902
25 сентября 2023 в 10:23
Источник: Тарас Шчыры

«Мужыку здалося, што з возера анаконда вылезла». Едзем на поўнач Беларусі шукаць вадзянога монстра

Источник: Тарас Шчыры

На дне далёкіх і непраходных балот ціха сядзіць і чакае сваю здабычу тоўсты багнік, дзесьці пралятае таямнічы цмок, а ў падпечку адпачывае барадаты і касматы дамавік... Беларусы здаўна з любоўю і трапятаннем засялялі наваколле разнастайнымі міфічнымі істотамі накшталт духаў і таямнічых монстраў. Іх шанавалі, асцерагаліся, прыдумлялі пра іх байкі і легенды, нават прыносілі ім дары. Памяць пра некаторых з іх захавалася дагэтуль. Пра тое, у каго і чаму верылі нашыя продкі, мы пагаварылі з гісторыкам Змітром Скварчэўскім і заадно разам з А1 з'ездзілі да маляўнічага возера Балдук, у водах якога яшчэ нядаўна бачылі таямнічую міфічную пачвару.

«Продкі верылі, што ўвесь навакольны свет жывы»

Верыць у незвычайных істот нашыя продкі пачалі яшчэ ў дахрысціянскую пару, калі адначасова ўшаноўвалі абсалютна розных багоў: ад суровага грамабоя Перуна да багіні кахання Зарніцы.

— Вера ў іх абумоўлена перакананнямі пра тое, што ўвесь навакольны свет жывы, — расказвае Зміцер Скварчэўскі, аўтар кнігі «Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі». — І адпаведна, кожная з'ява, месца або жывое само па сабе, або мае свайго гаспадара, які пра яго клапоціцца ці яго ўвасабляе. Прыклады гэтаму можна ўбачыць у розных фальклорных тэкстах. Скажам, гаспадаром называлі таго ж дамавіка.

З той прычыны што навакольны свет лічыўся праявай боскасці, гэтыя істоты таксама ўспрымаліся як нешта боскае.
У якіх істот верылі нашыя продкі?

Нашыя продкі атачылі сябе дзясяткамі дзіўных і незвычайных істот, што жылі літаральна ўсюды. Вось некаторыя з іх.


Дамавік. Міфічны персанаж і заступнік дома. Паводле паданняў, жыў у кожнай хаце, і калі сям'я пераязджала на новае месца, то забірала з сабой дамавіка, праводзячы адмысловы абрад. На працягу года было некалькі дзён, калі дамавіка трэба было абавязкова частаваць, праяўляючы такім чынам павагу.


Балотнік. Злы дух, гаспадар балота. Ва ўяўленні часта маляваўся як бясформенная істота, пакрытая цінай, багавіннем і слімакамі. Лічылася, што ставіцца да чалавека агрэсіўна, усяляк імкнучыся зацягнуць яго ў багну.


Кадук. Па ўяўленнях нашых продкаў, жыў у лесе і быў сур'ёзнай пагрозай для чалавека. Лічылася, што кадук прыносіць эпілепсію, і, сварачыся міжсобку, продкі нярэдка казалі: «Каб яго кадук узяў!» Адны апісвалі яго як кучу сена, іншыя ўяўлялі страшнага звера.

З часам вера ў шмат якіх істот, вядома ж, знікла. Аднак аповеды пра русалак і дамавікоў, якіх, карыстаючыся больш сучаснай тэрміналогіяй, многія называюць палтэргейстамі, з'яўляюцца дагэтуль. Як і пра вадзянога змея з возера Балдук. Байкі пра яго апублікаваны на розных сайтах. Паводле гэтых легендаў, у вадаёме, аточаным лясамі, жыве гіганцкі змей-цмок, якога бачылі нібыта яшчэ ў нулявых.

Зробім паўзу, вырвемся на хвіліну з кабінета — і праверым гэтую легенду самі. Едзем на поўнач краіны!

У пошуках азёрнага монстра

Балдук — возера таямнічае. Схавалася ў лясах на мяжы Мінскай і Віцебскай абласцей і авалам выцягнулася на некалькі кіламетраў уздоўж лясістых берагоў.

У шырыню каля 300 метраў, у глыбіню — 39. Аматарам камфартабельных трас і роўных дарог дабрацца да яго будзе няпроста. Але для самых актыўных гэта праблемай не стала. Некаторыя так палюбілі гэтыя месцы, што яшчэ ў 1990-х пачалі скупляць тут хаты. Так у вёсцы Вайшкуны ўтварылася цэлая калонія мастакоў, а крыху пазней у інтэрнэце актыўна сталі пераказваць гісторыю пра велізарную вадзяную пачвару, якая некаму нават нагадала дэльфіна. Бачылі яе нібыта мастакі Алесь Шатэрнік і Мікалай Назарчук.

Каля аднаго з падыходаў да возера, на процілеглым ад Вайшкуноў баку, мы сустрэлі Дзмітрыя. Мужчына працуе ў Катлоўцы, жыве ў Паставах і нярэдка прыязджае на возера. Не проста сузірае прыгажосць з берага, а пераплывае возера туды і назад. Паплыве мужчына і зараз, пераконваючы, што вада яшчэ досыць цёплая. Кажа, для яго гэта нешта накшталт медытацыі і перазагрузкі.

— Я тут бываю з 1995 года, — тлумачыць Дзмітрый. — Месца ўнікальнае. Месца сілы... Яно насычае энергіяй. А што да гісторый пра пачвару, дык у мяне нават была газета з 1990-х, і ў ёй цэлы разварот быў прысвечаны азёрным пачварам Канады, Шатландыі і Беларусі. І вось, паводле артыкула, тут як быццам жыве нешта накшталт лох-нэскай пачвары. Ці веру я ў яе? Хто яго ведае... А раптам [тут] захаваліся плезіязаўры? Малаімаверна. Найхутчэй, размова ідзе пра буйную рыбу.

«Нап'юцца, а потым у іх анаконда перад вачамі з'яўляецца!»

Дачакаўшыся, пакуль Дзмітрый пераплыве возера туды і назад (у яго гэта атрымалася, пачвара не аб'явілася), мы развіталіся і паехалі размаўляць з мясцовымі жыхарамі. На жаль, са старажылаў практычна нікога не засталося — тут жывуць пераважна дачнікі. У абед буднага дня вуліцы маленькіх вёсак выглядаюць бязлюдна. Дапамагла пастаўская аўталаўка, за якой мы і прыехалі ў вёску Станчыкі.

Каля крамы на колах з'явіліся трое мужчын: два мясцовыя жыхары і дачнік Саша.

— Ды прыдумка гэта ўсё — пра пачвару, — седзячы на драўлянай лаўцы поруч з крамай на колах, гаворыць Саша. — Колькі я тут у свой час рыбы пералавіў — нікога не бачыў. Але вы з мясцовымі пагаварыце, можа, яны нешта раскажуць. Цяпер павінен падысці Валянцін.

І сапраўды, праз пару хвілін да аўталаўкі не спяшаючыся падышоў мужчына ў пацёртым камуфляжы. Быў ён негаваркі, але не такі катэгарычны, як Саша.

— Казкі, вядома, — ціха разважае Валянцін. — Яшчэ з дзяцінства іх чуў. Нехта тады ўбачыў, як па возеры нешта здаровае плыло.

Але таго, хто гэта бачыў, ужо не знойдзеш. Старыя паўміралі, спытаць няма ў каго.

Набыўшы прадукты, мужчына павярнуўся і патупаў разам з сабачкам дадому.

Ну а самым красамоўным аказаўся Эдуард, які прыехаў да крамы на ровары.

— Прыдумалі чорта нейкага! — усміхаецца суразмоўца. — Хто? Ёсць тут адзін дачнік з Вайшкуноў. Напіўся неяк уначы і пайшоў на возера. Нешта там над вадой лятала. Мабыць, качкі, а ён падумаў, што з вады, можа, анаконда вылезла! Ну і давай пасля разносіць па свеце. Плёткі гэта ўсё. Нап'юцца — і тады ў іх чэрці лётаюць!

«У нас яшчэ расказвалі пра НЛА, але гэта ўсё глупства»

Запісаўшы эмацыйны спіч мужчыны, якога прадавачка з усмешкай кліча проста Эдзікам, мы рушылі ў Вайшкуны на пошукі сапраўдных азёрных экспертаў — рыбакоў.

Сустракаем Віктара.

— У нашым возеры я бачыў прыгожую рыбу: сам неяк злавіў вугра, буйнога ліня, а вось ніякіх пачвар я не бачыў. Гэта, найхутчэй, замануха. Хоць легенды пра возера ходзяць. Казалі, што там нібыта вёска патанула і рыбакі, праплываючы, бачылі пад вадой платы. Аднойчы яшчэ сусед пайшоў лавіць на свята, а калі вярнуўся, сказаў, што злавіў такую страшную рыбу, што больш у святы дзень лавіць не будзе! — расказаў мужчына.

Чулі мы і такое тлумачэнне, чаму змея ў Балдуку гэтак і не злавілі: ён, маўляў, звяруга хітрая, хаваецца ў падземных пратоках, якія злучаюць Балдук з Блакітнымі азёрамі. Выдатны аргумент, каб захаваць легенду жывой на сотні гадоў наперад!

Каля Балдука расказваюць таксама, што аднойчы неапазнаны лятальны аб'ект урэзаўся ў купал праваслаўнай капліцы. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

«Цмок хоць з вадой і звязаны, але ў ёй не жыве»

Вяртаемся ў Мінск і задаём пытанне нашаму эксперту. Хто і як стварае сучасныя легенды?

— Вобраз змея ў нашай традыцыі — гэта не абавязкова істота з вады, але тым не менш цмок з вадой звязаны і можа мець дачыненне да таго ці іншага вадаёма, ну а далей народнае ўспрыманне магло развіваць гэтую тэму, — гаворыць Зміцер Скварчэўскі. — Па праўдзе кажучы, я не ведаю, як і хто запусціў легенду пра гэтага змея, аднак па сваіх характарыстыках гэтыя аповеды паказваюць, што гісторыя адносна сучасная. Усё ж ва ўспрыманні беларусаў цмок у вадзе не жыве. Хоць тут можна ўспомніць Уладзіміра Караткевіча і яго кнігу «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзе расказвалася, што цмокі жылі ў Лепельскім возеры. Але гэта ўсё ж не фальклор, а мастацкая літаратура. Пры гэтым у гісторыі, звязанай з Балдуком, тыпалагічна ёсць перасячэнні са старымі паданнямі.

Добрыя ці злыя?

Шмат кім прынята падзяляць персанажаў, якія насялялі нашыя лясы і азёры, на добрых і злых, але, як сцвярджае гісторык, такога размежавання спачатку не было. Агрэсіўнымі ў дачыненні да чалавека лічыліся толькі некаторыя істоты.

Усё змянілася пасля хрысціянізацыі. Ёсць нават легенда, якая тлумачыць, як кадук і яго таварышы трапілі ў няласку. Сэнс яе наступны: анёл Люцыфер паўстаў супраць Бога, аднак саступіў, і Бог скінуў яго з нябёс. Разам з Люцыферам зрынулі і дэманаў, якія служылі яму. Хто зваліўся ў ваду — стаў вадзяніком, у лес — ператварыўся ў лесуна, на поле — у палевіка, а ў хату — у хатніка, дамавіка.

Пры гэтым, па словах Скварчэўскага, у рэгіёнах, размешчаных уздоўж Дняпра і Сожа, нават у познія часы да дамавіка ставіліся паважліва, а вось у заходняй Беларусі ў ім бачылі шкодніка, якога абавязкова трэба выгнаць з хаты, запрасіўшы святара.

— Калі паглядзець на гэтых істот з пункту гледжання традыцыйнага светапогляду нашых продкаў, то яны зусім не добрыя і не злыя. У іх амбівалентная — дваістая — прырода, — працягвае Зміцер. — То-бок істота можа быць і такой, і такой. Але залежыць гэта ад сітуацыі, ад паводзін пэўнага чалавека, як ён выконвае пэўныя рытуальныя ўстаноўкі, прынятыя ў грамадстве. Калі правілаў не парушае, то гэтыя істоты, вядома ж, не нясуць для яго небяспекі. А калі ўсё адбываецца наадварот, то яго здароўю ці маёмасці могуць нашкодзіць. На мой погляд, гэта адзін са спосабаў тлумачэння таго, як трэба ўзаемадзейнічаць з навакольным светам, будаваць сямейныя адносіны. Прывяду прыклад з дамавіком.

Калі гаспадар працавіты і ў яго ў сям'і ўсё добра, то і дамавік яму будзе ўсяляк спрыяць, паляпшаючы дабрабыт. А калі гаспадар гультай, канфліктны чалавек, то дамавік, адпаведна, будзе шкодзіць гаспадарцы.

«Каб залагодзіць вадзяніка, млынары кідалі ў ваду сала і вантробы жывёл»

Пераважна варожыя чалавеку персанажы жылі ў рэках, азёрах, яны маглі нават прынесці смерць. Этнограф Мікалай Нікіфароўскі пісаў, што існавала цэлая градацыя духаў у залежнасці ад тыпу вадаёмаў. Вадзяныя вомутнік і вірнік жылі ў глыбокіх азёрах, а ціхоня — у спакойнай стаячай вадзе.

— Балотную прастору засялялі ўжо іншыя духі. Аржавень жыў у балотах, якія лічыліся багатымі на жалезную руду і па колеры былі ржавымі, багнік — пераважна ў тарфяных. Лознік (лазавік), ці вадзяны чорт, трымаўся недзе ў лазе паміж берагам і вадой, — тлумачыць суразмоўца. — Як яны выглядалі? Іх выгляд, як і імёны, шмат у чым адпавядае ландшафту, у якім яны жывуць. Аржавень будзе прыблізна рудога колеру, а вось багнік і балотны дух кадук могуць нагадваць купіну з мохам і галінамі, што тырчыць пасярод вады. Атрымліваецца, што яны максімальна зліваюцца з навакольным асяроддзем.

Усе гэтыя балотныя істоты лічыліся патэнцыйна небяспечнымі для чалавека. Бачыцца з імі не рэкамендавалася, і існаваў шэраг правілаў, якія дапамагалі чалавеку ўнікаць сустрэч з імі. Пры гэтым лічылася, што ў млынароў і рыбакоў досыць добрыя стасункі з вадзянікамі.

У работнікаў млыноў нават былі свае замовы, каб вадзянік не шкодзіў ім, а наадварот, дапамагаў. Адзінаццатага лістапада млынары святкуюць сваё свята Дзень святога Марціна, і, як расказвае Зміцер, у гэты дзень яны прыносілі ахвяры вадзяным духам: кідалі ў ваду вантробы жывёл, сала, тлушч. Людзі верылі, што, наеўшыся, вадзянік палагоднее і не стане ламаць кола млына.

 — Па чутках, некаторыя нават маглі прыносіць у ахвяру вадзяным духам дзяцей-сірот, якіх кралі і тапілі. Але гэта, напэўна, была не рэальная практыка, а хутчэй байка. Тым не менш гэтыя паданні паказваюць, што практыка ахвяраванняў сапраўды існавала, — заключае эксперт.


Што ў гэтым праўда, што вера, што казка — вырашаць вам. А мы абавязкова працягнем наш праект. Будзем успамінаць легенды і расказваць вам. Не пераключайцеся!


Партнёр праекта — А1
Партнёр праекта — А1

Onlíner і А1 прадстаўляюць серыю натхняльных матэрыялаў пра легенды Беларусі, якія агортваюць рамантыкай мінулага і матывуюць на адказнае стаўленне да сучаснасці і будучыні.

У сваёй дзейнасці А1 трымаецца прынцыпаў ESG — экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання: кожны дзень адкрывае новыя магчымасці, якія дазваляюць весці экалагічны лад жыцця, падтрымліваць нацыянальную культуру, абменьвацца ведамі і шанаваць унікальнасць кожнага чалавека.

Спецпраект падрыхтаваны сумесна з унітарным прадпрыемствам «A1», УНП 101528843.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by