Якія серыялы глядзець у лістападзе

19 546
01 ноября 2022 в 14:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Якія серыялы глядзець у лістападзе

Источник: Зміцер Адашкевіч

У лістападзе абыдзецца без такіх маштабных праектаў, як «Дом Дракона» і «Уладар пярсцёнкаў». Тым не менш канвеер па вытворчасці серыялаў не спыняецца, і мы з лёгкасцю змаглі падабраць дзясятак самых перспектыўных прэм'ер. Жанравая прыналежнасць — на любы густ, ад камедый да хорараў і экшэна.

«Блокбастар» (з 3 лістапада на Netflix)

Якая іронія — «забойца» кампаніі Blockbuster, некалі найбуйнейшай у свеце сеткі відэапракату, зняла камедыйны серыял пра яе. Пад ціскам стрымінгавых сэрвісаў Blockbuster падала на банкруцтва ў 2010 годзе. У той час у кампаніі налічвалася больш за 9 тысяч салонаў пракату. Пасля каскаду закрыццяў і перапродажаў на сённяшні дзень ва ўсім свеце працуе толькі адна крама Blockbuster — у мястэчку Бэнд, штат Арэгон.

Менавіта тут і адбываюцца падзеі гэтага сіткома. Рэндал Пак іграе менеджара салона, які сутыкаецца з рознымі непрыемнасцямі, але ўсё роўна застаецца на плаве. У гэтым яму дапамагаюць як дзіўныя, але верныя кліенты, так і самаадданыя супрацоўнікі.

«Карона» (з 9 лістапада на Netflix)

Мы вырашылі надаць увагу не новаму серыялу, а пятаму сезону «Кароны». Усё таму, што гэты праект для Netflix такі ж важны, як «Гульня тронаў» для HBO або «Уладар пярсцёнкаў» для Amazon. Да таго ж цікавасць да «Кароны» натуральным чынам павялічылася праз нядаўнюю смерць Лізаветы II.

Пяты сезон гістарычнага блокбастара ахоплівае перыяд 1991—1997 гадоў. Закрануць такія тэмы, як кіраванне Джона Мэйджара, разводы трох дзяцей каралевы і герцага Эдынбургскага, пажар у Віндзорскім замку, прамова каралевы з нагоды яе 40-гадовага кіравання, развод Чарльза і Дыяны, перадача Ганконга Кітаю.

У пятым сезоне зменіцца акцёрскі склад серыяла. Ролю каралевы зараз іграе Імельда Стонтан, якая шмат каму запомнілася па вобразе Далорэс Амбрыдж з «Гары Потэра». Прынцэсу Дыяну іграе Элізабэт Дэбікі з «Довада» і «Вартавых Галактыкі».

«Англічанка» (з 11 лістапада на Amazon Prime Video)

Канец XIX стагоддзя. Брытанская арыстакратка Карнэлія Лок прыязджае ў Амерыку. Тут яна разлічвае адпомсціць мужчыне, якога вінаваціць у смерці сына. Нечаканым памагатым у пошуках становіцца індзеец з народнасці паўні.

Па словах аўтараў серыяла, яны знялі вельмі жорсткі вестэрн без тыповай для жанру рамантыкі. Толькі кроў, боль, пот і забойствы. Знята сумеснымі намаганнямі Amazon і BBC. Усе шэсць серый трансліруюцца ў адзін дзень, што даволі нязвыкла для гэтых кампаній.

Карнэлію іграе Эмілі Блант. Адносна нядаўна вы маглі бачыць яе ў блокбастары «Круіз па джунглях» і абедзвюх частках «Ціхага месца».

«Кароль Талсы» (з 13 лістапада ў сеціве)

Адразу некалькі стрымінгавых сэрвісаў плануюць трансляцыю «Караля Талсы» — першага тэлевізійнага праекта Сільвестра Сталонэ. Так, яшчэ адзін з мастадонтаў не выстаяў і трапіў у лапы тэлевізіёншчыкаў.

Сталонэ іграе мафіёзі па мянушцы Генерал. Пасля 25-гадовай адсідкі ён выходзіць на волю і адразу атрымлівае заданне ад боса. Прыйдзецца ехаць у аклахомскую глуш — горад Талса. Тут яму трэба адбудаваць мафіёзную імперыю. Без цяжкасцей, зразумела, не абыдзецца.

Аўтар «Караля Талсы» — Тэйлар Шэрыдан, найбольш вядомы па праекце «Елаўстон». Новы серыял, хутчэй за ўсё, шмат у чым будзе паўтараць удалыя элементы папярэдніка.

«1899» (з 17 лістапада на Netflix)

Містычны серыял, якому прадказваюць славу «Гульні ў кальмара». Усё таму, што «1899» — новы твор аўтараў «Цемры», культавага серыяла, які многія параўноўваюць з «Вельмі дзіўнымі справамі», прычым не на карысць апошніх.

Назва праекта — год, у які адбываюцца падзеі серыяла. З Лондана ў Нью-Йорк адпраўляецца судна з еўрапейскімі эмігрантамі. На шляху ім сустракаецца дрэйфуючы ў моры карабель, які знік без вестак некалькі месяцаў таму. У яго на борце — страшная таямніца, якая ператворыць падарожжа мігрантаў у кашмар.

Па словах шоўранераў, на стварэнне серыяла іх натхніў міграцыйны крызіс у Еўропе. Дарэчы, каманда акцёраў інтэрнацыянальная, прычым кожны гаворыць на мове сваёй краіны.

«Флейшман у бядзе» (з 17 лістапада на Hulu)

Васьмісерыйная адаптацыя аднайменнай кнігі Тафі Бродэсер-Акнер, якая з'яўляецца штатным карэспандэнтам The New York Times. Кніга атрымала некалькі прэстыжных прэмій і патрапіла ў спісы лепшых кніг 2019 года.

Галоўны герой — Тобі Флейшман. Пасля 15 гадоў шлюбу яго кінула жонка. Мужчына тут жа пачынае ўпівацца «свабодай» і старанна асвойвае прыкладанні для знаёмстваў. Аднак аднойчы былая жонка Тобі знікае, пакінуўшы на яго апеку двух непоўнагадовых дзяцей. Флейшману трэба паклапаціцца аб уласных дзецях, уладкаваць асабістае жыццё, знайсці экс-жонку і новую працу.

Тобі Флейшмана іграе Джэсі Айзенберг («Сацыяльная сетка», «Ілюзія падману», «Супраціў», «Сардэчна запрашаем у Zомбілэнд»).

«Сардэчна запрашаем у Чыпендэйлс» (з 22 лістапада на Hulu)

Калі хто не ведае, то «Чыпендэйлс» — гэта вядомая танцавальная група, якая ў свой час папулярызавала мужчынскі стрыптыз. Мужыкі з голым тулавам і бабачкай на шыі — гэта якраз папулярны вобраз з «Чыпендэйлс». Першы ў свеце стрып-клуб для жанчын заснаваў Самен Банерджы. Чалавек з вельмі няпростым лёсам, які не грэбаваў падпаламі і забойствамі.

«Сардэчна запрашаем у Чыпендэйлс» заснаваны на рэальных падзеях і пакажа ўзлёт і падзенне Самена Банерджы, а таксама яго стрыптыз-імперыі. Першапачаткова серыял называўся «Імігрант», але бліжэй да выхаду ён атрымаў больш зразумелую назву.

Вобраз індыйца на экране ўвасобіў Кумэйл Нанджыані, які нядаўна здымаўся ў «Вечных» ды «Обі-Ван Кенобі». Сярод шоўранераў праекту — Мэт Шакман, які адказваў за выхад «Ванда/Віжн», «Дзецюкоў», «Фарго» ды іншых топавых серыялаў.

«Рэха-3» (з 23 лістапада на Apple TV+)

Эмбер Чэсбара — знакамітая амерыканская вучоная. Падчас даследаванняў яна знікае непадалёк ад мяжы Калумбіі і Венесуэлы. Добра, што яе муж і брат — элітныя байцы спецназа. Яны адпраўляюцца на пошукі Эмбер, адначасна высвятляючы адносіны адзін з адным і наваколлем.

Мяркуючы па трэйлеры, даволі бадзёры для серыяла баявік. Сярод прадзюсараў і сцэнарыстаў «Рэха-3» можна ўбачыць Марка Баала, у якога ўжо ёсць «Оскар» за сцэнарый да «Уладара буры».

«Уэнздэй» (з 23 лістапада на Netflix)

Серыяльны дэбют рэжысёра Ціма Бёртана. Гэта азначае, што ва «Уэнздэй» будзе ўтульная містычная атмасфера з лёгкім чорным гумарам. «Уэнздэй» — адзін з топавых восеньскіх праектаў Netflix, які паспрабуе згуляць на настальгіі гледачоў, якія засумавалі па сямейцы Адамс.

Як зразумела з назвы, у цэнтры ўвагі серыяла акажацца дзяўчынка Уэнздэй. Пасля таго як яна змяніла восем школ, бацькі вырашаюць аддаць яе ў акадэмію Нэвермар. Тут вучацца і іншыя незвычайныя дзеці, напрыклад вампіры. Па ходу серыяла Уэнздэй трэба будзе раскрыць сямейныя таямніцы і спыніць мясцовых монстраў.

У серыяле павінна з'явіцца Крысціна Рычы, якая выканала ролю Уэнздэй у «Сямейцы Адамс» 1990-х гадоў. Праўда, пакуль незразумела, у якой ролі. Затое вядома, што Кэтрын Зэта-Джонс сыграла Марцішу, маму Уэнздэй. Акрамя таго, тут будзе Рэч — рука, якая прыглядае за Уэнздэй, а таксама лысы дзядзька Фестэр.

«Уілаў» (з 30 лістапада на Disney +)

У другой палове 1980-х Джордж Лукас вельмі хацеў паўтарыць поспех «Зорных войнаў», стварыўшы такую ж магутную новую франшызу. Ён паспрабаваў гэта зрабіць з фільмам «Уілаў», які задумваўся як першая частка тэтралогіі. На жаль, стужку чакаў касавы правал, таму пра сіквелы прыйшлося забыцца. Аднак «Дысней» памятае ўсе свае карціны, і вось праз 35 гадоў нам усё ж пакажуць працяг фільма 1988 года выпуску.

Падзеі адбываюцца ў выдуманай казачнай краіне, поўнай троляў, гоблінаў, чараўнікоў і іншых чароўных істот. Уілаў — прадстаўнік народа ліліпутаў, які валодае магічнымі здольнасцямі. Пасля падзей арыгінальнай стужкі прайшло 20 гадоў, і Уілаў зноў трэба ратаваць свет ад злых сіл, а заадно брата прынцэсы Кіт.

Уілаў, як і 35 гадоў таму, іграе карлік Уорвік Дэвіс ростам крыху вышэйшы за адзін метр. Новы «Уілаў» прадзюсуецца Ронам Ховардам, у якога ёсць «Оскар» за «Гульні розуму». Бюджэт серыяла не параўнаецца з «Домам Дракона» і «Уладаром пярсцёнкаў», аднак «Уілаў» усё роўна стаў адным з самых дарагіх праектаў гэтай восені.

Выбор покупателей
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), Wi-Fi
55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi
65" 3840x2160 (4K UHD), матрица OLED, частота матрицы 120 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR, Wi-Fi

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка