заваяваць іх так і не змог.

Грунвальдская бітва. Фота: wikimedia.com

— Ізноў-такі, бітва пад Грунвальдам. Шчыра кажучы, калі б не крыло палякаў і смаленскіх палкоў, то войска Вітаўта чакаў бы незайздросны лёс, — упэўнены Аляксей Іванавіч. — Нездарма ён некалькі разоў прыязджаў да Ягайлы і прыспешваў таго распачаць бітву. Тут крыецца загадка, пра якую спрачаюцца гісторыкі ўсіх краін. Знакаміты манеўр з адступленнем — гэта што было? Падманнае адступленне ці сапраўды войска ВКЛ было разбіта і пачало ўцякаць? Бо, напрыклад, брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, князь Старадубскі, знайшоўся праз некалькі дзён у лесе пасля бою, а некаторыя ваяры аж да Вільні дабеглі і распавялі там, што бітва прайграна.

Ян Матэйка «Грунвальдская бітва», 1878. Фрагмент карціны з выявай Вітаўта. Фота: wikimedia.com

Пры гэтым гісторык адзначае, што больш значныя заслугі Вітаўта тычацца іншай сферы. Па словах суразмоўцы, князь быў знакамітым дыпламатам, адным з найлепшых па тым часе.

— Дыпламатыяй ён дасягнуў значна большага, чым мячом. Вось прыклад, як ён далучыў Смаленскае княства, — тлумачыць Аляксей Іванавіч. — Ён сказаў смаленскім князям, што ідзе на татар. А ў тых былі свае праблемы — яны не змаглі падзяліць трон. Вітаўт адказаў, маўляў, добра, я вас рассуджу. Сам прыехаў, узяў іх у палон і пасадзіў сваіх намеснікаў. Без адзінага стрэлу Вялікае княства Смаленскае ў 1404 годзе было далучана да ВКЛ. Дачку Соф’ю ён выдае за вялікага князя маскоўскага і фактычна яго кантралюе, пашыраючы свой уплыў да Мажайска.

Пячатка Вітаўта. Фота: wikipedia.org

— А з-за чаго пачалася Вялікая вайна, апагеем якой стала Грунвальдская бітва? З-за паўстання ў Жамойці ў 1409 годзе, — дадае спецыяліст. — Заўважце, Вітаўт не пайшоў з войскам на Тэўтонскі ордэн, каб адбіваць Жамойць. Ён інспірыраваў паўстанне. Жамойты падняліся, і каб іх падтрымаць, Вітаўт адправіўся з Ягайлам вайной на Тэўтонскі ордэн.

І самае галоўнае. Паглядзіце, Вітаўт змог дамовіцца з імператарам Жыгімонтам Люксембургскім і Папай Рымскім аб каралеўскай кароне. Нават ужо пасольства паехала за каронамі, але ў 1430 годзе Вітаўт памірае і палякі гэтыя кароны адбіраюць, рассякаюць і паводле летапісаў прыкладаюць да мітрыі кракаўскага біскупа.

Ягайла на кані. Фрэска ў замкавай капліцы ў Любліне, 1418 год. Фота: wikipedia.org

Па словах Аляксея Іванавіча, акрамя таго Вітаўт актыўна ўдзельнічаў і ў міжнароднай палітыцы. Менавіта ён адправіў сваіх дэлегатаў на Канстанцкі сабор 1414—1418 гадоў — гэта быў першы агульнаеўрапейскі форум. Мэта Вітаўта была ў тым, каб далучыць Жамойць да ВКЛ, якая ў тыя часы належала Тэўтонскаму ордэну, і абмеркаваць царкоўную унію паміж праваслаўнымі і каталікамі.

— Ён умешваўся ў справы Чэхіі, прэтэндаваў нават на чэшскую карону. Вітаўт быў значны ў агульнаеўрапейскім маштабе, — падкрэслівае суразмоўца.

Ягайла. Мастак Марчэла Бачарэлі. Фота:wikipedia.org.

А што Ягайла? Аляксей Іванавіч лічыць, што Ягайла быў добрым палітыкам.

— Ягайла ў нас недаацэнены, як, напрыклад, у Польшчы, дзе яго выява ёсць нават на банкнотах, — кажа гісторык. — Пры гэтым Ягайла спалучыў у сабе рысы і палкаводца, і дыпламата. Яго роля ў гісторыі вялікая. Па-першае, ён заснаваў дынастыю Ягелонаў, якая пасля стала агульнаеўрапейскай. Быў час, калі ў Еўропе існавалі дзве моцныя дынастыі — Габсбургі і Ягелоны. Па-другое, менавіта дзякуючы Ягайлу і яго нашчадкам пазней была створана Рэч Паспалітая — адна з самых вялікіх і моцных краін у тагачаснай Еўропе. Але гэта ўжо іншая старонка гісторыі з іншымі асобамі.

Электронныя кнігі ў каталозе Onliner.by

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by