Хто малайчынка? Футбаліст, фолк-музыкант і стваральніца брэнда жаночага адзення пішуць тэст па беларускай мове

Автор: Александр Чернухо. Фото: Владислав Борисевич; Алексей Носов
24 июня 2015 в 8:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Пакуль абітурыенты, якія сёлета здавалі ўступныя іспыты па беларускай мове, нярвова перабіраюць у памяці ўсе няправільна накрэмзаныя крыжыкі, мы вырашылі правесці свой экзамен. Пад кіраўніцтвам рэпетытара прапанавалі напісаць тэст па роднай мове футбалісту, музыканту і стваральніцы моднага брэнду. Што з гэтага атрымалася? Чытайце ў матэрыяле Onliner.by.

Читать на Onlíner

Сёлета свае веды беларускай мовы прадэманстравалі на ўступных іспытах 23 183 абітурыенты. А вось знайсці ўдзельнікаў эксперымента было дастаткова складана. Амаль увесь беларускі шоў-бізнэс адмовіўся ад выпрабавання: хтосьці сказаў, што вельмі заняты, хтосьці пабаяўся, што не здолее вытрымаць іспыт.

— Сумна, але і сярод абітурыентаў з кожным годам усё менш тых, хто здае тэст па беларускай мове, — кажа рэпетытар цэнтра «100 баллов» і валанцёр курсаў «Мова нанова» Ева Гілевіч. — У гэтым годзе ў мяне група ўсяго з васьмі чалавек — гэта вельмі мала. Але насамрэч здаваць тэст па мове значна прасцей нават пры тым, што чалавек яе ведае на размоўным узроўні.

Аспрэчыць ці пацвердзіць гэты тэзіс і праверыць свае веды пагадзіліся футбаліст, форвард чэмпіёна Беларусі па футболе «БАТЭ» Віталь Радзівонаў…

…выкладчык і лідар знакамітага беларускага гурта «Палац» Алег Хаменка…

…і стваральніца брэнда жаночага адзення Krasa Ганна Кулакова.

Удзельнікі нашага эксперымента хвалююцца і кажуць, што нічога не памятаюць са школьнай праграмы. Але пэўная хітрасць у гэтым ёсць: Алег прызнаецца, што некалькі разоў спрабаваў такім чынам праверыць свае веды, Ганна ў свой час здавала ўступныя іспыты па-беларуску, а Віталь рэгулярна чытае беларускамоўную прэсу.

— Хаменкам ці Хаменкай? — перш за ўсё ўдакладняе Алег. — Увесь час блытаюся.

Пытанне з прозвішчам хвалюе і Віталя. Як яго правільна пісаць па-беларуску?

— У творным склоне правільна пісаць «Хаменкам», — кажа наш рэпетытар. — А вось з вашым прозвішчам, Віталь, пытанне дыскусійнае. Мне падабаецца варыянт «Радзівонаў».

Ева Гілевіч раздае нашым «абітурыентам» раздрукоўкі з тэстам — прыкладна такі ж у гэтым годзе пісалі на ўступных іспытах. У тэсце 40 пытанняў: 32 у частцы «А» і 8 у частцы «Б» — традыцыйна больш складанай. На выкананне ўсіх пунктаў адводзіцца 120 хвілін.

— Усе ідуць здаваць рускую мову, таму што настаўнікі ў школе кажуць: навошта вам гэтая беларуская, што вы з ёй потым будзеце рабіць, — тлумачыць Ева. — Але можна ж напісаць тэст і вывучаць любую спецыяльнасць — ніякай праблемы няма. У беларускіх тэстах дастаткова стандартныя заданні, і за паўгады можна добра падрыхтавацца да іспыту — напісаць яго не ніжэй за 6 балаў.

— Некаторыя ж кажуць, што беларуская мова наогул прасцей за рускую.

— Па пэўных правілах яна насамрэч прасцей. Напрыклад, ва ўсіх без выключэння дзеепрыметніках пішацца адна літара «н», а вось у рускай мове вялікае правіла з процьмай нюансаў. А пунктуацыя прыкладна аднолькавая ва ўсіх славянскіх мовах.

Удзельнікі нашага эксперымента вывучаюць заданні. Хаменка бярэцца за галаву.

— Гэта ж нейкае казіно! — кажа музыкант. — Тут на палову пытанняў прыйдзецца інтуітыўна адказваць.

— Вы ж часткова беларускамоўны, — падбадзёрвае яго Ева.

— Я местачковамоўны, — жартуе ў адказ Алег і пачынае пісаць тэст.

— Цікава, што з гэтага атрымаецца, — ставіць першыя крыжыкі на паперы Віталь. — Пасля школы я свае веды беларускай мовы не правяраў. Максімум чытаў нейкія тэксты, інтэрв’ю. Але жыву я ў рускамоўным асяроддзі, таму ўзровень падтрымліваць вельмі цяжка.

Ганна засяроджана чытае заданні, прапанаваныя ў тэсце. Толькі зрэдку задае пытанні Еве і, калі атрымлівае адказ на адно з іх, цяжка ўздыхае.

— Спадзяюся, што гэты тэкст не прачытае настаўніца з ліцэя, у якім я вучылася.

Тэст складаецца з базавых школьных пытанняў па арфаграфіі, пунктуацыі, сінтаксісу і марфалогіі. І калі арфаграфічныя нюансы амаль ніякіх цяжкасцяў у нашых «абітурыентаў» не выклікаюць, то на пунктуацыі пачынаецца сапраўдны спатыкач.

Алег просіць патлумачыць яму некаторыя заданні.

Ганна час ад часу ўголас прыгадвае правілы.

І толькі Віталь маўкліва і вельмі сур’ёзна ўчытваецца ў пытанні.

Першая здае паперкі з тэстам дзяўчына. Ева правярае работу, робіць паметкі насупраць адказаў з памылкамі, і Ганна кожны раз уздыхае. Мы жартуем, што прахадны мінімум у гэтым годзе — 10 працэнтаў. Але спадзяемся, што ўсе справіліся з тэстам значна лепш.

Першыя вынікі перед намі: «абітурыент» Ганна Кулакова выканала тэст на 66 працэнтаў. Добры пачатак!

— Не магу сказаць, што ў гэтым тэсце было для мяне нешта незнаёмае, — кажа дзяўчына. — Але шмат якія правілы я ўжо не памятаю, нешта ўзгадала з цяжкасцю, а на пэўныя пункты наогул адказвала інтуітыўна. Калі сама здавала іспыты ў ВНУ, атрымала за тэст 78 працэнтаў. Зараз больш за ўсё складанасцяў было з канчаткамі «-а» і «-у», а яшчэ са склонамі і словаўтварэннем. Але, у прынцыпе, у абітурыентаў з гэтым выпрабаваннем не павінна ўзнікнуць вялікіх праблем.

Наступным адстраляўся мэтр — Алег Хаменка. Мы смяемся, што ён гучней за ўсіх казаў, што нічога не ведае, а зараз атрымае самы высокі вынік. Але музыканту не хапіла 10 працэнтаў да пакуль што рэкорда Ганны.

— Стаміўся, — смяецца Алег. — Мне падаецца, што гэты тэст дастаткова складаны: шмат пунктаў, мноства хітрыкаў у фармулёўках. Цяпер гэта часта сустракаецца: пытанні не на веды, а на ўважлівасць. Былі пункты, якія наогул прыйшлося пісаць наўздагад: ужо не памятаю марфалогію, сінтаксіс. Моўная тэрміналогія — вось што складана. Але я думаю, што гэты тэст — адэкватная ацэнка ведаў абітурыента.

Апошнім тэст на стол выкладчыка паклаў Віталь Радзівонаў. Правяраем — 52 працэнта. Выдатны вынік для чалавека, які амаль не карыстаецца мовай у сваім асяроддзі.

— Тэст не складаны. Гэта сапраўды тое, што пішуць на ўступных іспытах у ВНУ? — удакладняе футбаліст. — Мне здаецца, што выпрабаванне павінна быць больш цяжкім. У школе мая адзнака была недзе паміж тройкай і чацвёркай, а зараз найбольш складанымі падаліся пункты пра пунктуацыю і сінтаксіс — тут я ўжо разлічваў на інтуіцыю. Але для людзей, якія рыхтуюцца да іспытаў, гэты тэст не будзе цяжкім выпрабаваннем.

Наш рэпетытар падводзіць вынікі: высветлілася, што ў пытаннях з арфаграфіяй нашыя «абітурыенты» таксама наблыталі. Але больш за ўсё памылак прадказальна было ў другой палове тэста.

— У частцы «Б» няправільных адказаў шмат, але яна і самая складаная, — кажа Ева Гілевіч. — Багата памылак было ў пунктах, звязаных з пунктуацыяй. А яшчэ ўсе няправільна адказалі на пытанне, дзе было слова «рашчоска» — правільна пісаць «расчоска». Таксама наблыталі з займеннікам «ты». У родным склоне — «цябе», а не «табе». Але ў цэлым вы вельмі добра выканалі тэст — з такімі баламі можна паступаць у ВНУ. А калі б вы яшчэ рыхтаваліся паўгады, маглі б наогул стаць выдатнікамі!

* * *

У мінулым годзе 2069 абітурыентаў, якія здавалі тэст па беларускай мове, не набралі мінімальны бал — 10. Два чалавекі напісалі тэст на 0. І толькі 15 выдатнікаў выканалі іспыт на 100 балаў. Наш эксперымент паказаў, што добра напісаць тэст па мове можа нават непадрыхтаваны чалавек. Паспрабуйце праверыць сябе і вы.

Перепечатка текста и фотографий Onliner.by запрещена без разрешения редакции. vv@onliner.by