Нашы прашчуры сур'ёзна ставіліся да змен пор году і адмысловым чынам не толькі развітваліся з зімой, але і сустракалі вясну. Адзін з такіх абрадаў атрымаў прыгожую назву — Гуканне вясны. У суботу яго правялі ў філіяле літаратурнага музея Янкі Купалы. Фатограф Максім Маліноўскі наведаў свята і вярнуўся з прыгожым фотарэпартажам.
Абрад «Гуканне вясны» пераважна праводзілі ва ўсходняй частцы Беларусі. У яго не было канкрэтнай даты, але абрад імкнуліся правесці ў сакавіку, прыблізна да 25 сакавіка — да Дабравешчання. Дзяўчаты выбіралі дзень з добрым надвор'ем, збіраліся разам, залазілі на стрэхі хат, ішлі на высокія пагоркі і спявалі песні-вяснянкі. Гэтыя песні суправаджаліся працяглым «гу-у-у», ад якога абрад, імаверна, і атрымаў сваю назву — Гуканне вясны.
Для чаго гэта ўсё рабілася? Беларусы лічылі, што, каб надышла сакавітая, жыццярадасная вясна і сышла цёмная зіма, вясну варта адпаведным чынам паклікаць.
Спевамі ўсё не заканчвалася. Моладзь вадзіла карагоды (лічылася, гэта дапамагала растапіць зямлю), весялілася. На Дабравешчанне пякліся булачкі ў форме буславай лапкі ці другой птушкі, пасля іх падкідвалі на спецыяльнай посцілцы.
Традыцыю гукаць вясну перанялі фальклорныя, этнаграфічныя гурты і ладзяць падобныя святы ў розных кутках краінах. Адным з такіх цэнтраў стала менавіта Вязынка.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by