Каталікі і пратэстанты адзначаюць Раство — адно з галоўных хрысціянскіх свят, прысвечанае нараджэнню Ісуса Хрыста. Журналісты Onlíner пабывалі познім вечарам на святочным набажэнстве ў старадаўнім касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і падрыхтавалі прыгожы фотарэпартаж.
Штогод тысячы турыстаў едуць у Нясвіж і абавязкова наведваюць знакаміты касцёл Божага Цела — сапраўдную перліну барочнай архітэктуры, які разам з замкам Радзівілаў стаў візітоўкай горада. Храм з цудоўнымі роспісамі, які лёгка ўпрыгожыў бы плошчу любой еўрапейскай сталіцы, пабудавалі напрыканцы 16 стагоддзя па праекце архітэктара езуіта Джавані Марыя Бернардоні на ўзор рымскага храма Іль-Джэзу. Ён стаў адным з першых барочных касцёлаў у Еўропе, а таксама радавой пахавальняй Радзівілаў: у крыпце касцёла знаходзіцца каля 70 саркафагаў. А яшчэ гэта адзіны беларускі храм, які ў складзе архітэктурна-культурнага комплексу рэзідэнцыі Радзівілаў унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
За сваю гісторыю касцёл ніколі не зачыняўся.
Але для вернікаў гэта перадусім сакральнае месца, якое атрымалася зберагчы і захаваць, нягледзячы на тыя віхуры, што праносіліся праз Беларусь на працягу мінулага стагоддзя. У тым ліку дзякуючы святару Гжэгажу Каласоўскаму, які праслужыў у Нясвіжы 52 гады і ўратаваў святыню ад знішчэння. Цягам апошняга дзесяцігоддзя ў касцёле праходзіць рэстаўрацыя.
У 2021-м эксперты адкрылі арыгінальныя фрэскі на галоўным фасадзе касцёла. Ім можа быць больш за 400 гадоў.
Па словах пробашча, ксяндза каноніка Пятра Шарко, сёлета рэстаўрацыю павінны перанесці ўнутр храма. Будуць усталяваныя рыштаванні, пасля чаго спецыялісты пачнуць працаваць са старадаўнімі фрэскамі.
Як сто гадоў таму, так і сёння жыхары Нясвіжа прыйшлі ў касцёл на пастэрку — адмысловае вечаровае і начное набажэнства напярэдадні Раства. Да таго многія з іх сабраліся дома з блізкімі сваякамі. З першай зоркай селі за стол, павячэралі поснымі стравамі, падзяліліся аплаткай, танюткай пласцінкай цеста, і ўжо пасля рушылі да святыні.
Гэтым разам у касцёле сабралася даволі шмат людзей. Па прыкідках пробашча Пятра Шарко, на набажэнстве прысутнічала каля 500 чалавек. Свабодных месцаў на лавах не было. А тыя, хто прыйшоў пазней, стаялі ў праходах ці каля ўвахода.
— Хрыстос прыйшоў у гэты свет, каб паказаць шлях да збаўлення, — кажа ксёндз Пётр Шарко. — Увогуле ў хрысціянскім свеце Божае Нараджэнне не з'яўляецца галоўным святам. Але мы яго святкуем, таму што без прыйсця Хрыста, Бога ў чалавечай постаці, не было б і Пасхі — уваскрасення Ісуса, памерлага на крыжы. Ён зышоў да адхлані, прабываў, як кажам па-яўрэўску, у шэоле (у Старым Запавеце — месца часовага знаходжання памерлых. — Заўв. Onliner). Праз сваю смерць на крыжы і ўваскрасенне Хрыстос адкрыў дзверы шэола і брамы Раю. А каб гэта здарылася, ён мусіў прыйсці ў гэты свет. У ім здзейсніліся абяцанне і місія, аб якой Бог прарочыў праз прарокаў і Адаму, і Еве, калі сказаў, што яны праз грэхападзенне павінны пакінуць Рай.
Што цікава, у маёй сям'і не было прынята асаблівым чынам святкаваць дні народзінаў, але Божае нараджэнне адзначалася абавязкова. І гэта заўжды адбывалася ўзнёсла: спявалі калядкі, накрывалі на стол, і ўсе павінны былі сабрацца на вячэру, якая называлася куццёй. Я віншую ўсіх са святам Божага Нараджэння. Зычу радасці ў вашыя дамы і, безумоўна, міру, супакою, што прынёс і абвяшчаў Ісус Хрыстос. Ён казаў аб прабачэнні і міласэрнасці, вучыў і вучыць гэтаму нас надалей.
Аэрогрили, умные колонки, смарт-часы, планшеты, наборы посуды и многое другое — со скидками до 55%.
Порадуйте себя и своих близких полезными и стильными подарками, которые будут приносить радость в новом году.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка