Беларуска жыве ў Новай Зеландыі і вучыць тысячы людзей унікальнай палескай мове

3334
04 октября 2023 в 16:25
Источник: Саша Манiту. Пераклад: Вiкторыя Голубева

Беларуска жыве ў Новай Зеландыі і вучыць тысячы людзей унікальнай палескай мове

Источник: Саша Манiту. Пераклад: Вiкторыя Голубева

Пасля прачытання ўсялякіх топаў «лепшых краін» здаецца, што Новая Зеландыя наогул не сапраўдная. Гэта не краіна, а кімсьці складзеная казка. Як пішуць, гэта самае прыгожае, самае бяспечнае і самае экалагічна чыстае месца ў свеце. Тут можна пакатацца на лыжах па снезе і на сёрфе па хвалях у адзін і той жа дзень. Тут жывуць фермеры-мільянеры з уласнымі верталётамі, якія зарабілі вялізныя багацці на плантацыях ківі. Хобіты з «Уладара пярсцёнкаў» жывуць таксама тут. І яшчэ незразумела, хто з іх больш падобны да выдуманага персанажа. У Новай Зеландыі жыве і Воля — беларуска. Знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад роднай вёскі Опаль, яна вядзе папулярны блог пра мову, на якой размаўляюць усяго 440 чалавек на Зямлі. Пагадзіцеся, гучыць таксама крыху казачна. Мы пагутарылі з «Голяй з Ополя» пра адваротны бок жыцця ў Новай Зеландыі і пра тое, навошта яна знаёміць з рэдкім палескім дыялектам сотні тысяч людзей па ўсім свеце.

Як знайсці мужа з Новай Зеландыі, прыехаць з ім у Беларусь і прывесці яго ў шок

Ад аграгарадка Опаль да сталіцы Новай Зеландыі, Велінгтона, 17 190 кіламетраў. Гэта практычна палова даўжыні экватара. Нават на глобусе гэтыя дзве кропкі не ўбачыць адначасова — даводзіцца рабіць паўабароту па восі. На пытанне, як жа яе занесла так далёка, Воля, збянтэжана смеючыся, адказвае: «Ну... каханне».

— Я гасцявала ў сяброўкі ў Францыі і там пазнаёмілася з новазеландцам Эдам. І, як гэта звычайна бывае, закруцілася само сабой. Праз тры гады мы з ім ужо святкавалі вяселле ў Мінску. Адбылося гэта, як ні пацешна ў нашым выпадку, у Доме дружбы народаў. Ежа ў нас была беларуская, а запівалі яе мы новазеландскім віном. У Новай Зеландыі культ віна, яны ведаюць толк у гэтым, і Эд сам яго выбіраў.

Цікава, што Эд, які прывык да вечнага сонца, упершыню завітаў у Беларусь зімой. Прычым Воля амаль адразу павезла яго ў родны Опаль, каб новазеландзец убачыў знутры беларускую хату і зразумеў, як уладкаваны сапраўдны вясковы побыт.

— Эд быў у шоку ад таго, як мая мама цягае дровы, паліць у печы, сама прыбірае двор ад снегу і гэтак далей. Карацей кажучы, прасякнуўся павагай, — успамінае Воля.

Фермеры-мільянеры, п’янае кіраванне і шалёныя кошты — Новая Зеландыя вачыма беларускі

Нейкі час маладыя пажылі ў Беларусі, а потым, крыху больш за год таму, перабраліся ў Новую Зеландыю, дзе Воля нарэшце асабіста пазнаёмілася з бацькамі Эда (да гэтага яны былі знаёмыя толькі па відэазванках). Муж з жонкай зажылі звычайным такім новазеландскім жыццём, і цяпер прыйшла Воліна чарга дзівіцца.

— Па-першае, цэны. Я раней шмат падарожнічала і думала, што мяне цяжка здзівіць. Але кошты ў Новай Зеландыі вышэйшыя за еўрапейскія ў два-тры разы, прычым як на ежу, так і на адзенне ці тэхніку. Вось да гэтага мне складана прывыкнуць да сённяшняга дня. Нават мясцовыя прызнаюць, што ім цяжкавата.

У астатнім жа ўсё сапраўды было як на малюнку: вельмі прыгожа, спакойна і практычна ідэальна. Людзі адкрытыя і добрыя — пры сустрэчы ўсе вітаюцца, нават калі бачаць цябе ўпершыню ў жыцці.

— У іх такое правіла: калі цябе сустрэлі ў сваім раёне, значыць, ты сусед, ты не чужы чалавек. Таму з табой трэба вітацца. Калі раніцай выйсці ў парк, то «Прывітанне!» скажа кожны сустрэчны. Наогул, новазеландцы вельмі таварыскія. Вось як у беларускай вёсцы: ты можаш пастукаць у любую хату, і табе вынесуць папіць ці нават накормяць, калі трэба.

Яшчэ Волю здзівіла колькасць фермерскіх гаспадарак і земляробаў. Тое, што на аднаго новазеландца прыходзіцца шэсць авечак, — гэта не стэрэатып. Але тым больш нязвыкла для нас, колькі мясцовыя землеўладальнікі зарабляюць.

— У Новай Зеландыі няма нічога дзіўнага ў тым, што ў фермера ёсць асабісты верталёт і яхта. Тут сапраўды многа мільянераў, якія нажылі багацце на вырошчванні гародніны і садавіны, вінаградніках ці жывёлагадоўлі.

Яшчэ адной рэччу, якая здзівіла дзяўчыну, стала мясцовая культура. Знешне адрозненняў ад беларусаў не так шмат, але яны ёсць і хаваюцца ў дэталях.

— У мяне было ўражанне: тут нешта па-іншаму, але я доўга не магла зразумець, што менавіта. А потым пачала заўважаць адрозненні. У новазеландцаў, да прыкладу, вельмі сямейная культура — нават больш, чым у нас. Хаця б раз на сем дзён у іх ладзіцца вялікая сямейная вячэра: дзеці прыязджаюць да бацькоў, як бы далёка тыя ні жылі, і расказваюць пра мінулы тыдзень. Пры гэтым нельга сказаць, што яны не сварацца і ў іх ідэальныя ўзаемаадносіны: часта менавіта на гэтай вячэры і адбываюцца дробныя бытавыя спрэчкі. Але ў цэлым гэтая традыцыя непахісная. Што б ні адбылося, вячэра будзе жалезна.

А падобныя новазеландцы да беларусаў сваёй памяркоўнасцю. У адрозненне ад гарачлівых аўстралійцаў, яны часта кіруюцца ў жыцці прынцыпам «Ну, значыць, так трэба», імкнуцца лішні раз не скандаліць і не перашкаджаць. Яшчэ, па словах Волі, нас аб’ядноўвае працавітасць. Новая Зеландыя — краіна, якая першай сустракае світанак. І многія новазеландцы робяць гэта, стоячы ў пробцы а пятай-шостай раніцы па дарозе на працу. Да таго ж яны не любяць, калі іх параўноўваюць ці зусім атаясамліваюць з аўстралійцамі.

— Шмат хто нават злуецца: «Ды мы не Аўстралія, хопіць нас параўноўваць!» Ну і, па праўдзе кажучы, у Новай Зеландыі жыць насамрэч прывабней. Тут няма атрутных змей і павукоў, тут не так горача, тут больш месца і менш людзей. Так што гэта аўстралійцы павінны зайздросціць, а не наадварот.

Адзінае дзівацтва мясцовых, да якога беларуска яшчэ не прывыкла (і не збіраецца), — гэта тое, што сярод новазеландцаў практычна норма піць за рулём.

— Даволі часта здараецца сітуацыя, калі людзі прыязджаюць на вечарынку на машыне, выпіваюць два-тры келіхі віна ці некалькі пінтаў піва і едуць дадому за рулём, як ніколі нічога. З гэтым быццам змагаюцца на дзяржаўным узроўні: вельмі шмат сацыяльнай рэкламы жахлівага зместу. Новазеландскія сацыялкі пра нецвярозае кіраванне вядомыя ва ўсім свеце. Праўда, часам здаецца, што яны ўздзейнічаюць на ўсіх, акрамя саміх новазеландцаў.

«Я амбасадарка „палескай мовы“ ў NZ». Як засумаваць па доме і завесці папулярны сярод беларусаў блог

Цяпер жыццё Эда і Волі на востраве ўсталявалася і ўвайшло ў зону камфорту. Яна працуе ў IT, ён інжынер у яхт-індустрыі. Але Воля прызнаецца, што апошнім часам пачала сумаваць па радзіме — прычым нават не па Мінску, у якім пражыла 10 гадоў, а па роднай вёсцы, дзе нават мова свая.

— Калі я цяпер стэлефаноўваюся з мамай, мы заўсёды размаўляем з ёй на опальскай. Гэта такі палескі дыялект, помесь беларускай, польскай і ўкраінскай — у Опалі на ім гавораць усе 440 жыхароў вёскі без выключэння. І ў цэлым на Палессі шмат розных моў-дыялектаў, яны падобныя адна на адну, але ў кожнай ёсць нешта ўнікальнае. Напрыклад, у Опалі мы кажам «соль», а ў Спораве (гэта аграгарадок, дзе робяць знакамітыя доўгія чыпсы) — «суль». Пры гэтым паміж вёскамі ўсяго 20 хвілін язды.

Калі Воля распавядае пра палескія мовы і дыялекты, у яе загараюцца вочы. Нават праз паўэкватара падчас відэазванку бачна, што гэтая тэма ёй неверагодна цікавая.

— Дык вось, падчас адной з тэлефонных размоў з мамай я зразумела, што пачынаю забываць некаторыя словы, замяняць іх рускімі ці нават англійскімі. І мне стала крыху сумна. Я ж апошняя ў сваім родзе, хто памятае «опальскую мову», і калі я не пачну ўсё гэта занатоўваць і дакументаваць, то словы могуць знікнуць. Таму што многіх з іх няма і ў Google. Так я пачала весці свой блог «Голя з Ополя» ў Instagram.

Цяпер у блогу Волі каля 4 тыс. падпісчыкаў. Усе пасты яна выкладвае выключна на опальскай. У іх расказвае пра гісторыю сваёй вёскі, разбірае незвычайныя словы, праводзіць стрымы, запісвае відэаролікі. На яе прыемнае здзіўленне, людзі праяўляюць неверагодную цікавасць да гэтай тэмы. Адзін з ролікаў, дзе Воля на опальскай дзеліцца сваёй гісторыяй, сабраў больш за 215 тыс. праглядаў.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

— Мяне глядзяць беларусы з усяго свету. Нават 10 чалавек з майго роднага Опаля, чым я вельмі ганаруся. Гэта і мае аднагодкі, і дзеці, якія раз’ехаліся з Опаля па розных гарадах Беларусі, — мы з імі часам нават спрачаемся, як правільна вымаўляецца тое ці іншае слова. Думаю, шмат людзей і не чулі пра тое, што на беларускім Палессі ёсць свае мовы, што яны гучаць настолькі па-іншаму. Плюс, безумоўна, шмат каму цікавая і мая гісторыя з Новай Зеландыі. Такі вось выходзіць цікавы кантраст: я амбасадарка палескай мовы ў NZ.

Што агульнага ў жыхароў беларускага Палесся з індзейцамі Новай Зеландыі?

Гісторыя Волі цікава пераплятаецца са стаўленнем да карэннага народа Новай Зеландыі — маары. Цяпер урад краіны ўкладае вялізныя грошы ў тое, каб захаваць рэшткі культуры карэнных народаў, і асабліва мову: на мове маары цяпер дублююцца надпісы ў афіцыйных дакументах, запускаюцца розныя праграмы яе падтрымкі.

— У адрозненне ад Амерыкі, брытанскія каланізатары не нішчылі тут карэннае насельніцтва. Адбылася мяккая асіміляцыя. Сёння цяжка сустрэць стоадсоткавага маары — максімум на чвэрць. Але так цудоўна, што цяпер у Новай Зеландыі адбываецца рэнесанс гэтай старажытнай культуры і мова маары ў апошнія гады стала значна папулярнейшай. Гэта адзін з фактараў, які натхніў мяне весці блог і расказваць пра «опольску». Па сутнасці, жыхары Опаля і іншых палескіх вёсак, дзе існуе свая мова, — мы ўсе крыху беларускія маары, — жартуе Воля.

Яшчэ адзін ідэйны натхняльнік блога нашай суразмоўніцы — бабуля. Менавіта яе старыя фотаздымкі Воля часцей за ўсё выкарыстоўвае для афармлення пастоў. Яе гісторыі, слоўцы і нават рэцэпты часта з’яўляюцца тэмай для чарговага роліка ці стрыма. Вось што піша сама дзяўчына:

«Мое гопільска муза — гато мое баба! І ныхай вжа йіі нымае з намэ, ала вона всігда в моім сарцэ! По моршчэнам і замазаным кіпцюрам одразу ясно шо чоловік прыгучаны був до роботэ. Хутко почну вам росказуватэ про кніжку якую я напісала про свою бабу. Ны пірыключайся, бі той казаў!»

Калі хто не зразумеў, вось так і выглядае опальская на пісьме. А на здымку ніжэй — якраз Воліна бабуля. Раней яна крыху бянтэжылася і смяялася з таго, што ўнучка зрабіла яе фота літаральна таварным знакам свайго блога.

— Калі бабулі не стала, я ўсвядоміла, што больш ніколі не змагу яе сфатаграфаваць, я ніколі яе не вярну. Першы год было вельмі сумна. А потым я зразумела, што магу працягваць рабіць з ёй калажы і яна будзе жыць у іх: размаўляць з падпісчыкамі, дзяліцца гісторыямі. І калі людзі гавораць мне, што дзякуючы блогу ўспамінаюць, як размаўлялі іх бабулі, мне становіцца вельмі цёпла на душы.

Каб захаваць памяць аб сваёй бабулі, Воля нават напісала пра яе кнігу. Зразумела, на опальскай — а як яшчэ! Цяпер ідзе падрыхтоўка выдання. Дапамагаюць дзяўчыне беларускія рэдактары, сучасныя мастакі і дызайнеры — усё вельмі сур’ёзна!

— Мая бабуля пры жыцці дапамагала людзям у вёсцы рыхтаваць пахаванне. Яна ведала ўсе пахавальныя традыцыі, ведала, як правільна «па-опальску» адправіць чалавека ў апошні шлях. Яе нават клікалі ў вёсцы Дырэктар морга. Дык вось і кніжка будзе пра маю бабулю, пра «філасофію жыцця і смерці на беларускім Палессі», як я люблю казаць. Спадзяюся, хутка мы ўсё даробім і кніжка паступіць у продаж.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Голя з Ополя | Volha Apolka (@apolkina)

Пасля пытання, навошта Воля занялася ўсім гэтым, жывучы так далёка, у казачнай краіне пасярод акіяна, дзяўчына задумалася. А потым адказала вось што. Здаецца, лепшай канцоўкі і быць не можа.

— Калі я была маладзейшай і толькі паступіла ва ўніверсітэт у Мінск, я крыху саромелася свайго дыялекту. Мне было ніякавата, што я не ведаю некаторых рускіх слоў і не магу размаўляць гэтак жа бегла, як гарадскія аднагодкі. Але з часам у мяне з’явіліся сябры, якія шануюць беларускую культуру, і яны, наадварот, захапляліся тым, што ў маёй вёсцы ёсць свая «мова», падтрымлівалі мяне і ўвесь час прасілі: «Ну скажы, скажы што-небудзь на сваім, гэта так файна!» Дзякуючы ім я пачала цаніць сваю адметнасць. А цяпер, калі я так далёка, я люблю ўсё гэта яшчэ мацней. Я вельмі спадзяюся, тое, што я раблю, таксама дапаможа «хлопчыкам і дзяўчынкам з Палесся» пачаць па-сапраўднаму ганарыцца тым, адкуль яны родам.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by