«Бачыла змяю з рагамі — ледзь уцякла». Едзем на поўдзень Беларусі па слядах вужынага караля

1154
27 июля 2023 в 10:12
Источник: Генадзь Даніч. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вадзім Шклярык. Ілюстрацыі: Максім Тарналіцкі

«Бачыла змяю з рагамі — ледзь уцякла». Едзем на поўдзень Беларусі па слядах вужынага караля

Источник: Генадзь Даніч. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вадзім Шклярык. Ілюстрацыі: Максім Тарналіцкі

...І тут з-пад карэнішча выпаўз велізарны вуж з каронай на галаве і ў лясную глухмень павёў за сабой дзясяткі шыпячых змей. Гэтая сцэна, падобная на нейкае казачнае трызненне, можа падацца вельмі дзіўнай і прымусіць асабліва ўражлівых палезці ў соннік. Але ў падобны сюжэт са змяіным царом рэальна верылі нашы продкі і лічылі, што сустрэча з ім можа прынесці поспех і шчасце. Што цікава, некаторыя людзі ўпэўнены, што яшчэ адносна нядаўна сустракалі «дзіўных» змей. Мы працягваем наш цыкл з А1 пра легенды Беларусі. Гэтым разам адправіліся ў супольны трып па старэнькіх беларускіх вёсках. Запісалі парачку напаўмістычных гісторый, у якіх праўду і фантазію раздзяліць праблематычна. Тым яны і прыгожыя!

Трымалі вужоў пад печкай і кармілі малаком

Сімвалам Беларусі часта называюць зубра, на плакатах друкуюць красуноў-буслоў, але ў нашых продкаў, ад Падзвіння да Палесся, сярод звяроў былі іншыя куміры. Знакаміты еўрапейскі картограф і гісторык Олаф Магнус на ілюстраванай карце паўночных краін Carta Marina у якасці сімвалаў ВКЛ намаляваў свяшчэнны лес, агонь і змяю. А вось гісторык і дыпламат Ян Длугаш, апісваючы перавод балтаў у каталіцызм, згадваў, што язычнікі з Вялікага Княства трымаюць у сябе дома прыручаных вужоў і нават ушаноўваюць іх.

Усходнія славяне, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Украіны і Расіі, таксама ставіліся да іх як да хатніх багоў, кармілі малаком, сырам і яйкамі. Калі нехта спрабаваў вужа прыбіць, каралі за гэта жорстка, а ў некаторых выпадках маглі і жыццё адабраць. Людзі верылі, што ў такім разе прыйдзе няшчасце і гаспадарка занепадзе.

— Калі змяя памірала, гаспадар рабіў з яе тлушчу свечку, — расказвае кандыдат гістарычных навук Зміцер Скварчэўскі. — У выпадку нейкай бяды ён яе запальваў, і лічылася, што яму на дапамогу павінен быў прыйсці вужыны кароль са сваім змяіным войскам. Адкуль да змеяў такая павага? Гэта ў тым ліку спадчына і ў некаторай ступені ўплыў балтаў, якія некалі жылі на тэрыторыі Беларусі. Прыкладам, адным з галоўных язычніцкіх багоў у тых жа балтаў-прусаў, што жылі на старадаўняй Гарадзеншчыне, лічыўся Акапірнас. У яго быў брат Жальгіўн Каралюс, той самы вужыны кароль. Разам яны, як зямны і нябесны багі, сімвалізавалі гармонію гэтага свету. Апроч таго, вужоў называлі дамавікамі, і людзі верылі, што яны з'яўляюцца апекунамі сям'і і жылля.

Жылі яны звычайна пад печкай. На поўначы Беларусі нават расказвалі, што вуж мог жыць у самым сакральным месцы хаты — на покуці.

Змеі нярэдка рабіліся героямі легендаў і паданняў. У залежнасці ад рэгіёна Беларусі яны трохі адрозніваюцца, але практычна ўсюды сэнс адзін і той жа:

— Лічылася, што раз на год, на Узвіжанне ў верасні, чалавеку забаронена хадзіць у лес. Нібыта ў той час усе змеі збіраюцца разам і пад кіраўніцтвам свайго караля адпраўляюцца на зімоўку ў падземны Вырай, які знаходзіцца недзе пад зямлёй у каранях дрэваў. Нягледзячы на забароны, чалавек, вядома, у лес хадзіў і адмыслова шукаў сустрэчы з гэтым вужыным каралём, бо існавала павер'е: калі сустрэнеш гэтага караля і пасцелеш перад ім хустку ці абрус, то вуж скіне на іх карону або ражок.

Што павінна было адбыцца пасля гэтага, зразумець не складана. Чалавек, як супергерой з галівудскага кіно, адразу атрымліваў мегаздольнасці: пачынаў разумець мову жывёл, даведваўся, дзе ляжаць скарбы, і з дапамогай ражка ад кароны мог адкрыць нават самыя складаныя замкі. Але вось незадача. Як расказвалі нібыта сведкі гэтых змяіных працэсій, караля сустракалі выпадкова і правесці абрад у іх не атрымлівалася.

Бацька Максіма Багдановіча — Адам — быў этнографам, фалькларыстам і тэму стасункаў беларусаў з вужамі ў сваёй творчасці таксама закрануў:


«Згодна з павер'ем, усе змеі валодаюць прарочай сілай, незвычайнай мудрасцю, але адзін толькі вуж схільны выкарыстоўваць сваю мудрасць на карысць хаце, дзе ён пасяліўся, — і калі дагаджаць хатняму вужу, то і ён, у сваю чаргу, будзе рупіцца аб той хаце. Увогуле, пасяленне вужа ў хаце лічыцца добрым прадвесцем: варта толькі вужу дагадзіць, і ён будзе прыносіць у хату шчасце. Але калі хатняга вужа ўгнявіць, ён тады паспрабуе адпомсціць. Таму сяляне кладуць сваім вужам ежу і пітво і ўвогуле клапоцяцца пра тое, каб не раздражняць іх».

Здаецца, гэта міф, і месца яму ў глыбокім мінулым, а не ў тэхналагічным і прасунутым свеце. Тым не менш людзі яшчэ нядаўна расказвалі пра сустрэчы з неверагодна вялікімі змеямі і сапраўдным вужыным каралём. Некаторыя аўтары спрабавалі вытлумачыць яго «карону» рацыянальна: змяя ліняе, і пасля таго як патрэцца галавой аб зямлю, на ёй утвараецца форма, падобная на галаўны ўбор. Аднак Зміцер Скварчэўскі прытрымліваецца трохі іншай думкі.

— Такое меркаванне сапраўды існуе, і я гэта тэарэтычна дапускаю, але я б гэтую карону такім чынам не трактаваў і разглядаў бы яе выключна ў кантэксце міфалогіі. Яна падкрэслівае статус валадара вужоў, і яна неабавязкова павінна мець тлумачэнне.

— А вы самі верыце ў вужынага караля? — пытаюся ў нашага эксперта.

— Правакацыйнае пытанне. Калі адкажу сцвярджальна, то потым пачую: «І які ж ты пасля гэтага навуковец?» Але я дапускаю імавернасць таго, што нешта падобнае існуе. У верасні змеі сапраўды збіраюцца на зімоўку і, магчыма, сярод іх ёсць свой цар, які іх узначальвае. Прынамсі, я сам гэтыя клубкі ў лесе бачыў.

«Побач была гара — дык туды запаўзалі ўсе змеі»

Гарачы асфальт бяжыць на Жлобін, а мы паварочваем і прасёлкамі, праз вёскі рухаемся ў Змяёўку — у адзін з населеных пунктаў Беларусі, названых у гонар паўзучых.

Міма нас праносяцца драўляныя цэрквы з купаламі-цыбулінамі і размаляваныя, як быццам цацачныя, хаткі. Іх фішка — нават не архітэктура, а разныя ўпрыгожанні над вокнамі. Нехта нарабіў курачак ды другіх птушак, іншыя на ліштвах выразна намалявалі змей.

На станцыі Цялуша ў Бабруйскім раёне мы нават спынілі дзядулю-раварыста і распыталі яго пра гэтых таямнічых рэптылій. Але той толькі паціснуў плячыма і з'ехаў ад нас прэч на сваім старэнькім веліку. Як выявілася, рэч у той самай міфалогіі і забабонах.

Змеі сімвалізавалі шчасце і дастатак, і гэтыя выявы павінны былі прынесці радасць. Ну а з часам гэты знак мадэрнізаваўся проста ў сімпатычны элемент дэкору.

Змяёўка аказалася старой вёскай каля такіх жа старых балот. Стала ў ёй жыве чалавек дзесяць, іншыя хаткі займаюць дачнікі. Каля аднаго з будынкаў мы ўбачылі легкавік. І неўзабаве нам насустрач з-за брамы выйшла Алена — тут у яе бацькоўская хата.

— Калісьці паблізу знаходзілася Змяіная гара. Лічылася, што ўсе змеі з акругі спаўзаліся на гэтую горку, бо вакол усюды была вада. Адгэтуль і назва, — расказвае Алена. — Побач усюды былі балоты, пакуль іх не асушылі, і да суседняй вёскі Святое прайсці было немагчыма. Усё пад нагамі хлюпала.

— Бацькі расказвалі, што вада ўзімку замярзала і да Святога ездзілі на каньках, — дапаўняе Алену яе муж.

— А цяпер змеі тут жывуць? — удакладняю ў мясцовых.

— Не бачылі, і лепш бы гэтак і далей было! Калі хочаце пагаварыць яшчэ з кім-небудзь, то едзьце ў канец вёскі і спытайце Анатолія Чайкоўскага. Ён, можа, больш раскажа.

Праз дарогу ад патрэбнай хаты мы ўбачылі мужчыну ў камуфляжы. Ён спакойна і без спешкі вязащ бярозавыя венікі. Усміхнуўся сабе ў вусы і назваўся Васем. Ён — сын таго самага Чайкоўскага. Тут нечакана пачаўся дождж, мы схаваліся пад навесам пабудовы. Вася, паглядаючы на свае венікі, ціхім шапаткім голасам пачаў аповед.

— Ведаеце, была тут Змяіная гара. Я змей асабліва не сустракаў, але яны ў акрузе жывуць — побач балота, Святое возера, і там сустракаюцца гадзюкі. У нас побач гняздо буслоў, дык яны часам прыносяць сюды змей. А вось вужы пайшлі ад нас — прапалі. Ці чуў я пра вужынага караля? Не, ніколі.

Пакінуўшы Васілія з яго венікамі, мы паехалі далей. Нас чакала бязмежнае Палессе, Мазырскі раён і вёска Камень. Па ўспамінах адной з жыхарак, мясцовы пастух у 1950-х сутыкнуўся са змяёй таўшчынёй з бервяно. Што гэта было, фантазія ці праўда, ніхто не ведае, але мы паспрабавалі знайсці іншых сведак сярод старажылаў і распытаць пра мясцовыя легенды.

Пераезд аказаўся доўгім. На аўтобусным прыпынку ў Скрыгалаве нехта пасадзіў цацачнага коніка. А нерэальная Прыпяць разлілася ўшыркі на сотні метраў. Прыгажосць!

У Камень нас прывяла пясчаная і ўтрамбаваная дарожка. Тэлефон тут не ловіць, і паглядзець, як далёка мы заехалі, не атрымалася. Мабыць, зблытаўшы нас з аўталаўкай, з першай жа хаты выйшаў мужчына.

Пра гіганцкую змяюку ён не ведаў. Вёска падалася напалову вымерлай: дагледжаныя сядзібы змяняліся зарослымі гародамі і разваленымі хатамі. Неўзабаве, катаючыся па старых вулачках, мы сустрэлі бабулю, якая выйшла за пакупкамі.

— Нядрэнная [тут] была вёска, але шмат хто неяк памёр хутка, знік. Дзеці ў горад з'ехалі, нехта туды і бацькоў забраў, — кажа жанчына. Яна сама жыве ў Мазыры і ў Камень прыязджае на лета.

Што да велізарнай змяі, то такой не прыпамінае і ў яе зусім не верыць.

— Гэта нейкая ліпа. Такога я дакладна не помню, хоць змей бачу часта. Тут побач станіца, рэчка, іх шмат жыве. Я часта хаджу па лесе, з рагамі змяю бачыла, але вось такія вялікія, як расказалі, мне не сустракаліся.

— Змяю з рагамі?!

— Так, яна была вялікая, але ўсё адно не такіх велізарных памераў. Здарылася гэта непадалёк два-тры гады таму. Калі ўбачыла, мне цікава стала, я прысела і пачала разглядаць. А яна чорная, злая, шыпіць. Я пасядзела, паглядзела, устала і пайшла... Вы да Ульяны пад'едзьце. Яна, можа, больш скажа.

Тая самая Ульяна аказалася больш рэзкай у выразах і сказала, што ўсе гэтыя байкі пра змей хлусня.

— У нашай вёсцы пра такое нават размовы не было. Мая мама пражыла тут 97 гадоў і ніколі такога не расказвала! — здзіўляецца жанчына і ідзе па хатніх справах.

«Змяя ўстала і раздулася, як кобра»

Едзем у Вялаўск. Яшчэ некалькі гадоў таму вёска знаходзілася ў Петрыкаўскім раёне. Аднак увесну Прыпяць разлівалася так моцна, што дабрацца да райцэнтра бывала складана нават на пароме. У выніку Вялаўск дадалі да Мазырскага раёна — даехаць да вялікага горада стала нашмат прасцей. Цяпер ёсць паром, але ходзіць ён строга па раскладзе. Спазніўшыся, можна прачакаць наступнай пераправы некалькі гадзін.

Побач з мясцовым клубам сустракаем бібліятэкара Таццяну з мужам Вадзімам. Жанчына расказала, што ў дзяцінстве яе муж бачыў велізарную змяю, і гэтыя ўспаміны засталіся на ўсё жыццё.

— Гэта яркі момант, і я яго добра запомніў, — кажа Вадзім. — Жыў у вёсцы Кімбараўка. Выйшаў на вуліцу, гуляў, раптам пачала крычаць суседка. І тут я ўбачыў змяю. Яна была вялікая і як быццам устала. Здалося, што змяя падобная на кобру. А бабка не спужалася, забіла яе рыдлёўкай і закапала.

— Пра змей мне адну гісторыю неяк яшчэ даўно расказвала бабуля, — дадае Таццяна. — Калі яшчэ была маладая, на Узвіжанне пайшла ў лес у грыбы разам з сынам Сашкам. Чуе, нешта шыпіць, і калі прыгледзелася, убачыла змей, скручаных клубкамі.

Спалохалася, паклікала сына і пабегла дахаты, усё расказала. Дык ёй бабка і ўсыпала: «Хіба ж табе, мая даражэнькая, у такі празнік нужна хадзіць у лес? Нельга!»

Выехаўшы з Вялаўска, мы скончылі нашае падарожжа. Едзем у бок Мінска. Вужыны кароль застаўся не знойдзеным — відаць, давядзецца вярнуцца ў верасні. А можа быць, і не трэба вяртацца. Няхай гэтая гісторыя застаецца таямніцай! У тэхнагенную эпоху, дзе мы такія падобныя, дзе сакрэтаў амаль не засталося і дзе трэба гнаць і гнаць наперад, легенды вяртаюць у мінулае. Блісне недзе ў глухмені з аповеда бабулі казачны вужыны кароль, плясне хвастом русалка па водах возера Свіцязь... А мы задумаемся, хто мы і адкуль.

Чытайце па тэме:


Партнёр праекта — А1

Onlíner і А1 прадстаўляюць серыю натхняльных матэрыялаў пра легенды Беларусі, якія агортваюць рамантыкай мінулага і матывуюць на адказнае стаўленне да сучаснасці і будучыні.

У сваёй дзейнасці А1 трымаецца прынцыпаў ESG — экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання: кожны дзень адкрывае новыя магчымасці, якія дазваляюць весці экалагічны лад жыцця, падтрымліваць нацыянальную культуру, абменьвацца ведамі і шанаваць унікальнасць кожнага чалавека. 

Спецпраект падрыхтаваны сумесна з унітарным прадпрыемствам «A1», УНП 101528843.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ok@onliner.by