30 декабря 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Топ-10 фільмаў 2022 года, якія нельга прапускаць

Источник: Зміцер Адашкевіч

У 2022 годзе выйшла шмат добрых фільмаў, з якіх можна было б скласці рэйтынг нават з 20 карцін. Але ўсё ж мы адабралі дзясятку самых-самых. Як звычайна, топ заснаваны на асабістым вопыце аўтара і напэўна не супадзе з густамі ўсіх чытачоў. Таксама ў спіс маглі не патрапіць стужкі, якія выйшлі ў замежны пракат і назбіралі выдатных водгукаў, аднак на момант напісання гэтага матэрыялу былі недаступныя ў нас. Да такіх патэнцыйных хітоў, напрыклад, адносіцца «Кіт» Дарэна Аранофскі.

У гэтым годзе мы не сталі размяркоўваць фільмы па месцах з першага па дзясятае. Але любімчыка аўтара ўсё ж пазначылі.

«Топ Ган: Мэверык»

Рэжысёр: Джозэф Касінскі.

У ролях: Том Круз, Майлз Тэлер, Джэніфер Конэлі, Вэл Кілмер.

Доўга думаў, ці ўключаць гэты фільм у спіс. Але ў выніку ўсё ж выдаліў «Цуд» і пакінуў «Мэверыка». Так, тут бяздарны па цяперашніх часах і страшна клішаваны сюжэт, стэрэатыпныя героі і наогул не вельмі ўсё добра. Тады што гэтае кіно робіць у нашым рэйтынгу?

Усё проста. У першую чаргу «Топ Ган: Мэверык» — даніна павагі і памяці старым добрым баевікам 1980—1990-х. Менавіта таму сюжэтныя штампы тут — фішка, а не недахоп, а кардонныя персанажы — неабходнасць, а не памылка. І мясцовыя трукі з мінімумам камп'ютарнай графікі па-ранейшаму прымушаюць глядзець у экран, баючыся лішні раз міргнуць. І як бы Джэймс Кэмеран ні стараўся, але па відовішчнасці яго сінія людзі ніколі не пераплюнуць вось такія фільмы старой школы.

Не пераплюнуць, але ў рэшце рэшт заменяць. Здаецца, гэта разумеюць і аўтара «Топ Гана». У цэлым увесь фільм — гэта своеасаблівае развітанне з Галівудам апошняй чвэрці мінулага стагоддзя. І рэфрэнам гучыць тэма канца эпохі, калі галоўнымі былі людзі, акцёры, а не камп'ютары і майстры па CGI.

«Фабельманы»

Рэжысёр: Стывен Спілберг.

У ролях: Гэбрыэл ЛаБелль, Мішэль Уільямс, Пол Дана, Сэт Роген.

ЗША, сярэдзіна XX стагоддзя. Юны Сэмі Фабельман так уразіўся сваім першым паходам у кіно, што потым яшчэ доўга спрабаваў паўтарыць сцэну аварыі на чыгунцы з дапамогай сваіх цацак і падоранай бацькамі камеры. Зусім хутка Сэм перажыве парачку пераездаў, развод бацькоў, прыставанне хуліганаў у школе і вырасце, стаўшы, мабыць, самым вядомым рэжысёрам стагоддзя.

«Фабельманы» — аўтабіяграфічны фільм Стывена Спілберга і, мабыць, яго лепшая праца. Праўда, на жаль, гледачы яе не вельмі ацанілі. Напэўна, многія чакалі чарговы блокбастар ад маэстра, а атрымалі асабістую драму аднаго чалавека, які яшчэ з ранняга дзяцінства прызвычаіўся глядзець на рэальнасць праз вочка кінакамеры.

Фільм асабліва спадабаецца тым, каму імпануе кіно як від мастацтва і каму захочацца даведацца крыху больш як пра атмасферу мінулага, так і канкрэтна пра аднаго з найвялікшых рэжысёраў сучаснасці. А яшчэ гэта гісторыя пра тое, як дзіцячыя мары могуць вырастаць у нешта грандыёзнае.

«Усё ўсюды і адразу»

Рэжысёры: Дэн Кван і Дэніэл Шайнерт.

У ролях: Мішэль Еа, Джэймі Лі Кёрціс, Ке Хюі Куан.

Калі размяркоўваць месцы ў рэйтынгу па катэгорыях, то «Усё ўсюды і адразу» — лепшы кінакомікс 2022 года. Гэта пры тым, што стужка, наколькі мы ведаем, ні на якіх коміксах не грунтуецца. Затое яна вельмі шчодра адвешвае аплявухі Marvel і DC і з лёгкасцю абыходзіць коміксавыя хіты «Дыснея» па відовішчнасці, майстэрству, вынаходлівасці і гумару.

Апісваць сюжэт «Усё ўсюды і адразу» — задача не з простых. Але калі ў двух словах, то гэта кіно пра ўжо пажылую кітаянку Эвелін Вонг, якая спрабуе адначасова справіцца з хатняй руцінай, сямейнымі разборкамі і праблемамі пральні. Як раз для вырашэння апошняга пытання Эвелін адпраўляецца да падатковага інспектара. Раптам ніадкуль з'яўляецца двайнік мужа галоўнай гераіні з паралельнай рэальнасці. Кажа, ад яе залежыць лёс усяго свету, які вось-вось будзе паглынуты чорнай дзірой з гіганцкага абаранка.

Лепш за ўсё «Усё ўсюды і адразу» апісваецца адной фразай: гэта «Рык і Морці» ў кіно. Не па сюжэце, а па выкручанай да максімуму ступені вар'яцтва і абсурду. Прычым, як і ў мультсерыяле, зроблена гэта з розумам, вялікім талентам і гумарам. З апошнім аўтараў стужкі, бывае, злёгку заносіць, але ў любым выпадку «Усё ўсюды і адразу» — вельмі яркая падзея ў кінематографе адыходзячага года.

«Баншы Інішэрына»

Рэжысёр: Марцін Макдона.

У ролях: Колін Фарэл, Брэндан Глісан, Бары Кеаган.

Падзеі фільма разгортваюцца ў 1920-я гады на адным з ірландскіх астравоў. Гэта час грамадзянскай вайны, на якую, здаецца, астравіцянам напляваць. Бо стрэлы недзе там, далёка, а тут трэба карову падаіць і выпіць увечары куфаль піва ў мясцовым пабе. Менавіта дзеля гэтага (выпіць піва) Подрык заходзіць да свайго сябра Колма. Той, аднак, дзверы не адчыняе, а пазней тлумачыць, што не жадае больш «вадзіцца» з Подрыкам, таму што ён нудны. А калі будзе прыставаць, то Колм пагражае адразаць сабе па адным пальцы на руцэ.

«Баншы Інішэрына» — надзвычайны фільм, другі прэтэндэнт на лепшую стужку года. Хаця б дзякуючы таму, што ўздымае не самыя стандартныя для кінематографа тэмы. Больш за тое, не варта чакаць адказаў на ўсе зададзеныя пытанні. У Подрыка свая жыццёвая філасофія: будзь добрым, жыві шчыра, кахай бліжніх, і няхай яны цябе такім запомняць. Колм жа ўпэўнены, што кожны мусіць пакінуць чалавецтву пасля сябе хоць што-небудзь. Нават калі гэта будзе сярэдняй паршывасці саната, дзеля напісання якой прыйдзецца парваць са сваім дурнаватым добрым сябрам.

Рэжысёр Марцін МакДона віртуозна гуляе з эмоцыямі гледача. На працягу пары-тройкі хвілін ён здольны давесці вас ад усмешкі да слёз. І ўсё гэта арганічна, без кроплі фальшу. Дзіўны па сваёй моцы фільм (больш за тое — камедыя!) пра вечнасць і месца ў ёй мастацтва і чалавека. Надзвычайныя дыялогі, без перабольшання вялікія Колін Фарэл і Брэндан Глісан (плюс Бары Кеаган, які іграе мясцовага дурня), незабыўныя пейзажы і доўгія ўспаміны пасля прагляду.

«На Заходнім фронце без перамен»

Рэжысёр: Эдвард Бергер.

У ролях: Фелікс Камерэр, Альбрэхт Шух, Аарон Хілмер.

Паўль Боймер разам са сваімі школьнымі сябрамі з натхненнем запісваецца добраахвотнікам на вайну. Ці трэба казаць, што сапраўдная вайна акажацца зусім не такой, якой яе рэкламавалі ідэолагі. Варта адзначыць, што фільм мае даволі мала агульнага з аднайменным раманам Эрыха Марыі Рэмарка. Гэта абурыла многіх гледачоў, але дарма. У гэтай стужцы такая ж задача, што і ў пісьменніка. І аўтары адпрацавалі выдатна.

«На Заходнім фронце без перамен», мабыць, лепшая антываенная карціна за апошнія гады. Горкі і дэпрэсіўны напамін пра ўсім вядомую ісціну, якую дагэтуль ігнаруюць. Ні кроплі пафасу ці фальшу. Толькі абсурд і расчалавечванне.

Баявых сцэн дастаткова, і ўсе яны жудасныя (у добрым для кіно сэнсе), але больш за ўсё палохаюць будзённыя эпізоды. Напрыклад, сцэна, у якой з забітых салдат здымаюць уніформу, так-сяк адціраюць і выдаюць радасным навабранцам, часам нават з нашыўкамі ранейшых ваяк.

«Пінокіа Гільерма дэль Тора»

Рэжысёр: Гільерма дэль Тора.

Ролі агучвалі: Юэн МакГрэгар, Рон Перлман, Кейт Бланшэт, Крыстаф Вальц, Тыльда Суінтан.

Найлепшы мультфільм года, які непажадана паказваць дзецям. Вядомы ўсім і кожнаму сюжэт казкі Карла Калодзі тут толькі каркас, аснова, на якую Гільерма дэль Тора нанізаў сваё бачанне. Ён, напрыклад, поўнасцю перапрацаваў гісторыю з'яўлення драўлянага чалавечка. У мультфільме ў старога Джэпета быў сын Карла, які загінуў у Першай сусветнай вайне. Бацька стаў шмат піць і аднойчы па п’яні выразаў сабе з палена «сыночка», якога ажывіла фея.

Візуальна «Пінокіа Гільерма дэль Тора» адрозніваецца фірмовым стылем Гільерма дэль Тора. Дарма што гэта лялечны мультфільм. Але такога Пінокіа, больш падобнага на пачвару Франкенштэйна, вы сапраўды яшчэ не бачылі. Улічваючы, што ўсе лялькі і дэкарацыі тут вырабляліся ўручную, складана ўявіць, колькі чалавека-гадзін пайшло на стварэнне «Пінокіа».

Апроч візуальных якасцей хапае ў мультфільма і іншых дасягненняў, каб яго паглядзець. Нездарма для Гільерма дэль Тора «Пінокіа» стаў самым доўгім за яго кар'еру праектам. У выніку рэжысёр упісаў сюды цэлы шэраг прытчаў на тэмы вайны і міру, адносін з бацькамі, бунтарскага духу, тэатра і хуткаплыннасці жыцця ўсіх і кожнага, нават калі гэта ўсяго толькі драўляны чалавечак.

«Ціхоня»

Рэжысёр: Колм Байрыд.

У ролях: Кэтрын Клінч, Кэры Краўлі, Эндру Бэнэт, Майкл Патрык.

Яшчэ адзін ірландскі фільм у нашай падборцы. Ціхая, сціплая, простая на першы погляд стужка, якая прайшла міма гледачоў. Тым часам яна патрапіла ў шорт-ліст 95-й прэміі «Оскар» і пакуль прадстаўляе Ірландыю ў намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове».

Кейт расце сціплай, нават забітай дзяўчынкай. Сапраўдная ціхоня з назвы. Дома яе не заўважаюць, таму што бацька аддае перавагу выпіўцы, а мама занятая хатнімі клопатамі і чакае чарговае дзіця. Аднойчы ўлетку маўклівую дзяўчынку, каб зэканоміць на ёй, вырашаюць адправіць да далёкіх сваякоў.

«Ціхоня» — фільм не пра сюжэт і гісторыю, а пра эмоцыі і ўцягнутасць. Рэжысёру разам з аператарам удалося стварыць эфект прысутнасці, дзякуючы якому глядач не-не ды і сам пачне апускацца ва ўспаміны пра свае дзіцячыя гады. Перад намі адна з тых рэдкіх стужак, якую быццам бы і хваліць за нешта канкрэтнае не атрымліваецца, але якая пры гэтым пакідае след у душы.

«Сядзь за руль маёй машыны»

Рэжысёр: Русукэ Хамагуці.

У ролях: Хідэтосі Нісідзіма, Тока Міура, Масакі Окада.

У аснове стужкі ляжыць аповед Харукі Муракамі. Зрэшты, як і ў выпадках з «На Заходнім фронце без перамен» ці «Пінокіа», гэта толькі база для самастойнай гісторыі. «Сядзь за руль маёй машыны» выйшаў год назад і паспеў атрымаць «Оскар» за лепшы фільм на замежнай мове. Але ў нас карціна з’явілася ў 2022-м, таму абысці яе мы ніяк не маглі.

Праўда, і расказваць пра «Сядзь за руль маёй машыны» не варта. Лепш узяць і паглядзець, калі прапусцілі. Таму што фільм атрымаўся такім шматгранным, што толькі на апісанне сюжэтных ліній гэтай трохгадзіннай карціны пойдзе не адна старонка. Дастаткова сказаць, што фільм атрымаў дзясяткі самых высокіх узнагарод у сферы кіно. І цалкам заслужана.

«Тар»

Рэжысёр: Тод Філд.

У ролях: Кейт Бланшэт, Наэмі Мерлан, Ніна Хос.

Тод Філд здымае рэдка, але заўсёды ў кропку. У яго кар'еры ўсяго тры поўнаметражныя фільмы, прычым «Тар» выйшаў пасля 16-гадовага перапынку. Да гэтага былі стужкі «Як малыя дзеці» і «У спальні», і абедзве прэтэндавалі на «Оскар».

Для фільмаў Тода Філда характэрна мастацтва паказваць руціну так, што ад яе не можаш адарвацца. Пры гэтым на экране нічога асаблівага ўвогуле не адбываецца. Больш за тое, некаторыя эпізоды могуць здавацца надзвычай зацягнутымі, як, напрыклад, дзесяціхвілінная сцэна з інтэрв'ю. Уступныя цітры, дарэчы, ідуць каля пяці хвілін.

Якраз у гэтай насычанай сэнсам марудлівасці, медытатыўнасці і крыецца сакрэт прыцягальнасці гэтага фільма. А яшчэ — у бездакорнай працы Кейт Бланшэт. Яна іграе жанчыну-дырыжора, чыя бліскучая кар'ера ляціць у тартарары з-за некалькіх неабдуманых учынкаў. Зрэшты, як і большасць астатніх фільмаў у нашым спісе, «Тар» застаецца карцінай шматграннай і не зацыкліваецца на адной толькі гісторыі.

«Рашэнне сысці»

Рэжысёр: Пак Чхан-ук.

У ролях: Пак Хэ-іль, Тан Вэй, Лі Джон-хён.

На думку аўтара гэтага артыкула, найлепшы фільм 2022 года. Пры гэтым доўга не хацеў яго глядзець. Адпуджвалі эпітэты накшталт «неануар» і «фатальная жанчына», а таксама кароткае апісанне сюжэта, які здаваўся занадта стандартным. На самой жа справе атрымалі самабытнае, цікавае, максімальна кінематаграфічнае па сваёй сутнасці кіно.

Сюжэт даволі просты. Ёсць дэтэктыў, які расследуе забойства, і падазраваная. Справа ў роўнай ступені можа быць і вынікам самагубства, і вынікам інтрыг стомленай жонкі забітага. Заўсёды рацыянальны дэтэктыў, аднак, улюбляецца ў падазраваную. Пасля гэтага ўсё ідзе наўскасяк.

Пагадзіцеся, нічога незвычайнага ў апісанні гісторыі. Аднак Пак Чхан-ук здолеў апрануць стандартны сюжэт у чароўную форму. Ён па-майстэрску ўтрымлівае ўвагу гледача, водзіць за нос, прымушае ўважліва глядзець, думаць, меркаваць. У «Рашэнні сысці» велізарная колькасць дэталяў, кожная з якіх з'яўляецца важнай часткай сюжэтнага пазла. Тут ледзь ці не ўпершыню ў гісторыі кіно настолькі арганічна ў тканіну апавядання ўплецены сучасныя гаджэты, а характары герояў настолькі глыбока прапрацаваны, што здаюцца жывейшымі за ўсіх жывых. Фільм, які хочацца пераглядаць шматразова. Ці гэта не асноўная прыкмета магіі кіно?

Onlíner рекомендует
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), DTS, Wi-Fi, смарт пульт

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. dm@onliner.by