У пасляоскарным красавіку кінаіндустрыя ўжо пачынае падаваць прыкметы жыцця. Нічога сур'ёзнага, затое шмат забаўляльнага кантэнту. Apple пакажа дарагі баявік з зорным складам, у кінатэатры прывязуць рускі адказ «Гравітацыі», «Дысней» перазняла «Пітэра Пэна», а аматараў фэнтэзі парадуе карціна ў сусвеце Dungeons & Dragons. Далей пра гэтыя і іншыя прэм'еры па парадку.
Рэжысёры: Джон Фрэнсіс Дэйлі, Джонатан М. Голдштэйн.
У ролях: Крыс Пайн, Мішэль Радрыгес, Х'ю Грант.
Фэнтэзі па матывах настольнай гульні Dungeons & Dragons. Кампанія злодзеяў выпадкова выпускае ў свет вялікае зло. Каб выправіць сітуацыю, спатрэбяцца магутныя напарнікі і магія. Без падзямелляў і драконаў, зразумела, таксама не абысціся.
Каманду ўзначальвае Эджын Дэрвіс. У яго свая сумная гісторыя, але, судзячы па трэйлерах, у фільме ён даволі вясёлы хлопец у выкананні Крыса Пайна (капітан Кірк з «Зорнага шляху»). Фільм сабраў нядрэнныя рэцэнзіі ад крытыкаў. На Metacritic у яго 72 балы са 100 і шмат хвалебных водгукаў у адрас фантазіі аўтараў стужкі. А яшчэ падкрэсліваецца: зусім не абавязкова быць фанатам Dungeons & Dragons, каб з задавальненнем паглядзець фільм.
Рэжысёр: Марцін Бурбулон.
У ролях: Франсуа Сівіль, Венсан Касэль, Ева Грын, Луі Гарэль.
Першая частка двухсерыйнага праекта. Першая, як ясна з назвы, канцэнтруецца на адважным гасконцы. Другая выйдзе ў канцы гэтага года і будзе прысвечана Міледзі. Абедзьве часткі здымаліся адначасова, а іх сумесны бюджэт склаў неблагія для французскага кінематографа 60 мільёнаў еўра.
У аснове сюжэта — знакаміты раман Аляксандра Дзюма. Асноўная гісторыя наўрад ці зменіцца. Ролю Д’Артаньяна выканаў 33-гадовы Франсуа Сівіль, які некалькі гадоў таму атрымаў узнагароду Канскага кінафестывалю як лепшы малады акцёр. Ветэран французскага кіно Венсан Касэль іграе Атоса, а вобраз Міледзі ўвасабляе Ева Грын.
Рэжысёр: Джэфры Уокер.
У ролях: Крыстаф Вальц, Сэм Ніл, Сафі Уайлд.
Экранізацыя фэнтэзійнай прозы Тома Холта. Як і ў арыгінала, у фільме павінна быць шмат гумару ў казачным антуражы. Творчасць Холта часта параўноўваюць з Робертам Аспрынам і Тэры Пратчэтам. У «Бюро магічных паслуг» рэальнасць і побыт таксама цесна пераплятаюцца з магіяй і няўстойлівасцю Сусвету.
У цэнтры ўвагі фільма — пара маладых клеркаў у фірме, якую стварылі чараўнікі і гобліны. Супрацоўнікі прадпрыемства шукаюць магічныя артэфакты, разблытваюць дзіўныя здарэнні, а заадно ратуюць калег, якія захраслі паміж сусветамі ў сярэдзіне віктарыянскай эпохі.
Рэжысёр: Сіцісіры Монгкалсіры.
У ролях: шмат тайскіх акцёраў-навічкоў.
Фільм для Netflix з Тайланда, які мог бы застацца незаўважаным. Але, здаецца, кампанія ўскладае на яго вялікія надзеі і старанна падагравае цікавасць міжнароднай публікі. Магчыма, у «Голадзе» бачаць патэнцыял «Гульні ў кальмара». Праўда, гэтым разам гаворка пра поўнаметражны фільм, а не пра серыял.
Стужка раскажа пра дзяўчыну, якая атрымала ў спадчыну сямейны рэстаран у старым квартале Бангкока. Аднойчы яна прымае прапанову ад таварыства «Голад», якім кіруе эксцэнтрычны кухар Пол. Дзякуючы яму яна зможа пазнаёміцца з цёмнымі і не самымі прыемнымі бакамі кулінарнай індустрыі. Гучыць так сабе, але трэйлер інтрыгуе.
Рэжысёр: Эдвард Базалгет.
У ролях: Аляксандр Дрэйман, Марк Роўлі, Элейн Кэсідзі.
Гістарычны фільм, падзеі якога адбываюцца ў Англіі перыяду Ранняга Сярэднявечча. Галоўны герой — выхаванец нарвежскага ярла Утрэд Бебанбургскі. Падзеі стужкі звязаны з аб'яднаннем некалькіх каралеўстваў у дзяржаву, сёння вядомую як Англія.
«Сем каралёў павінны памерці» — спіноф серыяла «Апошняе каралеўства». Гэта значыць, не факт, што вам будзе цікава, калі вы не прыхільнік серыяла. Калі ж вы ў курсе папярэдніх падзей, то напэўна будзеце задаволеныя фіналам сагі, якая доўжылася пяць сезонаў.
Рэжысёр: Клім Шыпенка.
У ролях: Юлія Перасільд, Мілаш Біковіч, Уладзімір Машкоў.
Амбіцыйны расійскі блокбастар, які паставіў адразу некалькі гучных рэкордаў і адзначыўся не менш гучнымі скандаламі. Так, за пару тыдняў здымак бюджэт стужкі склаў каля $15 мільёнаў. Некаторыя сцэны карціны ўпершыню здымалі на борце МКС. На галоўную ролю прэтэндавалі каля трох тысяч чалавек, а за крытыку ідэі здымаць кіно ў космасе з кіраўніцтва Раскосмасу звольнілі апошняга касманаўта.
Аўтары стужкі не хаваюць, што іх стварэнне — гэта своеасаблівы доказ лідарства РФ у касмічнай гонцы. Сюжэт, верагодна, другасны. Гісторыя развіваецца вакол таракальнага хірурга Яўгеніі, якая павінна за месяц падрыхтавацца да касмічнага палёту, каб адправіцца на МКС і зрабіць там аперацыю захварэўшаму касманаўту.
Рэжысёр: Даміан Сіфрон.
У ролях: Шэйлін Вудлі, Бэн Мэндэльсан, Ральф Айнэсан.
На момант напісання артыкула дакладная дата выхаду гэтага фільма ў пракат была невядомая. Магчыма, «Мізантропа» пачнуць паказваць крыху пазней, у траўні, а можа, ён і зусім не дабярэцца да беларускіх кінатэатраў. Тым не менш стужка можа быць цікавай, таму згадаем яе тут. Дастаткова сказаць, што рэжысёрам выступіў Даміан Сіфрон, лаўрэат прэміі BAFTA і намінант на «Оскар» за «Дзікія гісторыі».
«Мізантроп» — вострасюжэтны трылер пра пошукі маньяка, які пад шум феерверкаў зладзіў крывавую бойню ў навагоднюю ноч. Злавіць злодзея, які не пакінуў ніякіх слядоў, давяраюць маладой і дзёрзкай паліцэйскай Элеанор. Яна будзе дапамагаць галоўнаму следчаму ФБР.
Рэжысёр: Дэкстар Флетчар.
У ролях: Крыс Эванс, Ана дэ Армас, Эдрыян Броўдзі.
Амбіцыйны прыгодніцкі баявік ад Apple. Коўл закахаўся ў Сэдзі. Неўзабаве высвятляецца, што яна — сакрэтны агент. Хлопец адпраўляецца ў Лондан, каб знайсці каханую. Удваіх ім прыйдзецца ўвязацца ў небяспечную гісторыю і заадно выратаваць свет.
Мяркуючы па трэйлеры, нас чакае вясёлае відовішча ў духу камедыйных баевікоў 1990-х. Зорны склад таксама на месцы. Роля прастака Коўла дасталася Крысу Эвансу, якому прыйшлося адысці ад амплуа «Капітана Амерыкі». Яго крутую сяброўку іграе Ана дэ Армас, якая ўжо знаёма з Эвансам па сумеснай працы ў фільмах «Шэры чалавек» і «Дастаць нажы».
Рэжысёр: Дэвід Лоўры.
У ролях: Аляксандр Малоні, Эвер Андэрсан, Джуд Лоў.
Кінаадаптацыя мультфільма 1953 года, які, у сваю чаргу, грунтуецца на класічнай казачнай аповесці Джэймса Мэцью Бары. Карціну спачатку спадзяваліся пракатваць у кінатэатрах, аднак пасля некаторых сумневаў у Disney усё-ткі вырашылі паказаць яе ў сваім стрымінгавым сэрвісе.
Трэйлер фільма гледачам не спадабаўся. Цяпер у яго больш за паўмільёна дызлайкаў і ў 10 разоў менш лайкаў. У асноўным наракаюць на адсутнасць свежых ідэй у Disney, якая без усялякай фантазіі пераздымае свае мінулыя хіты. Будзем спадзявацца, што людзі памыляюцца, бо рэжысёрам стужкі выступіў Дэвід Лоўры, вядомы па выдатнай «Легендзе пра Зялёнага Рыцара».
Рэжысёр: Крыс МакКей.
У ролях: Нікалас Холт, Нікалас Кейдж, Аквафіна.
Яшчэ адзін патэнцыйна цікавы фільм, лёс якога ў нас невядомы. Кіно абяцае быць як мінімум характэрным, таму не можам абысці яго. «Рэнфілд» — камедыйны хорар пра памочніка графа Дракулы. Хлопец марыць вызваліцца ад «таксічных адносін» са сваім крыважэрным босам, звяртаецца ў групу падтрымкі і наведвае псіхатэрапію, распавядаючы там, як яму нялёгка даводзіцца.
Рэжысёрам фільма выступіў Крыс МакКей, вядомы па серыяле «Рабацып», фільмам «Вайна будучыні» і «Лега Фільм: Бэтмен». Сцэнарый напісаў Раян Рыдлі па матывах арыгінальнай ідэі стваральніка «Хадзячых мерцвякоў» Роберта Кіркмана. Апошні выступіў прадзюсарам карціны. Але галоўнае — вяртанне ў высокабюджэтнае кіно (бюджэт «Рэнфілда» склаў каля $90 мільёнаў) Нікаласа Кейджа.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by