Якія новыя серыялы паглядзець у красавіку

21 005
05 апреля 2023 в 17:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Якія новыя серыялы паглядзець у красавіку

Источник: Зміцер Адашкевіч

Красавік — багаты на цікавыя серыяльныя прэм'еры месяц. Як вам, напрыклад, серыял пра манашку, якая вырашыла кінуць выклік штучнаму інтэлекту? Яшчэ ёсць баявік «Цытадэль» — адзін з самых дарагіх у гісторыі серыялаў ад братоў Русо. А яшчэ — арыгінальная камедыя ад студыі А24, псеўдадакументалка з кучай акцёраў і адным нічога не падазраваючым героем, перазагрузка культавай эротыкі і шмат іншага.

«Добрыя маці» (з 5 красавіка на Hulu)

Калі вы ўжо паважаны дарослы чалавек, то напэўна памятаеце італьянскі серыял «Спрут» 1980-х гадоў. Камісар Катані, сіцылійская мафія, трагічная развязка і ўсё такое. «Добрыя маці» — таксама італьянскі серыял і таксама пра мафію. Яшчэ і зняты па рэальнай гісторыі. Праект адзначылі як найлепшы серыял на Берлінскім кінафестывалі.

«Добрыя маці» — адаптацыя дакументальнай кнігі Алекса Пэры, у якой распавядаецца пра дзвюх жанчын, якія выйшлі замуж за прадстаўнікоў найбуйнейшых мафіёзных кланаў. Пасля забойства адной сяброўкі яны вырашаюць дапамагчы маладому пракурору знішчыць злачынную групоўку.

«Грызня» (з 6 красавіка на Netflix)

Сёння студыя А24 — асноўны пастаўшчык арыгінальнага, максімальна пазбаўленага шаблонаў кіно. Нядаўні «оскарны» трыумфатар «Усё, усюды і адразу», напрыклад, іх справа. Вось і «Грызня», мяркуючы па ўсім, стане яшчэ адной узорнай працай А24. За праект адчайна змагаліся ўсе стрымінгавыя гіганты, але пераможцам выйшаў Netflix.

Камедыйны серыял пачынаецца з тыповага дробнага дарожнага канфлікту. Праўда, абцяжараныя бытавымі непрыемнасцямі вадзіцелі не спыняюцца на ўзаемных «факах» і разгортваюць барацьбу шэкспіраўскіх маштабаў. У «Грызні» вельмі высокія рэйтынгі на ўзроўні 90 са 100. Па словах тых, хто ўжо паглядзеў серыял, перад намі ідэальна выкананая, вельмі разумная і складаная камедыя з шматузроўневым даследаваннем чалавечай маралі і псіхічнага здароўя.

«Быць прысяжным» (з 7 красавіка на Amazon)

Псеўдадакументальная камедыя з цікавай канцэпцыяй. За стварэннем праекта стаяць аўтары «Офіса». Папярэдніх праглядаў не было і адзнак ад крытыкаў няма, але ўсе чамусьці ўпэўненыя, што павінна атрымацца пацешна.

У цэнтры ўвагі серыяла — судовы працэс, а дакладней — група прысяжных. Калі яшчэ дакладней — толькі адзін з 12 прысяжных. Бо толькі ён лічыць, што ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Астатніх жа, у тым ліку суддзю, адвакатаў, абвінавачаных, сведкаў і іншых, іграюць акцёры. Такое вось «Шоу Трумана» у мініяцюры.

«За акіян» (з 7 красавіка на Netflix)

Сямісерыйны міні-серыял ад аўтараў «Неартадаксальнай». Новы праект заснаваны на рамане амерыканскай пісьменніцы Джуліі Орынджэр «Палётнае партфоліа». Кніга, у сваю чаргу, грунтуецца на рэальнай гісторыі журналіста Варыяна Фрая. Мужчына ў 1940 годзе накіраваўся ў акупаваную Еўропу, каб выратаваць яўрэйскіх мастакоў і пісьменнікаў.

Быў створаны міжнародны Камітэт экстраннага выратавання. За час працы ён эвакуіраваў з акупаванай нацыстамі Францыі больш за дзве тысячы бежанцаў, уключаючы Марка Шагала і Марселя Дзюшана. Сярод занятых у серыяле акцёраў засвяціўся Морыц Бляйбтрой («Эксперымент», «Дастукацца да нябёсаў»).

«Апошняе, што ён мне сказаў» (з 14 красавіка на Apple TV+)

Перад прыходам паліцыі ў IT-кампаніі знікае яе галоўны праграміст Оўэн. Яго жонка Ханна знайшла толькі запіску «Абарані яе!» і $600 тысяч. Жанчына ладзіць уласнае расследаванне, падчас якога даведаецца, што дзесяць гадоў таму Оўэн змяніў імя, ратуючыся ад смяротнай небяспекі. Дапамагае з расследаваннем яго дачка-падлетак ад першага шлюбу.

Сямісерыйная адаптацыя папулярнага аднайменнага рамана Лоры Дэйв. На ролю Ханны планавалася ўзяць Джулію Робертс, але з-за канфлікту ў раскладзе здымак аддалі перавагу Джуліі Гарнер. Оўэна іграе Мікалай Костэр-Вальдаў (Джэйме Ланістэр з «Гульні тронаў»).

«Місіс Дэвіс» (з 20 красавіка на Peacock)

Шматабяцальны навукова-фантастычны серыял, над якім працавалі аўтары «Застацца ў жывых», «Тэорыі вялікага выбуху» і «Чорнага люстэрка». Першыя эпізоды вельмі спадабаліся крытыкам, якія назвалі праект «цалкам дзікім», «па-добраму вар'яцкім» міксам з коміксаў, Курта Вонегута і «Монці Пайтан».

Місіс Дэвіс — гэта распаўсюджаны ва ўсім свеце і самы магутны штучны інтэлект. Яго хоча знішчыць манашка, якая выкарыстоўвае веру ў барацьбе з тэхналогіямі. Счэпяцца вера і тэхналогіі, а вось хто пераможа — вялікае пытанне.

«Звязаныя да смерці» (з 21 красавіка на Amazon Prime Video)

Шматсерыйная адаптацыя аднайменнага псіхалагічнага трылера Дэвіда Кроненберга 1988 года выхаду. Праўда, у серыяле пайшлі на змену полу галоўных герояў. У фільме Кроненберга гэта былі двое двайнят-мужчын, а ў 2023 годзе гэта ўжо двайняты-жанчыны (у выкананні Рэйчэл Вайс).

Эліёт і Беверлі Мэнтл сумесна аперыруюць у вельмі паспяховай гінекалагічнай клініцы. Нягледзячы на знешняе падабенства і паталагічную прыхільнасць адна да адной, па характары дзяўчаты моцна адрозніваюцца. Гэта, зразумела, прывядзе да страшнага канфлікту, які разгарыцца з-за аднаго нечаканага госця.

«Каханне і смерць» (з 27 красавіка на HBO Max)

Кэндзі разам з мужам-праграмістам пераязджае ў Тэхас. Там яна знаёміцца з жанчынай, разам яны спяваюць у хоры, пачынаюць сябраваць сем'ямі. Аднак неўзабаве сяброўства становіцца залішне цесным, а за шчаслівым фасадам, аказваецца, хаваецца куча бруду і гіганцкая шафа з грудай шкілетаў.

Вольны сямісерыйны пераказ рэальнай крымінальнай гісторыі тэхаскай хатняй гаспадыні, якую судзілі за жорсткае забойства сякерай. Справа хоць і была каля 40 гадоў таму, але моцна ўскалыхнула Амерыку. Дастаткова сказаць, што «Каханне і смерць» — ужо другі праект на гэтую тэму за год.

«Цытадэль» (з 28 красавіка на Amazon Prime Video)

Самы маштабны і амбіцыйны праект не толькі вясны, але і, магчыма, усяго года. «Цытадэль» называюць другім самым дарагім серыялам у гісторыі пасля «Пярсцёнкаў улады». Праўда, збольшага ў гэтым вінаватыя шматлікія пераздымкі, выкліканыя творчымі рознагалоссямі паміж сцэнарыстамі і братамі Русо (аўтары бясконцых «Мсціўцаў»). Зрэшты, Amazon усё роўна ўпэўнена ў поспеху «Цытадэлі», таму ўжо працягнула праект на другі сезон. А яшчэ ён да выхаду парадзіў два спінофы ў Італіі і Індыі.

«Цытадэль» — сусветнае шпіёнскае агенцтва, якое сачыла за міжнароднай бяспекай. Яго здолелі разбурыць члены «Мантыкоры» — ордэна ілюмінатаў, які імкнецца кіраваць светам. Некаторыя агенты «Цытадэлі» змаглі схавацца, але страцілі памяць. Цяпер яны імкнуцца аднавіць падзеі мінулага, каб зноў супрацьстаяць «Мантыкоры».

«Фатальная цяга» (з 30 красавіка на Paramount+)

Памятаеце культавую эротыку Эдрыяна Лайна 1987 года? Тая, што пра любоўны трохкутнік з удзелам Майкла Дугласа, Глен Клоўз і Эн Арчэр. Праз 35 гадоў выходзіць «глыбокае пераасэнсаванне» (што б гэта ні значыла) фільма ў фармаце серыяла. І гэта толькі першая ластаўка ў запланаванай чарадзе перазагрузак некалі папулярных фільмаў Paramount.

У серыяле галоўныя ролі выканалі Джошуа Джэксан («Жорсткія гульні», «Здольны вучань»), Аманда Піт («2012», «Добрая жонка») і Лізі Каплан («Касл-Рок», «Гора-творца»). Паглядзім, ці ўдалося пераплюнуць арыгінал у атмасферы псіхалагічнага напружання. А вось нейкі сур'ёзны эратычны напрамак чакаць ад серыяла не варта.

55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR, Wi-Fi
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
50" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка