Resident Evil і амаль «Рык і Морці». Топ лепшых серыялаў ліпеня

8143
01 июля 2022 в 11:34
Источник: Зміцер Адашкевіч

Resident Evil і амаль «Рык і Морці». Топ лепшых серыялаў ліпеня

Источник: Зміцер Адашкевіч

Спачатку нагадаем, што 1 ліпеня выходзяць дзве заключныя серыі чацвёртага сезона «Вельмі дзіўных спраў». Але далей размова пойдзе не пра іх, а пра новыя праекты, сярод якіх ёсць вельмі шмат патэнцыйна цікавых серыялаў. Напрыклад, Resident Evil і мультфільм, які паспрабуе паўтарыць поспех «Рыка і Морці».

«Спіс смяротнікаў» (з 1 ліпеня на Amazon Prime)

Падчас сакрэтнай місіі атрад марскіх коцікаў пад кіраўніцтвам Джэймса Рыса трапляе ў пастку. Джэймсу цудам удаецца вярнуцца дадому. Аднак і там няма спакою. Нейкія невядомыя злачынцы не толькі спрабуюць яго забіць, але і пагражаюць яго сям'і. Прыйдзецца ўзяцца за зброю і вырашыць праблему па-старому.

Галоўную ролю выканаў Крыс Прат, якому, здаецца, прыйшлося адысці ад звыклага амплуа веселуна-балагура. Мяркуючы па трэйлеры, тут акцёр максімальна моцны і сур'ёзны. Базай для сцэнарыя «Спіса смяротнікаў» паслужыла аднайменная кніга Джэка Кара.

Над серыялам працавала вельмі моцная каманда, члены якой здымалі «Дзецюкоў», «Хадзячых мерцвякоў», «Фарга», «Картачны домік», «Доктара Хаўса» і шмат чаго яшчэ. Сабралі топавую каманду для топавага баевіка. Дарэчы, усе восем серый на гэты раз будуць даступныя адразу, што не характэрна для стрымінгавага сэрвісу Amazon.

«Мэгі» (з 6 ліпеня на Hulu)

Рамантычная камедыя, знятая даччынай кампаніяй Disney. Галоўную ролю іграе Рэбека Рытэнхаўс, якая можа быць вам знаёмая па ўдзеле ў такіх праектах, як «Аднойчы ў… Галівудзе» і «Расказ служанкі».

Мэгі — экстрасэнс. Яна бачыць будучыню сваіх сяброў і знаёмых, сваякоў, ды і проста выпадковых людзей на вуліцы. Аднойчы ёй давядзецца сутыкнуцца з незнаёмцам, які ёй вельмі спадабаецца. Але які сэнс у адносінах, калі загадзя ведаеш, чым усё скончыцца?

«Мунхэвен» (з 7 ліпеня на AMC)

Бэла — пілот касмічнага карабля і кантрабандыстка. Ёй даводзіцца бегчы з паміраючай Зямлі ва ўтапічную месяцовую калонію «Мунхэвен». Тут усе жывуць у згодзе, а яшчэ шукаюць спосабы дапамагчы матчынай планеце. Але, вядома ж, як і ў любой утопіі, насамрэч усё не так проста.

Серыял быццам бы не танны, але ў трэйлеры некаторыя моманты з камп'ютарнай графікай выглядаюць вельмі бюджэтна. Не думаем, што з «Мунхэвена» атрымаўся добры серыял, але раптам?

«Чорная птушка» (з 8 ліпеня на Apple TV+)

Сына паліцэйскага прыгаворваюць да 10 гадоў зняволення за наркотыкі. У яго ёсць выбар — застацца ў муніцыпальнай турме адбываць увесь тэрмін або пагадзіцца на здзелку са следствам і выйсці датэрмінова. У апошнім выпадку хлопца перавядуць у турму строгага рэжыму. Там яму трэба ўцерціся ў давер да маньяка і выведаць у таго месцы пахавання ахвяр, пакуль ён не паспеў вызваліцца з-за адсутнасці доказаў.

«Чорная птушка» грунтуецца на аўтабіяграфічным рамане «У коле д'ябла: заняпалы герой, серыйны забойца і небяспечная здзелка для адкуплення». Маньяк у фільме калісьці рэальна існаваў і быў адным з самых небяспечных серыйных забойцаў.

Ролю падсаднай качкі выканаў Тэран Эджэртан, а забойцы — Пол Уолтар Хаўзэр. Першага вы бачылі ў Kingsman і «Ракетмене», а другі выканаў галоўную ролю ў стужцы «Справа Рычарда Джуэла» аб пашкоджанай рэпутацыі ахоўніка на Алімпіядзе 1996 года, які выратаваў людзей ад выбуху тэрарыстаў.

«Прыстанак зла» (з 14 ліпеня на Netflix)

Адна з самых чаканых летніх прэм'ер, якая не мае патрэбы ў асобным прадстаўленні. Серыял па аднайменных гульнях Capcom пра карпарацыю Umbrella і Т-вірус, што ператварае людзей у крыважэрных істот. Абяцаюць шмат зомбі і спецэфектаў.

Дзеянні серыяла будуць адбывацца ў двух часавых адрэзках. У першым сёстры-падлеткі пераязджаюць у Нью-Ракун-Сіці і бачаць, што іх бацька стварыў заразу, здольную знішчыць увесь свет. У другім паказваюць падзеі праз 15 гадоў, калі ва ўсім свеце засталося каля 15 мільёнаў чалавек, а ўсе астатнія ператварыліся ў зомбі.

Пакуль невядома, застанецца «Прыстанак зла» міні-серыялам з васьмі эпізодаў ці франшыза атрымае развіццё. Усё будзе залежаць ад ступені поспеху першага сезона.

«Фарзар» (з 15 ліпеня на Netflix)

Прынц Файкл жыве ў калоніі людзей у іншапланетным свеце пад назвай Фарзар. Аднойчы ён клянецца пазбавіць планету ад зла, але выяўляе, што галоўны злыдзень — яго ўласны бацька. Для вырашальнай бітвы Файкл збірае дрым-цім з кібарга, вар’ята-вучонага, сіямскіх блізнят, бескарыснага мутанта і іншых падазроных асоб.

Мультсерыял строга для дарослых, таму што з абсцэннай лексікай, вар'яцтвам і крывішчай. Вельмі падобна на «Рыка і Морці», але насамрэч над «Фарзарам» працавала каманда, якая стварыла «Брыклберы» і «Паліцыю Парадайз».

«Мілыя падманшчыцы: Першародны грэх» (з 28 ліпеня на HBO Max)

Падлеткавы трылер, які працягвае традыцыі франшызы «Мілыя падманшчыцы». Праўда, сюжэтна новы серыял ніяк не звязаны з папярэднімі «Падманшчыцамі». Проста аўтары сцвярджаюць, што ўсе падзеі адбываюцца ў адным сусвеце. Ну і добра.

У цэнтры ўвагі — некалькі сябровак-тынэйджараў. Адна правяла лета ў калоніі для непаўналетніх, другая бавіць час у віртуальных светах, трэцяя захапляецца балетам і хоча з'ехаць з мястэчка Мілвуд. І гэтак далей. Дзяўчат тэрарызуе незнаёмец, які хоча прымусіць іх расплаціцца за памылкі бацькоў.

«Газетчыцы» (з 29 ліпеня на Amazon Prime)

Тэлевізійная адаптацыя аднайменных коміксаў: яны зусім невядомыя ў нас, аднак атрымалі шмат профільных узнагарод. Аўтары серыяла, верагодна, хацелі скласці канкурэнцыю «Вельмі дзіўным справам». Ва ўсякім разе, тут таксама падзеі (прынамсі часткова) адбываюцца ў 1980-я, а галоўнымі героямі з'яўляюцца падлеткі.

У цэнтры сюжэта чатыры 12-гадовыя дзяўчынкі — разносчыцы газет. Аднойчы раніцай яны выпадкова ўцягнуліся ў канфлікт паміж дзвюма варожымі групоўкамі падарожнікаў у часе. Цяпер ім трэба не толькі выратаваць свет, але і вярнуцца дадому ў свой час.

Зусім незразумелы праект. На момант напісання матэрыялу не было ані трэйлера, ані кадраў «Газетчыц». І мы б наўрад ці надалі ўвагу серыялу, калі б не багаты заказчык у выглядзе Amazon.

Surface (з 29 ліпеня на Apple TV+)

Васьмісерыйны псіхалагічны трылер ад аўтараў «Дэкстэра». Пакуль вядома толькі англамоўная назва праекта, таму мы яе такой і пакінем.

Сафі расплюшчыла вочы і не памятае, хто яна. Жанчыне расказваюць, што яна спрабавала скончыць жыццё самагубствам, у выніку атрымала сур'ёзную чэрапна-мазгавую траўму, якая прывяла да амнезіі. З дапамогай мужа і сяброў Сафі спрабуе па кавалачках сабраць сваё жыццё. І паступова прыходзіць да высновы, што ёй, верагодна, хлусяць пра мінулае.

Трэйлера на момант напісання матэрыялу не было. Ролю Сафі выканала Гугу Эмбата-Ро, якая раней знялася ў такіх серыялах, як «Ранішняе шоу», «Локі», «Чорнае люстэрка».

Uncoupled (з 29 ліпеня на Netflix)

Нарэшце, яшчэ адна рамантычная камедыя, адметная ўдзелам Ніла Патрыка Харыса. Акцёр актыўна здымаецца ў вялікім кіно. Нядаўна, напрыклад, вы маглі яго бачыць у новай «Матрыцы». Таксама з фільмаў з яго ўдзелам — «Зніклая», «Зорны дэсант», «Гаральд і Кумар».

Майклу 40 гадоў, ён жыве ў Нью-Ёрку, і нядаўна пасля 17 гадоў сумеснага жыцця яго кінуў каханы. Што ж, давядзецца пачынаць жыццё нанова. Ад стваральнікаў серыялаў «Эмілі ў Парыжы» і «Секс у вялікім горадзе».


Onlíner рекомендует
влажная уборка, Mi Home/Яндекс Алиса, мощность 45 Вт, сила всасывания 4000 Па, пылесборник 0.3 л, с турбощеткой (неразборная), навигация: контактный бампер, лидар, датчики перепада высоты, план нескольких этажей
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
влажная уборка, Mi Home, мощность 55 Вт, сила всасывания 4000 Па, пылесборник 0.45 л, с турбощеткой (разборная), навигация: контактный бампер, лидар, камера TOF (3D), датчики перепада высоты, план нескольких этажей
Onlíner рекомендует
влажная уборка, Mi Home/Яндекс Алиса, мощность 40 Вт, сила всасывания 2500 Па, пылесборник 0.6 л, с турбощеткой (разборная), навигация: контактный бампер, камера VSLAM, датчики перепада высоты

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by