Марыі Пятроўне Мазоль 99 гадоў. Яна з дзяцінства жыве ў вёсцы Хотамель Столінскага раёна. Кажа, што ў апошнія гады людзі завітваюць да яе, каб спытаць пра адно — якім быў пан Караль Мікалай Радзівіл. Гэта цяпер немагчыма ўявіць, каб нароўні з арыстакратам сядзелі яго падданыя, а тады за адным сталом з князем была побач яго служанка. «А хто б яшчэ яму употайкі гарэлку наліваў?» — рытарычна пытае жанчына і зноў пачынае ўсміхацца.
Читать на Onlíner— А мне ж хіба няма пра што расказаць? Даражэнькія мае, я ж усе ўлады пабачыла, я двох мужыкоў пахавала, і дзеткі мае ў зямлю пайшлі! — распавядае жанчына на палескай гаворцы, пакуль праводзіць нас у пакой. Тут жа пачынае запэўніваць: нягледзячы на страты, калісьці ў юнацтве і яна была шчаслівай.
У бацькоў Марыі Пятроўны было дзясяцера дзяцей — восем хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Хату, якая стаіць насупраць, жанчына называе «бацькавай поселяй» — там праходзілі дні вялікай сям’і.
— Мы жылі цудоўна, — кажа яна, — хоць нас і было шмат. Бацька ж які добры быў — ён так сыноў любіў! Увосень пакупляе ім касцюмчыкі ў жыдоў, дык і кажуць людзі: «Пятровыя жыдзяняткі». З габрэямі ў жыхароў вёскі складваліся асаблівыя стасункі — іх там не любілі: «Гэтыя жыды — хітрыя». Але і мы няпростыя былі. Адзін з тых арандаваў раку ў пана. Хто ловіць там рыбу, вялікую павінен быў дасылаць у Столін жыду. Дык мой бацька адну дашле, другую сабе забярэ. Тады свята было — на ўсю вёску рыба пахла!
Маці заўсёды турбавалася за дзяцей, ніколі за сябе. Калі накладвала есці, за сталом сядзелі ўсе, акрамя яе — яна стаяла побач. Бацькі аддалі дзяцей у польскія чатыры класы. Працягваць навучанне можна было толькі ў суседняй вёсцы Рубель, але ісці туды трэба было апранутым і абутым. Таму хадзілі не ўсе.
— Хочаш у школу? Бяры лапці і ідзі, — распавядае бабуля. — Але я не пайшла. Я і польскія толькі два класы скончыла: дома працы было шмат. Пралі, ткалі, у жарнах малолі жыта, пяклі хлеб. У нас ніхто не скончыў сямігодку — хлопцы падраслі і пайшлі да жыдоў у лес працаваць.
Сваёй зямлі ў сям’і было мала, заробку — амаль ніякага. Але людзі ведалі, што гаспадарка ў бацькі Марыі Пятроўны добрая, ды і каб скарыстацца канём, плацілі, хто чым можа. Звычайна гэта было збожжа.
Жыццё пры паляках жанчына называе добрым, бо тады можна было нешта купіць — толькі плаці. Тады працягвае:
— Калі я ў саракавым ішла замуж, анідзе нічога ўжо не было, нават рыззя. Саветы за год усё прыбралі. Бацька за 150 рублёў аддаў ў Столін кабылу — узяў за тыя ж грошы тры метры матэрыялу на падушку.
Марыя Пятроўна зразумела: калі не можаш знайсці якога харчу — зрабі сам. Для малодшых дзяцей у сям’і яна запарвала ў бочцы журавіны з сахарынам. Ставіла на стол, каб усе частаваліся. Запэўнівае: лепшага напою ніколі не прыдумаеш.
Калі Марыі Пятроўне было дзевятнаццаць, яна пачула, што ў Манькавічах жыве пан. Для палявання яму былі патрэбны коні, а мясцовыя леснікі ведалі, у каго яны добрыя. Таму і звярнуліся да бацькі дзяўчыны. Разам з паляўнічымі выязджаў кухар, які шукаў памочніка. На дзяўчыну звярнулі ўвагу:
— Падлогу і посуд умееш мыць?
— Умею, — так апынулася на паляванні і Марыя Пятроўна.
— Князь быў файны чалавек, неганаровы. Яшчэ далёка ідзе — а ўжо шапку здымае, — апісвае Караля Радзівіла жанчына і дадае: — Як на прыгажосць — так сабе чалавек. Каб якое адзенне было на ім асаблівае, то не. Просты чалавек. Люльку курыў. Прыйдзе на кухню, а там ляжыць хлеб на стале. Не рэжа нажом — адламляе кавалак, мачае ў каструлю і есць. Які ён князь? Яго ад простага мужыка не адрозніш!
Аднойчы пан сказаў: «Zawołaj do mnie ojca na śniadanie» («Кліч да мяне бацьку на сняданак»), чакаў, што бацька дзяўчыны прыйдзе з ім паесці. Але той адмовіўся, маўляў, хто ён такі. Калі Радзівіл пабачыў дзяўчыну, якая ідзе адна, выбег і сам паклікаў мужчыну.
Марыя Пятроўна прыгадвае, што гэта быў адзіны раз, калі яе бацька да кагосьці бег.
Калі князь забіў першага лася, у лесе паставілі крыж. Жанчына ведае: ён і цяпер там стаіць. Калі жывёлу прывезлі і прыгатавалі абед, дзяўчыну таксама пасадзілі за стол і нават фатаграфавалі. Толькі цяпер гэтыя фотакарткі згубіліся. На другі і трэці дзень палявання да князя прыязджалі госці. Марыя Пятроўна добра памятае двух англічан — яны сабралі косці лася ў скрынку і павезлі з сабой: «Мы забярэм, будзе пудзіла».
На паляванні Марыя Пятроўна начавала ў лесніка і кожную раніцу павінна была прыносіць вядро малака. У гэты час госці і кухар яшчэ спалі, таму дзяўчына заставалася адна — нешта мыла і часам гатавала. Аднойчы раніцай яна ўбачыла пана ў халаце, да яго поясу быў прывязаны маленькі кілішак. Той падыходзіць да дзяўчыны і кажа адамкнуць фіжарню.
— Княгіня прыказвала: хто дасць князю піць, таму морду выб'е. А як жа я яму адмоўлю? Думала, ён налье трошку, вып’е — і пойдзе. А ён за бутэльку схапіўся — і выпіў усё. Я ж разумею, што ад княгіні атрымаю. Але што рабіць? Пайшла смажыць яешню. Скоранька зжарыла, пасыпала сырым кропам паверху, як ён любіў, паклала на паднос, нацягнула белыя рукавічкі — і панесла. Ён паеў і пайшоў. А там, дзе сядзеў, пакінуў пяць злотых. Калісьці за гэтыя грошы можна было купіць два пуды жыта. Усе прачнуліся — а ён зрабіў выгляд, што толькі ўзняўся: ідзе галіцца і мыцца разам з усімі. Хітры быў, — распавядае Марыя Пятроўна.
Палац, дзе жылі Радзівілы, выглядаў як царква: круглы, з вялікімі вокнамі. У гасцёўні быў стол, але да яго Марыя Пятроўна не падыходзіла: яе праца была толькі на кухні. Аднак пляткарылі, што пакояў у палацы 18, а для кожнай справы быў прыстаўлены свой чалавек: хтосьці займаўся толькі тым, што сцяліў ложак, хтосьці чысціў падлогі. Быў і той, хто проста хадзіў за князем — раптам таму нешта можа спатрэбіцца.
— А яшчэ быў нейкі генерал без рукі. На яго глянеш — спужаешся. А княгіня з ім мілавалася. Прыйшоў да нас хлопец, які ёй заўсёды ложак сцяліў, кажа: «Паноўна начавала ў генерала — ложак не памяты», — успамінае жанчына. — Так, пляткарылі пра ўсё. А чым яшчэ было маладым бавіцца?
Княгіню жанчына называе прыгожай, з чорнымі валасамі ўдзень і белымі — увечары: пудрыла для гасцей. Блізка яны пазнаёміліся, калі тая прынесла на кухню вымыць белую прасціну.
— Я на раку схадзіла, папрасавала, склала прыгожа. Прыношу, падала ёй. А княгіня прыносіць мне каробку цукерак.
Калі паляванне скончылася, усім раздавалі «падарункі» — грошы, за якія можна было «нармальна адзецца ды абуцца». Дзяўчына з бацькам паехала ў горад, купіла скрыню і хромавыя боты — на той момант вышэйшая мода, пашыла паліто ў габрэя, «убралася і ў 19 год пайшла замуж за вясковага хлопца».
Апошні раз Марыя Пятроўна бачыла князя незадоўга да 1939 года. Тады ў яе бацькі памерла карова.
— Тата да нас прыехаў, кажа, здохла адна кароўка. А ў нас сям’я вялікая, мама ў адзін час з нявесткай дзіцё нарадзіла. На поле пойдзе — адначасова дваіх корміць. Але ж не хапае. Дзе ж малако браць? Я пачала плакаць. Князь падыйшоў, выслухаў, сказаў: «Не плач, дам я табе карову». Накіраваў да ляснічага — бацька паехаў у Манькавічы. Я яго так чакала! А ён на возе прывозіць вялікае дагледжанае цяля. Ляснік не даў карову — схлусіў, што князь перадумаў. А ў князя ж не пойдзеш пытаць. Я толькі апасля даведалася, што ляснік нам малака пашкадаваў. Што нам з тым цялём было рабіць? Зарэзалі і з'елі.
Дакладна вядома, што ў пачатку Другой сусветнай вайны Караля Радзівіла мабілізавалі ў кавалерыю ў Лукаве. Пасля таго як ён быў узяты ў палон пад Коцкам і змог вызваліцца, пачаў жыць у Італіі і Францыі. У 1947-м князь эміграваў у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, дзе ўзначаліў фірму, якая займалася вытворчасцю мяса. Праз дваццаць гадоў ён вярнуўся на радзіму разам з жонкай Ізабелай. У 1968 годзе памёр у Варшаве.
Маёнтак Радзівілаў у Манькавічах пасля ад’езду князя прастаяў нядоўга — згарэў падчас вайны, у 1943 годзе. У той жа час была згублена вялікая бібліятэка і іншыя каштоўнасці. Немцы вывезлі нават вароты брамы, у пошуках скарбаў перавярнулі закладны камень. Цяпер у парку засталіся толькі рэдкія дрэвы і расліны.
Першага мужа Марыі Пятроўны забілі на фронце ў 1941 годзе. У жанчыны ўжо быў маленькі сын, бацька забраў дзяўчыну дахаты і ўгаворваў: «Ты не плач, думай, што ў цябе дзіця дзявочае».
— А тады яшчэ паведамленне прыйшло, што і брата забілі немцы. Нас выгналі ў лес, запалілі тры хаты — людзі бягуць, ніякія рэчы не ўзялі.
Калі ў вёску прыйшлі партызаны, сказалі, што трэба знайсці жывога немца. Для чаго — Марыя Пятроўна не ведае. Але праз два дні мужчыны прывялі хлопца — «такі хорошы, такі молоды, косы светлыя, мокрыя — галава без шапкі». Свякроў жанчыны напарыла малака, наліла ў кубак немцу, а ён не піў. Тады яна сама зрабіла глыток, паказала яму — «бачыш, атруты няма», і ён выпіў.
— Пасля таго хлопца завялі ў заставу да партызанаў — і бог яго ведае, што з ім было, — расказвае Марыя Пятроўна і паказвае на фотаздымкі на сцяне. — Злева — муж мой. Можа, яго, як гэтага хлопчыка, злавілі. А пасярэдзіне — бацька, ён цяжка паміраў, захварэў на тыф. Вось такое жыццё маё — усіх хаваю.
Пасля вайны жанчына пайшла ў вёску Рубель, каб распісацца — яна ўжо не замужам. Кажа, разумныя дзяўчаты гэтага не рабілі, заставаліся на прозвішчы мужа і атрымлівалі пенсію за чалавека, які памёр на вайне. Хутка Марыя Пятроўна сустрэла іншага мужчыну, нарадзіла дзіця. Ад уласнай гаспадаркі прыбытку вялікага не было — мужу прыйшлося ехаць на заробкі.
— А за гэты час мая дочанька захварэла і памерла, — кажа жанчына. — Яе я пахавала без мужа. Ён і сам хворым прыехаў — запаленне лёгкіх. Не хацеў у бальніцу звяртацца, таму і памёр.
Ад бацькі ў жанчыны і яе братоў засталіся правы на дрэва. У Марыі Пятроўны была большая частка, старэйшы брат прапанаваў прадаць яе і зрабіць хату. Частку брата прадалі таксама — купілі 80 пудоў жыта і аддалі мясцовым майстарам, каб тыя пабудавалі жыллё.
— Я брату даверылася — а цяпер у мяне ні кала ні хаты. Што рабіць? Пачала судзіцца. Яму аддалі цэлую хату. Мы з сынам пагаварылі — вырашылі сваё жыллё будаваць. Вось гэта ўсё самі і зрабілі, — паказвае на стол і падлогу. — Ён яшчэ нежанаты тады быў. А потым мы і нявестку ўзялі. Так і жылі, пакуль сыночак не захварэў на рак і не памёр.
У калгас пасля вайны ўсе ішлі добраахвотна, і Марыя Пятроўна разам з усімі. Працавала на складзе і, як кожны, патрошку цягала сабе, што было.
— На полі бульбу граблі, а я проса ў паліто складвала ціхенька, пакуль кладаўшчык не бачыць. Аднойчы перабрала бульбу, прынесла, накрыла саломай. І трэба ж старшыні прыйсці і сесці на яе. Ды і ўчастковы з ім. Думаю, зараз забяруць за кражу. Стаю і не дыхаю. Але ўчастковы кажа: «Рабі што хочаш, гэта твая кума». Так яны і пайшлі — нічога не сказалі.
Нявестка Марыі Пятроўны — таксама Марыя, адзіная, хто застаўся ў жанчыны з сваякоў. Яна даглядае гаспадарку і, каб Марыя Пятроўна не сумавала адна, праводзіць тут шмат часу.
— У наступным годзе будзеце святкаваць юбілей, — кажа яна, пакуль накрывае на стол.
— А што з таго юбілею? У мяне ні дачкі, ні сына, толькі ўспаміны за сто год засталіся. Прыязджалі да мяне палякі — я ўсё, што яны кажуць, разумела. Можа, і сама б з імі паразмаўляла. Але ж нічога сказаць не магу — памятаю толькі «drogie dziecko». З гэтай памяццю і жыву, а колькі яшчэ мне на зямлі быць — хай яго бог вырашае, — уздыхае бабуля.
Праз некалькi дзён пасля інтэрв'ю Марыя Пятроўна зламала нагу. Спадзяемся, што наша гераіня хутка будзе адчуваць сябе лепш, і жадаем ёй моцнага здароўя.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by