Ракі надзеі. Рэпартаж з мяжы, дзе ідзе незвычайны промысел

1634
05 сентября 2022 в 17:59
Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Максім Маліноўскі

Ракі надзеі. Рэпартаж з мяжы, дзе ідзе незвычайны промысел

Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Максім Маліноўскі

Сёння прабяромся ў даволі дзіўнае месца, куды складана трапіць простаму грамадзянскаму. Яно размешчана акурат на мяжы з Латвіяй, ужо за нашай кантрольна-следавой паласой (КСП) і іншымі небяспечнымі штукамі. Хмары там ходзяць максімальна змрочна, калі разумееце, пра што мы. Магчыма, гэта і выратоўвае старажытную істоту, якая засела ў бездані. Такім чынам, задача: дабрацца да яе, выбавіць і рассяліць па краіне. І тады зажывём.

Памежны стан

Як вы, безумоўна, памятаеце з курса біялогіі за сёмы клас, у Беларусі два карэнныя віды ракаў: вузкапалы (даўгапалы) і шыракапалы. Першы распаўсюджаны адносна шырока, яго дазволена лавіць (без фанатызму).

Вось у другога праблемы. Шыракапалы рак занесены ў нацыянальную Чырвоную кнігу, у яго трэцяя (з чатырох, самая цяжкая — першая) катэгорыя прыродаахоўнай значнасці: ён «не знаходзіцца пад прамой пагрозай знікнення, але схільны да рызыкі вымірання ў недалёкай будучыні».

Насамрэч, можа быць, ужо і вымірае, час падвышаць. Навукоўцы кажуць, што за апошнія гады колькасць гэтага членістаногага літаральна абрынулася — перасталі знаходзіць яго ў дзясятках вадаёмаў, дзе нядаўна гэты рак вадзіўся. Гэта сведчыць пра памежны стан.

Прычыны, увогуле, вядомыя. І, як заўсёды, чалавек таксама мае да гэтага дачыненне.

Што будзе, калі пакрыўдзіш рака?

Для пашырэння кругагляду ўспомнім, што належыць за няправільную лоўлю рака.

Вузкапалага рака дазволена вылоўліваць не больш як 2 кілаграмы ў суткі. Пры гэтым ставіць пасткі на ноч — забаронена, выкарыстоўваць больш за тры ракалоўкі — забаронена, пакідаць іх і сыходзіць — забаронена, лавіць на святло або з лодкі — забаронена, лавіць у цёмны час сутак — забаронена, браць экзэмпляры менш за 10,5 сантыметра — забаронена. Інакш адміністрацыйны штраф — паўтары базавыя за кожнага (48 рублёў).

Каб разумець маштаб расцэнак: у легальным гандлі адзін вялікі рак каштуе хрэстаматыйныя 5 рублёў (каля 50 рублёў за кілаграм).

Нас сёння цікавіць толькі шыракапалы. Яго лавіць нельга (акрамя асаблівых выпадкаў, як у нас сёння). За гэтага чырванакніжніка даюць адміністрацыйны штраф ад 20 да 50 базавых. У цяжкіх выпадках уключаецца артыкул 282-1 Крымінальнага кодэкса — гэта да 3 гадоў калоніі.

Ракі не здаюцца

Хопіць тэорыі. Калі ўжо пачнуцца ракі?

Перасякаем КСП, пад’язджаем да невялікага возера Бяляны. Менавіта тут, прама па раках, праходзіць беларуска-латвійская мяжа. На беразе разбілі лагер вучоныя НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук. Бяляны — адно з апошніх месцаў, дзе яшчэ засталіся гэтыя істоты.

Ля доўгага стала (збудаванага ў гэтым месцы, відаць, яшчэ пры СССР, калі не было меж) стаяць пластыкавыя кошыкі. У іх незадаволена варушыцца нешта старажытнае і цёмнае, тое, што жыло на Зямлі яшчэ да дыназаўраў. Раса людзей — наогул імгненне, вартае жалю, на фоне гэтай формы жыцця ўзростам у паўмільярда гадоў. Як бы яно пры нас і не скончылася...

Кандыдат біялагічных навук Анатоль Аляхновіч адно за адным дастае старажытнае-цёмнае з кошыка, кладзе на спіну, узважвае, перадае далей:

— Самка, без клюшні, 20,69 грама...

Біёлагі Аляксандра Ларчанка і Караліна Слівінска кожнага вымяраюць, заносяць у сшытак — і адпраўляюць у іншы кошык.

— А чаму некаторыя без клюшняў? Такімі ўрадзіліся?

— Не, проста ракі ніколі не здаюцца. Сустрэўшы драпежніка — напрыклад, норку, выдру, шчупака, — за сваё жыццё б’юцца да апошняга. Пры гэтым губляюць клюшні.

Яшчэ, паводле слоў Аляхновіча, самкі могуць пазбаўляцца клюшняў восенню. У гэты час самцы губляюць усялякія ўяўленні аб прыстойнасці, лезуць спарвацца. Літаральна адрываюць рукі.

Клюшні, дарэчы, потым зноў адрастуць.

Дзіўны рачыны свет

Навукоўцы днююць і начуюць тут ужо тыдзень — усе дзякуюць памежнікам, якія далі магчымасць нармальна працаваць, нягледзячы на ўнікальныя рэжымныя абставіны.

У вадзе відаць садкі са здабычай. Кожны экзэмпляр улічаны і запісаны. Усяго набралася каля дзвюх соцень. Гэтым мітуслівым героям трэба будзе заснаваць некалькі новых цывілізацый.

Самы буйны з запісаных у сшытку — 14-сантыметровы волат вагой 117 грамаў. Цэлы амар.

Але да рэкорду далёка.

У рака няма прыкметы, па якой можна было б больш-менш дакладна вызначыць узрост, — акрамя памеру, што дае даволі ўмоўнае ўяўленне. Ніякіх «гадавых кольцаў» і іншых зачэпак. Як прынята лічыць, гіганту даўжынёй 18 сантыметраў (ад кончыка рострума да «хваста») і вагой 260 грамаў было прыкладна 25 гадоў.

Недзе ў глыбіні, бліжэй да Латвіі, стаяць доўгія сеткі-ракалоўкі. Гэта жывёла актыўнічае ў цёмны час, паднімаць пасткі будуць раніцай.

Дарэчы, паводле слоў Аляхновіча, нашы дзіцячыя вераванні пра тое, што рак ідзе на тухляціну, не зусім абгрунтаваныя:

— Насамрэч яму больш падабаецца свежае мяса, праверана. Мы вось курыных шый купілі. Але лепш за ўсё — мірная белая рыба накшталт карася, таксама свежая.

— А як вы вызначаеце пол?

Тлумачаць: у самкі ўсе брушныя ногі аднолькавыя, у самца ж пярэднія даўжэйшыя. Гэта, кажуць, каб зручней было абхапляць самку пры спарванні.

Жывіце зараз з гэтымі ведамі.

Як іх адрозніць?

— Я ў дзяцінстве лавіў ракаў — і ў мяне зараз ёсць падазрэнне, што гэта былі якраз шыракапалыя... — успамінаю акуратна, улічваючы тэрміны даўнасці па крымінальных справах.

— А дзе лавілі?

— На рэчцы Церуха ў Гомельскай вобласці. Проста выцягвалі рукамі са шчылін у шлюзе.

Аляхновіч ківае:

— Дарэчы, не выключана. Церуха — адно з месцаў, дзе яны вадзіліся. Больш няма.

Маленькая пакалечаная рэчка. Як мы паляпшалі зямлю і чым прыйшлося ахвяраваць

Але як адрозніваць гэтыя віды? Вонкава блізкія, памеры падобныя... Тады настаўніца біялогіі не вельмі тлумачыла нам такія рэчы. Ды і не моцная была ў гэтым.

Цяпер будзем наганяць. Вось асноўныя знешнія адрозненні (са слоў кандыдата навук Анатоля Аляхновіча):

1. У шыракапалага больш роўная паверхня карапакса (панцыра).

2. У шыракапалага клюшні шырэйшыя, з ніжняга боку чырванаватыя. Аснова рухомага пальца ярка афарбавана чырвоным.

3. У шыракапалага бакавыя краі рострума («рог» у пярэдняй частцы) над вачыма роўныя, у вузкапалага — са шчарбінамі.

Лепш гэта ведаць, каб у вас выпадкам не знайшлі рака не той сістэмы.

«Міжрасавая сувязь»

Трэба ўлічваць, што вузкапалы і шыракапалы ракі пры знешнім падабенстве звычайна не жывуць побач: шыракапалы проста не вытрымлівае канкурэнцыі.

— Наогул, сустракаліся месцы, дзе трапляліся і той і іншы, — распавядае навуковец. — Напрыклад, у возеры жыве вузкапалы, а ў ручаях — шыракапалы, падчас міграцыі віды могуць сустракацца. Але звычайна на працягу гадоў сямі-дзесяці ў замкнёным вадаёме застаецца толькі вузкапалы. Ён крыху хутчэй расце, крыху раней становіцца палаваспелым, больш пладавіты. Пры гэтым у ракаў развіты канібалізм, буйныя асобіны могуць есці дробных. У сукупнасці гэтыя акалічнасці іграюць ролю ў выжыванні папуляцыі.

І ўсё ж, мяркую, асноўная прычына ў тым, што вузкапалыя самцы ловяць і апладняюць шыракапалых самак. Не, гібрыды не атрымліваюцца. У гэтым выпадку эмбрыёны нежыццяздольныя, размнажэння шыракапалага рака не адбываецца. Гэтую тэорыю нялёгка даказаць, аднак, відаць, так і ёсць.

Мы губляем іх

— У 1980-я гады ў нас было апісана 36 папуляцый, — кажа Анатоль Аляхновіч. — З іх засталося каля пяці. І ва ўсёй краіне нам вядома толькі два месцы з высокай шчыльнасцю папуляцыі. Гэта кар’еры старой цагельні ў раёне Маладзечна і, уласна, вось гэта возера.

Тое, што беларускія абарыгены не ўжываюцца адзін з адным, мы ўжо зразумелі. Калі ў вадаёме ёсць вузкапалы рак, там не будзе шыракапалага. Калі ёсць шыракапалы — значыць, туды яшчэ не дабраўся вузкапалы.

Але наогул, у іх ёсць праблемы больш важныя за міжвідавую канкурэнцыю: тэхнагенная змена асяроддзя (напрыклад, ператварэнне рэчак у прамыя канавы), забруджванне, пацяпленне... Але галоўнае, што забівае беларускіх ракаў, — гэта чума.

Пры чым тут чалавек?

Прынята лічыць, што споры рачной чумы завезлі ў Еўропу з Амерыкі ў XIX стагоддзі з баластнай вадой. Амерыканскія ракі ўстойлівыя да гэтай заразы, умеюць з ёй жыць. Еўрапейскія аказаліся непрыстасаванымі, сталі масава выміраць.

Чалавек паспяшаўся на дапамогу: вырашыў папоўніць страту — з дапамогай якраз амерыканскіх відаў. Адным з першых энтузіястаў у канцы XIX стагоддзя стаў нямецкі фермер, які запусціў у свае вадаёмы прывезенага з-за акіяна паласатага рака. Ён драбнейшы, чым беларускія, і карысці ў ім менш — але ўстойлівы да чумы. І, як пазней высветлілася, выдатна яе разносіць.

Фота: biolib.cz

Гэтая кампанія пасля была працягнута і развіта. Завозілі, у прыватнасці, буйнейшага сігнальнага рака. А з ім — новыя штамы чумы.

Фота: wikipedia.org

Як працуе гэта чума? У спрошчаным выглядзе: спора, сустрэўшы карапакс, прычапляецца да яго, прарастае ў мышцы, нервы і забівае носьбіта. Споры разносяцца далей, шукаюць новых ракаў.

Выглядае на тое, што вывесці гэтую інфекцыю можна толькі разам з ракамі. Іншымі словамі, калі чума забівае ўсіх ракаў у вадаёме, яна знішчае сама сябе. Праз пару гадоў зноў можна засяляць. Калі толькі не знойдзецца новы «энтузіяст».

Біёлагі моляць: барані вас божа выпускаць якую б там ні было экзотыку ў беларускія вадаёмы. У любым выпадку ад бескарыснага паласатага рака, які здольны падтрымліваць і пераносіць чуму, нам ужо нікуды не падзецца. Хочаш не хочаш, а ён будзе прасоўвацца на ўсход і на поўдзень.

— Басейн Нёмана ўжо забіты паласатым ракам, — кажа Аляхновіч. — Прыйшоў самаходам, па Аўгустоўскім канале. У той жа час гады тры таму мы пачалі знаходзіць паласатага рака ў замкнёных кар’ерах Гродзенскай вобласці. Сёння ён рэгіструецца і ў мінскай воднай сістэме, у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Туды ён мог патрапіць толькі з дапамогай чалавека.

Рака не бачылі?

Адматаем час на чатыры гады таму. Канкрэтна гэты вузкапалы рак сфатаграфаваны ў 2018 годзе на Прыпяці ў Петрыкаўскім раёне. Чамусьці прыпоўз да берага пасярод дня.

Шукаем у даведніку бачныя прыкметы чумы. Акрамя хаджэння на прамых нагах (як на хадулях), ёсць такія: «Ракі звычайна пазбягаюць паказвацца днём са сховішчаў, але пры надыходзе чумы адкрыта поўзаюць ці ляжаць на дне, не спрабуючы схавацца, нават калі іх чапаюць ці вымаюць з вады».

Гэты не асабліва рухаўся, не ўцякаў — проста назіраў за адпраўкай парома.

Даследчыкі кажуць, што чума звычайна развіваецца імкліва, за тыдзень можа забіць усіх ракаў на вялікім участку ракі.

Хтосьці бачыў у апошні час ракаў у сярэдняй Прыпяці?

Зарачыць краіну

Калі вы гэта чытаеце, навукоўцы ўжо выпусцілі памежных ракаў у чатыры маленькія чыстыя возеры. Зарачаны Плюсы, Золва, Закаменка, Сумоўка. Магчыма, некалі там узнікнуць квітнеючыя рачыныя цывілізацыі.

Абы не знайшоўся які-небудзь «энтузіяст».

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by