24 591
02 августа 2022 в 10:33
Источник: Зміцер Адашкевіч

«Гульня тронаў», Сталонэ і Драпежнік. Топ фільмаў і серыялаў жніўня

Источник: Зміцер Адашкевіч

Жнівень абяцае быць багатым на кіношныя навінкі. На гэты раз мы адабралі пяць топавых фільмаў і столькі ж чаканых серыялаў. На жаль, у кінатэатрах нічога свежага і цікавага сёння не знайсці, таму для прагляду навінак можна не выходзіць з хаты — усё будзе даступна ў інтэрнэце. Цікава, што ледзь не палова знакавых прэм'ер запланавана на адзін дзень — 5 жніўня.

Фільмы жніўня

Сярод стрымінгавых прэм'ер — дарагі мультфільм, прыквел да «Драпежніка», камедыя пра вампіраў, новы супергерой у асобе Сталонэ і драма ад Рона Ховарда.

«Удача» (з 5 жніўня на Apple TV+)

Сэм Грынфілд — самая няўдачлівая дзяўчынка ў свеце. Раптам апынуўшыся ў нябачанай Краіне Удачы, яна аб'ядноўваецца з чароўнымі істотамі, якія насяляюць гэта месца. Усё, каб вярнуць сваё шчасце.

Галоўная інтрыга гэтага мультфільма ў тым, ці зможа Apple выкрасці «Оскар» за лепшы анімацыйны фільм у Disney/Pixar? Няма сумненняў, што «яблычная» карпарацыя вельмі на гэта разлічвае. Мяркуйце самі. Здымкамі «Удачы» займалася нядаўна створаная студыя Skydance Animation, кіруе якой Джон Ласетэр — былы лідар Pixar. Таксама ў новай студыі хапае іншых знакамітых выхадцаў з Pixar.

У арыгінальнай агучцы можна будзе пачуць галасы Саймана Пега, Вупі Голдбэрг, Джэйн Фонды. Першапачаткова планавалася выпусціць мульт вясной мінулага года, аднак пасля разрыву дамоўленасцей паміж Paramount і Skydance Animation права на распаўсюджванне стужкі выкупіла Apple.

«Здабыча» (з 5 жніўня на Hulu)

Прыквел «Драпежніка», у якім падзеі разгортваюцца задоўга да прыгод героя Шварцэнэгера. У «Здабычы» іншапланетны паляўнічы ўпершыню прылятае на Зямлю. Тут ён уступіць у смяротную гульню з мясцовай прадстаўніцай племені каманчы.

Падзеі «Здабычы» разгортваюцца ў часы Грамадзянскай вайны ў ЗША. Галоўная гераіня — маладая жанчына Нару, якая спрабуе абараніць сваё племя ад невядомай пагрозы.

Рэжысёрам «Здабычы» выступіў Дэн Трахтэнберг, у партфоліа якога такія стужкі, як «Кловерфілд, 10» і «Чорнае люстэрка». Аўтары абяцаюць, што канцэптуальна фільм будзе падобны да першага «Драпежніка» з упорам на персанажа, якому даводзіцца праяўляць цуды вынаходлівасці, каб выжыць падчас палявання.

«13 жыццяў» (з 5 жніўня на Amazon Prime Video)

Фільм, заснаваны на рэальных падзеях. Памятаеце, як у 2018 годзе ў затопленай тайландскай пячоры на 18 дзён засела юнацкая футбольная каманда і іх трэнер? Фантастычная па сваёй складанасці і маштабах аперацыя па выратаванні дзяцей прыцягнула больш за 10 тысяч чалавек. Нават Ілан Маск хацеў прымазацца (але не выйшла).

Зніклую групу знайшлі праз дзесяць дзён — усе былі вельмі знясіленыя з-за адсутнасці ежы і дастатковых запасаў вады. Многія лічылі, што дзецям і іх трэнеру давядзецца правесці ў зняволенні некалькі месяцаў. Аднак столькі часу ў ратавальнікаў не было: пагражалі новыя ліўні і высокая канцэнтрацыя вуглякіслага газу.

Спачатку хадзілі чуткі, што з гэтай гісторыі Netflix жадае зрабіць серыял. Аднак у выніку праектам занялася Amazon, якая вырашыла абмежавацца кіношным фарматам. Рэжысіраваў карціну аскараносны Рон Ховард («Хан Сола», «У сэрцы мора», «Код да Вінчы», «Гульні розуму»).

«Дзённая змена» (з 12 жніўня на Netflix)

У паляўнічага на вампіраў з Лос-Анджэлеса ўсяго тыдзень, каб знайсці грошы на аплату навучання і брэкетаў маленькай дачкі. У спробах зарабіць на жыццё як бы яго не пазбавіцца! Тым больш калі ў звычайным жыцці прыкідваешся прыбіральшчыкам басейнаў.

Камедыйны баявік, які прэтэндуе на званне прахаднога летняга блокбастара. Тым не менш гэта яшчэ адна спроба Netflix вярнуць падпісчыкаў. Працаваць на гэта павінны такія зоркі, як Джэймі Фокс, Дэйв Франка і Снуп Дог.

«Самарыцянін» (з 26 жніўня на Amazon Prime Video)

20 гадоў таму здарылася страшнае — у эпічнай бітве са злом загінуў супергерой Самарыцянін. А можа, не загінуў? Трынаццацігадовы Сэм, напрыклад, упэўнены, што яго дзіўны пажылы сусед і ёсць Самарыцянін. Ва ўмовах росту злачыннасці было б нядрэнна ўгаварыць яго вярнуцца да сваіх супергеройскіх спраў.

Сільвестр Сталонэ ў супергеройскіх кінакоміксах — ужо як мінімум цікава. Асновай для стужкі паслужыла серыя практычна невядомых у нас графічных раманаў Mythos Comics.

Выпуск «Самарыцяніна» некалькі разоў адкладаўся. Спачатку фільм хацелі выпусціць у кінатэатрах увосень 2020-га. Потым — зімой таго ж года, летам 2021-га і гэтак далей. У выніку правы на карціну купіла Amazon, якая і пакажа кіно на сваім стрымінгавым сэрвісе.

Серыялы жніўня

На серыяльнай ніве надыходзіць вельмі гарачая пара. На гарызонце маячыць «Уладар пярсцёнкаў», а пакуль — «Пясочны чалавек», прыквел да «Гульні тронаў», мульт пра маленькае разумнае дрэва і шмат чаго іншага. Выбраць пяць самых гарачых навінак было няпроста, таму што цікавых праектаў у жніўні запланавана хоць адбаўляй.

«Пясочны чалавек» (з 5 жніўня на Netflix)

«Пясочны чалавек» — адаптацыя культавага комікса Ніла Геймана. Серыял раскажа пра ўладара царства сноў Марфея, які трапляе ў палон да ведзьмака Родэрыка Берджэса. Пасля зняволення ён спрабуе вярнуць сабе ўладу. Для гэтага давядзецца высветліць адносіны з няпростымі сваякамі — Смерцю, Вар'яцтвам, Лёсам і г. д.

Экранізацыя самай вядомай працы Ніла Геймана распрацоўвалася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, але так і не была рэалізавана. Пакуль за справу не ўзялася Netflix. Заручыўшыся падтрымкай самога Геймана (ён прадзюсаваў шоу і ўдзельнічаў у напісанні сцэнарыя), кампанія абяцае запусціць адзін з самых чаканых серыялаў стагоддзя.

Усяго будзе даступна 10 серый. Кожная з іх знята па-свойму і будзе моцна адрознівацца па атмасферы і ўспрыманні. Кажуць, спачатку гледачам пакажуць ледзь ці не копію «Абацтва Даўнтан», якая паступова ператворыцца ў хорар.

«Я ёсць Грут» (з 10 жніўня на Disney+)

Спін-оф «Вартаўнікоў Галактыкі» пра самага мілага персанажа — гуманоіднае дрэўца з мянушкай Грут. Гледачам ён больш за ўсе спадабаўся ў выглядзе маленькага дзіцяці. Пра гэта і будзе анімацыя.

«Я ёсць Грут» — кароткі і лёгкі праект. Усяго нас чакае толькі пяць серый, кожная с якіх будзе ісці ўсяго некалькі хвілін. Напэўна, менавіта таму ў Disney вырашылі выпусціць адразу ўсе пяць эпізодаў.

«Жанчына-Халк: Адвакат» (з 17 жніўня на Disney+)

Так-так, гучыць амаль як загаловак якой-небудзь непрыстойнай пародыі. Але не, насамрэч перад намі вялікі дыснееўскі праект. Элементы камедыі прысутнічаюць, але ўвогуле размова ідзе амаль пра звычайную судовую драму.

Галоўная гераіня — стрыечная сястра Бруса Бэнэра. Аднойчы ёй спатрэбілася экстраннае пераліванне крыві, і братка апынуўся тут як тут. І вось зараз у юрысткі Джэніфер Уолтэрс ёсць здольнасці Халка. Не такія ярка выяўленыя, але, напрыклад, калі яе раззлаваць, то Джэніфер у імгненне вока пазелянее (у прамым сэнсе).

У праект запрасілі шмат вядомых акцёраў. Так, Марк Руфала вярнуўся да ролі Халка. Галоўнага нягодніка іграе Цім Рот. Асноўную ролю выканала Таццяна Маслані, якую вы маглі бачыць у серыяле «Цёмнае дзіця».

«Дом Дракона» (з 22 жніўня на HBO)

Серыял раскажа пра падзеі за 200 гадоў да таго, што адбываецца ў арыгінальным тэлешоу. У цэнтры сюжэта — грамадзянская вайна паміж Таргарыенамі ў Вестэрасе, якая ўвайшла ў гісторыю як «Танец Драконаў». У аснове «Дома Дракона» ляжыць раман Джорджа Марціна «Полымя і кроў».

Адметнасць серыяла — шмат, вельмі шмат драконаў. Тут іх ажно 17, прычым яны моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго і кожны валодае сваімі «кароннымі прыёмамі». Шоуранерам «Дома Дракона» выступіў Мігель Сапочнік, пастаноўшчык некалькіх самых відовішчных эпізодаў «Гульні тронаў», у тым ліку «Бітвы бастардаў».

Да выхаду «Уладара пярсцёнкаў» у верасні «Дом Дракона» прэтэндуе на званне самага дарагога серыяла ў гісторыі. Гавораць, на здымкі кожнага эпізоду пайшло не менш як $20 мільёнаў. Гэта больш, чым каштавалі апошнія серыі «Гульні тронаў».

«Пацыент» (з 30 жніўня на Hulu)

Стыў Карэл іграе псіхатэрапеўта, да якога па дапамогу звяртаецца незвычайны пацыент (Донал Глісан). Хлопец — серыйны забойца, які просіць вылечыць яго ад цягі да забойстваў. Урач па сутнасці становіцца заложнікам. Цяпер яму з дапамогай прафесійнага майстэрства трэба хаця б паспрабаваць застацца ў жывых ці не стаць саўдзельнікам злачынстваў вар'ята.

У першую чаргу гэты серыял створаны для прыхільнікаў Стыва Карэла (ну, і Донала Глісана). Уся інтрыга пабудавана на ўзаемадзеянні двух гэтых акцёраў. Пастаноўкай трылера займаліся аўтары шпіёнскага серыяла «Амерыканцы».


32" 1920x1080 (Full HD), частота матрицы 60 Гц, индекс динамичных сцен 1000, Smart TV (Samsung Tizen), Wi-Fi
50" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by