З Анастасіяй мы пазнаёміліся, калі шукалі вельмі занятых беларусаў. Дзяўчына напісала, што ў яе дзве працы і... шэсць дзяцей. Калі першаму даць веры было лёгка (падобных гісторый мы чулі нямала), то наяўнасць такой колькасці дзяцей выклікала вялікі сумнеў. Можа, узнікла непаразуменне? Некаторыя і хатніх жывёл называюць сваімі «дзеткамі». Але Насця пацвердзіла: сям’я сапраўды вялікая. А мы напрасіліся ў госці — пагаварыць пра графік, выхаванне і догляд за сабой. І галоўнае — разабрацца з міфамі, звязанымі са шматдзетным мацярынствам.
Расповед пра сябе Насця пачынае з таго, што яна сама са шматдзетнай сям’і. І ваганняў наконт таго, ці хоча яна дзяцей, у яе не было ніколі.
— Першы раз я выйшла замуж у 18 гадоў. Была зусім не ўпэўненая ў сабе. Думала, калі не цяпер, то больш ніхто ўжо не прапануе, — смяецца дзяўчына.
Самае дзіўнае, што да нараджэння дзяцей Насця была нашмат паўнейшая. Пры мініяцюрным росце важыла 89 кілаграмаў. Пасля 30 маці шасцярых дзяцей меншая амаль напалову.
— Абавязкова пакажу вам фотаздымкі! — інтрыгуе гераіня.
Чацвёра старэйшых дзяцей — пагодкі. Іх Насця нарадзіла ў першым шлюбе. Старэйшаму — Марку — цяпер 14. Далей ідуць Данііл, Канстанцін і Валерыя. Малым — Яраславу і Вікторыі — 7 і 5 гадоў.
— Пасля нараджэння другога дзіцяці я наважылася прывесці сябе ў форму. Проста хацела быць як дзяўчаты майго ўзросту. Бо нават на пляжы не магла распрануцца: адчувала сябе вельмі некамфортна.
Праграму пахудзення прыдумала сама: кожны дзень праходзіла па 12 кіламетраў з каляскай з двума дзецьмі. Ела толькі гародніну і садавіну — акурат было лета. І ўсяго толькі за тры месяцы скінула вагу да 53 кілаграмаў. Але якасць цела была не такой, як мне хацелася, таму я пайшла на тайскі бокс.
Рацыён з часам стаў больш разнастайным. Але мне проста не патрэбныя такія порцыі, як раней, — не хочацца. Калі падлеткам я магла з задавальненнем з’есці палову бляхі булачак, то цяпер гэтая цяга прайшла. І пасля ніводных родаў я ўжо так не папраўлялася.
Цяпер Насцю рэгулярна прымаюць за сястру, а не маці яе дзяцей. Часам нават даводзіцца актыўна даказваць, якая ў іх насамрэч ступень сваяцтва. Пры гэтым да касметолага наша гераіня звярталася толькі аднойчы — па паказаннях. Але яна абавязкова кожны дзень знаходзіць час для хатняга догляду за сабой — дзеля ўласнага задавальнення. Асабісты лайфхак толькі адзін: касметыку яна змывае чыстай вадой без усялякіх сродкаў. Хаця не, ёсць яшчэ адзін, звязаны са здароўем: Насця наогул не прымае лекаў — толькі ў якасці самых рэдкіх выключэнняў.
Удакладняем, ці падзяляе шматдзетная маці меркаванне, што роды амалоджваюць арганізм?
Насця з гэтым згодная: усе цяжарнасці працякалі ў яе даволі лёгка. Плюс з’яўляецца нагода задумацца пра сваё здароўе і прайсці поўнае абследаванне. Але наша суразмоўніца падкрэслівае: гэта толькі прыватны выпадак і яе асабістая думка.
У поўным дэкрэце Насця была толькі адзін раз — з малодшай дачкой. І тое — фармальна. Якраз тады пачаўся шлях да кар’ернага росту. У астатні час яе хапала ўсяго на пару месяцаў дома.
— Сядзець дома для мяне — вось што сапраўдны жах. Я ўжо паспрабавала сябе ў самых розных сферах: ад гандлю да рамонту абутку. Да з’яўлення танных абутковых крамаў гэта было вельмі прыбытковай справай. Дома ў мяне стаяў стол, за якім я дарабляла замовы.
Цяпер Насця — дырэктар фірмы па абслугоўванні каршэрынгавых аўтамабіляў. Працу кіраўніка яна без сарамлівасці сумяшчала з пасадай касіра ў адной з сеткавых крамаў.
— Мой дзень пачынаецца а 7-й. Праца касірам з графікам 2/2 з 9 да 18. А другая праца — у начную змену, з 9 вечара і да раніцы. Так што ў некаторыя дні сон практычна не прадугледжаны.
Насця трапіла ў гэты бізнес дзякуючы мужу. Ён сам займаўся сухой хімчысткай аўтамабіляў. А ў жонкі з’явілася вялікая цікавасць да справы. Спачатку практычна без аплаты пачала з падбору персаналу і паступова дарасла да дырэктара. Цяпер яна непасрэдны начальнік у мужа, што, па словах абаіх, на стасункі ў пары ніяк не ўплывае.
— У нас атрымліваецца дакладна размяжоўваць, дзе сям’я, а дзе праца. І з самага пачатку было зразумела, што менавіта ў Ільі сям’я — прыярытэт, у той час як я заўсёды імкнулася да кар’еры. Малодшую дачку мяне ўгаварыў нарадзіць муж. Але мы адразу дамовіліся: усе начныя пад’ёмы — толькі на ім. Так усё і было. Гатуе ў нашай сям’і таксама звычайна муж.
— А не складана было пераключацца з ролі кіраўніка ў ролю падпарадкаванага?
— У мяне няма кароны на галаве. У любой справе ёсць дакладныя правілы, якіх ты мусіш прытрымлівацца. І ўсё будзе ў парадку. Ды і як дырэктар я вельмі лаяльная. Магу сказаць: як жыццё, коцікі? Як вы там, булачкі мае? І калі трэба, сама дапамагу мыць машыну. А яны мяне паважаюць і надоўга застаюцца ў фірме. Пры гэтым і працаваць на касе мне шчыра падабалася. Так што ніякіх сакрэтаў: толькі чалавечыя стасункі на роўных — чым бы ты ні займаўся.
Што тычыцца дзяцей, у Насці такая ж філасофія: з імі трэба мець зносіны на роўных.
— Я дзецям усё кажу прама. У мяне ёсць свая праца, у іх свая — гэта вучоба і абавязкі па хаце. Калі яны хочуць нешта атрымаць, гэта трэба зарабіць. Усё як у жыцці. Пры гэтым я не прымушаю іх гнацца за адзнакамі. Як казаў Марк Твен, «я ніколі не дазваляў школе ўмешвацца ў маю адукацыю». А яшчэ надзвычай важна прызнаць, што дзеці розныя, у кожнага свой характар. Яны не могуць паводзіць сябе аднолькава. Калі гэта прымаеш, становіцца значна прасцей.
Галоўнае, што бацькі імкнуцца прывіць сваім дзецям, — гэта самастойнасць. І клопат адзін пра аднаго. Таму нават у пачатковай школе ўрокі ўсе робяць самі.
— Насамрэч, у вялікай сям’і дзеці шмат чаму вучацца адзін ад аднаго. Пакуль старэйшы лічыў палачкі ў першым класе, малодшы круціўся побач і таксама ўсё запомніў. Ды і ў цэлым, калі дзяцей у сям’і шмат, іх прасцей выхоўваць. Яны самі сябе займаюць, а не патрабуюць сталага нагляду дарослых. Пры гэтым ім дастаткова і зносін, і ўвагі — не толькі ад бацькоў, але і ад братоў і сясцёр. Не разумею, чаму гэта рэдка ўлічваюць?
Не можам не задаць далікатнае пытанне: а пасля разводу не страшна было застацца з чатырма дзецьмі адной?
— Не. У мяне ж ужо была свая сям’я — мае дзеці. Так што я не была адна. Ды і зусім не хацелася адносін, без іх было прасцей. Не трэба па ўсёй кватэры збіраць чужыя шкарпэткі, — усміхаецца Насця.
Але меркаванне — гэта адно, а рэальнасць — зусім іншае. Гісторыя знаёмства Насці і Ільі як у серыяле. Спачатку ён пісаў ёй у сацсетцы, але быў заблакаваны: маладая маці тады была яшчэ ў першым шлюбе. А праз колькі гадоў знаёмыя папрасілі Насцю ненадоўга пусціць пажыць хлопца, праездам з Піцера. І ім аказаўся Ілья.
— Дзверы майго дома заўсёды адчыненыя. Стаяла лета, дзеці ў бабуль. Таму я пагадзілася без праблем. К таму моманту я ўжо каля трох гадоў была без адносін. Ілья адразу пачаў вельмі прыгожа заляцацца. У нас пачаўся раман, але я хутка зразумела, што гэта мне не патрэбна. Я не была гатова да стасункаў. Ды і ён здаваўся мне проста хлопчыкам, хоць розніца ва ўзросце ў нас усяго два гады.
Нечаканым паваротам аказалася цяжарнасць Насці. Але сваё рашэнне яна не змяніла: зноў сыходзіцца з хлопцам не планавала і вырашыла выхоўваць дзіця ў вялікай сям’і сама.
— Калі сыну быў год, Ілья прыехаў і сказаў: я хачу быць з табой. І дзеля гэтага пайду на ўсё.
Разам сям’я ўжо 6 гадоў.
— А вас зусім не палохала такая колькасць дзяцей? Гэта ж вялікая адказнасць, — удакладняем у Ільі.
— Вядома, адразу такія думкі былі. Грамадства ў цэлым не прымае мой учынак, гэта чамусьці лічыцца дзікасцю. Але калі я кахаю чалавека, чаму я не магу любіць яго дзяцей?
Ілья спакойна прызнае, што яму патрэбен чалавек, які б яго накіроўваў. І Насця ідэальна з гэтым спраўляецца — толькі пачуцці да яе змаглі яго спыніць, інакш бурная маладосць магла б працягвацца да пенсіі.
— А вам хутка ўдалося наладзіць кантакт з дзецьмі?
— Так, яны ж тады былі зусім маленькімі. Ён іх адразу пакарыў сваімі кухарскімі здольнасцямі. Але цяпер такія складаныя стравы чамусьці не гатуе, — жартуе з мужа Насця. Дзеці шмат гадоў называюць Ілью татам.
Зразумела, што асабістыя гісторыі таксама не ведаюць умоўнага ладу, таму разважаць «а што б было, калі...» Насцю не просім. Але пытаемся, якія парады яна будзе даваць уласным дочкам.
— Я лічу, што аптымальны час для стварэння сям’і — 20—21 год. І так, трэба імкнуцца ствараць менавіта сям’ю, а не адносіны. Якая альтэрнатыва: марнаваць маладосць? Калі энергіі і здароўя максімум, гэты час якраз можна прысвяціць дзецям. А калі яны падрастуць, ужо свядома будаваць кар’еру і жыць для сябе.
У мяне шмат знаёмых дзяўчат, якія раней не думалі пра сям’ю, а зараз не атрымліваецца. І ў мяне да іх адно пытанне: а што вы рабілі да 30? Якія такія важныя справы ў вас былі? Калі ж з дзецьмі невялікая розніца ва ўзросце, з імі можна выбудоўваць даверлівыя сяброўскія адносіны.
А часу для сябе будзе дастаткова. Асабіста я планую пражыць да 120. У мяне ёсць адпаведная схільнасць: бабулі 90 — і вы б бачылі яе агарод! Мой баявы характар якраз ад яе.
Паўторым словы нашай гераіні: уся гісторыя — толькі яе асабістае меркаванне, якое атрымлівае вось такое ўвасабленне ў рэальнасці.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by