Гэтым разам за серыяльныя прэм'еры адказвае не толькі Netflix. Не саступае гіганту і яго асноўны канкурэнт у выглядзе Disney. У абодвух стрымінгавых сэрвісаў па тры маштабныя навінкі. Але больш за ўсё ў снежні чакаем прыквел «Ведзьмара». Яшчэ будзе пара карэйскіх праектаў, гатовых пасапернічаць з папулярнасцю «Гульні ў кальмара». Таксама знайшлося месца для містычнага дэтэктыва, фантастыкі, прыгод і актуальных сучасных праблем.
Містычны дэтэктыўны серыял, зняты па цыкле кніг канадскай пісьменніцы Луізы Пені. Яе раманы даволі добра вядомыя ў свеце і некалькі разоў атрымлівалі прэстыжныя кніжныя ўзнагароды за цікавыя дэтэктыўныя гісторыі.
У цэнтры ўвагі серыяла — правінцыйны інспектар Арман Гамаш. Ён жыве ў невялікім канадскім мястэчку Тры-Пайнс. Нядаўна тут нехта здзейсніў жахлівае забойства жанчыны сярод белага дня, ды яшчэ на ажыўленай вуліцы. Пры гэтым забойцу ніхто не бачыў. Гамаш бярэцца за справу і знаходзіць у ёй шмат міфічных спасылак.
Ролю інспектара выканаў Альфрэд Маліна. З яго нядаўніх запамінальных вобразаў можна ўспомніць Доктара Васьмінога з «Чалавека-павука». Але ўвогуле ён актыўна здымаецца з 1980-х.
Стрымінгавым сэрвісам усё ніяк не дае спакою ашаламляльны поспех «Гульні ў кальмара». Свой карэйскі прарыў паспрабуе здзейсніць Disney. Для гэтага кампанія заручылася падтрымкай культавага рэжысёра Такасі Мііке і нестандартнай, але займальнай гісторыяй.
Міні-серыял раскажа пра карэйца са звышнатуральнымі здольнасцямі (ён бессмяротны). Аднойчы ў яго скралі… вока. Рэч у тым, што вока працягвае бачыць, таму хлопец у курсе ўсіх тых жахаў, якія творыць злодзей. Нягодніку чужое вока патрэбна, каб забіваць людзей.
Такасі Мііке — вельмі пладавіты японскі рэжысёр, на рахунку якога каля сотні работ. Многія з іх вылучаюцца сваім асаблівым стылем, а некаторыя нават засвяціліся на розных топавых кінафестывалях, уключаючы Каны.
Тэлевізійная адаптацыя самага вядомага рамана чарнаскурай пісьменніцы Актавіі Батлер, які яна напісала ў 1979 годзе. Кніга перажыла каля 30 перавыданняў і ўваходзіць у праграмы многіх навучальных устаноў ЗША.
Дана — пісьменнік-пачатковец і жыхарка сучаснага Лос-Анджэлеса. Нечакана яна пераносіцца ў часе на рабскія плантацыі ХІХ стагоддзя. Дана ратуе белага хлопчыка, які ледзь не патануў, і вяртаецца ў свой час. Аказваецца, што гэты выпадак не прайшоў бясследна для сучаснасці.
«Радня» — праект аўтараў «Захавальнікаў». Акрамя таго, серыял прадзюсаваў Дарэн Аранофскі, у партфоліа якога ўжо ёсць «Рэквіем па мары», «Фантан», «Чорны лебедзь» і «мама!».
Прыгоды ў рамках франшызы «Скарб нацыі». Праўда, без Нікаласа Кейджа ў галоўнай ролі (што, магчыма, нават добра). А вось Харві Кейтэль і Джасцін Барта з арыгінала на месцы.
Юная Джэс хоча разгадаць старую таямніцу сваёй сям'і. Яе пошукі выліваюцца ў эпічныя прыгоды з паляваннем на страчаны скарб. Ёсць толькі адна складанасць — саперніца ў асобе апантанай калекцыянеркі старажытных артэфактаў. Апошнюю іграе Кэтрын Зэта-Джонс.
Мастацкі міні-серыял, прысвечаны супрацоўнікам Скотлэнд-Ярда, якія на працягу дзесяці гадоў расследавалі справу аб атручэнні былога агента КДБ Аляксандра Літвіненкі. У пачатку стагоддзя ён пераехаў у Вялікабрытанію, папрасіў палітычнага прытулку, а праз некалькі гадоў памёр ад атручэння палоніем.
Ролю Літвіненкі аддалі Дэвіду Тэнанту, якога вы можаце ведаць па вобразе Дзясятага Доктара ў серыяле «Доктар Хто». Аўтары новага шоу старанна падышлі да праекта і правялі шмат гадзін, размаўляючы з фігурантамі справы, у тым ліку з удавой Аляксандра.
Былая супрацоўніца ЦРУ, а цяпер зняволеная, пагражае раскрыць сакрэты агенцтва, калі яе не вызваляць. Маладому юрысту ведамства раптоўна даводзіцца пагрузіцца ў свет міжнароднага шпіянажу.
Васьмісерыйны шпіёнскі трылер ад стваральнікаў серыяла «Навічок». Сярод рэжысёраў значыцца Даг Лайман, на рахунку якога такія блакбастары, як «Грань будучыні», «Містар і місіс Сміт», а таксама «Ідэнтыфікацыя Борна».
Насцярожвае, што Netflix адпраўляла серыял на папярэднія паказы, аднак забараніла журналістам публікаваць агляды да моманту выхаду праекта. Не надта добры знак.
У стрымінгавай платформы Paramount+ ёсць вялікі папулярны праект – «Елаўстоўн». Ён нечакана сабраў вялікую колькасць прыхільнікаў, што заахвоціла студыю заняцца здымкамі спін-офаў. «1923» — якраз чарговы прыквел «Елаўстоўна».
У цэнтр увагі стужкі трапіла новае пакаленне сям'і Датан на чале з Джэйкабам і Карай. Ім даводзіцца выжываць у часы Вялікай дэпрэсіі і сухога закону, а таксама змагацца са згоншчыкамі скаціны.
У «1923» вельмі яркі акцёрскі склад. Так, у сваёй першай вялікай серыяльнай ролі зняўся Харысан Форд. Таксама ў фільме можна будзе ўбачыць Хелен Мірэн, Цімаці Далтана і Роберта Патрыка (Т-1000 з другога «Тэрмінатара»).
Яшчэ адна спроба Disney пераплюнуць поспех «Гульні ў кальмара». Зноў паўднёвакарэйская творчасць. Тут нават акцёр «кальмаравы» — Хо Сон-тхэ. Памятаеце брутальнага бандыта Чана Док Су? Вось гэта ён і ёсць.
У «Казіно» сюжэт круціцца вакол сталага наведвальніка казіно. Аднойчы ён страціць усё, але ўрэшце вернецца ў ігральны бізнес, праўда з ужо куды больш буйнымі стаўкамі. Падзеі развіваюцца на Філіпінах, бо ў Паўднёвай Карэі казіно забаронены.
У галоўных ролях занятыя ўжо згаданы вышэй Хо Сон-тхэ, а таксама Чхве Мін-сік, які можа быць знаёмы вам па «Алдбоі». Для яго гэта вяртанне да тэлевізійнага фармату амаль праз 30 гадоў.
Больш чым за тысячу гадоў да з'яўлення Геральта з Рывіі сем эльфаў аб'ядноўваюць свае сілы супраць усёмагутнай імперыі.
Стваральнікі шоу абяцаюць расказаць, як адбывалася сутыкненне сфер, што напоўніла свет пачварамі, і якім чынам з'явіліся першыя ведзьмары, што павінны з імі змагацца. У серыяле здымаюцца Лоўрэнс ОʼФуарэйн («Вікінгі», «Гульня тронаў»), Сафія Браўн («Марчэла»).
Серыял складаецца ўсяго з шасці эпізодаў. Над сцэнарыем працавалі не толькі шоўранер «Ведзьмара», але і Анджэй Сапкоўскі. Пагаворвалі, што аднаго з першых ведзьмароў можа сыграць Джэйсан Мамоа. Аднак ні ў трэйлерах, ні ў спісе акцёраў яго няма.
Сустрэча з рускай шпіёнкай перакрэслівае светлую будучыню высокапастаўленага супрацоўніка МІ-6 і вымушае яго пераасэнсаваць усё сваё жыццё.
У галоўнай ролі зняўся Чарлі Кокс, вядомы па вобразе Мэта Мердака з серыяла «Сарвігалава». Фатальную рускую шпіёнку сыграла Вольга Курыленка. «Дзяржздрада» — праект Мэта Чармана, лаўрэата прэміі «Оскар» за сцэнарый да фільма «Шпіёнскі мост». Таксама над серыялам працавалі стваральнікі «Ведзьмара» і «Пясочнага чалавека».
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by