Гульням з экранізацыямі не шанцуе. Можна было б згадаць «Ведзьмара», але там усё ж больш літаратурнай базы. З выдатнага хіба што застаецца «Аркейн», аднак і гэта хутчэй не адаптацыя League of Legends, а мультфільм у сусвеце гульні. Мы паглядзелі першы эпізод серыяла «Адны з нас» і цяпер маем падставы спадзявацца, што атрымалі лепшую адаптацыю гульні для тэлевізійных экранаў.
The Last of Us — адна з лепшых гульняў для PlayStation. Толькі дзеля яе адной можна было купляць прыстаўку ад Sony ў тыя часы, калі яшчэ не была анансаваная версія для PC. Гэта пры тым, што арыгінальная гульня выйшла аж 10 гадоў таму на PlayStation 3, а да камп'ютараў яна дабярэцца толькі вясной гэтага года.
Тым, хто іграў у The Last of Us, не трэба тлумачыць каштоўнасць гульні. Для астатніх растлумачым, што гаворка аб прыгодах з элементамі хорару, экшэна і стэлса. Вы кіруеце адным персанажам, якім трэба дайсці з кропкі А ў кропку Б, і адначасова знішчаеце (часам пазбягаеце) узброеных бандытаў, вайскоўцаў і ўмоўных зомбі.
Гучыць бязглузда — такое, можна падумаць, сустракаецца ў кожнай другой гульні. Але гэта толькі павярхоўны погляд. The Last of Us адрозніваецца выдатным спалучэннем усіх гульнявых элементаў. Бывае, што гульня становіцца культавай дзякуючы сеттынгу, ці сюжэту, ці перадавой графіцы, ці пастаноўцы, ці атмасферы. У працы студыі Naughty Dog усе гэтыя элементы выкананы на самым высокім узроўні.
Ігрок не проста ходзіць/бегае/поўзае і страляе/хаваецца. Па сутнасці гульнявы працэс (таксама цудоўна прадуманы і займальны) тут з'яўляецца фонам для камернай гісторыі развіцця ўзаемаадносін паміж двума героямі — стомленым ад жыцця кантрабандыстам Джоэлам і дзяўчынкай-падлеткам Элі.
Нядзіўна, што The Last of Us чакаў аглушальны поспех. Яна атрымала каля 300 узнагарод, увайшла ў разнастайныя рэйтынгі «лепшых з лепшых» і стала адной з самых прадаваных гульняў для PlayStation. Кожны ўладальнік гульнявой платформы ад Sony назаве яе ў пяцёрцы сваіх любімых гульняў.
Такія праекты літаральна напрошваюцца на экранізацыю. Тым больш што The Last of Us шмат у чым зроблена па кіношных лякалах. Пастаноўка відэаролікаў і многіх гульнявых сцэн тут не саступае добрым фільмам. Бяры пераздымай ужо зробленае, і ўсё атрымаецца.
Сапраўды, ужо праз некалькі месяцаў пасля выхаду гульні і яе відавочнага поспеху кампанія Sony Pictures Entertainment зарэгістравала даменнае імя для будучага поўнаметражнага фільма па The Last of Us. Пры гэтым за якасць можна было не турбавацца, бо ўсе ключавыя пазіцыі ў здымачнай групе занялі хлопцы са студыі Naughty Dog, якія працавалі над гульнёй. Над сцэнарыем, напрыклад, працаваў сам Ніл Дракман, па сутнасці аўтар усёй гісторыі. На жаль, мінула ўжо дзесяць гадоў, але аб тым праекце практычна нічога не вядома. Дракман толькі адзначаў, што фільм трапіў у вытворчае пекла і наўрад ці калі-небудзь выйдзе.
Таксама была спроба зняць па гульні мультфільм, але праект у выніку адмяніла Sony. У 2020 годзе было афіцыйна абвешчана, што The Last of Us стане серыялам, які выйдзе на платформе HBO. Пры гэтым над серыялам зноў працуюць стваральнікі геніяльнай гульні. Нават кампазітар той жа! А ўжо саўндтрэк у The Last of Us быў асобным творам мастацтва. Плюс каманду ўзмацнілі групай, якая працавала над яшчэ адным шэдэўрам — серыялам «Чарнобыль». Здаецца, для экранізацыі ўсё склалася вельмі добра.
Здымкі праходзілі ў Канадзе. Усяго ў першым сезоне будзе 9 эпізодаў, апошні з якіх мы ўбачым толькі ў сакавіку. Цешыць і тое, што перад намі практычна даслоўны пераказ падзей гульні з невялікімі адхіленнямі. Так, крыху падправілі час, калі развіваецца гісторыя. У гульні гэта ў асноўным 2033 год, а ў серыяле — больш актуальны 2023-ы. Таксама змянілі спосаб распаўсюджвання заразы, не пакінуўшы грыбных спор і процівагазаў. Акрамя таго, чакаем сур'ёзнай змены фіналу, які адзначаўся надзвычайным па моцы вау-эфектам у гульні.
У цэлым пра тое ж, пра што і гульня. Спачатку нам паказваюць старое шоу, падчас якога вучоныя палохаюць пандэміяй, прычым не віруснай або бактэрыяльнай, а грыбной. І вось у 2003 годзе грыбная зараза сапраўды пачынае распаўсюджвацца па планеце, ператвараючы людзей у падобных на крыважэрных зомбі істот.
Галоўны герой — будаўнік Джоэл. Яму нядаўна споўнілася 36 гадоў, і апроч цяжкай працы ў яго ёсць хата, брат і любімая дачка. Эпідэмія ўсіх заспела знянацку. Падчас спробы выбрацца з мястэчка Джоэл страчвае дачку, пасля чаго падзеі пераносяцца на 20 гадоў наперад.
Тут пастарэлы, але ўсё яшчэ дужы Джоэл жыве ў паселішчы, якое кантралюецца вайсковай дыктатурай. Салдаты ахоўваюць перыметр ад заражаных, а грамадзянскія робяць астатнюю брудную працу — спальваюць трупы, гатуюць, чысцяць каналізацыю. У гэтых умовах Джоэл зарабляе незаконнай перапраўкай тавараў з-за сцяны, куды звычайным людзям праход забаронены, а тых, хто не паслухаецца, чакае смяротнае пакаранне.
Падчас чарады падзей мужчына бярэцца за надзвычай небяспечнае заданне. Яму трэба даставіць на базу паўстанцаў дзяўчынку-падлетка Элі. Яна асаблівая, таму што не ўспрымальная да заразы. У ёй бачаць надзею, якая дапаможа чалавецтву пазбавіцца праклёну і аднавіць цывілізацыю.
Джоэлу і Элі прыйдзецца шмат што перажыць, каб зноўку адкрыць сябе падчас гэтага вельмі асабістага і сумнага падарожжа.
Пакуль цяжка меркаваць, што выйшла ў аўтараў серыяла. Для прагляду даступна толькі першая серыя, якая, зрэшты, доўжыцца амаль як паўнавартасны паўтарагадзінны фільм. Аднак ужо гэты эпізод дазваляе аформіць пэўнае меркаванне і спадзявацца на вельмі ўдалую экранізацыю гульні — у адрозненне, напрыклад, ад таго ж «Уладара пярсцёнкаў», дзе ўжо пасля першай серыі закрадаліся вялікія сумневы з нагоды якасці ўсяго серыяла.
Здаецца, Ніл Дракман з таварышамі сапраўды не стаў выдумляць усё нанова і ўзяў за аснову сюжэт гульні. Аж да той ступені, што асобныя сцэны літаральна пакадрава паўтараюць гульнявое апавяданне. Фанаты The Last of Us сапраўды прымецяць і шпалеры, і цаглінкі, і іншыя дробязі, якія цалкам перайшлі ў серыял.
Што ж, у гульні цудоўны сцэнарый, выдатная гісторыя і пастаноўка. Прыдумаць нешта лепшае калі і можна было, то гэта ўжо зрабілі ў выпадку з другой часткай The Last of Us, падзеі якой, хутчэй за ўсё, перанясуць у другі сезон серыяла. «Адны з нас» — і праўда перазнятая гульня, але з жывымі акцёрамі і без неабходнасці кіраваць персанажамі.
Для прыхільнікаў гульні тут шмат «пасхалак», як, напрыклад, гітара. Пры гэтым зусім не абавязкова дасканала ведаць саму гульню. Серыял не разлічаны толькі на фанатаў, гэта максімальна даступны для ўсіх праект, які, мяркуючы па пачатку, будзе цікавы ўсім. Проста тыя, хто гуляў у The Last of Us, атрымаюць крыху больш задавальнення ад усведамлення таго, як скрупулёзна аўтары перанеслі сюды мноства гульнявых фішачак.
Галоўнае, што стваральнікам «Адных з нас» удалося зрабіць так, каб адчуванні, якія ўзнікаюць пры праглядзе, не саступалі тым, якія мы атрымлівалі падчас гульні. Больш за тое, у серыяле часта атрымліваецца нават лепей. Гэта, напрыклад, датычыць сцэны пачатку эпідэміі, калі Джоэл з сям'ёй спрабуе з'ехаць з мястэчка. Напружанне літаральна пульсуе ў кожным кадры, а хаос адчуваецца ледзь не фізічна.
Свой уклад уносіць асцярожны, тужлівы саўндтрэк. Музыку не перанеслі з гульні, але яна вельмі падобная і дадае яшчэ больш суму ў навакольную атмасферу.
Што да акцёраў, то якраз тут шмат будзе залежаць ад таго, ці гулялі вы ў The Last of Us. У любым выпадку Пэдра Паскаль наўрад ці каго-небудзь расчаруе, таму што выдатна ўжыўся ў вобраз «гульнявога» Джоэла. Складаней за ўсё з Бэлай Рэмсі, таму што яе Элі мала падобная на Элі з The Last of Us. Але нават калі абстрагавацца ад пазіцыі «падобная / не падобная», да ігры юнай актрысы ёсць пытанні. Часам здаецца, што Бэла пераігрывае — быццам выступае ў тэатры, а не здымаецца ў кіно. Зрэшты, у першай серыі Элi не так шмат, каб уражанне склалася цалкам. Спадзяемся, у далейшым яе вобраз стане больш цэльным.
Некаторыя сцэны ў серыяле здаюцца залішне паспешнымі і поўнымі выпадковасцей. Напрыклад, Джоэл неяк вельмі хутка згаджаецца суправаджаць Элі, ды і дзяўчынка імгненна згаджаецца ісці з мужыком, які хвіліну таму хацеў яе прыстрэліць. Ланцужок выратавальных (праўда, не для ўсіх) стрэлаў у сцэне ўцёкаў з мястэчка таксама выглядае штучна. Часцей за ўсё гэта датычыць эпізодаў, якія імкнуцца пакадрава паўтарыць The Last of Us. Такое было даравальна для гульні дзесяцігадовай даўніны, але ў амбіцыйным серыяле трошкі змазвае ўражанне.
У цэлым пакуль у «Адных з нас» ёсць усе задаткі для яшчэ аднаго выдатнага серыяла. Мяркуючы па першай серыі, нас чакае моцны якасны праект і адна з лепшых адаптацый гульняў. Пакуль асцярожна чакаем толькі фінал. Хутчэй за ўсё, ён будзе адрознівацца ад канцоўкі The Last of Us, бо ў гульні гэта быў вельмі нечаканы сюжэтны паварот. Калі ж серыял будзе даслоўна прытрымлівацца прабацькі, то фінал шмат на каго не акажа належнага эфекту.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by