5971
22 декабря 2022 в 15:30
Источник: Каця Бройка. Калаж: Максiм Тарналiцкi

Дзе знайсцi беларускi рай? Распавядаем пра маляваныя дываны Алены Кiш

Источник: Каця Бройка. Калаж: Максiм Тарналiцкi

Імя Алены Кіш у Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва стаіць побач з Пірасмані і Русо, але ў Беларусі мастачку згадваюць нячаста. І на гэта ёсць прычыны: невялікая колькасць захаваных работ, біяграфія, працятая белымі плямамі, ды і, у рэшце рэшт, не ў кожнага тая самая энцыклапедыя ляжыць на паліцы. Паспрабуем высветліць, чым унікальныя працы Алены, дзе знайсці іх зараз і на што звярнуць увагу.

Уявіце: вы жывяце ў звычайнай беларускай вёсцы ў перадваенны час, у вас некалькі дзяцей, невялічкая хата і на носе — вяселле старэйшай дачкі. Трэба зрабіць падарунак. Штосьці не самае банальнае, што ўвесь час будзе перад вачыма. Суседка раіць знайсці непатрэбнае палатно і паклікаць да сябе тую жабрачку, якая месяц таму цераз вашу вёску ўжо праходзіла. Праз некалькі дзён вы атрымліваеце ад Алены Кіш маляваны дыван.

Што робім далей? За працу мастачцы ўручаем ежу (падыдзе і бульба). Пасля некалькі гадоў ходзім і цешымся яркім рознакаляровым малюнкам у хаце. Калі мода на дываны пройдзе і ў свой час непатрэбная прасціна ўсё ж стане неабходнай у гаспадарцы, зробім з яе мех для зерня ці засцелем гумно. Яшчэ праз пару гадоў, калі тканіна зусім зносіцца, — выкінем.

Або (што здаецца не настолькі імаверным, але ўсё ж не выключаецца) — дыван застанецца ў вясковай хаце некранутым і праз некалькі дзясяткаў гадоў пяройдзе да Уладзіміра Басалыгі.

Так, з небыцця дываны Алены Кіш вярнуліся менавіта яго намаганнямі — дзяцінства сваё мастак праводзіў у Слуцку, але ўлетку маці выпраўляла Уладзіміра да бабулі ў вёску. Там і адбылася першая сустрэча з дыванамі Кіш. У сямідзясятых, пасталеўшы і прасоўваючыся па мастацкай кар’ернай лесвіцы, Басалыга пачаў збіраць яе творы. У 1978-м, праз амаль 30 гадоў пасля смерці мастачкі, яны нарэшце з’явіліся на першай сваёй выставе.

Акрамя дываноў, ва Уладзіміра Басалыгі атрымалася адшукаць і родную сястру мастачкі, а гэтаксама атрымаць адзіную фотакартку Алены.

Сям’я Кіш была шматдзетная — акрамя Алены, у ёй нарадзіліся шэсць дзяўчынак і старэйшы хлопчык Мітрафан. Вядома, што ён зрабіўся першым у акрузе цесляром (апрацоўшчыкам дрэва), да таго ж падмалёўваў штосьці ў слуцкай Варварынскай царкве. Але нават пры намаганнях сына пракарміць такую сям’ю бацькам было цяжка. Таму на пачатку трыццатых Алена ўпершыню рушыла ў вандроўку. Перасоўваючыся ад вёскі да вёскі, яна прапаноўвала маляванне дываноў за невялічкую плату.

Асновай для іх выступалі альбо саматканыя палотны, альбо звычайныя прасціны. Спачатку тканіна афарбоўвалася ў чорны, а пасля алейнымі ці клеявымі фарбамі на яе наносіўся малюнак. Акрамя пэндзля, у гэтым дапамагалі трафарэты-пячаткі з бульбы (мяхі ж з ёй Кіш атрымлівала як узнагароду за працу). Асноўных сюжэтаў (прынамсі, тых, што захаваліся) тры — «Рай», «Ліст да каханага» і «Дзева на водах». Ніякай адукацыі Алена гэтак і не атрымала, і адкуль браліся ідэі для малюнкаў — дагэтуль невядома. На палотнах шпацыруюць каляровыя львы, спяваюць невядомыя трапічныя птушкі, у зарасніках рагозу паміж лебедзяў і гарлачыкаў хаваюцца маладыя дзяўчаты. Нягледзячы на паўтарэнні сюжэтаў, два аднолькавыя дываны вы наўрад ці знойдзеце.

Пачынаецца і праходзіць вайна, бацькі Алены паміраюць, і з усіх шасці сясцёр знаходзіць мужа толькі Ніна. Астатнія пакрысе перабіраюцца да яе ў Грозава. У цяжкі паваенны час не да маляванак. Замоў, а адпаведна, і магчымасці здабыць нейкую ежу робіцца ўсё менш, і ва ўзросце 60 гадоў Алена канчае жыццё самагубствам — тоне ў рацэ. Прынамсі, гэта адна з версій яе смерці. Па іншай, падгнілая на вадаёме кладка пасля маразоў не вытрымала чалавечай вагі і правалілася, пацягнуўшы за сабой жанчыну.

Пра Алену распавялі, цяпер пытанне: дзе ж шукаць беларускі рай (прынамсі, маляваны) зараз? У адной з беларускіх майстэрняў знайшлі львоў з дываноў Алены на хустках, сукенках і нават падушках па матывах маляванак.

View this post on Instagram

A post shared by Творческая мастерская Мальва (@malvaminsk)

View this post on Instagram

A post shared by Творческая мастерская Мальва (@malvaminsk)

Сапраўдная калядная прапанова — цацкі на ялінку.

View this post on Instagram

A post shared by Творческая мастерская Мальва (@malvaminsk)

Зрэшты, не трэба забываць і пра аксесуары — драўляныя ці металічныя піны з каляровымі жыхарамі раю Кіш.

View this post on Instagram

A post shared by Броши️СерьгиПодарки (@_good_cheer_)

Пашукаць Алену можна і на вуліцах горада. Трэба ўважліва глядзець на запясці мінакоў — і, магчыма, у вас атрымаецца напаткаць сюжэты Кіш на гадзінніках з лімітаванай серыі «Луч». Праўда, тая выходзіла яшчэ тры гады таму і ўсяго ў 200 экзэмплярах, таму такія пошукі могуць быць доўгімі.

Больш надзейны шлях — завітаць у гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе». Але раім перад візітам удакладніць наяўнасць дываноў Алены ў бягучай экспазіцыі, нам у пераднавагодняй завірусе з візітам не пашанцавала.

29", рама 20", горный, сталь Hi-ten, вилка амортизационная с ходом 80 мм (сталь Hi-ten), трансмиссия 21 скор. (3х7), переключатели: задний Microshift/передний Microshift, тормоз дисковый механический, вес 18 кг

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by