Галоўная кіношная падзея гэтага месяца — 95-я цырымонія ўручэння ўзнагарод «Оскар», якая пройдзе ў ноч з 12 на 13 сакавіка. Аднак і без яе аматарам кіно будзе што паглядзець. Асноўная надзея першага вясновага месяца — чацвёртая частка «Джона Уіка», якую, хутчэй за ўсё, афіцыйна пакажуць у кінатэатрах. Але большасць цікавых прэм'ер нам усё роўна падрыхтавалі стрымінгавыя сэрвісы.
Рэжысёр: Дарэн Аранофскі.
У ролях: Брэндан Фрэйзер, Сэдзі Сінк, Тай Сімпкінс.
Новая стужка Дарэна Аранофскі, ганараваная працяглай авацыяй на Венецыянскім кінафестывалі. Больш за ўсё гледачоў захапіла праца прызабытага Брэндана Фрэйзера. Загаварылі пра адраджэнне акцёра, які ўжо вельмі даўно не здымаўся ў добрым кіно.
Прафесар літаратуры Чарлі пакутуе ад тэрмінальнай стадыі атлусцення. Ён важыць пад 300 кг, практычна не перасоўваецца нават па кватэры, а на жыццё зарабляе анлайн-курсамі, якія вядзе з выключанай камерай. Калісьці Чарлі сышоў з сям'і, пачаў шмат есці і растлусцеў, але ў нейкі момант успомніў пра кінутую дачку. Чаму б не паспрабаваць аднавіць з ёй зносіны?
«Кіт» здымалі паводле п’есы, па форме кіно таксама падобнае на тэатральную пастаноўку. Так, усе дзеянні тут адбываюцца ў адной кватэры. Стужка намінаваная на тры «Оскары». Мала хто сумняваецца, што за грым узнагарода дакладна дастанецца «Кіту». Многія таксама лічаць, што Брэндан Фрэйзер заслугоўвае прэмію за галоўную мужчынскую ролю.
Рэжысёр: Мікалай Лебедзеў.
У ролях: Сяргей Кемпа, Любоў Аксёнава, Яўген Міронаў, Сяргей Бязрукаў.
Гістарычная драма аб Працэсе стагоддзя. Падзеі разгортваюцца ў Нюрнбергу неўзабаве пасля паражэння Германіі. Сюды з усяго свету з'язджаюцца дыпламаты, журналісты, перакладчыкі, сведкі злачынстваў супраць чалавецтва. А на фоне ўсяго гэтага разгортваецца асабістая гісторыя кахання, якой таксама давядзецца прайсці праз мноства выпрабаванняў.
Фільм рыхтавалі доўга, не абышлося без фінансавых цяжкасцей. Цікава, што ў нейкі момант на месца рэжысёра нават планавалі запрасіць Олівера Стоўна. Праўда, у выніку абышліся расійскім Мікалаем Лебедзевым, аўтарам «Легенды №17».
Рэжысёр: Джэмі Пэйн.
У ролях: Ідрыс Эльба, Сінція Эрыва, Эндзі Серкіс, Дэрмот Краўлі.
Поўнаметражны працяг аднайменнага серыяла, які выходзіў у 2010—2019 гадах. У цэнтры ўвагі — дэтэктыў Джон Лютар, ён збягае з турмы, каб спыніць маньяка, які пагражае Лондану.
Менавіта серыял «Лютар» у свой час праславіў Ідрыса Эльбу. У новым фільме ён вяртаецца да ранейшай ролі, а таксама выступае ў якасці выканаўчага прадзюсара. Антаганіста іграе Эндзі Серкіс, які любіць выконваць розных алічбаваных персанажаў (Голума, малпу Цэзара з «Планеты малпаў»).
Чарговая цырымонія ўручэння ўзнагарод Амерыканскай кінаакадэміі вось ужо другі раз запар пройдзе ў сакавіку. Тэрміны крыху зрушыліся, каб даць магчымасць паўдзельнічаць як мага большай колькасці карцін. Паказваць мерапрыемства будзе тэлекампанія ABC.
Нагадаем, па колькасці намінацый лідзіруе неардынарная супергеройская камедыя «Усё ўсюды і адразу» — у яе можа быць 11 узнагарод. Далей ідуць «На Заходнім фронце без перамен» і «Баншы Інішэрына» (па 9 намінацый).
Рэжысёр: Шарлота Уэлс.
У ролях: Пол Мескал, Фрэнкі Карыё, Сэлія Роўлсан-Хол, Салі Месэм.
На вялікіх экранах пакажуць фільм, які ў мінулым годзе вельмі спадабаўся крытыкам. Так, на вядомым агрэгатары Metacritic у стужкі 95 балаў з 100 пры 42 рэцэнзіях. Многія паспелі назваць карціну лепшай за 2022 год і ўключылі яе ў разнастайныя «топы топаў».
Пры гэтым нічога асаблівага ў фільме не адбываецца. Гэта даволі меланхалічная гісторыя Сафі, якая прыгадвае шчаслівыя канікулы, праведзеныя з бацькам 20 гадоў таму. Хтосьці кажа, што паглядзеў «нудоту», а хтосьці застаўся ў захапленні ад таго, што фільм сапраўды падобны на далёкі імглісты ўспамін, які да таго ж абуджае ў гледачоў свае ўспаміны.
Рэжысёр: Мэт Раскін.
У ролях: Кіра Найтлі, Кэры Кун, Крыс Купер.
Дэтэктыўная драма, заснаваная на рэальных падзеях. У 1960-х у Бостане арудаваў серыйны маньяк, які задушыў 13 жанчын. Бостанскі душыцель стаў шырокавядомым і быў частым персанажам розных кніг і фільмаў.
У новым фільме акцэнт зроблены на пары журналістаў, якія сочаць за падзеямі, звязанымі з Бостанскім душыцелем. Галоўная роля дасталася Кіры Найтлі, у якой ёсць дзве намінацыі на «Оскар» і знакамітая роля ў франшызе «Піраты Карыбскага мора».
Рэжысёр: Вэндзі Роджэрс.
Смелы хлопчык прымае выклік караля і вырашае выканаць тры невыканальныя заданні ў абмен на чароўную сланіху, а таксама шанец выправіцца насустрач свайму лёсу. Заадно хлопец знойдзе страчаную малодшую сястру.
Мультфільм зняты паводле аднайменнай аповесці амерыканскай дзіцячай пісьменніцы Кейт Дзікаміла. Паводле чытачоў, у выглядзе дзіцячай кнігі Кейт даносіць да дзяцей сур'ёзныя для іх узросту праблемы і пытанні. Аповесць годная, і, будзем спадзявацца, такім жа добрым атрымаўся мультфільм.
Рэжысёр: Чад Стахелскі.
У ролях: Кіяну Рыўз, Доні Ен, Біл Скарсгард, Лорэнс Фішберн, Хіраюкі Санада.
Доўгачаканы працяг баевіка пра былога наёмнага забойцу, які ўстае на сцежку вайны з мафіяй пасля забойства каханага сабачкі. Калі памятаеце, у канцы мінулай часткі Джон Уік знайшоў падтрымку ў Галубінага караля. Цяпер ваяваць з Праўленнем кланаў, мусіць, будзе прасцей. Але ў цэлым аўтары стужкі імкнуцца дэталі сюжэту не раскрываць.
Як і ад папярэдніх частак, чакаем стылю, драйву, харызмы Кіяну Рыўза і выдатнай пастаноўкі баёў. Фільм павінен быў выйсці яшчэ два гады таму, але з-за пандэміі дата выхаду некалькі разоў пераносілася. Раней планавалася, што чацвёртая частка «Джона Уіка» стане апошняй, але, здаецца, як мінімум пятай частцы быць. А Кіяну Рыўз наогул мае намер здымацца ў франшызе датуль, пакуль можа стаяць на нагах.
Рэжысёр: Джон С. Бейрд.
У ролях: Тэран Эджэртан, Мікіта Яфрэмаў, Соф'я Лебедзева, Энтані Бойл.
Не хвалюйцеся, гэта не адаптацыя бессюжэтнай гульні. Не, усё куды прасцей і ў той жа час цікавей. «Тэтрыс» заснаваны на рэальных падзеях стварэння самай вядомай у свеце гульні. У цэнтры ўвагі — савецкі праграміст Аляксей Пажытнаў і галандскі гульнявы дызайнер Хэнк Роджэрс, які прад'явіў свае правы на аўтарства гульні. Ён жа, дарэчы, у выніку стаў босам The Tetris Company.
Пажытнава сыграў расійскі акцёр Мікіта Яфрэмаў, а яго нідэрландскага канкурэнта — Тэран Эджэртан. Паводле яго слоў, фільм будзе вытрыманы ў тым жа тоне, што і «Сацыяльная сетка» пра гісторыю стварэння Facebook.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка