У сакавіку стартуюць трэція сезоны «Мандалорца» і «Тэда Ласа». Першы пачнуць паказваць з 1 сакавіка, а другі выйдзе на два тыдні пазней. Мы, аднак, больш увагі надамо новым праектам. Тым больш што шматабяцаючых сярод іх дастаткова. Гэта і рэмэйк «Праўдзівай хлусні», і гісторыя гурта «Кароль і Шут» у нечаканым фармаце, і Готэм без Бэтмэна, і шмат іншага.
Вы напэўна памятаеце камедыйны баявік Джэймса Кэмерана пра спецагента Гары Таскера, які вымушаны хаваць ад сям'і сваю працу. У фільме 1994 года галоўную ролю выканаў Арнольд Шварцэнэгер, а яго жонку — Джэймі Лі Керціс. І вось амаль праз 30 гадоў нам пакажуць перазапуск праекта ў выглядзе серыяла.
Зрэшты, поўнага паўтарэння сюжэта чакаць не варта. У серыяле хатняя гаспадыня з прыгарада даведваецца, што яе муж — не кансультант па продажы камп’ютараў, у чым яна была ўпэўненая, а шпіён. Далейшыя падзеі выратуюць не толькі свет, але і іх шлюб. Галоўныя ролі выканалі Стыў Хоуі («Дзённая змена», «Сыны анархіі») і Джынджэр Ганзага («Жанчына-Халк», «Конь БоДжэк»).
Серыял пазіцыянуецца як «панк-казка», так што разлічваць на сур'ёзную біяграфічную драму не варта. Па словах аўтараў праекта, яны пастараліся аб'яднаць дзве на першы погляд узаемавыключальныя лініі — рэальную гісторыю групы «Кароль і Шут» і фэнтэзі.
У першым выпадку нам пакажуць канцэрты, раскажуць пра канфлікт з «Новым радыё» і іншыя яскравыя падзеі з гісторыі гурта. Паралельна Князь і Гаршчок адправяцца на выратаванне прынцэсы з палону ведзьмака. Стваральнікі шоу абяцаюць атмасферу з песень гурта, а таксама абсурдысцкі гумар а-ля «Монці Пайтан».
У 1981 годзе знакаміты камедыйны рэжысёр Мэл Брукс выпусціў фільм «Сусветная гісторыя, частка 1». Відавочна, што другая частка была ў планах ужо тады, аднак у выніку з'явіцца яна толькі больш чым праз 40 гадоў і ў шматсерыйным фармаце. Дарэчы, Мэлу Бруксу ўжо стукнула 96 гадоў.
Па структуры «Сусветная гісторыя, частка 2» — гэта анталогія з васьмі эпізодаў-замалёвак, у якіх дзеянні адбываюцца ў ключавыя для чалавечай гісторыі перыяды. Іх трактоўка падаецца з нязвыклага і, вядома ж, камедыйнага боку. У праекце занята вялікая колькасць зорак, уключаючы Сэта Рогена, Дэні Дэвіта, Тайка Вайціці, Дэвіда Духоўны, Джоні Ноксвіла.
Брус Уэйн мёртвы. Забойства мецэната ўзрушыла ўсіх, але асабліва — яго прыёмнага сына Тэрнера. Нібы гэтага мала, менавіта Тэрнера падазраюць у забойстве Бэтмэна. Цяпер яму разам з дзецьмі суперліхадзеяў давядзецца даказваць сваю невінаватасць, а заадно шукаць сапраўднага забойцу.
Серыял заснаваны на аднайменнай серыі коміксаў. Апроч агульнага сусвету, праект ніяк не звязаны з іншымі серыяламі і фільмамі DC Comics. Пакуль замоўлены толькі першы сезон, а будучыня серыяла будзе залежаць ад рэакцыі гледачоў на першыя серыі.
Восем узаемазвязаных гісторый, якія ахопліваюць перыяд у 33 гады, раскажуць гледачу, як паўплывае зменлівы клімат Зямлі на сямейныя адносіны, працу, веру і выжыванне.
Праект «Экстрапаляцыі» належыць Скоту З. Бернсу, які ў якасці сцэнарыста часта супрацоўнічае са Стывенам Содэрбергам. Менавіта ён калісьці напісаў сцэнарый да фільма «Заражэнне», які надзіва дакладна апісаў пандэмію, падобную да COVID-19. Серыял сабраў топавых актрыс і акцёраў. Тут і Мэрыл Стрып, і Эдвард Нортан, і Форэст Уітакер, і Кіт Харынгтан, і Марыён Каціяр, і Тобі Магуайр, і шмат іншых.
Загадкавы хорар з элементамі камедыі ад Amazon. Зняты сіламі каманды, адказнай за стварэнне папулярнага серыяла «Атланта». Крытыкі жартуюць, што «Рой» можа аказацца спін-офам «Атланты». Але не, прэм'ера абяцае быць яшчэ больш цікавай.
У цэнтры ўвагі — дзяўчына па імені Дрэ. Яна апантаная поп-зоркай, якую аўтары серыяла змалявалі з Беёнсэ. Дрэ цягаецца па ўсёй краіне за сваім кумірам, наведвае ўсе яе канцэрты. Гучыць бяскрыўдна, але ў трэйлеры вельмі шмат крыві. Усё таму, што з часам апантанасць перарастае ў гвалт.
Пільны агент ФБР, які сочыць за лініяй экстраннай сувязі, адказвае на званок і трапляе ў эпіцэнтр смяротна небяспечнай змовы з удзелам «крата» ў Белым доме. Адзіны серыял ад Netflix, які трапіў у нашу сакавіцкую падборку. Здаецца, у першы вясновы месяц сэрвіс вырашыў адпачыць.
«Начны агент» зняты па аднайменным бестселеры Мэцью Квірка. Раман называюць палітычным трылерам пра агента ФБР, які працуе ў падвале Белага дома і абслугоўвае тэлефонную лінію, якая ніколі не працавала да пэўнага моманту. Кінакрытыкі чакаюць экранізацыю з непрыхаваным скепсісам. Але раптам атрымаецца добры баявік.
Чарговая са шматлікіх адаптацый класікі Чарльза Дзікенса. Папярэдняя выйшла дзесяць гадоў таму. Лепшай лічыцца экранізацыя 1946 года. Аўтары серыяла абяцаюць, што лепшай з гэтага часу будзе лічыцца іх «Вялікія надзеі». Што ж, усё можа быць. Па-першае, гэтым разам перад намі серыял, які не скаваны рамкамі хронаметражу адзінкавага фільма. Па-другое, пастаноўкай займаўся стваральнік «Вострых казыркоў». Па-трэцяе, тут моцны каст, уключаючы ўладальніцу «Оскара» Алівію Колман.
Сюжэт рамана Чарльза Дзікенса няпросты, насычаны падзеямі і шматлікімі другараднымі лініямі. Падзеі адбываюцца ў першай палове XIX стагоддзя і звязаны са сталеннем сіраты Філіпа Пірыпа па мянушцы Піп.
Ва ўніверсаме невялікага амерыканскага мястэчка з'яўляецца таямнічая машына памерам з фотабудку. Усяго за некалькі долараў яна абяцае раскрыць сапраўднае прызначэнне і лёс любога наведвальніка. Наведванне «фотабудкі» кардынальна зменіць жыццё ўсіх гараджан.
Камедыя ад лаўрэата прэміі «Эмі» Дэвіда Уэста Рыда. Літаратурнай асновай для серыяла паслужыў аднайменны раман М. А. Уолша. Па словах аўтараў шоу, яны задаліся мэтай даследаваць феномен другога шанца ў жыцці.
Фантастыка, дзеянні якой адбываюцца ў альтэрнатыўным сусвеце. Тут усе дзяўчынкі-падлеткі атрымалі незвычайную здольнасць забіваць людзей электрычным токам. З часам гэтая сіла становіцца здабыткам усіх жанчын. Зразумела, гэта аказвае вялікі ўплыў на ўсё чалавецтва.
Адаптацыя адзначанай многімі ўзнагародамі кнігі Наомі Олдэрман. Падзеі стужкі адбываюцца па ўсім свеце, ад Лондана да Нігерыі. Над сцэнарыем серыяла працавала сама Олдэрман, а цалкам жаночы рэжысёрскі склад узначальвае суаўтар «Апавядання служанкі» Рыд Марана. Шоу планавалі запусціць яшчэ чатыры гады таму, але пандэмія пацягнула за сабою мноства пераносаў. Аднак зараз ужо дакладна выйдзе.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка