10 326
04 апреля 2022 в 17:13
Источник: Артур Адашкевiч

Выдатны пачатак. Паглядзелi першую серыю «Месяцовага рыцара»

Источник: Артур Адашкевiч
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Месяцовы рыцар — не самы вядомы супергерой коміксавага сусвету Marvel. Як выявілася, дарма. Мяркуючы па першым эпізодзе новага серыяла, персанаж вельмі цікавы. Прынамсі аўтарам праекта і выканаўцу галоўнай ролі Оскару Айзеку атрымалася прыцягнуць увагу да «Месяцовага рыцара». У першую чаргу таму, што яны творча падышлі да пераносу вобраза героя на тэлеэкран.

Хто ты такі?

У коміксах Месяцовы рыцар — былы марпех Марк Спектар, які пакутуе (ці хутчэй атрымлівае асалоду) ад дысацыяцыйнага расстройства асобы. Хлопец, які вылучаецца выбуховым характарам, спачатку зарабляў грошы на рынгу, а пасля стаў марскім пехацінцам. Калі армія надакучыла, Марк ператварыўся ў звычайнага наёмніка.

Аднойчы разам з напарнікамі ён накіраваўся ў Егіпет, дзе дапамог абрабаваць археалагічную экспедыцыю. Марка ледзь не забілі, але па волі лёсу ён здолеў дабрацца да храма старажытнаегіпецкага бога месяца Хансу. Там бы экс-марпех і памёр, калі б Хансу не вырашыў завалодаць яго целам.

Вярнуўшыся ў Амерыку, абноўлены Марк з Хансу ў якасці другой асобы разбіраецца з мясцовай злачыннасцю. У адрозненне ад мноства іншых супергерояў Marvel, Месяцовы рыцар з ворагамі не міндальнічае і знішчае іх максімальна вынаходліва, нават крывава.

Асаблівасцю рыцара з'яўляецца тое самае расстройства асобы, праз якое ў галаве хлопца ўвесь час вымушаны ўжывацца некалькі персанажаў. У коміксах, апроч Спектара і Хансу, гэта мільянер Стывен Грант і таксіст Джэйк. Першы спансіруе выдаткі Месяцовага рыцара, а другі збірае інфармацыю пра злачынцаў. А ў пашыраным сусвеце яшчэ адной асобай Марка стала маленькая рудавалосая дзяўчынка.

Манеўраванне паміж усімі гэтымі асобамі стала фішкай як самога супергероя, гэтак і коміксаў з яго ўдзелам. Яна ж, мяркуючы па першым эпізодзе, актыўна выкарыстоўваецца і ў серыяле. Але ўсё ж тут аўтары пайшлі яшчэ далей. Так, у першай серыі не відаць нават намёкаў на вялікую частку «класічнай» біяграфіі Марка. Атрымалася займальна.

Проста Скоцці

Скоцці працуе прадаўцом сувенірнага барахла ў брытанскім музеі. Хлопец ён дзіўны, сціплы, нязграбны, бянтэжлівы, але не вельмі хвалюецца праз гэта. Нечаканае спатканне з дзяўчынай — для яго падзея і падстава для моцных перажыванняў. А яшчэ на працы начальніца ўвесь час падсмейваецца з яго частых спазненняў.

Дарэчы пра спазненні. Скоцці не вінаваты, ён заўсёды гатовы своечасова прыходзіць на працу, вось толькі пакутуе ад правалаў у памяці і, бывае, не памятае, дзе і як правёў ноч, а то і папярэднія некалькі дзён. «З кім не бывае», — вырашыў аднойчы хлопец і проста пачаў нанач прыкоўваць сябе да ложка, а навокал насыпаць пясочак, каб сляды раніцай убачыць.

На жаль, меры засцярогі не дапамагаюць. Скоцці раз-пораз ачуньвае ў самых дзіўных месцах. Прыкладам, заснуўшы ў сваім доме ў Лондане, аднойчы ён апрытомнеў недзе ў альпійскай вёсачцы, усе жыхары якой незразумела чаму хочуць забіць яго. І нават вунь той дзіўны хлопец, які, здаецца, стварыў тут цэлую секту, што ўшаноўвае старажытнаегіпецкую пачвару Амат.

З асабістым жыццём таксама не ладзіцца. І ўсё зноў праз праклятую амнезію. Нарэшце цябе паклікала на спатканне дзяўчына, а ты спазніўся… на два дні. Што і як можна было рабіць двое сутак, каб потым нічога пра іх не ўспомніць?

А тут яшчэ незразумелы голас у галаве, які патрабуе аддаць кантроль над целам. Калі ўжо робіцца зусім горача, даводзіцца падначальвацца голасу, уладальнік якога, падаецца, не супраць учыніць крывавую лазню любым супернікам, ці гэта будуць людзі, ці ажыўшыя старажытнаегіпецкія монстры.

Чаму серыял «Месяцовы рыцар» — топ

Па-першае, таму што вельмі дбае пра тых, хто ўпершыню чуе пра нейкага там Месяцовага рыцара. Па-другое, пры гэтым аўтары не сталі зацягваць з нецікавымі ўводзінамі гледача ў курс справы. Тут няма доўгай гісторыі пра тое, як і чаму ў цела Марка змясціўся егіпецкі бог.

У цэлым тут і Марка па сутнасці няма. Галоўны герой першай серыі — сціплы прадавец сувенірнай крамы. Глядач, як і ён, не разумее, што адбывалася да таго, як Скоцці прыходзіць у сябе. Што ён рабіў да таго, як апрытомнець, часам можна меркаваць толькі па крыві на руках ці каментарах голасу ў галаве. Імя Марк усплывае літаральна адзін раз.

Тым і добры першы эпізод. Яго спакойна могуць пачынаць глядзець людзі, незнаёмыя ні з коміксамі, ні з Месяцовым рыцарам. У той жа час для фанатаў нават у гэтыя 45 хвілін упіхнулі шмат «пасхалак», дзякуючы якім можна здагадацца, што нам пакажуць у іншых эпізодах.

Асобнай пахвалы заслугоўвае, як заўсёды, шматгранны Оскар Айзек. Бачна, дый ён сам не хавае, што яму вельмі падабаецца роля Месяцовага рыцара магчымасцю гуляць некалькіх асоб у рамках аднаго персанажа. Да якога б Айзека вы ні прывыклі, тут ён раскрываецца з нечаканага боку.

Пакуль складана нешта казаць пра антаганіста ў выглядзе Артура Хэрраў. Мяркуюць, у коміксах гэта клішаваны злачынец, геній, што стаў на цёмную дарожку. Але пакуль у персанажа было занадта мала часу, каб можна было ў поўнай меры ацаніць яго. Цяпер можна сказаць, што Ітан Хоўк у гэтай ролі выглядае вельмі інфернальна.

Кажуць, што ў наступных серыях вобраз Артура зведае некаторыя змены і выявіцца не такім простым, якім быў у коміксах. Наогул фанаты ўскладаюць на праект надзеі і чакаюць ад яго вельмі шмат. Так, ёсць вялікія шанцы, што тут з'явіцца і Дракула, і Блэйд, і Начны пярэварацень.

Адзінае, чым пакуль не здзіўляе серыял, гэта візуальныя эфекты. Першы эпізод «Месяцовага рыцара» больш пабудаваны на раскрыцці характару галоўнага героя, эфекце нечаканасці і цікавай сюжэтнай завязцы. Спецэфекты ёсць у асноўным пры рэдкіх з’яўленнях выявы Хансу, а таксама бліжэй да фіналу. Зрэшты, усё гэта не замінае завязцы серыяла быць вельмі прывабнай.

Немагчыма судзіць пра ўвесь серыял толькі па першым эпізодзе. Аднак ён дае надзею на тое, што нарадзіўся яшчэ адзін выдатны праект, які дапаможа выпасці з рэальнасці на пэўны час.


Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
зерновой, арабика 100%, средняя обжарка
Выбор покупателей
молотый, арабика 100%, средняя обжарка
капсулы Nespresso Original, бленд (арабика 70%), средняя обжарка
капсулы Nespresso Original, бленд (арабика 80%)

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка