Не бачыць нявесту напярэдадні, начаваць у розных дамах, адломваць больш вялікі кавалак каравая і стаяць на ручніку — вясельныя традыцыі не запісаны, але іх усё ж ведаюць і памятаюць стагоддзямі. І нават калі не ўсяму можна верыць, хто скажа, з чаго складаецца тая самая матэрыя шчасця, якога так заўзята прагнуць маладыя? Мы ведаем, што чытаць навуковыя артыкулы і вялізныя дысертацыі цяжка, таму пайшлі іншым шляхам. Гэтым тэкстам мы запрашаем усіх чытачоў на сапраўднае беларускае вяселле. Чаму хлеб-каравай выпякалі ў форме квадрата ці месяца? Як нашы прабабулі адмаўлялі жаніхам і, наадварот, шукалі сабе пару без свайпаў у праграмах для знаёмстваў? Чаму раніцай у дзень вяселля высякалі ялінку і чаму нявеста так шмат плакала? Гэтым разам у нашым сумесным з belbet праекце «Невядомая Беларусь» расказваем пра беларускія вяселлі тое, чаго не сустрэнеш у падручніках, але пра што ўсё яшчэ помняць у вёсках.
Знаёмцеся: Алена Цатурава, навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. А яшчэ яна аўтар больш чым 50 навуковых прац, і ўсе яны так ці інакш прысвечаны вясельным традыцыям беларусаў.
Яна, вядома, навуковец, але часта выбіраецца з акадэмічных сцен і адпраўляецца ў экспедыцыі па беларускіх вёсках, каб размаўляць з інфармантамі. Гучыць трохі кіношна, але менавіта так даследчыкі фальклору называюць бабуль і дзядуль, якія яшчэ памятаюць абрады і нават могуць іх узнавіць — напрыклад, дагэтуль пякуць тыя самыя вясельныя караваі, якія калісьці былі сапраўдным мастхэвам на вясельным стале.
— Гэта наш культурны код. Прычым кожны рэгіён Беларусі мае свае асаблівасці, але многія людзі пра іх не ведаюць, — кажа Алена. — Помню, як у 2013 годзе пара — жаніх з Расіі і нявеста з Беларусі — запрасіла мяне ў якасці кансультанта, папрасіўшы сабраць інфармацыю пра вясельныя традыцыі пэўнага рэгіёна.
Вяселле яны ладзілі ў этнаграфічным музеі пад адкрытым небам у Строчыцах. Жаніх і нявеста былі ў нацыянальных касцюмах (строях), гэтаксама як і госці, да таго ж вакол нас былі сапраўдныя вясковыя хаты. Так што атрымалася сапраўднае традыцыйнае вяселле!
А цяпер паглыбімся ў атмасферу сапраўднага вяселля. Аказваецца, пачынаецца ўсё задоўга да танцаў, строяў і караваяў. Алена расказвае, што традыцыйнае беларускае вяселле падзяляецца на некалькі этапаў: перадвясельны, уласна вясельны і паслявясельны. І кожны з іх, натуральна, уключае ўласныя рытуалы і традыцыі.
Адметныя вясельныя рысы былі ў кожным раёне Беларусі, але сама структура свята заставалася плюс-мінус аднолькавай.
— Калі пара вырашыла пажаніцца па каханні або наконт шлюбу дамовіліся бацькі, то ў дом прыходзілі сваты. Галоўным сватам выбіраўся чалавек языкаты: ён павінен быў умець жартаваць і жвава размаўляць. За ім ішлі жаніх і яго бацька — свайго роду мужчынская світа. Усе яны прыходзілі ў дом да нявесты з жартамі і прыгаворкамі. Напрыклад: «У нас бычок, а ў вас — цялушка», «У вас тавар, у нас купец».
— Ці маглі бацькі дзяўчыны сказаць «не»?
— Нашы інфарманты расказваюць, што бывалі выпадкі, калі бацькі дамаўляліся паміж сабой, прыходзілі і казалі дачцэ, маўляў, хлопец добры, трэба. У той жа час мы ведаем, што дзяўчаты маглі адмовіць і нават зрабіць гэта моўчкі — яны проста выносілі сватам гарбуз. Яшчэ ў некаторых раёнах Беларусі дзяўчына магла вынесці бутэльку гарэлкі, перавязаную чырвонай стужкай, — гэта таксама азначала адмову ад прапановы.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Дарэчы, па словах Алены, у беларускім фальклоры паняцця «старая дзеўка» не існуе. Хутчэй вяскоўцы маглі казаць між сабой, што «ў кожнага свой лёс».
— Калі дзяўчына згаджалася, пачыналіся перамовы («зговар») паміж світай жаніха і бацькамі нявесты. Усе садзіліся за стол (сваты заўсёды прыносілі пачастункі) і ўзгаднялі падрыхтоўку да вяселля.
З таго моманту пара афіцыйна станавілася жаніхом і нявестай. Для гэтага існавала сімвалічная цырымонія — заручыны.
— Хлопец і дзяўчына бралі адзін аднаго за рукі, а бацька нявесты перавязваў іх ручніком. Таксама ён ці брат нявесты тройчы абводзіў будучых маладых вакол стала, што азначала провады нявесты ў новае жыццё. Дарэчы, калі я выходзіла замуж, мая сяброўка таксама ладзіла гэты абрад. І гэта крута! — усміхаецца Алена.
Увайдзі, божа,
Уступі, божа,
Ды ў нашу хатку.
Дай, божа, шчасце,
Дай, божа, долю
Нашаму дзіцятку.
Часцей за ўсё вяселлі святкаваліся восенню: ураджай ужо сабраны, і ёсць крыху больш часу для адпачынку. Паводле традыцыі, тлумачыць Алена, свята не прызначалі на перыяд посту або на час жалобы пасля смерці блізкага чалавека — звычайна чакалі каля года.
Нявеста рыхтавалася да гэтай важнай падзеі асаблівым чынам. Спачатку ёй трэба было падрыхтаваць прыданае. Па словах Алены, гэта быў асаблівы сімвал, які паказваў, якой гаспадыняй яна будзе: значная частка прыданага шылася ўручную.
— Прыданае складвалі на вазы і перавозілі з дому нявесты ў дом жаніха. Дарэчы, шлюбы звычайна заключаліся ў межах адной ці максімальна блізкіх вёсак.
За два дні да вяселля пачыналася самая важная частка перадвясельнага клопату — выпечка каравая.
— У XVII—XIX стагоддзях каравай выпякалі як у доме жаніха, так і ў доме нявесты. У дзяўчыны ён быў круглай формы, што сімвалізавала сонца і жаночы пачатак, а ў мужчыны — у форме паўмесяца. У XX стагоддзі пачалі выпякаць каравай класічнай круглай формы.
Я ўсім расказваю пра бабулю з Бабруйскага раёна, якую наведала падчас экспедыцыі. Яна паказала мне працэс выпякання каравая, але, што цікава, квадратнай формы. Чатыры вуглы сімвалізуюць дом, які маладой сям'і зычылі як мага хутчэй знайсці.
У чацвер для таго, каб спячы каравай, у дом нявесты запрашалі хросную маці дзяўчыны ды іншых жанчын (важна, каб іх сабралася няцотная колькасць). Падчас выпечкі яны, натуральна, спявалі, прычым пэўныя абрадавыя песні.
Ой, у кузні кавалі куюць
Да новыя тапары робяць,
Дубовыя дровы сякуць
Да і ў печачкі кладуць.
Шаўковыя да дымы ідуць —
Там Манечцы каравай пякуць…
Выбіралі галоўную каравайшчыцу — замужнюю жанчыну, якая жыла ў моцнай сям'і. І абавязкова не ўдаву: лічылася, што ўсю энергію яна перадасць маладой сям'і.
Каравай у печы йграе,
Заслонку адбівае:
— Старшая каравайшчыца,
He сядзі на заслоне.
Сядзь жа ты каля печы
Каравай сцярэгчы —
Каб яго не спалілі,
Харашэнька ўгадзілі,
Увесь род абдзялілі…
— Дарэчы, калі пры выпяканні каравай трэскаўся, то лічылася, што або пара разыдзецца, або нешта здарыцца. У такім выпадку ўсё часта пяклі наноў. Аднойчы мяне спыталі, ці кажуць пра гэта маладым? Думаю, не: навошта псаваць пары настрой.
Калі каравай пяклі ў чацвер, то ў пятніцу завяршалася асноўная падрыхтоўка. Выбіралі дом, дзе будзе адбывацца святкаванне, прыбіралі яго і абмяркоўвалі апошнія дэталі.
— Суботу называлі «зборнай» — гэта абрадавы этап, які сёння называюць дзявочнікам. Зразумела, што цяпер яго святкуюць па-рознаму, але ў мінулым — толькі сціпла. Нявеста ўвогуле павінна была быць сціплай і шмат плакаць: лічылася, што такім чынам яна развітваецца са сваім бесклапотным дзявоцтвам, да таго ж не было вядома, як яе сустрэнуць у доме мужа.
Дарэчы, тэма «пераходу» ў дом жаніха таксама знайшла адлюстраванне ў песнях, і вобраз свекрыві там мог быць не самым добрым. Таму на дзявочніку плакаць магла не толькі нявеста, але і ўсе яе сяброўкі.
— Дзяўчаты садзіліся за стол і плялі вянкі з розных кветак: руты, мяты, каліны. Жыхары некаторых раёнаў расказвалі мне, што расліны маглі быць штучнымі: маўляў, дзе ж узімку знайсці свежыя? Таму маглі рабіць імітацыю з паперы, але вянок быў абавязковым — як сімвал нявесты і дзявочай цнатлівасці.
Зборная суботачка настала,
Манечка дзевачак збірала.
Пасадзіўшы, работкі задала:
Чырвоныя стужачкі ўшпіляць,
Манечцы галовачку прыбіраць…
Яшчэ на дзявочніку рабілі нешта накшталт бутаньерак для хлопцаў. У той час, расказвае Алена, вяселле было выдатнай магчымасцю пазнаёміцца. Таму дзяўчына брала плеценую кветку, падыходзіла ў разгар свята да хлопца, які ёй спадабаўся, і прышпільвала хэндмэйд-упрыгожанне да яго кашулі. І ўсе адразу разумелі, што за гэтым стаіць.
— Хлапечнікі таксама былі: хлопцы збіраліся, каб выправіць сябра ў новае дарослае жыццё. Я не сустракала нейкіх адметных апісанняў, хаця пра тую ж «зборную суботу» напісана ў шматлікіх працах даследчыкаў, а яшчэ ёй прысвечаны песні, — падкрэслівае Алена.
У дзень вяселля з самай раніцы ў доме дзяўчыны збіраўся «жаночы склад». Нявесту прыбіралі, прычым яна зноў мусіла паплакаць. Лічылася, што гэта забяспечыць шчаслівае жыццё новай сям'і. Асаблівы абрад, расказвае наша суразмоўца, раніцай у дзень вяселля ладзілі жыхары Брагінскага раёна:
— Мужчыны з сем'яў жаніха і нявесты ішлі ў лес, дзе зрэзвалі трохрогія рагаціны, якія потым прыносілі дадому. Жанчыны ўпрыгожвалі іх каласкамі, стужкамі і кветкамі — атрымліваліся вельцы. На вяселлі яны стаялі на покуці (пад абразамі з ручнікамі).
У канцы свята іх забіралі ў дом, дзе маладыя збіраліся жыць, і прыбівалі на даху або каля акна. Там яны віселі да канца жыцця сям'і. Цікава, што вельцы да гэтага часу можна ўбачыць на дамах у Гомельскай вобласці — няхай яны ўжо старыя і выцвілыя, але выдатна, што захаваліся.
Але вернемся да нашай імправізаванай вясельнай экскурсіі ў мінулае. Каля поўдня жаніх выязджаў у бок дома нявесты. Разам з ім на чале шэсця былі сведка, кума і старшы сват. Ехалі гучна, спяваючы ўсю дарогу.
Сівы конь бяжыць — аж зямля дрыжыць.
На ім грывачка раскідаецца,
Едзе Васечка і ўцяшаецца:
— Ай, конь, ты мой конь, ай, конь вараной,
Пацеш ты мяне ў цешчы на дварэ,
У цешчы на дварэ, сеўшы на куце.
— Калі жаніх са сваёй світай прыязджаў да нявесты, пачынаўся своеасаблівы выкуп. Дом быў зачынены, хлопец стукаў, а ў акне з'яўляліся тры ці чатыры жаночыя рукі — яму трэба было адгадаць, якая з іх належыць яго каханай. Калі адгадваў — праходзіў далей, калі не — плаціў выкуп.
А чаго ж ты, Васечка, прыехаў?
Мы ж табе Манечкі не ’ддадзім,
Мы ж табе Манечкі не ’ддадзім,
Мы ж табе агуду тут дадзім…
На Гомельшчыне, напрыклад, існаваў абрад «выкупу елкі». Бок нявесты сустракаў світу жаніха з галінкай елкі ў руках — яе трэба было выкупіць. Елку выбіралі не выпадкова: яна сімвалізавала нявесту, а адламаная галінка была знакам аддзялення ад роду.
Яшчэ адно цікавае спаборніцтва адбывалася ў доме. Там жаніха сустракаў бацька нявесты, які трымаў у руках хлеб на ручніку. Жаніх таксама трымаў хлеб, і яны пачыналі спаборнічаць, хто падыме свой хлеб вышэй. Часцей за ўсё бацька нявесты саступаў: у рэшце рэшт, жаніх павінен быў стаць галавой новай сям'і, — усміхаецца Алена.
Пасля праходжання ўсіх выпрабаванняў жаніх сустракаў сваю каханую. Далей маладыя адпраўляліся на вянчанне, а пазней — у ЗАГС. Там яны таксама прытрымліваліся традыцыі, якую дагэтуль часта захоўваюць сем'і будучых маладажонаў: іх просяць разам стаць на адзін ручнік. Сярод славян гэта лічылася сімвалам дабраславення і аб'яднання двух родаў, а цяпер гэта часта інтэрпрэтуецца як шчаслівы шлях для маладой сям'і.
— Затым пара прыязджала ў дом, дзе адбывалася асноўнае святкаванне. Там маладых сустракалі бацькі з хлебам, соллю і мёдам. Спачатку маладажонам трэба было адкусіць каравай — так вызначалі, хто з іх стане галоўным у сям'і. Соль выкарыстоўвалі, каб маладыя маглі ў апошні раз насаліць адзін аднаму, а каб іх жыццё было салодкім, яны з'ядалі па лыжцы мёду.
Яшчэ маладажонам налівалі па чарцы гарэлкі — жаніх і нявеста трохі адпівалі, а астатняе вылівалі праз левае плячо. Лічыцца, што там сядзіць д'ябал — абрад павінен абараніць сям'ю ад няшчасцяў. Таксама абавязкова цалавалі абраз, які потым захоўвалі дома як абярэг.
Нарэшце пачыналася галоўная частка. Дарэчы, даследчыкі не маюць адзінага меркавання наконт рассаджвання гасцей на вяселлях. Некаторыя спецыялісты, кажа Алена, сцвярджаюць, што ўсё рабілася імправізавана. Аднак ёсць і іншая думка: сталы расстаўлялі строга ў форме літары «П», але ні ў якім разе не «Г» (такая рассадка выкарыстоўвалася на памінках).
— На покуці сядзела маладая пара. Правільнай была рассадка, калі побач з маладажонамі сядзелі сведкі, сябры і сяброўкі, бацькі і толькі ў канцы — старэйшае пакаленне. Лічылася сімвалічным, што яны сыдуць раней.
У разгар вяселля маглі зладзіць своеасаблівую праверку нявесты. Для гэтага выносілі дзяжу — нешта накшталт кадкі, у якой замешвалі цеста для каравая. Яе накрывалі кажухом і прапаноўвалі дзяўчыне сесці зверху. Калі нявеста была прыстойнай і цнатлівай, яна сядала без ваганняў. Ці можна было скрывадушнічаць? Тэарэтычна так, але сіла традыцый брала сваё: нявесты ставіліся да абраду вельмі сур'ёзна, таму альбо садзіліся, будучы ўпэўненымі ў сабе, альбо адмаўляліся.
Яшчэ адна вясельная традыцыя, звязаная з нявестай, — гэта танец з ручніком. Яго абвязвалі вакол маладой так, каб ён цягнуўся па падлозе. Лічылася, што такім чынам нявеста як бы перадае эстафету незамужнім сяброўкам, якія танцуюць побач.
— У канцы вяселля ўручаліся падарункі — звычайна грошы, тканіны або што-небудзь карыснае для дома. У цэнтры пакоя ставілі каравай. Калі надыходзіў час яго рэзаць, усе разумелі, што вяселле падыходзіць да канца. Маладажоны частавалі гасцей, але не раздавалі кавалкі голымі рукамі: лічылася, што так яны аддадуць сваё шчасце. Упрыгожанні з каравая не выкідалі: «шышкі» раздавалі дзецям, а «ружы» захоўвалі (яны былі даволі цвёрдымі).
У некаторых раёнах Беларусі існаваў яшчэ адзін цікавы абрад, які традыцыйна ладзіўся ў канцы вяселля. Спачатку, расказвае Алена, амаль усе госці пакідалі пакой — заставаліся толькі замужнія жанчыны.
— Свякроў або іншая жанчына з сям'і жаніха здымала з нявесты вянок і вуаль (фату), надзявала чапец і завязвала намітку (галаўны ўбор з льнянога палатна, які завязваўся вакол галавы, — абавязковы атрыбут замужняй жанчыны ў Беларусі. — Заўв. Onlíner). Пазней свякроў вешала фату на покуці, каб кожны, хто прыходзіў у госці, ведаў, што тут нядаўна з'явілася маладая. Яшчэ фату потым маглі выкарыстоўваць для абароны дзіцяці — напрыклад, калі яно моцна хварэла, фатой накрывалі яго ложак.
Калі вяселле адзначалі не ў доме жаніха, то ў канцы святкавання ён забіраў сваю жонку і адвозіў яе да сябе дадому. Госці ж працягвалі весяліцца.
— Калі маладая жонка ўпершыню прыязджала ў дом мужа, першае, што яна рабіла, — ішла да печы і дакраналася да яе далонямі. Калі печ была халодная, гэта было знакам, што дзяўчыну тут не чакалі. А калі печ была цёплая, гэта азначала, што свякроў прымае нявестку і будзе добра да яе ставіцца.
На наступны дзень пасля вяселля пачынаўся трэці этап — «пярэзвы». Паводле крыніц, сваякі па чарзе хадзілі адзін да аднаго ў госці, таму святкаванне магло доўжыцца некалькі дзён ці нават тыдзень.
Ехаў Васячка
Ад свайго цесьця, хваліўсь:
— Ой, бог мне даў
Такога цесьця, як татка.
Ой, бог мне даў
Такую цешчу, як мамка.
Ой, бог мне даў
Такую жану, як я й сам.
— Былі таксама «куры» — калі ўсе збіраліся ў доме, дзе адзначалі вяселле. Назва пайшла ад традыцыі: па дарозе госці з усёй вёскі кралі курэй. Прычым лічылася, што чым больш курэй яны прынясуць, тым шчаслівейшым будзе жыццё маладых. Потым з гэтых курэй варылі суп — чым больш наварыстым і тлустым ён атрымаецца, тым трывалейшым будзе шлюб.
Асаблівы момант звязаны з праверкай «сумленнасці» нявесты. Сапраўды, кажа Алена, маглі вывесіць прасціну, на якой начавалі маладажоны. Калі пацвярджалася, што дзяўчына была цнатлівай, ёй першай налівалі чырвоную наліўку, вакол галавы завязвалі хустку і прасілі выпіць «за здароўе». У адваротным выпадку маладой жонцы налівалі белую гарэлку. Мядовага месяца нашы продкі не ведалі, таму пасля вясельных урачыстасцей маладажоны ўступалі ў новае дарослае жыццё.
— Цікава шукаць факты, пра якія цяпер мала хто ведае, — усміхаецца суразмоўца. — Калі ты пра гэта распавядаеш, многія здзіўляюцца. Часта сучасныя нявесты не задумваюцца пра тое, што нашы продкі кожнаму дзеянню надавалі асаблівае сакральнае значэнне і гэта сапраўды працавала.
Динамичные игры, крутые эмоции, подарки, сюрпризы и крупные выигрыши ждут тебя в первой белорусской онлайн-лотерее belbet.
Отдохни, расслабься и зарядись настроением в одной из 70 игр. Играй в любом месте и в любое время.
Живи ярче, лови удачу в belbet!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by